Дзiкiя ягады растуць у цане
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Калi ад клубнiц на рынках прылаўкi «гнуцца», то чарнiц мала. Давялося пачуць, што сёлета яны не ўрадзiлi. Спякота i неашчадныя адносiны да чарнiчнiкаў прывялi да такога вынiку. I гэтую ягаду стараюцца прадаваць шклянкамi цi слоiкамi — так больш выгадна. За шклянку чарнiц просяць тысячу, а пяцiлiтровае вядро каштуе 18 000 рублёў. Клубнiцы ж у цане ўпалi — 10-лiтровае вядро прадаюць за 14 тысяч.
А попыт на чарнiцы вялiкi. Ягаду закупляюць райспажыўкааперацыя, лясгасы, прыватныя фiрмы, але цана на яе значна нiжэй рыначнай. Таму чарнiцы, як i iншыя ягады, людзi прадаюць на аўтамагiстралях. Калi з клубнiцамi сёлета ўсё нармальна — iмi гандлююць на трасах у Палескай зоне, то чарнiцы яшчэ рэдкасць. Нашы дзiкарослыя ягады карыстаюцца попытам у Заходняй Еўропе, i таму яны галоўным чынам iдуць на экспарт: дзiкiя ягады дапамагаюць пры розных захворваннях. Чарнiцы аднаўляюць работу страўнiка. А калi ў чалавека хутка стамляюцца вочы i ёсць праблемы са зрокам, то неабходна як мага больш есцi чарнiц, якiя ўмацоўваюць крывяносныя сасуды, а гэта спрыяе лепшаму паступленню крывi ў сятчатку вачэй. Калi размова зайшла пра дзiкiя ягады, то неабходна напомнiць, што журавiны ўтрымлiваюць урсолавую кiслату i панiжаюць артэрыяльны цiск. У каго гiпертанiя, таму карыстна есцi штодня журавiны. А вось бруснiцы дапамагаюць пры гастрыце i рэўматызме, а сок з гэтых ягад пажадана пiць пры высокiм цiску. Успомнiм i буякi, якiя рэгулююць работу шчытападобнай залозы i спрыяюць згусанню крывi. Адносна ажыны, якую дзе-нiдзе па нейкiх забабонах лiчаць сатанiнскай ягадай, то яна нармалiзуе работу кiшэчнiка, страўнiка i печанi. Дарэчы, ажына была вельмi папулярнай у старажытнай Грэцыi, гэтай ягадай лячылi розныя хваробы скуры. I пэўна гэта не толькi словы, бо попыт на дзiкiя ягады рэзка вырас i цана на iх ужо больш высокая, чым на ягады садовыя. Самыя дарагiя калiсьцi чорныя парэчкi ўжо даўно здалi свае пазiцыi, а чырвоныя каштуюць усяго 8 тысяч рублёў за 10-лiтровае вядро. А самыя дарагiя ягады — сунiцы. За шклянку ягад прасiлi 2 тысячы рублёў. Сунiцы, сапраўды, цудадзейныя ягады, але пра гэта мы мала ведаем цi не цэнiм, што маем.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За шклянку чарнiц просяць тысячу, а пяцiлiтровае вядро каштуе 18 000 рублёў. Клубнiцы ж у цане ўпалi
|
|