У будаўнiчай галiны Беларусi ёсць свая навука, i на яе плячо можна смела абаперцiся
Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ і Вераніка АРЛОЎСКАЯ
Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з дырэктарам Беларускага навукова-даследчага iнстытута будаўнiцтва (БелНДIСа) Мiхаiлам МАРКОЎСКIМ ПРАДСТАЎЛЯЕМ СУРАЗМОЎЦУ — Давайце адразу скажам чытачу, Мiхаiл Пiлiпавiч, што iнстытут i асабiста вы ажыццяўлялi навуковае кiраўнiцтва будаўнiцтвам Нацыянальнай бiблiятэкi, якая зусiм нядаўна ва ўрачыстых абставiнах была ўведзена ў строй, i такiм чынам аператыўная нагода нашай сустрэчы стане зразумелай... — Акрамя таго, у наступным годзе iнстытут будзе адзначаць 50-гадовы юбiлей, вось вам яшчэ адна прычына. Станаўленне калектыву iшло ў пасляваенныя гады, i, па сутнасцi, адтуль i пачалася прыкладная беларуская будаўнiчая навука. Першыя навуковыя кiраўнiкi прыбылi ў сталiцу Савецкай Беларусi з Масквы — прафесары Сяргей Сяргеевiч Атаеў i Iосiф Мiкалаевiч Ахвердаў. На мiнулым тыднi правялi навуковую канферэнцыю, прысвечаную 90-годдзю абодвух карыфеяў будаўнiчай навукi. Яны пакiнулi пасля сябе вялiкую навуковую школу, многiя iх вучнi працуюць у рэспублiцы i, у прыватнасцi, у iнстытуце, выкладаюць у Беларускiм нацыянальным тэхнiчным унiверсiтэце, у iншых ВНУ. Нам прыемна, што дактары тэхнiчных навук Атаеў i Ахвердаў жывыя i, наколькi гэта магчыма ў iх паважаным узросце, здаровыя. Да слова сказаць, у iнстытуце i сёння працуе нямала ветэранаў, якiя аддалi будаўнiчай навуцы ўсё жыццё. Напрыклад, доктар тэхнiчных навук прафесар Мiкалай Паўлавiч Блешчык — заслужаны дзеяч навукi, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii. Ён i зараз працягвае працаваць з навуковай моладдзю. Яшчэ некалькi супрацоўнiкаў прыйшлi ў iнстытут фактычна школьнiкамi, потым закончылi ВНУ i з’яўляюцца вядучымi спецыялiстамi. Ёсць цэлыя дынастыi — працуюць дзецi i ўнукi. Не дзiва, што БелНДIС стаў сапраўднай кузняй навуковых кадраў. Прыкметна i тое, што ад iнстытута «адпачкавалiся» некалькi iншых навуковых i вытворчых калектываў. Напрыклад, iнстытут горадабудаўнiцтва, iнстытут НIПЦIС, доследна-эксперыментальны завод. з-за грошай, а яшчэ i таму, што нам падабаецца займацца навукай. Такая была ўпаўне шчырая матывацыя, у якой цалкам адсутнiчала нейкая поза. Таму i ўстаялi. Хоць у iншых iнстытутах адток кадраў назiраўся вельмi сур’ёзны. Да слова, усе сённяшнiя кiраўнiкi аддзелаў, загадчыкi вядучых лабараторый некалi прайшлi такое вось выпрабаванне жыццём. Думаю, гэта iх станоўча характарызуе. — Раскажыце, калi ласка, пра асноўныя накiрункi дзейнасцi iнстытута, якiя ўносяць адчувальны ўклад у будаўнiчы комплекс рэспублiкi. — Пачаць, я думаю, варта з найбольш прыкметнага: з тэхналогiй маналiтнага бетанавання пры ўзвядзеннi будынкаў. Яшчэ нейкiх дзесяць гадоў таму iшлi бурныя дыскусii, цi патрэбны такiя тэхналогii, яны наогул лiчылiся стратнымi. Але жыццё ўсё расставiла на свае месцы, новы век прымусiў больш старанна лiчыць грошы, i на паверку аказалася, што сапраўдная эканомiя сродкаў дасягаецца якраз тут. На першы план, як нi дзiўна, выйшлi тэмпы будаўнiцтва. Бо яны напрамую ўплываюць на абарачальнасць капiталу. Нават калi на адзiн месяц скарацiць тэрмiн узвядзення аб’екта, эканомiя атрымлiваецца сур’ёзная. Яшчэ i таму, што не танна абыходзiцца ўтрыманне будаўнiчай пляцоўкi — яе ахова, эксплуатацыя машын i механiзмаў, i гэтак далей. Але ўменне будаваць хутка — яшчэ не ўсё. Патрэбна было будаваць якасна. Маскоўская спецыфiка 90-х гадоў: той, хто фiнансаваў будоўлю, наймаў незалежны тэхнагляд — вопытных спецыялiстаў, яны нiкому не падпарадкавалiся, не iшлi нi на якiя ўступкi, у сэнсе якасцi. Кiравалiся толькi адным дакументам — СНIПам, i патрабавалi ад падраднай i субпадрадных арганiзацый дакладнага яго выканання. А ўсе парушэннi каралiся рублём. Галоўны вывад тых часоў: квалiфiкацыя беларускiх будаўнiкоў высокая, i калi ўзброiць iх сучаснымi тэхналогiямi i абсталяваннем, яны нiколi не ўступяць замежным калегам. Нашы будаўнiчыя арганiзацыi i самi ўпэўнiлiся, што могуць канкурыраваць з замежнымi фiрмамi. А для выязной мадэлi, якая тады ўсё шырэй уваходзiла ў практыку, якраз вельмi добра падышлi тэхналогii маналiтнага бетанавання. Разгортваць базу будiндустрыi не патрэбна, дастаткова толькi купляць (цi рыхтаваць, што таксама не складана) таварны бетон i арматуру. Рабочыя — уласныя, механiзмы можна арандаваць. Першы сапраўдны прарыў на беларускi рынак зрабiў «Мiнскпрамбуд» (ён сёння несумненны лiдар у маналiтным будаўнiцтве ў рэспублiцы) — узвёў дом па новай тэхналогii на вулiцы Беларускай, гэта насупраць стадыёна «Дынама». Прыгожыя такiя, размаляваныя дамы зараз стаяць, з «крыламi». Прычым апалубачныя сiстэмы мы прапанавалi свае, беларускiя. Па дызайнерскiх параметрах яны мала ўступаюць iмпартным, затое значна таннейшыя, i iх лягчэй адаптаваць да праектаў. На першым доме было шмат дэлегацый рознага ўзроўню, у тым лiку пабывалi вiцэ-прэм’еры. Глядзелi якасць, распытвалi, прыглядалiся. Якасць была нядрэннай, уражаннi таксама. Бо перадавыя тэхналогii ўдалося выкарыстаць па поўнай праграме — цудоўная архiтэктура, падземны гараж... Паказальны дом, адным словам, атрымаўся. I гэты першы вопыт пацвердзiў: не патрэбна нам баяцца сваёй зiмы, тым больш што iнстытут дае тэхналогiю зiмовага бетанавання. Дакладней, усепагоднага бетанавання. Першыя праекты былi прызнаны ўдалымi, i працэс пайшоў. Падхапiў Гомель, потым шырэй пачаў выкарыстоўваць новую тэхналогiю Мiнск, а зараз гэта ўжо звычайная справа, вы бачыце, як хутка растуць «этажэрачкi». Iнстытут вельмi шчыльна займаўся канструктыўнымi сiстэмамi будынкаў. Паралельна з маналiтным бетонам перайшлi на каркасныя сiстэмы. Гэта значыць, нагрузку нясе каркас будынка, як шкiлет у чалавека. А ўся начынка — наружныя сцены, перагародкi — лёгкiя, i выконваюць толькi функцыi абароны — ад ветру, ад холаду, i па iншых параметрах. Дом стаў у два — два з паловай раза лягчэйшым. I ўсё гэта на фоне «хуткасных» тэхналогiй. Дарэчы, па хуткасцi будаўнiцтва чаго мы дасягнулi? Напачатку здавалася, што паўтара паверха ў месяц — гэта вельмi добра. Тым не менш арыентавалi будаўнiкоў на два — два з паловай паверхi. Праз некаторы час яны выйшлi на такi тэмп. А летась цi пазалетась у Мiнску пачалi ўжо даваць чатыры паверхi ў месяц. Напрыклад, каркас будынка на вулiцы Фiлiмонава вырастаў на вачах. Значыць, па тэмпах мы наблiжаемся да iндустрыяльнага домабудавання. I ёсць яшчэ перавага. Вельмi часта работы вядуцца ў рэальна iснуючых жылых цi адмiнiстрацыйных кварталах, i нармальную будаўнiчую пляцоўку разгарнуць немагчыма. Месца хапае толькi на маленькую пляцоўку пад апалубку i арматуру, а таксама каб паставiць кран i запусцiць-выпусцiць машыны з бетонам. Пры новых тэхналогiях гэтага «пятачка» ўпаўне хапае. Яшчэ адзiн вiдавочны плюс — эканомiя энергарэсурсаў у параўнаннi са зборным жалезабетонам. Натуральна, што праекцiроўшчыкi i будаўнiкi, калi размова iдзе пра унiкальныя будынкi, адразу пачынаюць гаварыць пра маналiтны бетон. Нацыянальная бiблiятэка Беларусi на 100 працэнтаў запраектавана i пабудавана з маналiтнага бетону. Гэта давер новай тэхналогii. — Вернемся на хвiлiну да Нацыянальнай бiблiятэкi. Вы ажыццяўлялi навуковае кiраўнiцтва будаўнiцтвам... — Гэта быў першы такi вопыт, калi навукова-даследчаму iнстытуту даручылi весцi навуковае суправаджэнне. У вынiку мы вельмi актыўна ўдзельнiчалi ў распрацоўцы тэхналогiй будаўнiцтва, прапаноўвалi свае рашэннi, многiя з якiх былi прыняты. У прыватнасцi, нашы спецыялiсты распрацоўвалi методыку круглагадовага вядзення бетонных работ. Тэхнолагi-апалубшчыкi забяспечылi эканамiчны эфект ад прымянення прагрэсiўнай апалубкi ў 20 мiльёнаў еўра, прычым «жывых», што называецца, грошай. Эфект у асноўным быў дасягнуты за кошт iмпартазамяшчэння i новых тэхналогiй. Вядучыя фiрмы прапаноўвалi сваю тэхналогiю з закупкай спецыяльнага абсталявання за мяжой, а мы — тэхналогiю без закупкi, у вынiку была рэалiзавана наша. Удзельнiчалi ў праекце i спецыялiсты iнстытута па фундаментах, разлiчвалi параметры нестандартнага падмурка, аналагаў якому няма. А калi недзе за мяжой i ёсць, то трымаецца ў сакрэце. Працавалi таксама спецыялiсты па акустыцы, а гэта унiкальныя майстры, яны ўсё дакладна пралiчылi i параiлi канкрэтна, якiя матэрыялы патрэбна выкарыстаць у сценах, якiя — на столi, каб атрымаць належныя акустычныя параметры. Працавалi спецыялiсты-аддзелачнiкi, спецыялiсты па нясучых канструкцыях, па агараджальных канструкцыях — фактычна працаваў увесь iнстытут. Новабудоўля яшчэ раз паказала, што нашы навуковыя спецыялiсты, тэхнолагi не ўступаюць замежным. Як вынiк, нам давераны наступны прэстыжны i таму ганаровы аб’ект — вялiкi спартыўна-культурны комплекс «Мiнск-арэна», будзем i тут весцi навуковае суправаджэнне. Прыемна, што гарадскiя ўлады запрашаюць папрацаваць i на iншых унiкальных аб’ектах. Напрыклад, на ўзвядзеннi вельмi прыгожага сабора, што будуецца на вулiцы Калiноўскага. Па вышынi ён крышачку нiжэйшы за Нацыянальную бiблiятэку, верхняя частка — з маналiтнага бетону, потым аддзелачнiкi граматна «зашыюць» маналiт, яго не будзе вiдаць. Зараз будоўля крыху затрымлiваецца, самая прыгожая цэнтральная частка патрабуе распрацоўкi тэхналогii, якой нават у свеце няма, i няма дзе паглядзець, распрацоўваем самастойна. — Гэта быў вельмi цiкавы расказ толькi пра адзiн з накiрункаў работы iнстытута. Але ж iх — амаль дзесятак. — Наступны i не менш цiкавы — фундаментабудаванне, узначальваюць гэты накiрунак кандыдаты тэхнiчных навук Валерый Яфрэмавiч Сеськоў i Валерый Пятровiч Ермашоў. Тут таксама нашы спецыялiсты з’яўляюцца вядучымi не толькi ў рэспублiцы, але i ў краiнах СНД. Наколькi важная справа фундамент, гаворыць такая лiчба: яго кошт можа дасягаць 30 працэнтаў кошту ўсяго будынка. Нашы супрацоўнiкi распрацоўваюць новыя канструкцыi фундаментаў такiм чынам, каб яшчэ i зэканомiць сродкi. Пры гэтым надзейнасць, трываласць падмурка не павiнна зменшыцца. Шмат атрымлiваем заказаў на перапраекцiроўку ўжо запраектаваных фундаментаў, менавiта з мэтай эканомii сродкаў. Варта заказчыку параўнаць два каштарысы — ранейшы i наш, каб эфект быў для яго вiдавочным. Па рэспублiцы перапраектавалi такiм чынам прыкладна тысячу аб’ектаў. Альбо прапанавалi, як палепшыць. Прычым удасканаленне iдзе па розных накiрунках: i па канструкцыi, i па аснове — грунту, на якiм будзе стаяць дом. Калi «падушка» надзейная, змяншаюцца масiўнасць фундамента, працаёмiстасць i кошт. Я ўжо казаў, што нашы спецыялiсты прымалi ўдзел у праектаваннi унiкальных фундаментаў пад Нацыянальную бiблiятэку. Зараз яны сочаць, як iдзе ўсадка будынка бiблiятэкi. Будынак садзiцца менш, чым было закладзена па разлiках. — Цi ўлiчваецца сейсманебяспечнасць не вельмi аддаленых ад нас раёнаў, што вызначаюцца актыўнасцю геалагiчных пластоў? — Рэдка, прыкладна раз у стагоддзе, але здараецца, што даходзяць штуршкi з Карпацкiх гор. У нас яны могуць складаць 5—6 балаў. Перавесцi ўсё будаўнiцтва на павышаную бальнасць — вельмi дорага. Разам са спецыялiстамi па сейсмiцы спрабуем скласцi дакладную карту сейсмiчна актыўных зон рэспублiкi, раянаваную i больш падрабязную, чым ранейшая, якая была складзена ў часы СССР. А пакуль праблема бярэцца пад увагу толькi пры будаўнiцтве унiкальных будынкаў, такiх, як Нацыянальная бiблiятэка Беларусі. Як вы ўжо зразумелi, вельмi сур’ёзны накiрунак — канструктыўныя сiстэмы. Кiруе iм кандыдат тэхнiчных навук Аляксандр Iванавiч Мордзiч, вядучы спецыялiст у нашай рэспублiцы. Раней ён спецыялiзаваўся на ўзвядзеннi мастоў з вялiкiмi пралётамi, i калi прыйшоў да нас, яго iнжынерны талент раскрыўся на поўную сiлу. Стварыў шэраг канструктыўных сiстэм — маналiтных, зборна-маналiтных, гiбрыдных каркасаў. Удасканаленне iх працягваецца i зараз, накiравана яно на знiжэнне матэрыялаёмiстасцi, у прыватнасцi, расходу арматуры i бетону. А таксама на ўдасканаленне архiтэктурных абрысаў будынка, бо каркасныя сiстэмы дазваляюць выканаць любую пластыку фасада, любую крывiзну, дамы можна рабiць абсалютна