21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Простыя рэчы: шалі

25.08.2009 21:53 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алесь КАСЦЕНЬ

Шалi, вiдаць, пачыналiся з бязмена. Першы мой успамiн пра бязмен — з дашкольнага ўзросту. Цяпер слова «мясаед» i растлумачыць маладому чалавеку цяжка, а ў нас гэты самы мясаед прыпадаў на зiмовы час. Нашы бацькi, пераехаўшы ў райцэнтр з вёсак, абавязкова трымалi пару, а то i тройку свiней. Забой iх прыходзiўся якраз на зiмовы час. Вось тут i пачынаўся мясаед. Сала, зразумела, засольвалася на лета, ну а мяса сем’i на нашых нованабудаваных вулiцах дружна, як сказаў некалi класiк, «утылiзавалi», з’ядалi. Косцi ж — што косцi, па вясковай завядзёнцы — на агарод. А вясною нам, падшыванцам, работа. Збiраць iх па тых агародах. I не проста збiраць, а з вялiкай ахвотай. Бо косцi тыя прымае нарыхтоўшчык, якi i жыве на нашай вулiцы. Як яго прозвiшча — ужо запамятаваў, па вулiчнаму ён быў «Хахол». Вось да гэтага нарыхтоўшчыка i аттарабанiлi мы назбiраныя косцi. У некалькi заходаў менавiта на бязмене ўзважыў ён назбiранае намi багацце. I выдаў падшыванцам траячку. Беглi мы дадому ўзрадаваныя: гэта ж колькi грошай, бо марожанае, з бiклагi, пакладзенае ў вафельны кубачак, каштавала 9 капеек, а багатырскае эскiмо на палачцы — 11. Праўда, бацькi расчаравалi нас. Тры рублi аказалiся толькi трыццаццю капейкамi. Быў гэта 1961 год, год грашовай, хрушчоўскай рэформы, калi грошы «патаннелi» адразу ў дзесяць разоў. Прыкладам, бацька на сваёй пiлараме стаў атрымлiваць не 480, а 48 рублёў.

Ну а цяпер пра бязмен. Гэта даўнiя ручныя рычажныя шалi. Металiчны або драўляны стрыжань на адным канцы з пастаянным грузам, на другiм — з крукам цi чашкай для ўтрымання грузу. А на стрыжнi шкала адлiку i рухомая апора — абойма цi драцяная пятля. Я трымаў у руках i нават крыху карыстаўся бязменам, на якiм можна было ўзважыць нешта да пуда вагi. А мацi расказвала, што ў iх вёсцы гаспадары карысталiся бязменамi, якiя маглi падняць i да трох пудоў. Ад гэтай прылады ў даўнiя часы на Беларусi iснавала i вызначэнне «бязмен» як мера вагi. Яна не была пастаяннай — ад 6 да 10 фунтаў.

Але ж бязмен, простая рэч, папярэднiк шаляў цi вагаў, як у нас яшчэ гавораць. I таксама ўспамiн дзяцiнства. Крамаў тады ў горадзе было тры цi чатыры. Самая галоўная для нас — у цэнтры. Цяпер ужо i будынка гэтага няма, а ў тыя часы была гэта крама прыцягальная для дзятвы. У вiтрыне мы маглi пабачыць шакаладных мядзведзяў, зайцоў. Але куплялася не гэта. Куплялiся цукеркi, якiя мы называлi «падушачкi». Звычайныя карамелькi з варэннем у начынку. Прычым злiтыя яны былi ў вялiкiя камякi. I вось прыносiш ты свае капейкi. Крамарка, тады слова «прадавец» неяк не ўжывалася, бярэ гэты камяк, адразае i кiдае на шалi, на адну талерачку, на другую кiдае некалькi гiрак, зразумела, не кiлаграмовых, а значна меншых. Узважвае, то дабавiць, то адыме. Але свой кус карамелек ты атрымлiваеш. Не, гэта былi падушачкi, яны i былi падобныя да матчынай падушачкi, ад якой так соладка ўраннi адрываць галаву.

Сёння крамаў у Паставах, вiдаць, больш за сотню. Практычна ўвесь цэнтр горада з яго старадаўняй забудовай, у тым лiку i славутымi дамамi Тызенгаўза, стаў гандлёвымi кропкамi, дзе вам на сучасных шалях узважаць не толькi карамелькi — хоць i яны ёсць — але i бананы цi кiвi, якiя трывала ўвайшлi ва ўжытак. Што ж, гэта вельмi i вельмi добра. Мы жывём у цывiлiзаваным свеце. I кожны мае права выбiраць сабе той прадукт, якi яму пажадаецца. Прайшлi часы картачнага абмежавання, часы нястачы. А вось сучасныя электронныя вагi шалямi ўжо i назваць цяжка. Не тое. Пакладзе прадавец на iх прадукт — i тут жа дакладная вага, колькасць кошту. Толькi плацi.

А шалi — рэч iнакшая, простая. Iх яшчэ можна сустрэць у кiрмашовых радах. У Паставах яны, кiрмашы, у сераду i нядзелю. Там якая-небудзь бабуля складае на адну талерачку гэтых самых шаляў агурочкi, а на другую — кiлаграмовую гiрачку. Падыходзь, пытайся пра цану, можаш i папрасiць аб скiдцы. Кiрмаш дазваляе.

А вось як маляўнiча ў свой час напiсаў пра шалi беларускi празаiк Сабаленка: «Зусь насыпаў мукi i, зважыўшы яе на шалях, сказаў мне:

— Глядзi, якi пуд, яшчэ з паходам».

Шчыра кажучы, тут увесь смак напiсанага не столькi ў шалях, колькi ў гэтым — «яшчэ з паходам». Смачны беларускi выраз. Ад якога i на душы неяк весялей. Умеем, наскае.

Ну а ў майго былога унiверсiтэцкага настаўнiка Лойкi ёсць у адным з вершаў:

О, дзе знайсцi такiя шалi,
Якiя ўзважвалi б i сiлы
I ўраз задачы вырашалi...

Успомнiў радкi паважаных мною людзей, а тады адважуся прывесцi i свае, некалi напiсаныя:

Чаму ты невясёлы, нiбы птушка,
Там, у клiне ад шэранню палёў?
Хаця на шалях лёсу вецер гушкаў —
Ты не зляцеў з лiстотаю далоў...

З гэтым вершам таксама ўспамiн пра шалi. Але ўжо iншыя, звязаныя з багiняй Немезiдай, цi як iнакш пiшуць Немесiдай. Гэта з грэчаскай мiфалогii. Багiня займалася тым, што карала за парушэнне грамадскiх i маральных нормаў. Яна малявалася i ўяўлялася якраз з шалямi ў руках. Вiдаць, узважвала чалавечыя грахi i iх жа даброты. Але ўкаранiлася ў чалавецтве да гэтага часу менавiта такое ўяўленне правасуддзя i суда — Немезiда з шалямi ў руках.

Але вернемся да iншага значэння слова шалi. Так жа яшчэ называецца адно з дванаццацi сузор’яў Задыяка. I на Беларусi вiдаць яно вясной i летам. Так што начною парою, калi вам не спiцца, пашукайце Шалi на небе, а потым, магчыма, i нагадаеце звычайную рэч — шалi, якiя абавязкова нам у жыццi патрэбныя.

Вiцебская вобласць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шалi, вiдаць, пачыналiся з бязмена. Першы мой успамiн пра бязмен — з дашкольнага ўзросту
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика