21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Аб чым «маўчыць» Крычынскi сад?

25.08.2009 21:53 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наталля КАРПЕНКА. Фота Марыі ЖЫЛІНСКАЙ.

ЁСЦЬ ПЫТАННЕ

Падчас падрыхтоўкi гэтага артыкула мяне ўвесь час не пакiдала думка аб... ролi асобы ў гiсторыi. Не ў той «глабальнай» гiсторыi, якая датычыцца пераломных момантаў у лёсе дзяржаў i народаў. Бо нават у межах асобна ўзятай маленькай тэрыторыi можна пакiнуць пасля сябе такi след, што ўдзячныя землякi доўгiя гады будуць узгадваць тваё iмя з павагай i захапленнем.




Пiшу гэта, маючы на ўвазе чалавека, якога завуць Юрый Сцяпанавiч Чарнышоў i з якiм, на жаль, не мела магчымасцi пазнаёмiцца асабiста. Але апошнiм часам пачула ад розных людзей столькi добрых слоў у яго адрас, што, здаецца, i сама ведаю Чарнышова здавён. Ва ўсякiм разе, з тых часоў, як ён, тады яшчэ дырэктар Весялоўскага крухмальнага завода (што на тэрыторыi Барысаўскага раёна), вырашыў давесцi да ладу Крычынскi сад (былы панскi маёнтак, а на той момант — уланасць калгаса iмя Суворава). Крычынскiм садам, дарэчы, называлася вялiкая тэрыторыя, у склад якой уваходзiў не толькi непасрэдна яблыневы сад, але i парк, пасаджаны яшчэ ў XVIII стагоддзi, — з рэдкiмi пародамi дрэў i каскадам азёр... Калгас, як расказваюць, у перадавiках тады не хадзiў, а Крычынскi сад патрабаваў пастаяннага догляду. Гэты догляд па дамоўленасцi з гаспадаркай i ўзяў на сябе ў канцы 90-х Юрый Чарнышоў. Яго iдэя была простая, як усё генiяльнае: зрабiць гэта месца калi не райскiм куточкам, дык чымсьцi наблiжаным да яго. Стварыць, максiмальна захоўваючы першазданную прыгажосць, такое месца адпачынку для мясцовых жыхароў, для вяскоўцаў, каб лепшага iм i шукаць не хацелася.

Што было...




Парк i прыбярэжную зону (тут працякае рака Бярэзiна) завадчане акультурвалi ўласнымi сiламi i сваiмi рукамi. Чарнышоў, па адукацыi тэхнiк-азеляняльнiк, так захапiўся ўласнай iдэяй, што здолеў запалiць i iншых. Завод лiтаральна жыў суботнiкамi, якiя праводзiлiся ў парку без усякага прымусу. Людзi, жыхары Весялова i суседнiх вёсак, разумелi, што робяць гэта для сябе i сваiх дзяцей... За кароткi адрэзак часу адсыпалi пляж, пабудавалi на беразе альтанкi, паставiлi бак для смецця... У парку (каб яго абысцi, паўдня не хопiць) расчысцiлi дарожкi i алеi, высадзiлi маладыя дрэўцы i кустарнiк. Каб аўтамабiлiсты ведалi «сваё месца», спецыяльна ўкапалi ў зямлю двух «вартавых» — вялiзныя валуны, якiя перашкаджалi выезду аўтамабiляў на ўзбярэжжа... Да выхадных для рыбакоў i адпачываючых, каб яны не ламалi дрэвы, спецыяльна прывозiлi з пiларамы драўняныя адходы для распальвання вогнiшча. Побач з берагам абсталявалi для адпачываючых футбольную i валейбольную пляцоўкi. А яшчэ арганiзавалi ў парку конны клуб, куды з задавальненнем пачалi хадзiць вясковыя дзецi. Для iх стала адкрыццём, што конi, якiх прывыклi ўспрымаць з маленства толькi як цяглавую сiлу, могуць быць такiмi разумнымi, прыгожымi i элегантнымi, дастаўляць столькi радасцi...




