21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Закон Рэспублiкi Беларусь

25.08.2009 21:53 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб перапiсе насельнiцтва

Прыняты Палатай прадстаўнiкоў 23 чэрвеня 2006 года
Адобраны Саветам Рэспублiкi 30 чэрвеня 2006 года

ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 1. Асноўныя тэрмiны i iх азначэнне

У гэтым Законе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрмiны i iх азначэннi:

перапiс насельнiцтва — сiстэматычнае безупыннае дзяржаўнае статыстычнае назiранне, пры правядзеннi якога ажыццяўляюцца збор, апрацоўка,
абагульненне атрыманых персанальных даных, распаўсюджанне i выкарыстанне падагульняючых даных, якiя характарызуюць на ўстаноўленую дату дэмаграфiчнае i сацыяльна-эканамiчнае становiшча насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь;

персанальныя даныя — першапачатковыя статыстычныя даныя аб канкрэтным рэспандэнце, збор якiх ажыццяўляецца пры правядзеннi перапiсу насельнiцтва;

падагульняючыя даныя — зводныя статыстычныя даныя (iнфармацыя), атрыманыя ў ходзе апрацоўкi i абагульнення персанальных даных;

праграма перапiсу насельнiцтва — пералiк пытанняў, па якiх ажыццяўляецца збор персанальных даных;

перапiсны персанал — паўналетнiя грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя прыцягваюцца да падрыхтоўкi i правядзення перапiсу насельнiцтва i прайшлi спецыяльнае навучанне;

перапiсная дакументацыя — сукупнасць дакументаў устаноўленага ўзору, якiя запаўняюцца ў ходзе падрыхтоўкi i правядзення перапiсу насельнiцтва;

перапiсны лiст — бланк устаноўленай формы для запiсу персанальных даных па ўказаных у iм пытаннях праграмы перапiсу насельнiцтва;

метад правядзення перапiсу насельнiцтва — спосаб збору персанальных даных;

дата правядзення перапiсу насельнiцтва — канкрэтны момант (год, месяц, дзень i гадзiна), па стану на якi ажыццяўляецца збор персанальных даных;

тэрмiн правядзення перапiсу насельнiцтва — перыяд часу, на працягу якога ажыццяўляецца збор персанальных даных;

дамашняя гаспадарка — група асоб, якiя разам пражываюць у жылым памяшканнi, забяспечваюць сябе ўсiм неабходным для жыцця, вядуць агульную гаспадарку, цалкам або часткова аб’ядноўваючы i расходуючы свае сродкi, цi адна асоба, якая жыве самастойна i забяспечвае сябе ўсiм неабходным для жыцця.

Артыкул 2. Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб перапiсе насельнiцтва

Заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб перапiсе насельнiцтва грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з Закона Рэспублiкi Беларусь ад 28 лiстапада 2004 года «Аб дзяржаўнай статыстыцы» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 2004 г., № 192, 2/1094), гэтага Закона i iншых актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, а таксама мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь.

Калi мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя ўтрымлiваюцца ў гэтым Законе, то прымяняюцца правiлы мiжнароднага дагавора.

Артыкул 3. Мэта правядзення перапiсу насельнiцтва

Мэтай правядзення перапiсу насельнiцтва з’яўляецца атрыманне iнфармацыi аб насельнiцтве Рэспублiкi Беларусь, неабходнай для распрацоўкi дзяржаўных прагнозаў сацыяльна-эканамiчнага развiцця Рэспублiкi Беларусь, бягучых разлiкаў i прагназавання колькасцi i складу насельнiцтва, вывучэння размяшчэння i выкарыстання працоўных рэсурсаў i ажыццяўлення навуковых даследаванняў.

Артыкул 4. Асноўныя прынцыпы правядзення перапiсу насельнiцтва

Асноўнымi прынцыпамi правядзення перапiсу насельнiцтва з’яўляюцца:

навуковая абгрунтаванасць;

перыядычнасць;

усеагульнасць i адначаснасць;

канфiдэнцыяльнасць персанальных даных;

даступнасць i адкрытасць падагульняючых даных;

адзiнства праграмы перапiсу насельнiцтва, а таксама метадаў яе правядзення i апрацоўкi персанальных даных для ўсёй тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 2
СУБ’ЕКТЫ ПЕРАПIСУ НАСЕЛЬНIЦТВА, IХ АСНОЎНЫЯ ПРАВЫ I АБАВЯЗКI

Артыкул 5. Суб’екты перапiсу насельнiцтва

Суб’ектамi перапiсу насельнiцтва з’яўляюцца:

рэспандэнты;

дзяржаўныя органы, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку i правядзенне перапiсу насельнiцтва;

перапiсны персанал;

карыстальнiкi.

Артыкул 6. Рэспандэнты

Рэспандэнтамi з’яўляюцца грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна цi часова пражываюць або часова знаходзяцца ў Рэспублiцы Беларусь, а таксама грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, але на дату правядзення перапiсу насельнiцтва часова знаходзяцца на тэрыторыi замежных дзяржаў.

Не адносяцца да рэспандэнтаў i не падлягаюць перапiсу насельнiцтва замежныя грамадзяне, якiя з’яўляюцца кiраўнiкамi i супрацоўнiкамi дыпламатычных прадстаўнiцтваў, консульскiх устаноў i iншых прадстаўнiцтваў замежных дзяржаў, прадстаўнiцтваў мiжнародных арганiзацый у Рэспублiцы Беларусь, i члены iх сем’яў, якiя валодаюць прывiлеямi i iмунiтэтамi ў адпаведнасцi з мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 7. Асноўныя правы i абавязкi рэспандэнтаў

Рэспандэнты маюць права:

ведаць, з якой мэтай збiраюцца iх персанальныя даныя, кiм i як яны будуць выкарыстоўвацца;

знаёмiцца з запоўненымi на iх перапiснымi лiстамi, а пры наяўнасцi памылак (недакладнасцяў) — удакладнiць уключаныя ў перапiсныя лiсты персанальныя даныя ў мэтах забеспячэння iх паўнаты i дакладнасцi;

патрабаваць ад перапiснога персаналу прад’яўлення адпаведнага пасведчання, а ў выпадку адмовы ў прад’яўленнi такога пасведчання — не адказваць на пытаннi, якiя ўтрымлiваюцца ў перапiсным лiсце.

Рэспандэнты абавязаны не перашкаджаць правядзенню перапiсу насельнiцтва i прадастаўляць дакладныя персанальныя даныя згодна з формай перапiснога лiста.

Артыкул 8. Дзяржаўныя органы, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку i правядзенне перапiсу насельнiцтва

Падрыхтоўку i правядзенне перапiсу насельнiцтва ажыццяўляюць рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання ў галiне дзяржаўнай статыстыкi i тэрытарыяльныя органы дзяржаўнай статыстыкi (далей — органы дзяржаўнай статыстыкi, калi iншае не вызначана гэтым Законам), а таксама iншыя рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання, вызначаныя Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання ў галiне дзяржаўнай статыстыкi з’яўляецца адказным за выкананне мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай i правядзеннем перапiсу насельнiцтва.

Iншыя рэспублiканскiя органы дзяржаўнага кiравання, вызначаныя Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, з’яўляюцца адказнымi за арганiзацыю перапiсу асобных катэгорый насельнiцтва, указаных у артыкуле 20 гэтага Закона, падрыхтоўку картаграфiчных матэрыялаў, упарадкаванне назваў вулiц i нумарацыi дамоў, забеспячэнне бяспекi перапiснога персаналу, захаванасць перапiсных лiстоў i iншай перапiсной дакументацыi, ажыццяўленне iншых мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай i правядзеннем перапiсу насельнiцтва.

Дзяржаўныя органы, указаныя ў частцы першай гэтага артыкула, узаемадзейнiчаюць у галiне перапiсу насельнiцтва з мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi, якiя павiнны аказваць iм садзейнiчанне ў ажыццяўленнi мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай i правядзеннем перапiсу насельнiцтва.

Артыкул 9. Асноўныя правы i абавязкi дзяржаўных органаў, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку i правядзенне перапiсу насельнiцтва

Дзяржаўныя органы, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку i правядзенне перапiсу насельнiцтва, у межах сваёй кампетэнцыi маюць права:

браць удзел у абмеркаваннi i вырашэннi пытанняў падрыхтоўкi i правядзення перапiсу насельнiцтва;

прыцягваць iншыя дзяржаўныя органы i iншыя арганiзацыi да падрыхтоўкi i правядзенню перапiсу насельнiцтва.

Дзяржаўныя органы, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку i правядзенне перапiсу насельнiцтва, у межах сваёй кампетэнцыi абавязаны:

забяспечваць канфiдэнцыяльнасць персанальных даных;

выдзяляць матэрыяльна-тэхнiчныя рэсурсы, неабходныя для падрыхтоўкi i правядзення перапiсу насельнiцтва;

забяспечваць перапiсны персанал неабходнай колькасцю картаграфiчных матэрыялаў;

ствараць бяспечныя ўмовы работы для перапiснога персаналу;

забяспечваць бесперабойную работу сродкаў электрасувязi, пазачарговыя прыём i дастаўку паштовых адпраўленняў, неабходных для падрыхтоўкi i правядзення перапiсу насельнiцтва;

аказваць садзейнiчанне ў падборы i спецыяльным навучаннi перапiснога персаналу;

iнфармаваць рэспандэнтаў аб падрыхтоўцы i правядзеннi перапiсу насельнiцтва.

Артыкул 10. Перапiсны персанал

У склад перапiснога персаналу ўваходзяць упаўнаважаныя работнiкi органаў дзяржаўнай статыстыкi, работнiкi арганiзацый, якiя ажыццяўляюць перапiс асобных катэгорый насельнiцтва, указаных у артыкуле 20 гэтага Закона, а таксама часовы перапiсны персанал.

На перыяд правядзення мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, могуць прадугледжвацца змяненне структуры органаў дзяржаўнай статыстыкi i павелiчэнне колькасцi iх работнiкаў.

Склад часовага перапiснога персаналу зацвярджаецца мясцовым выканаўчым i распарадчым органам на тэрыторыi раёна, горада (раёна ў горадзе Мiнску) па прадстаўленню кiраўнiка адпаведнага аддзела статыстыкi.

Парадак прыцягнення часовага перапiснога персаналу i ўмовы выплаты часоваму перапiсному персаналу ўзнагароджання вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Асобе, якая ўваходзiць у склад перапiснога персаналу, выдаюцца адпаведныя пасведчанне i значок.

Артыкул 11. Асноўныя правы i абавязкi перапiснога персаналу

Асобы, якiя ўваходзяць у склад перапiснога персаналу, маюць права атрымлiваць у парадку, устаноўленым гэтым Законам, персанальныя даныя ад рэспандэнтаў згодна з формай перапiснога лiста.

Асобы, якiя ўваходзяць у склад часовага перапiснога персаналу, вызваляюцца ад асноўнай працы (вучобы) на перыяд удзелу ў падрыхтоўцы i правядзеннi перапiсу насельнiцтва з захаваннем месца працы (пасады) i сярэдняй заработнай платы (стыпендыi) па месцы асноўнай працы (вучобы) за кошт адпаведных дзяржаўных органаў, iншых арганiзацый, а таксама маюць права на атрыманне ўзнагароджання за ўдзел у падрыхтоўцы i правядзеннi перапiсу насельнiцтва на аснове грамадзянска-прававога дагавора.

Асобы, якiя ўваходзяць у склад перапiснога персаналу, абавязаны:

перад пачаткам апытання прад’явiць рэспандэнту адпаведнае пасведчанне;

пры правядзеннi апытання строга прытрымлiвацца пералiку пытанняў, якiя ўтрымлiваюцца ў перапiсным лiсце, i дакладна перадаваць iх змест;

дакладна запiсваць персанальныя даныя, якiя паведамляе рэспандэнт, не дапускаць iх скажэння;

па патрабаванню рэспандэнта знаёмiць яго з запоўненым на яго перапiсным лiстом;

забяспечваць канфiдэнцыяльнасць персанальных даных.

Для асоб, якiя ўваходзяць у склад часовага перапiснога персаналу, дзейнасць па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва з’яўляецца дзяржаўным абавязкам.

Артыкул 12. Карыстальнiкi

Карыстальнiкамi прызнаюцца дзяржаўныя органы i iншыя арганiзацыi, у тым лiку замежныя i мiжнародныя арганiзацыi, грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя выкарыстоўваюць падагульняючыя даныя.

Артыкул 13. Асноўныя правы i абавязкi карыстальнiкаў

Карыстальнiкi маюць права на атрыманне ад органаў дзяржаўнай статыстыкi падагульняючых даных, а таксама на iх выкарыстанне.

Пры выкарыстаннi падагульняючых даных карыстальнiкi абавязаны спасылацца на iх крынiцу.

ГЛАВА 3
ПАДРЫХТОЎКА I ПРАВЯДЗЕННЕ ПЕРАПIСУ НАСЕЛЬНIЦТВА

Артыкул 14. Перыядычнасць правядзення перапiсу насельнiцтва

Перапiс насельнiцтва праводзiцца, як правiла, не радзей за адзiн раз у дзесяць гадоў.

Рашэнне аб правядзеннi перапiсу насельнiцтва з указаннем даты i тэрмiну яго правядзення прымаецца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь па прапанове Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь, якое ўносiцца не пазней чым за тры гады да мяркуемай даты правядзення перапiсу.

Артыкул 15. Метадалагiчнае забеспячэнне перапiсу насельнiцтва

Рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання ў галiне дзяржаўнай статыстыкi з улiкам прапаноў, якiя паступiлi на падставе яго запыту ад зацiкаўленых дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый, а таксама мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь распрацоўвае i зацвярджае каляндарны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва, перапiсную дакументацыю, тэхналогiю апрацоўкi персанальных даных i праграму фармiравання падагульняючых даных, а таксама распрацоўвае праграму перапiсу насельнiцтва, якая зацвярджаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 16. Каляндарны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва

Каляндарны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва прадугледжвае пералiк асноўных арганiзацыйных мерапрыемстваў для кожнага этапу работы па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва, тэрмiны iх выканання, а таксама назвы адказных за iх выкананне дзяржаўных органаў у адпаведнасцi з гэтым Законам i рашэннямi Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 17. Праграма перапiсу насельнiцтва

У праграму перапiсу насельнiцтва ў абавязковым парадку ўключаюцца наступныя асноўныя пытаннi, якiя датычацца:

полу;

узросту;

даты нараджэння;

месца нараджэння;

валодання мовамi;

грамадзянства;

складу дамашняй гаспадаркi;

знаходжання ў шлюбе;

колькасцi дзяцей;

адукацыi;

месца жыхарства (месца знаходжання);

мiграцыйнай актыўнасцi;

жыллёвых умоў;

крынiц сродкаў iснавання;

занятасцi.

У праграму перапiсу насельнiцтва па рашэнню Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь могуць быць дадаткова ўключаны iншыя пытаннi. Не дапускаецца ўключэнне ў праграму перапiсу насельнiцтва пытанняў, адказы на якiя могуць утрымлiваць iнфармацыю, якая датычыцца дзяржаўных сакрэтаў, камерцыйнай або iншай тайны, якая ахоўваецца заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, i якая ўшчамляе або парушае правы i свабоды чалавека i грамадзянiна.

Збор персанальных даных па пытаннях, не прадугледжаных праграмай перапiсу насельнiцтва, забараняецца.

Артыкул 18. Перапiсная дакументацыя

На аснове каляндарнага плана мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва i праграмы перапiсу насельнiцтва рэспублiканскi орган дзяржаўнага кiравання ў галiне дзяржаўнай статыстыкi распрацоўвае i зацвярджае формы перапiснога лiста i iншай перапiсной дакументацыi, неабходнай для правядзення перапiсу насельнiцтва, а таксама ўказаннi па iх запаўненню.

Артыкул 19. Метады правядзення перапiсу насельнiцтва

Збор персанальных даных ажыццяўляецца перапiсным персаналам шляхам апытання кожнага паўналетняга рэспандэнта i запаўнення перапiсных лiстоў пры абходзе жылых i iншых памяшканняў, у якiх пражываюць (знаходзяцца) рэспандэнты.

Апытанне рэспандэнтаў i запаўненне перапiсных лiстоў таксама могуць ажыццяўляцца пры наведваннi рэспандэнтамi перапiсных участкаў, якiя ствараюцца органамi дзяржаўнай статыстыкi i размяшчаюцца ў спецыяльных памяшканнях, якiя прадастаўляюцца мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi для арганiзацыi працоўных месцаў часовага перапiснога персаналу.

Персанальныя даныя аб рэспандэнтах, якiя адсутнiчаюць на працягу тэрмiну правядзення перапiсу насельнiцтва па месцы жыхарства (месцы знаходжання) цi з’яўляюцца непаўналетнiмi, паведамляюцца паўналетнiмi членамi iх дамашняй гаспадаркi. Персанальныя даныя аб рэспандэнтах, над якiмi ўстаноўлена апека або папячыцельства, паведамляюцца iх апекунамi або папячыцелямi.

Пры адсутнасцi паўналетнiх членаў дамашняй гаспадаркi, апекуноў або папячыцеляў персанальныя даныя аб рэспандэнтах збiраюцца на аснове звестак аб iх, якiя маюцца ў дзяржаўных органах i iншых арганiзацыях. Гэтыя звесткi прадастаўляюцца перапiсному персаналу пры непасрэдным звароце ў адпаведныя дзяржаўныя органы i iншыя арганiзацыi.

Перапiсныя лiсты запаўняюцца перапiсным персаналам на аснове персанальных даных, якiя паведамляюцца рэспандэнтамi або асобамi, указанымi ў частцы трэцяй гэтага артыкула, без iх дакументальнага пацвярджэння. У выпадках, указаных у частцы чацвёртай гэтага артыкула, перапiсныя лiсты запаўняюцца на аснове звестак аб рэспандэнтах, якiя маюцца ў дзяржаўных органах i iншых арганiзацыях.

Апытанне рэспандэнтаў i запаўненне перапiсных лiстоў ажыццяўляюцца на беларускай або рускай мове.

Артыкул 20. Асаблiвасцi перапiсу асобных катэгорый насельнiцтва

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якiя з’яўляюцца грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь i працуюць на дату правядзення перапiсу насельнiцтва ў дыпламатычных i iншых прадстаўнiцтвах, консульскiх установах Рэспублiкi Беларусь за мяжой, членах iх сем’яў, якiя знаходзяцца з iмi, ажыццяўляецца кiраўнiкамi гэтых прадстаўнiцтваў i ўстаноў.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якiя з’яўляюцца на дату правядзення перапiсу насельнiцтва ваеннаслужачымi, якiя праходзяць ваенную службу па прызыву, а таксама ваеннаслужачымi, якiя праходзяць ваенную службу па кантракту, i членамi iх сем’яў, якiя пражываюць на закрытых тэрыторыях, ажыццяўляецца камандаваннем воiнскiх часцей.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якiя пражываюць (знаходзяцца) на дату правядзення перапiсу насельнiцтва ў будынках, якiя належаць або перададзены ў карыстанне рэлiгiйным арганiзацыям, ажыццяўляецца кiраўнiкамi гэтых рэлiгiйных арганiзацый.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якiя пражываюць (знаходзяцца) на дату правядзення перапiсу насельнiцтва ў дзiцячых iнтэрнатных установах, спецыялiзаваных установах для непаўналетнiх, якiя маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе i рэабiлiтацыi, дзiцячых вёсках (гарадках), установах сацыяльнага абслугоўвання, а таксама ў бальнiцах i iншых арганiзацыях аховы здароўя, ажыццяўляецца адмiнiстрацыямi гэтых устаноў i арганiзацый.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якiя пражываюць (знаходзяцца) на дату правядзення перапiсу насельнiцтва ў гасцiнiцах, санаторыях, дамах адпачынку, пансiянатах, кемпiнгах або iншых арганiзацыях, якiя прадастаўляюць паслугi для пражывання (знаходжання) фiзiчных асоб, ажыццяўляецца адмiнiстрацыямi гэтых арганiзацый.

Збор персанальных даных аб рэспандэнтах, якiя знаходзяцца ў месцах утрымання пад вартай, арыштных дамах, папраўчых установах або лячэбна-працоўных прафiлакторыях, ажыццяўляецца адмiнiстрацыямi арганiзацый, у якiх рэспандэнты знаходзяцца.

Артыкул 21. Правядзенне пробнага перапiсу насельнiцтва

Праекты праграмы перапiсу насельнiцтва i формаў перапiсной дакументацыi, метады правядзення перапiсу насельнiцтва, асноўныя мерапрыемствы па яго падрыхтоўцы i правядзенню апрабоўваюцца ў ходзе правядзення пробнага перапiсу насельнiцтва ў адной цi некалькiх адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнках Рэспублiкi Беларусь.

Пробны перапiс насельнiцтва праводзiцца па рашэнню Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь не пазней чым за два гады да правядзення перапiсу насельнiцтва.

Артыкул 22. Апрацоўка персанальных даных

Запоўненыя перапiсныя лiсты, а таксама iншая перапiсная дакументацыя прадстаўляюцца перапiсным персаналам у органы дзяржаўнай статыстыкi, дзе персанальныя даныя, якiя ў iх утрымлiваюцца, пасля выключэння звестак, якiя дазваляюць iдэнтыфiкаваць канкрэтнага рэспандэнта (далей — абязлiчаныя персанальныя даныя), падвяргаюцца апрацоўцы ў адпаведнасцi з тэхналогiяй апрацоўкi персанальных даных i праграмай фармiравання падагульняючых даных.

Артыкул 23. Фiнансавае i iнфармацыйнае забеспячэнне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва

Фiнансаванне расходаў, звязаных з падрыхтоўкай i правядзеннем перапiсу насельнiцтва, ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з каляндарным планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту, а таксама iншых крынiц, якiя не забаронены заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Дзяржаўныя органы, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку i правядзенне перапiсу насельнiцтва, бясплатна распаўсюджваюць праз сродкi масавай iнфармацыi, заснавальнiкамi (сузаснавальнiкамi) якiх выступаюць дзяржаўныя органы або iншыя дзяржаўныя арганiзацыi, паведамленнi i матэрыялы па падрыхтоўцы i правядзенню перапiсу насельнiцтва.

ГЛАВА 4
АХОВА, ЗАХАВАННЕ ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ I РАСПАЎСЮДЖАННЕ ПАДАГУЛЬНЯЮЧЫХ ДАНЫХ. АДКАЗНАСЦЬ ЗА ПАРУШЭННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ АБ ПЕРАПIСУ НАСЕЛЬНIЦТВА

Артыкул 24. Ахова персанальных даных

Персанальныя даныя з’яўляюцца канфiдэнцыяльнымi, не падлягаюць распаўсюджванню (выдаванню), у тым лiку прадстаўленню ў дзяржаўныя органы i iншыя арганiзацыi, i выкарыстоўваюцца выключна для фармiравання падагульняючых даных.

Патрабаванне канфiдэнцыяльнасцi, устаноўленае ў адносiнах да персанальных даных, не распаўсюджваецца на абязлiчаныя персанальныя даныя.

Парадак аховы персанальных даных вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 25. Захаванне персанальных даных

Перапiсная дакументацыя падлягае архiўнаму захоўванню ў органах дзяржаўнай статыстыкi на папяровых i электронных носьбiтах iнфармацыi не больш чым тры гады, за выключэннем выпадку, прадугледжанага часткай другой гэтага артыкула.

Па рашэнню рэспублiканскага органа дзяржаўнага кiравання ў галiне дзяржаўнай статыстыкi пасля заканчэння ўстаноўленых тэрмiнаў захоўвання перапiсная дакументацыя на папяровых i электронных носьбiтах iнфармацыi падлягае перадачы на пастаяннае захоўванне ў дзяржаўныя архiўныя ўстановы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь. Абязлiчаныя персанальныя даныя на электронных носьбiтах iнфармацыi захоўваюцца ў органах дзяржаўнай статыстыкi да таго, калi мiне патрэба, а iх архiўныя копii пасля заканчэння трох гадоў падлягаюць перадачы на пастаяннае захоўванне ў дзяржаўныя архiўныя ўстановы ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Умовы захоўвання персанальных даных павiнны выключаць магчымасць iх страты, скажэння i несанкцыянаванага доступу да iх.

Артыкул 26. Распаўсюджанне падагульняючых даных

Падагульняючыя даныя з’яўляюцца агульнадаступнымi.

Падагульняючыя даныя, якiя характарызуюць асноўныя паказчыкi дэмаграфiчнага i сацыяльна-эканамiчнага становiшча насельнiцтва Рэспублiкi Беларусь, падлягаюць апублiкаванню.

Парадак прадастаўлення органамi дзяржаўнай статыстыкi карыстальнiкам па iх запытах падагульняючых даных, а таксама пералiк карыстальнiкаў, якiм органы дзяржаўнай статыстыкi прадастаўляюць падагульняючыя даныя на бясплатнай аснове, вызначаюцца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.

Артыкул 27. Адказнасць за парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб перапiсу насельнiцтва

Парушэнне заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб перапiсу насельнiцтва цягне адказнасць, устаноўленую заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.

ГЛАВА 5
ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННI

Артыкул 28. Уступленне ў сiлу гэтага Закона

Гэты Закон уступае ў сiлу праз дзесяць дзён пасля яго афiцыйнага апублiкавання.

Артыкул 29. Прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам

Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь у шасцiмесячны тэрмiн пасля ўступлення ў сiлу гэтага Закона забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасць з гэтым Законам i прыняць iншыя меры, накiраваныя на яго рэалiзацыю.

Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь А. ЛУКАШЭНКА.

13 лiпеня 2006 года, г. Мiнск.

№ 144-З

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб перапiсе насельнiцтва
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика