«Сiроцкае» харчаванне
Iгар ШЧУЧЭНКА
На кантролi У ходзе праверкi дзiцячых дамоў i школ-iнтэрнатаў выяўлены факты крадзяжу прадуктаў...Здаецца, зараз дзяржавай робiцца вельмi шмат для таго, каб нашы дзецi адчувалi сябе камфортна, раслi здаровымi, атрымлiвалi веды, адпачывалi... Каму з iх не пашанцавала на самым пачатку — засталiся без бацькоўскай ласкi, вучаць жыццю выхавацелi, якiя бываюць больш пяшчотнымi, чым родныя людзi. Так ёсць. Аднак сустракаюцца часам i iншыя, якiм усё роўна, на чым рабiць грошы, за чый кошт жыць. Абы не ва ўрон сабе... Нягледзячы на тое, што ў рэспублiцы гэтакiм дзялкам асаблiва не даюць развярнуцца, пагадзiцеся, каб выкаранiць поўнасцю падобны «клас», патрэбны час... Вось i адна з апошнiх праверак, якую праводзiлi супрацоўнiкi Камiтэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласцi, выявiла шэраг «праколаў» у арганiзацыi харчавання ў дзiцячых дамах i школах-iнтэрнатах. Дакладней, у некаторых установах знайшлiся людзi, якiя былi не супраць крыху нагрэць рукi на дзецях. Як паведамiлi карэспандэнту нашай газеты ў прэс-цэнтры Камiтэта дзяржкантролю краiны, «ахiлесава пята», якую выявiла праверка, — кiраўнiцтвам большасцi названых устаноў вобласцi не быў арганiзаваны кантроль за працай харчовых блокаў. Як вынiк, гэта прывяло да таго, што ў некаторых дзiцячых дамах i школах-iнтэрнатах i былi выяўлены шматлiкiя факты, напрыклад, недакладвання інградыентаў ў стравы, адпускалiся непаўнаважкiя порцыi. Больш за тое, меў месца i крадзёж прадуктаў. Прыклад «вынаходлiвасцi» ў гэтым сэнсе праявiлi работнiкi харчблока Парэцкай школы-iнтэрната для дзяцей-сiрот. Тут у адзiн з дзён навучэнцам недадалi 50,6 працэнта плову з сэрцам, а на сняданак — 22 працэнты грэчневай кашы. У ходзе праверкi работнiкi харчовага блока, каб скрыць тое, што не даклалi ў стравы 29 працэнтаў сметанковага масла, выкiнулi гэта «кампрамат» у ёмiстасць... з харчовымi адыходамi. Хiтрасць, праўда, як бачым, прайдзiсветам не ўдалася. Дарэчы, пры паўторнай праверцы, якая была праведзена праз пяць дзён, тут былi зноў знойдзены прадукты, недакладзеныя ў прыгатаваныя i выдадзеныя дзецям стравы: 40 працэнтаў алею, 17 працэнтаў какавы-парашку, 39 працэнтаў малака i 26 працэнтаў сметанковага масла. Мiж iншым, аналагiчныя парушэннi выкрыты былi ў Правамастоўскай спецшколе-iнтэрнаце, Дзятлаўскай школе-iнтэрнаце для дзяцей-сiрот, Радунскай i Iўеўскай школах-iнтэрнатах. Дзiўна, але ў некаторых школах-iнтэрнатах чамусьцi пры харчаваннi дзяцей не баялiся выкарыстоўваць нават прадукты, на якiя тэрмiн захоўвання ўжо скончыўся. Такiя факты, у прыватнасцi, устаноўлены ў Правамастоўскай спецшколе-iнтэрнаце, у Ражанкаўскай, Воранаўскай, Ашмянскай i iншых школах-iнтэрнатах. Як высветлiлi супрацоўнiкi Камiтэта дзяржкантролю, не ўсё ў парадку i з расходаваннем сродкаў, што выдзялялiся на школы-iнтэрнаты з бюджэту. Так, у Смаргонскай i Ашмянскай школах-iнтэрнатах мелi месца факты нерацыянальнага расходавання бюджэтных сродкаў, якiя выдзялялiся на закупку прадуктаў. Заключыўшы дагаворы на прамую пастаўку прадуктаў з вытворчасцi, кiраўнiкi абедзвюх устаноў чамусьцi закуплялi прадукты ў рознiчнай гандлёвай сетцы па завышаных цэнах. Такiм чынам, з пачатку студзеня па 17 мая гэтага года за прадукты залiшне было аплачана 864,1 тысячы рублёў. Мяркуем, што пэўныя вывады для сябе пасля выяўленых парушэнняў адказныя асобы зрабiлi. Тым больш, што некаму з iх давялося расплацiцца за гэта рублём, iншым — пасадай. Справа ў тым, што за адпушчаныя парушэннi 35 чалавек былi прыцягнуты да адмiнiстрацыйнай адказнасцi ў выглядзе штрафу на суму 2,9 мiльёна рублёў, 52 чалавекi — да дысцыплiнарнай адказнасцi, з iх трое вызвалены ад пасад. Праўда, самае галоўнае, каб выстаўленыя «на вiд» хiбы дапамаглi людзям, што працуюць, як у нашым выпадку, з дзецьмi, усвядомiць: абкрадваць сваiх выхаванцаў — апошняя справа...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ходзе праверкi дзiцячых дамоў i школ-iнтэрнатаў выяўлены факты крадзяжу прадуктаў...
|
|