«А вас, Калдун, я папрашу застацца!»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Высокi рост, цёмныя валасы, пранiзлiвыя сiне-зялёныя вочы... Звычайны хлопец, хiба што вельмi сiмпатычны. Дзмiтрый Калдун i заставаўся б звычайным хлопцам, не пазбаўленым выканальнiцкага таленту, калi б не знайшоў у сабе смеласць, пакiнуўшы ў Мiнску вучобу, сяброў, сям’ю i каханую дзяўчыну, прыехаць на кастынг папулярнага расiйскага тэлепраекта. *** Мы сустрэлiся амаль у цэнтры горада, i я больш за ўсё перажывала, каб размове не перашкодзiлi захопленыя фанаты i збiральнiкi аўтографаў. Дый сам хлопец папрасiў выбраць месца, дзе мала людзей, бо першы дзень на радзiме Дзмiтрыю Калдуну давялося правесцi ў капюшоне i цёмных акулярах. Нам пашанцавала: вiдаць, нiхто не чакаў увечары святочнага дня ўбачыць «зорнага» земляка на лавачцы ля Дома прэсы... — Дзiма, ты зараз падобны на негатыў сябе ранейшага: былi светлыя валасы, белыя паўрасшпiленыя кашулi, а цяпер — цёмны, загарэлы, у чорным. Як табе гэты новы iмiдж? — Ну, дабро нiколi не прыцягвала людзей, добрых калдуноў заўжды было менш, чым злых... (Усмiхаецца). Я не ведаю, як гэта можна растлумачыць. Стылiсты пафарбавалi мне валасы ў чорны колер. Iм я, дарэчы, больш задаволены, чым белым. Калi ў мяне былi белыя валасы, я яшчэ вельмi любiў насiць ярка-салатавыя лiнзы — i быў падобны да вампiра. А зараз адчуваю сябе добра, гарманiчна. Што датычыцца светлых кашуляў нараспашку, я пакуль што не магу сабе гэтага дазволiць — гэта на пачатку праекта гуляў з голым торсам, а зараз трэба прыводзiць сябе ў форму. Калi б нехта бачыў мае касеты з запiсам у адзiнаццатым класе — гэта быў проста жах! Я ўчора якраз перагледзеў, i скiвiца ўпала: гэта я?! — Адна рэч на табе не мянялася ўсю «Фабрыку» — ланцужок на шыi з нейкiм талiсманам. Ён штосьцi значыць? — Гэты кулон мне Кiркораў падарыў. Ён вельмi добра да мяне паставiўся, для дуэтнага нумара нават прывёз свой гардэроб, каб мяне апрануць. Убор атрымаўся цiкавы: чырвоныя лакавыя туфлi, джынсы, ружовая куртка i кулон з iклам на шыi. Потым Кiркораў сказаў: «Можаш кулон сабе пакiнуць. I помнi мае словы, я толькi з пераможцамi спяваю!». «Думаў, што Прохара паб’ю» — Наколькi тая карцiнка, якую паказвалi па тэлевiзары, адпавядала рэчаiснасцi? Напрыклад, раскол удзельнiкаў на «кланы»... — Нiхто нiчога спецыяльна не рэжысiраваў, што было, тое i паказвалi. Так, былi каалiцыi. Думаю, гэта ад гультайства. Калi б мы былi пастаянна занятыя, нi ў кога не ўзнiкала б жадання высвятляць адносiны. А вось калi рабiць няма чаго, пачынаюцца iнтрыгi. Спачатку гэта была гульня, мы проста сябравалi адзiн з адным. Але ж гэта было не так цiкава, як сябраваць супраць iншага. Карацей, мы загулялiся, i сапраўды ўсе пачалi сварыцца, разбiвацца на групкi, перажываць за намiнацыi «нашых» i «не нашых». Нават калi чалавек быў таленавiты, ён мог вылецець з праекта, бо сход вырашыў яго выгнаць. — У вынiку вы