рознай канфiгурацыi, чым архiтэктары ахвотна карыстаюцца. За развiццё каркасных сiстэм будынкаў шэраг супрацоўнiкаў БелНДIСа атрымалі дзяржаўную прэмiю. Да гэтага накiрунку цесна прымыкае распрацоўка агараджальных канструкцый: лёгкiх сцен, цёплых сцен (адказвае за напрамак Сяргей Леанiдавiч Галкiн). Ушчыльную працуем з вытворцамi матэрыялаў для iх — ячэiстых бетонаў, керамзiта-бетонных блокаў, керамiчнай цэглы. Прыемна, што айчынных вытворцаў становiцца больш, i прадукцыя iх мае неблагiя параметры. Праўда, iншы раз новыя матэрыялы падкiдваюць новыя задачкi. Выявiлася, што замена аконных блокаў часта параджае складанасцi з вентыляцыяй пакояў. Зараз па даручэнню мiнiстэрства мы ўшчыльную вывучаем гэтую праблему i рыхтуем свае рэкамендацыi. Вы, канешне, заўважылi: у будаўнiцтве ў апошняе дзесяцiгоддзе адбыўся рэзкi якасны скачок за кошт прымянення новых аддзелачных матэрыялаў, i асаблiва на аснове сухiх сумесяў. Гама матэрыялаў, iх каларыстыка — самая разнастайная. У краiне створана канкурэнтнае асяроддзе вытворцаў сухiх сумесяў, яны пачынаюць усур’ёз сапернiчаць, што павышае якасць i знiжае цi хоць бы трымае на адным узроўнi цану. Накiрунак аддзелачных матэрыялаў, наогул аддзелку курыруе кандыдат хiмiчных навук Яўгенiя Аўнераўна Урэцкая, яна займаецца, у прыватнасцi, i распрацоўкай новых матэрыялаў, у тым лiку на аснове сухiх сумесяў. Тут ёсць адна заканамернасць. Новыя аддзелачныя матэрыялы патрабуюць высокай якасцi папярэднiх работ. Гэта дысцыплiнуе ўдзельнiкаў вытворчага ланцужка (бо аддзелачнiкi будуць выстаўляць прэтэнзii), таму адчувальна ўплывае на якасць усяго будаўнiцтва. — Новыя аддзелачныя матэрыялы, канешне, даражэйшыя? — Але ўсё ў рэшце рэшт выраўноўваецца за кошт таго, што iх патрэбна менш (кладзецца тонкi слой) i прадукцыйнасць працы вышэйшая, а таксама дзякуючы павелiчэнню мiжрамонтных цыклаў. Наступны блок — iнжынерныя камунiкацыi. У нас засталася адзiная на прасторах усяго СНД лабараторыя, якая займаецца падземнымi iнжынернымi камунiкацыямi са зборнага жалезабетону. Гэта каналiзацыйныя калектары, жалезабетонныя трубы вялiкага i малога дыяметра. Праблему вядзе кандыдат тэхнiчных навук Мiкалай Iосiфавiч Шапялевiч. Ён якраз з таго пакалення, якое прайшло праз перабудову, праз працяглае па часе безграшоўе i выстаяла. Iнжынерныя камунiкацыi эксплуатуюцца ў агрэсiўным асяроддзi, яно разбурае бетон i арматуру, i павышэннем iх даўгавечнасцi шляхам прымянення спецыяльных бетонаў цi абараняючых абалонак, iншых сродкаў займаюцца нашы супрацоўнiкi. Iх прыцягваюць да абследаванняў, да ўстаранення аварыйных сiтуацый, выдачы рэкамендацый i заключэнняў i г.д. Яны сказалi першае слова i ва ўзвядзеннi мастоў з маналiтнага бетону. Першы такi мост пабудаваны па нашаму праекту ў Мiнскай вобласцi, зараз iнстытут рыхтуе тыпавую серыю. Даўнюю гiсторыю мае аддзел цеплафiзiкi (кіраўнік Уладзімір Сцяпанавіч Змушко), яго супрацоўнiкi займаюцца пакватэрным ацяпленнем у шматпавярховых дамах, а таксама дымаходамi, вентыляцыяй i шэрагам iншых праблем. Пра ўдзел нашых спецыялiстаў па акустыцы, работу якiх узначальвае Святлана Дзмiтрыеўна Шныпко, ва ўзвядзеннi Нацыянальнай бiблiятэкi я ўжо коратка гаварыў. У нас спецыялiзаваная лабараторыя, яе работнiкi вялi разлiкi акустычных параметраў усiх тэатральных i канцэртных залаў сталiцы. Нядаўна ўдзельнiчалi ў рэканструкцыi Дзяржфiлармонii i атрымалi высокую ацэнку ад яе кiраўнiцтва i майстроў мастацтваў, якiя ўжо выступалi са сцэны пасля адкрыцця. Зараз вядзецца рэканструкцыя Нацыянальнага тэатра оперы i балета, i нармальная акустыка яго будучай новай залы — наш клопат. Вядуцца гарачыя дыскусii з архiтэктарамi на тэму, як лепш усё зрабiць, бо ёсць праблемы, i выявiўся розны падыход да iх вырашэння. Але тым i цiкавая наша работа, што дазваляе падыходзiць да вырашэння задач творча. Спецыялiсты-акустыкi акрамя ўсяго даволi часта выязджаюць са сваёй унiкальнай апаратурай па скаргах жыхароў i замяраюць узровень шумоў у гарадскiх кватэрах, што дазваляе ЖЭСам вырашаць нейкiя лакальныя бытавыя праблемы. — А калi гаварыць аб праблеме шумоў глабальна? — То пры новым будаўнiцтве праекцiроўшчыкi i будаўнiкi павiнны вытрымлiваць адпаведныя нормы i смялей выкарыстоўваць шумапаглынальныя матэрыялы, што ў вынiку забяспечыць акустычны камфорт. Iнстытут займаецца таксама сертыфiкацыйнымi выпрабаваннямi будаўнiчых матэрыялаў. Зараз з-за мяжы ў рэспублiку завозiцца безлiч будаўнiчых матэрыялаў, i мы збiраемся iнiцыiраваць навядзенне парадку, каб пазбегнуць наплыву нiзкаякаснай арматуры. Вельмi вялiкi аб’ём работ у аддзела, якi выконвае абследаваннi будынкаў i збудаванняў (кiруе аддзелам Вiктар Iванавiч Балгараў). Заключэннi аддзела бяруцца пад увагу, калi вырашаецца, што патрэбна зносiць, а што — рамантаваць цi ўмацаваць. Вось тут, за лесам, дзесяць гадоў стаiць недабудаваны корпус БНТУ, i зараз разбiраемся, што з будынкам. Абследавалi некаторыя будынкi гадзiннiкавага завода i Нацыянальнага банка на Магiлёўскай, цэнтра высокiх тэхналогiй, заводы ў Шклове, нашы людзi працуюць таксама ў Гомелi. Тэрмiны для абследаванняў ставяцца надзвычай жорсткiя, а высновы патрэбна рабiць дакладныя. — А яшчэ працуеце ў Мiнскiм цырку... — Правяраем на трываласць канаты, падвескi i страховачныя тросы ў цырку, сiстэмы атракцыёнаў у парках культуры i адпачынку, расцяжкi, на якiх трымаюцца тралейбусныя правады ў гарадах i iншае. А ўчора дырэкцыя сталiчнага метрапалiтэна прыслала пiсьмо, просiць распрацаваць рэкамендацыi па бяспечнаму замацаванню рэкламнай прадукцыi, якая вывешваецца на станцыях. Каб нiчога не ўпала на галаву пасажырам. Новае для нас пытанне, але пастараемся разам разабрацца. Прыемна адчуваць, што мы карысныя розным галiнам народнай гаспадаркi. Асобна хацеў бы сказаць пра наш фiлiял у Брэсце. Яго калектыў спецыялiзуецца на клеяных драўляных канструкцыях, якiя цудоўна паводзяць сябе пры ўзвядзеннi спартыўных збудаванняў (напрыклад, басейнаў, дзе металiчныя канструкцыi хутка iржавеюць i выходзяць са строю), адмiнiстрацыйных будынкаў са складанай архiтэктурай, нетрадыцыйных збудаванняў. Фiлiял цесна супрацоўнiчае з Гомельскiм заводам клеяных драўляных канструкцый. Iнстытут знаходзiцца на перадавых напрамках будаўнiчай навукi i практыкi. Вывучаем праблемы вышыннага будаўнiцтва, якое ўсё смялей заяўляе пра сябе на прасторах СНД, а праблем гэтых дастаткова: i з кампаноўкай iнжынерных камунiкацый, з захаваннем пажарнай i антытэрарыстычнай бяспекi, з вентыляцыяй... Мы не збiраемся нi штучна падганяць, нi штучна стрымлiваць з’яўленне i развiццё вышыннага будаўнiцтва ў Беларусi, жыццё падкажа тэрмiны i маштабы, як гэта было з маналiтным будаўнiцтвам. Ва ўсякiм разе, мы будзем гатовы ўзяць на сябе навуковае суправаджэнне. Альбо такая праблема мегаполiсаў, як забяспечанасць аўтамабiльнымi стаянкамi i паркоўкамi. Ужо сёння, напрыклад, у Кiеве на кожную кватэру ў будынку, якi ўзводзiцца, павiнна быць прадугледжана адно гаражнае або стаяначнае месца — убудаванае цi прыбудаванае побач, падрыхтаванае ў суседнiм паркiнгу. У Казахстане пайшлi далей: 1,5 гаражнага месца на адну кватэру. Адчуваеце размах? Нам таксама давядзецца мяняць адносiны да гэтай «вузкай» праблемы, бо аўтамабiлiзацыя гарадоў iдзе iмклiвымi тэмпамi. — Усе дасягненнi нашы сталi магчымымi, — сказаў у заключэнне Мiхаiл Маркоўскi, — дзякуючы таму, што дзяржава падтрымлiвае навуку i захаваўся, у прыватнасцi, фонд будаўнiчай навукi. У нашых суседзяў украiнцаў будаўнiчая навука знаходзiцца ў вельмi складанай сiтуацыi, бо такога, як у нас, цэнтралiзаванага фiнансавання няма. Не ўсё проста ў Расii, дзе iнстытуты такога профiлю то аб’ядноўваюць, то раз’ядноўваюць, i сярэднi ўзрост кадраў — 70 гадоў, моладзь не трымаецца. Перспектывы свайго калектыву звязваю з далейшым развiццём эканомiкi краiны, будаўнiчай галiны, у прыватнасцi. У беларускiх гарадах i на вёсцы iдзе сур’ёзнае будаўнiцтва, гэта — паказчык стану эканомiкi дзяржавы. Будаўнiкi загружаны работай. Мы ж удзельнiчаем у буйнейшых дзяржаўных праграмах, i аддача ад прыкладной будаўнiчай навукi на рубель затрат даволi высокая — як у iнстытуце, так i ў мiнiстэрстве ў цэлым. У нас цудоўны, прафесiйны калектыў, якi складаецца са «штучных» спецыялiстаў, яны дакладна ведаюць сваю справу. За кожным накiрункам стаiць канкрэтны чалавек цi група людзей, iм давяраюць у мiнiстэрстве i ў будаўнiчых арганiзацыях, яны «закрываюць» напрамак. Пра тое, што калектыў здаровы, гаворыць той факт, што да нас ахвотна прыходзяць на работу дзецi i ўнукi супрацоўнiкаў. Захоўваецца пераемнасць лепшых традыцый. Маладым дапамагае трывала станавiцца на ногi свая аспiрантура, самы надзейны спосаб узрасцiць вучонага — праз аспiрантуру, якая так блiзка, як наша, стаiць да вытворчасцi. А сур’ёзная падпiтка моцнымi маладымi кадрамi — гарантыя стабiльнасцi для любога калектыву, тым больш — навуковага. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аглядальнiк «Звязды» гутарыць з дырэктарам Беларускага навукова-даследчага iнстытута будаўнiцтва (БелНДIСа) Мiхаiлам МАРКОЎСКIМ
|
|