Iльготны праезд для абiтурыентаў немагчымы?
Ала МАЧАЛАВА
Пасажырам сталiчнага метро пэўна не раз даводзiлася бачыць даўжэзныя чэргi юнакоў i дзяўчат на ўваходзе:
— Дакументы на льготы! — патрабуе кантралёр. — А я... 11 класаў скончыў(ла), паступаю... — мямлiць хлопец/дзяўчо. — Калi ласка, у касу за жэтонам! — ледзь не пераходзiць на крык супрацоўнiца метро. — Я на тэст спазнюся... — амаль усхлiпвае юнак. Заканчваецца такi дыялог заўсёды аднолькава — набыццём жэтона. Сiтуацыю тлумачыць Георгiй ТКАЧ, галоўны iнжынер службы руху Мiнскага метрапалiтэна: — Асноўная iнструкцыя, якой мы кiруемся, — Правiлы карыстання метрапалiтэнам, дзе занатавана: iльготныя бiлеты сапраўдныя пры наяўнасцi адпаведных дакументаў — даведка са школы, студэнцкi бiлет, пенсiйнае пасведчанне i г.д. Аднак даведкi выпускнiкоў школ, лiцэяў, гiмназiй сапраўдныя толькi да 25 чэрвеня, таму абiтурыенты не падпадаюць нi пад адну з катэгорый насельнiцтва, якiя могуць карыстацца льготамi — яны ўжо не навучэнцы i яшчэ не студэнты. Вынiкае пытанне: чаму да 25 чэрвеня абiтурыенты яшчэ льготнiкi, а вось лiтаральна з 26-га — не? Цi справядлiвая такая пастаноўка пытання? Аргумент «за» пазбаўленне: не ўсе пасля 11 класаў спрабуюць паступаць у ВНУ. Сапраўды, трэба размяжоўваць тых, хто адразу iдзе працаваць ад удзельнiкаў уступнай кампанii. Думаю, зрабiць гэта не так цяжка, мая ўласная прапанова — замацаваць у правiлах карыстання метрапалiтэнам у якасцi дакумента, што дае права на льготы, — распiску аб прыёме дакументаў, якую выдаюць у тэхнiчнай прыёмнай камiсii ў абмен на атэстат i iншыя паперы, патрэбныя пры паступленнi (дарэчы, усе яны пералiчваюцца ў распiсцы). Такiм чынам, пры прад’яўленнi пашпарта i распiскi можна будзе адрознiць маладога чалавека, якi спрабуе стаць студэнтам, ад таго, хто адразу пачынае працаваць, не атрымлiваючы вышэйшай адукацыi. Наступны аргумент «за»: не ўсе абiтурыенты стануць студэнтамi, хтосьцi абавязкова правалiцца на экзаменах. Нельга не пагадзiцца, але вось калi не паступяць, тады i будуць аплачваць поўны кошт, а на перыяд калi яны «грызуць гранiт навукi», няхай карыстаюцца льготамi. Вiдавочна, што абiтурыенты не працуюць у час уступнай кампанii, яны знаходзяцца на папячэннi бацькоў. Наколькi мэтазгодна ў такiм выпадку спаганяць з iх поўную суму? Цi не нонсенс гэта — карыстацца льготамi ў чэрвенi i пазней, пачынаючы з верасня, а ў лiпенi-жнiўнi — не? Бескарысныя хiтрыкi Кiруючыся ўласнымi назiраннямi, заўважу — некаторыя дзяўчаты i хлопцы пускаюцца на хiтрыкi: прад’яўляюць свой бiлет гiмназiста/лiцэiста, спадзеючыся, што супрацоўнiкi метрапалiтэна не глянуць на адваротны бок i не ўбачаць даты, да якой бiлет сапраўдны. Вынiк — незлiчоныя стосы такiх лiцэйскiх, складзеныя па датах (днях, у якiя былi канфiскаваны, на iх абавязкова ўказваецца таксама станцыя i прозвiшча дзяжурнага, якi адабраў дакумент), у кабiнеце загадчыка аднаго з упраўленняў метрапалiтэна. Дарэчы, не ўсе ведаюць, што з упраўлення метрапалiтэна iх можна забраць, але ў тым выпадку, калi бiлет для вас каштоўны як памяць, а не як фальшывы дакумент, якi вы зноў збiраецеся прад’яўляць. Таму, мая вам парада — не спрабуйце паказваць дакумент, тэрмiн якога выйшаў. Хто паклапоцiцца пра абiтурыентаў? Я не прапаноўваю супрацоўнiкам школ выпiсваць даведкi да канца жнiўня (хоць гэта значна спрасцiла б сiтуацыю). Звяртаючыся ў Мiнiстэрства адукацыi, разумела, што людзi, якiя, можа, дзень назад скончылi сярэднюю навучальную ўстанову i праз месяц, мабыць, паступяць у ВНУ, — не iх кампетэнцыя. Выглядае гэта бюракратычна, але ў адпаведнасцi з законам. Ва ўпраўленнi вышэйшай i сярэдняй спецыяльнай адукацыi не толькi не дапамаглi вырашыць гэту праблему, але i паставiлi перад намi яшчэ адну: iльготы для слухачоў падрыхтоўчага аддзялення (дзяўчаты i хлопцы, якiя не паступiлi i з верасня пайшлi на гадавыя платныя курсы пры унiверсiтэце), з усiмi пытаннямi параiлi звярнуцца ў Мiнiстэрства транспарту, маўляў, мы не можам дыктаваць умовы iншаму мiнiстэрству. Мне стала вядома, што супрацоўнiкi Мiнiстэрства адукацыi некалi ў пiсьмовай форме звярталiся да Мiнiстэрства транспарту з просьбай прадаставiць права льготнага праезду слухачам ПА, аднак атрымалi адмову. У аддзеле пасажырскiх перавозак Мiнтранса мы пачулi ад аднаго з супрацоўнiкаў, якi пажадаў застацца неназваным: — Правозiць абiтурыентаў за льготны кошт мы проста не маем права. У гэтай сiтуацыi мы проста выканаўцы: кiруемся адпаведнымi пастановамi заканадаўчай улады. Дазвол абiтурыентам карыстацца льготамi вымагае дадатковых бюджэтных сродкаў. Я ўвогуле да льготнага праезду стаўлюся так: трэба перавозчыку плацiць поўны кошт, а тыя катэгорыi грамадзян, якiя маюць права карыстацца льготамi, проста будуць атрымлiваць кампенсацыю. Дарэчы, такая iдэя знойдзе ўвасабленне ў праекце Закона «Аб некаторых сацыяльных iльготах i гарантыях для некаторых катэгорый грамадзян», што рыхтуецца да разгляду ў канцы гэтага года. Iльготны праезд для абiтурыентаў — гэта нашы страты, без якiх мы змаглi б развiць маршрутную сетку, павысiць нормы сацыяльных стандартаў, аб якiх трубяць на кожным кроку, закупiць дадатковыя аўтобусы, пусцiць новыя рэйсы, пакрыць выдаткi на бензiн, запасныя часткi, забяспечыць заработную плату вадзiцеляў. Я думаю, для абiтурыентаў тыя 2 месяцы плацiць 460 рублёў не так i стратна. Узнiкае пытанне, а чаму ў такiм выпадку для бюджэту гэта так стратна? *** Вiдавочна, што пакуль не зменiцца заканадаўчая база, нi адзiн з супрацоўнiкаў нi аднаго з мiнiстэрстваў нiчога не зможа зрабiць. Напэўна, гэта сiтуацыя задавальняе ўсiх... акрамя абiтурыентаў i iх бацькоў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сiтуацыю тлумачыць Георгiй ТКАЧ, галоўны iнжынер службы руху Мiнскага метрапалiтэна
|
|