выйшлi з «зорнага дома» сябрамi, прыяцелямi або проста «саўдзельнiкамi»? — З Прохарам, напрыклад, мы перазвоньваемся цi не кожны дзень. Яшчэ моцна сябрую з Лёшам Хварасцянам. Я многа даведаўся пра яго жыццё, i аказалася, што мы надзвычай падобныя. Адзiнае адрозненне, якое знайшлося — што ён вельмi раўнiвы, а я не раўнiвы ўвогуле. Дарэчы, на пачатку «Фабрыкi» я думаў, што Прохара паб’ю — ён так раздражняў усiх сваiм пафасам, а я ў адказ адпускаў каментарыi сваiм вострым — цi тупым — языком... Потым нiчога, пасябравалi. Пра гэта мне Лёша Хварасцян казаў, маўляў, дакладна станеце сябрамi. Пытаюся: «З чаго ты ўзяў?». — «А я таксама спачатку думаў, што мы з табой паб’ёмся на кастынгу — хадзiў там гэткi пiжон у белых туфлях». «Дробыш адпраўляў у калгас на Магiлёўшчыну» — Прадзюсары часта паўтаралi: вы губляеце час. А я гэтага не разумеў. Першую палову праекта ўвогуле прапусцiў, нават не рэпецiраваў нумары, выходзiў i спяваў, як атрымаецца. Ну, хiба не iдыёт?.. Я зараз вельмi ўдзячны Вiктару Дробышу i Юрыю Аксюце, што яны мяне датрымалi да канца, бо штосьцi выйшла з мяне прыкладна ў трэцяй чвэрцi «Фабрыкi». Да таго часу я выходзiў на сцэну i не ведаў, што там рабiць. Крытыка на гэты конт была цалкам справядлiвая, хоць i вельмi непрыемная для мяне. Голас голасам, але ж гэта не ўсё. Не ведаў, куды рукi засунуць, куды самога сябе падзець... Не разумею, як я перамог: людзi ж працавалi, а я сапраўды дурня строiў. Толькi пад канец узяў сябе ў рукi, зноў жа дзякуючы Дробышу i начному «разносу», якi ён нам даў. Пра- — Дзiма, цябе намiнiравалi на вылет тройчы. У якi раз было насамрэч страшна? — У апошнi, канешне. Першы раз я ведаў, што застануся: было проста рана сыходзiць. Як гэта — я, i раптам пакiну праект? Да таго ж трэцяя намiнантка была заўважна слабейшая за нас з Прохарам. А далей я ўжо не быў упэўнены нi ў чым, кожную хвiлiну сiтуацыя магла памяняцца. Пад канец з нашага «клана» засталiся толькi я i Прохар. Сваю «зорку», я ведаў, ён аддасць мне, але гэта мала што вырашыць. I калi б не гледачы... «Нават не марыў, што ўбачу «Scorpions» — Любiмцам педагогаў па вакалу, у прыватнасцi, Уладзiмiра Каробкi, быў Сеня Барадзiн. Яго ўсiм ставiлi ў прыклад: вось ён правiльна спявае, а вы няправiльна. А як я магу правiльна спяваць, маючы адзiн клас музычнай адукацыi — год займаўся на фартэпiяна. Памятаю хiба што, на якiм радку пiшацца нiжняя нота «до». Голас увогуле нiхто не ставiў, мы проста слухалi з братам замежныя запiсы... — Тым не менш, вiдаць, ты застанешся ў гiсторыi «Фабрыкi зорак» як удзельнiк, якi выдатна спраўляўся з усiмi дуэтамi, ад Кiркорава да Кармухiнай. Усё ж з кiм ты адчуваў сябе найбольш камфортна на сцэне? — Напрыклад, да «Фабрыкi» я нават i не марыў, што ўбачу «Scorpions», а тут мне яшчэ i далi праспяваць з iмi жыўцом — адчуваннi нерэальныя. Яшчэ, канешне, з Насковым вельмi спадабалася. Дарэчы, там была сiтуацыя смешная: я год таму падыходзiў да яго на «Славянскiм базары», цi аўтограф хацеў, цi сфатаграфавацца, — але ён не даў. А тут, што называецца, сам прыйшоў. — А што не атрымалася ў вашым дуэце з братам — вы як быццам хацелi праспяваць на «Фабрыцы» разам? — Мы заўжды хацелi спяваць разам, нават напiсалi сумесную песню — Жора, здаецца, яе зараз запiсвае. Увогуле, тым, што ў мяне ёсць голас, я абавязаны брату, якi лiтаральна прымушаў мяне слухаць музыку, іграць на гiтары... Калi я аднойчы адмовiўся б — што было б зараз? Вiдаць, сядзеў бы з залiковай кнiжкай, скончыўшы чацвёрты курс хiмфака. Але сабой цяперашнiм не быў бы дакладна. — Чаму нiкому ў галаву не прыйшло паставiць вас дуэтам з выпускнiцай мiнулай «Фабрыкi» Дробыша Наташай Падольскай? — Па-мойму, у той тыдзень, калi прыязджала Наташа, я спяваў з нейкiм гуртам, куды нiкога iншага, акрамя мяне, не маглi паставiць. Цi давала яна мне нейкiя парады? Нiчога асаблiвага, так, паразмаўлялi, спявалi разам «Касiў Ясь канюшыну», i я пастаянна забываў словы. «Не бывае белай зайздрасцi» — I вось «Фабрыка» ўзятая, а што далей у планах? — Лалiта казала нам, што перажываць сваю перамогу трэба пяць хвiлiн, а пасля працаваць далей. Я не такi вытрыманы i вопытны, напэўна, буду «ўпiвацца» перамогай тыдзень, можа, два. А потым пачнецца жорсткая рэальнасць, пойдуць гастролi, i далейшы поспех залежыць толькi ад сябе самога. Пакуль што нас няма за што любiць, трэба яшчэ кiмсьцi стаць. Гэтая «слава», калi нас чатыры месяцы паказвалi па тэлебачаннi, хутка скончыцца. — Бо кожны ўяўляе, якiм бы ён быў малайцом на месцы ўдзельнiкаў, як бы сябе паводзiў... — Я таксама некалi, гледзячы ўрыўкi мiнулых «Фабрык», уяўляў сябе на месцы канкурсантаў, i та-акая жаба душыла! Хутчэй пераключаў, каб не бачыць. Жаба сыходзiла, але толькi да наступнага прагляду. Нам гаспадыня «Зорнага дома», Валянцiна, казала на гэты конт: «Не бывае белай зайздрасцi, калi ты ўжо зайздросцiш, то па-чорнаму». I гэта праўда. — На сабе ты зараз гэта адчуваеш? Ёсць жа многа людзей, якiх хлебам не кармi, дай толькi прынiзiць чужы поспех. — А як жа без гэтага. Калi крытыка здаровая, табе робяць слушныя, абгрунтаваныя заўвагi, — чаму да iх не прыслухацца. А бывае, людзi на форум заходзяць i пiшуць: «Калдун, ты — ...». На такое я ўвогуле ўвагi не звяртаю, гэта звычайныя эмоцыi чалавека, якога мучыць зайздрасць. Увогуле, цябе не могуць усе любiць або ўсе ненавiдзець. Узяць таго ж Кiркорава. Я кантактаваў з iм i не магу сказаць нiчога дрэннага, нягледзячы на ўсе разборкi з ружовымi кофтачкамi i iншыя негатыўныя водгукi пра яго. Проста, эпацiруючы публiку скандалам, трэба падмацоўваць яго хiтом, каб цябе ведалi не толькi як скандалiста, але яшчэ i як таленавiтага чалавека. — Думаю, скандалы табе пакуль што не пагражаюць, бо зайздроснiкаў значна менш, чым прыхiльнiкаў. Дарэчы, якi самы прыемны сюрпрыз табе зрабiлi за гэты час фанаты? — На дзень нараджэння мне падарылi выдатны MP3-плэер. Увогуле, надарылi мноства розных падарункаў, нiколi столькi не было. Падарылi, напрыклад, падушку, распiсаную добрымi пажаданнямi, i паабяцалi, што ў кожным горадзе будуць дарыць па падушцы. Вiдаць, пад канец гастроляў я буду спаць на заднiм сядзеннi на гары пярын... А яшчэ было вельмi прыемна, калi адмiнiстратары форуму надрукавалi кнiжку: сабралi на 100 старонках усе прысвечаныя мне творы — вершы, аповеды, пажаданнi. У апошнiм раздзеле сабраны мае цытаты — усякiя забаўныя бязглуздзiцы, частку з якiх я нават не памятаю, калi гаварыў. Доўга з iх смяяўся. «Няхай завуць па прозвiшчы, будзе брэнд» — Як ты лiчыш, што самае галоўнае дала табе «Фабрыка»? — Яна навучыла мяне трымаць язык за зубамi. Калi на табе пастаянна замацаваны мiкрафон, ты неяк пра гэта не думаеш. Але аднойчы нас вывезлi ў пансiянат, мы ўключылi ўпотай тэлевiзар i паглядзелi на сябе ў выпуску MTV. I я зразумеў, што многiх рэчаў мог бы не гаварыць. Пасля мозг працаваў на тое, каб не сказаць нейкай лухты. Мы з Прохарам дамовiлiся, што калi адзiн пачынае штосьцi вярзцi, другi яго абрывае. Я размаўляю, размаўляю, i тут чую: «Усё, Дзiма, дабранач!». Адразу разумею, што трэба змоўкнуць. — Дзiма, а што далей? Ты папоўнiш спiс артыстаў, якiя чагосьцi дасягнулi i пакiнулi Беларусь? — Пытанне ў тым, дзе гэтыя артысты дасягнулi поспеху. Думаю, калi я чагосьцi дасягнуў бы тут, не было б размовы, дзе заставацца. Калi я буду ў Маскве ў поўным сэнсе слова працаваць, узаемадзейнiчаць з вялiкай камандай, ад прадзюсара да стылiста — разумееш, якiм будзе выбар. А калi са мной не будуць працаваць, думаю, заўжды можна паразмаўляць з прадзюсарам i знайсцi спосаб скасаваць кантракт. Вiктар Якаўлевiч нас папярэдзiў: «Я ведаю, што вам будуць рабiць розныя заманлiвыя прапановы. Галоўнае, заставайцеся заўжды людзьмi, любое пытанне можна вырашыць мiрным шляхам, па-чалавечы». Ужо на развiтанне цiкаўлюся ў Дзiмы, прынесла яму прозвiшча ў жыццi больш прыемнасцяў цi засмучэнняў. «У дзяцiнстве мяне раздражняла, калi называлi па прозвiшчу. Да таго ж наравiлi паставiць нацiск на першым складзе: Колдун. Спачатку я ўсiх пераконваў, потым плюнуў. Калi атрымаў пашпарт, вельмi радаваўся: там была транскрыпцыя з беларускай мовы, i прозвiшча гучала правiльна, Калдун, — прыгадвае Дзiма. — Зараз усе за мяне хвалююцца, маўляў, чаму цябе называюць толькi па прозвiшчы. А я адказваю: усё нармальна, няхай раскручваюць. Будзе брэнд». Прыхiльнiкi, дарэчы, утварылi таварыства «калдуноў i калдунняў», а Дзiму далi iншае iмя — наш Чараўнiк. А на адным з канцэртаў, калi хлопец выконваў песню з фiльма «17 iмгненняў вясны», зрабiлi транспарант: «А вас, Калдун, я папрашу застацца!». Чаму так хочацца паўтарыць гэту фразу?.. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзмiтрый Калдун i заставаўся б звычайным хлопцам, не пазбаўленым выканальнiцкага таленту, калi б не знайшоў у сабе смеласць, пакiнуўшы ў Мiнску вучобу
|
|