Кiравала клубам дачка Чарнышова, Вольга (дзякуй Богу, адукацыя — Акадэмiя фiзічнай культуры — дазваляла). Не ведаю, якi ў гэтым можна было ўгледзець «крымiнал», але менавiта роднасныя сувязi i сталi тым «каменем сутыкнення», вакол якога закруцiлiся далейшыя падзеi. На Чарнышова пачалi «пiсаць» скаргi. Прычым не свае пiсалi, не заводскiя. Той, хто пiсаў, не мог паверыць, што парк i сад акультурваюцца без усялякiх карысных мэтаў, што многiя рэчы людзi робяць проста за «дзякуй» i ў гэтым няма нiякага падвоху.

Праверкi ўсiх узроўняў — а iх было каля дваццацi — нiчога не далi, толькi выклiкалi абурэнне ў завадчан. Яны, як нiхто, разумелi, якiя «дывiдэнды» прыносiць парк — на яго добраўпарадкаваннi працавалi i дарослыя, i дзецi; тут адпачывалi (абсалютна бясплатна) сем’ямi i з сябрамi, тут адзначалi святы, арганiзоўвалi самадзейныя канцэрты i спартыўныя спаборнiцтвы; сюды сцякалася моладзь з суседнiх вёсак i нават з горада — i яе не засмучала, што ў парку катэгарычна забаронена пiць i пакiдаць пасля сябе смецце... Аднак пастаянныя праверкi i пошукi «чорнай кошкi ў цёмным пакоi» вывелi Чарнышова з раўнавагi. («Цяжка захоўваць спакой, калi нехта ўвесь час палiвае цябе брудам», — сказала мне адна з жыхарак Весялова.) Ён хацеў як лепш, а атрымалася... тое, што атрымалася. У вынiку Юрый Сцяпанавiч знайшоў iншае месца працы (цяпер кiруе вялiкiм прадпрыемствам у Гродне). А вось справа яго — маю на ўвазе сад i парк — без свайго завадатара i натхняльнiка, падобна, прыходзiць у заняпад... Яшчэ два гады таму калегi-журналiсты, запрошаныя ў Весялова на Дзень моладзi, наведаўшы Крычынскi сад, доўга знаходзiлiся ў захапленні. Ад таго, што можа зрабiць, фiгуральна выказваючыся, адзiн чалавек, якому не ўсё роўна... Не так даўно мы зноў наведалi Крычынскi сад. На падыходзе да яго крыху заблудзiлi, так што вымушаны былi прасiць дапамогi ў мясцовых жыхароў. Даведаўшыся аб мэце вiзiту (паглядзець парк), яны выклiкалiся суправаджаць нас. Так мы пазнаёмiлiся з цудоўным, неверагодна багатай душы чалавекам, жыхаром вёскi Весялова Сяргеем Гуляевым.

Што ёсць

Сяргей Генадзьевiч ходзiць па парку павольна, паважлiва, i, я сказала б, з пiетэтам, ледзь цi не ля кожнага дрэва спыняецца, распраўляе галiнкi, вырывае пустазелле, размiнае ў далонях траву-шаўкавiцу...




— Коркавае дрэва бачыце? Пасля таго, як яно пахiлiлася ад старасцi i нехта абадраў кару, мы яго лiтаральна латалi... Зрабiлi ўнутры цэментную пломбу, паднялi i паставiлi на «ногi».

Iдзём далей па парку. Вось тут, паказвае Сяргей Генадзьевiч, была сцэна, выступалi артысты. Цяпер ад яе амаль нiчога не засталося. Па ангару, дзе праводзiлiся заняткi коннага клуба, у прамым сэнсе слова гуляе вецер. Плёнка, якой былi перацягнуты сцены i столь, абадралася i звiсае шматкамi...




— Э-эх, людзi столькi сiл уклалi, каб навесцi тут парадак... Старалiся... Памятаю, альтанкi на беразе да апоўначы ставiлi, дадому нiхто iсцi не хацеў. Цёплую канюшню за дзесяць дзён пабудавалi. Домiк, дзе бiльярдны стол стаяў, самi сваiмi рукамi ўцяплялi...

Сяргей Генадзьевiч з гонарам дэманструе нам канадскiя таполi-велiканы ў 4—5 абхватаў, карабельную сасну, кедр, граб... Блытаючыся ў траве (па калена, а то i па пояс), iдзём да лiпавай алеi — аднаго з самых прыгожых месцаў у парку.

— Некалi, — расказвае наш праважаты, праз алею было не прабiцца — так моцна яна зарасла. Мы з пагрузчыкам «прайшлi» праз яе i акуратна выпiлiлi знутры арку, каб было прыгожа. У Сцяпанавiча ж iдэя за iдэяй нараджалiся! Давайце, гаворыць, па баках алеi яшчэ i «кiшэнi» зробiм — такiя невялiкiя паглыбленнi пад дрэвамi, i там пянькi паставiм, каб людзi маглi сесцi i адпачыць, прыродай палюбавацца. Цяпер i «кiшэнi» пазарасталi, i пянькi некуды знiклi...

Па дарозе да рэчкi натыкаемся сярод зараснiку на сляды нядаўняга «балявання» — разбiтыя бутэлькi, акуркi i iншае характэрнае смецце.

— Пры Сцяпанавічу такога нiколi не было, — канстатуе Сяргей Генадзьевiч. — Не кажучы пра тое, што трава пастаянна скошвалася, а дарожкi расчышчалiся. Нават зiмой усё было расчышчана, каб рыбакi маглi без праблем пад’ехаць да берага. Цяпер аб гэтым нiкому галава не балiць — кiдайце свае машыны ў вёсцы i iдзiце пехам па снезе колькi кiламетраў.

— Сцяпанавiч — гэта Чарнышоў?

— Ага, мы яго так мiж сабой называлi. Таму што сапраўдным гаспадаром быў i стараўся не для сябе, а для iншых. I людзi гэта адчувалi... Ды вы ў любога на заводзе спытайцеся — яны да гэтага часу ўспамiнаюць, як мы жылi. А потым аб’явiўся гэты пiсака... Сцяпанавiч пасля чарговай праверкi не вытрымаў. Богам прашу, кажа, забiрайце i парк, i сад назад у калгас i рабiце з iмi што хочаце. Забралi i... «зрабiлi». Толькi каму ад гэтага стала лепш?

Што будзе?




На радавых панскiх могiлках, што знаходзяцца ў парку, як i мае быць, цiшыня. Яшчэ ў канцы 90-х могiлкi нагадвалi барыкады — «дзякуючы» шукальнiкам прыгод i «халяўных» каштоўнасцяў, якiя за доўгiя савецкiя часы пералапацiлi тут кожную пядзю зямлi, не пакiнуўшы (у прамым сэнсе слова) каменя на каменi. Завадчане навялi тут парадак, сабралi надгробныя плiты i помнiкi (тыя, што ўцалелi), акуратна паставiлi на ўзвышшы...

Рвём траву, працiраем надпiсы, сцёртыя рукою няўмольнага часу i пакрытыя пылам... Чытаем прозвiшчы (Ляхновiч, Кухарскi) i даты пахавання... У часы савецкага «забыцця» гэтыя паны i паненкi нiкому не былi патрэбны — могiлкi фактычна зруйнавалi. Падобна, сёння тое, што ад iх засталося, таксама чакае незайздросны лёс. Ва ўсякiм разе да той пары, пакуль у Крычынскага сада не з’явiцца новы — сапраўдны — гаспадар. Нераўнадушны чалавек, асоба... Называйце як хочаце. У любым выпадку гэта павiнен быць той, хто здолее спынiць пачатак запусцення — больш вiдавочнага для людзей, якiя яшчэ пяць гадоў таму назiралi яго другое нараджэнне.

Сёння зямля, на якой знаходзiцца сад, адышла (разам з калгасам імя Суворава) да барысаўскага ААТ «Райаграпрамтэхнiка». На вялiкi жаль, мы так i не знайшлi агульнай мовы з яго кiраўнiком Уладзiмiрам Мiрановiчам. Час, адведзены на размову з журналiстам (10 хвiлiн), Уладзiмiр Уладзiмiравiч палiчыў «дарэмна патрачаным». А наша пытанне аб лёсе Крычынскага сада — па меншай меры некарэктным. Маўляў, у сада ёсць уласнiк, якi ў стане самастойна вырашыць, што i як рабiць далей.

Увогуле ж, на думку Уладзiмiра Уладзiмiравiча, у Крычынскiм садзе за апошнi год... нiчога не змянiлася, хiба што конны клуб перастаў iснаваць. Усё астатняе знаходзiцца на месцах i ў поўным парадку: дрэвы стаяць, рэчка цячэ, а два работнiкi пастаянна падкошваюць траву...

Так, у парку сапраўды няма вiдавочных прымет нейкiх разбурэнняў цi паломак. Але — як бы гэта выказацца больш карэктна i зразумела — няма ў iм i прымет жыцця, а тым больш руплiвых, нераўнадушных, па-гаспадарску зацiкаўленых адносiнаў. Быццам бы Крычынскi сад пакiнула душа... А, магчыма, гэта ўсё толькi нашы, журналiсцкiя, фантазii? Стаiць сабе парк — i стаiць, суботнiкi тут рэгулярна праводзяць, траву перыядычна падкошваюць...

Толькi чамусьцi мясцовыя жыхары, весялоўцы, з такой пастаноўкай пытання не згодныя. Дзве жанчыны, якiх сустрэлi непадалёк ад сельскага Савета, пашкадавалi, што мы прыехалi сюды позна i «на пустое месца» — нiчога добрага ўжо не засталi. Такое вось стаўленне да сённяшняга Крычынскага саду.

Старшыня Весялоўскага сельскага Савета Вольга Смiрнова падзяляе заклапочанасць сваiх аднавяскоўцаў лёсам паркавай зоны. З паўгода таму, паводле слоў Вольгi Мiкалаеўны, нават было прынята (на пярвiчным узроўнi) рашэнне аб перадачы гэтых зямель (усяго 10 га) прыватнай асобе пад арганiзацыю фермерскай гаспадаркi — з мэтай вытворчасцi экалагiчна чыстай прадукцыi i далейшага прывядзення тэрыторыi ў парадак.

Аднак камiсiя па разгляду зямельных пытанняў пры Мiнскiм аблвыканкаме, вывучыўшы прадастаўлены пакет дакументаў, заяўнiку адмовiла — па той прычыне, што выбраны iм участак знаходзiцца ў водаахоўваемай зоне (побач працякае рака Бярэзiна). Цяпер, гаворыць Вольга Мiкалаеўна, уся надзея на наступны 2007 год. Вёску Весялова, дзе плануецца стварыць аграгарадок, чакаюць вялiкiя перамены i... грашовыя ўлiваннi, дзякуючы якiм, магчыма, удасца надаць Крычынскаму саду другое (цi трэцяе?) дыханне. Ва ўсякiм разе Вольга Мiкалаеўна ўпэўнена: саду i парку неабходны сур’ёзныя ўкладаннi i штодзённы клопат — «наскокамi» там не абыдзешся.

А яшчэ, дадам ад сябе, саду патрэбны руплiвы гаспадар, калi хочаце, натхняльнiк, энтузiяст. Каб укладзеныя (будзем спадзявацца) у наступным годзе грошы не «прараслi» потым помнiкамi будзённасцi i абыякавасцi. Бо прымусiць любiць сваю гiсторыю i сваю зямлю «па разнарадцы» нельга.

Так што Крычынскi сад яшчэ чакае свайго перараджэння...

Барысаўскi раён.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калгас, як расказваюць, у перадавiках тады не хадзiў, а Крычынскi сад патрабаваў пастаяннага догляду. Гэты догляд па дамоўленасцi з гаспадаркай i ўзяў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика