Надзея ЕРМАКОВА: «Летам нам патрэбен актыўны адпачынак, лепш за ўсё на прыродзе»
Сяргей КУРКАЧ
У складзе 11 спартыўных каманд за перамогу змагалiся каля 200 банкiраў, а ўвогуле ў мерапрыемстве ўдзельнiчала 430 чалавек. Адкрывала гэтыя спаборнiцтвы i прымала ў iх актыўны ўдзел старшыня праўлення Беларусбанка Надзея Ермакова. Карэспандэнт «Звязды» таксама ўдзельнiчаў у спаборнiцтвах (па-за залiкам) i ўзяў эксклюзiўнае iнтэрв’ю ў Надзеi ЕРМАКОВАЙ. — Як часта адмiнiстрацыяй банка ажыццяўляецца арганiзацыя спартыўна-масавых мерапрыемстваў сваiх работнiкаў? — Летнiя i зiмовыя турыстычныя злёты мы праводзiм кожны год. У другой дэкадзе лiпеня нашым банкам будзе арганiзаваны ўжо VIII турыстычны злёт на рэспублiканскiм узроўнi. Зараз мы наладзiлi спартыўныя спаборнiцтвы памiж камандамi сталiчных фiлiялаў Беларусбанка i цэнтральнага апарату. Раней, для выхаду ў фiнал турзлёту, на папярэднiх этапах спаборнiчалi толькi абласныя падраздзяленнi банка. Трапляюць сюды не ўсе, а толькi лепшыя з лепшых: тыя, хто мае магчымасць паказваць i добрыя спартыўныя паказчыкi, і адначасова якасна выконваць свае службовыя абавязкi. — У чым вы бачыце галоўную мэту такiх форумаў? — На такiх спаборнiцтвах мы актыўна прапагандуем здаровы лад жыцця сярод сваiх супрацоўнiкаў, прафесiйная праца ў якiх больш «завязана» на паперках i камп’ютарах. З другога боку, менавiта такiя мерапрыемствы аб’ядноўваюць працоўныя калектывы банка. — Цi прадугледжаны калектыўным дагаворам Беларусбанка сацыяльныя гарантыi i льготы пры арганiзацыi летняга адпачынку? — Сёлета спаўняецца 8 гадоў, як у нашай фiнансавай установе дзейнiчае праграма сацыяльнага развiцця калектыву. У працоўным калектыўным дагаворы адзначаны ўсе галоўныя моманты сацыяльнай абароны работнiкаў, у тым лiку праграмы летняга i зiмовага адпачынку. Прадугледжана льготная аплата за пуцёўкi ў санаторыi, дамы адпачынку, базы сезоннага адпачынку. Узровень такiх iльгот залежыць ад рэальных даходаў работнiкаў. У структуры Беларусбанка працуе каля 25 тысяч чалавек. Каб арганiзаваць магчымасць цэнтралiзаванага адпачынку лепшых работнiкаў банка, намi былi створаны ўласныя базы. Зараз пачынае круглагадовую дзейнасць база адпачынку на 80 месцаў у мястэчку Крупенiна Вiцебскай вобласцi. З пачатку месяца запрацавала наша даччынае прадпрыемства, санаторый «Спадарожнiк» на беразе возера Нарач. У трэцяй дэкадзе лiпеня першых наведвальнiкаў Беларусбанка прыме база адпачынку Брэстчыны ў вёсцы Волкi. — Як першая асоба Саюза жанчын Беларусi, што б вы параiлi нашым жанчынам наконт адпачынку гэтым летам? — Такiм цудоўным летам нiводнай вольнай хвiлiны вы не павiнны «загубiць», седзячы ў душнай гарадской кватэры. Трэба выязджаць на прыроду. У нас прыгожыя лясы, чыстыя рэкi i шмат азёр. Нават у моцную спякоту цень пад зялёным шатром дрэў будзе ў разы здаравейшы за штучную прахалоду магутных кандыцыянераў гарадскiх кабiнетаў. Спяшайцеся дыхаць цудоўным лясным паветрам менавiта зараз, слухайце спевы птушак, адпачывайце побач з прыродай. * * * Моцная лiпеньская спякота перашкаджала атлетам паказваць лепшыя спартыўныя паказчыкi. Але нягледзячы на гарачыню, банкаўскiя работнiкi змагалiся за кожны мяч у стрытболе i пляжным валейболе. Усе балельшчыкi паўскоквалi са сваiх месцаў, калi пачалiся спаборнiцтвы па перацягванню каната. У банкiраў гэты вiд спартыўнай праграмы мае спецыфiчную назву: «перацягванне грашовага мяшка». Лiчыцца, што пераможцы гэтага конкурсу заўсёды будуць з вялiкiмi грашыма. Так яно амаль i адбылося. Дружына фiлiяла № 527 перацягнула на свой бок «грашовы мяшок», а ў вынiку атрымала перамогу i ў агульнакамандным залiку. Другое каманднае месца заняла каманда фiлiяла № 524. У самых прыгожых вiдах спаборнiцтва — аэробiцы i ў мнагабор’i кiраўнiкоў — перамогу святкавалi работнiкi цэнтральнага апарату АСБ «Беларусбанк». Мiнск—Лагойск—Мiнск. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэрыторыi лесапаркавай зоны Лагойшчыны, ва ўрочышчы Заячая Паляна адбыўся I сталiчны турыстычны злёт падраздзяленняў цэнтральнага апарату i фiлiяла
|
|