Лета на сваёй скуры
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Лета перавалiла за экватар i iмклiва пакацiлася на спад, падзялiўшы людзей на дзве часткi: тых, хто ўжо, i тых, хто толькi збiраецца. Маю на ўвазе адпачынак. Цяпер тыя, каму зайздросцiлi калегi на пачатку халоднага чэрвеня, памянялiся ролямi i ўздыхаюць услед чарговым адпускнiкам. Iм застаецца суцяшаць сябе ўспамiнамi, яшчэ не змытым загарам i адсутнасцю пакутлiвага выбару: дзе i як патрацiць грошы ў гэты сезон.
Сёлета мы амаль не раздумвалi. «Канешне, у Дагамыс!» — упэўнена заявiў старэйшы i самы разважлiвы з нашых дзяцей. У Дагамысе, пасёлку ў прыгарадзе Сочы, мы ўпершыню адпачывалi летась. I нягледзячы на тое, што жылi ў знаёмых, да дома якiх час ад часу нам прыходзiлася хвiлiн 20 падымацца пад паўдзённым сонцам угару, вочы малых заблiшчэлi ад прадчування таго, што абяцала мора ў гэтым дзiўным месцы. Мора — вось дзеля чаго варта ехаць у Дагамыс. Справа ў тым, што яно быццам бы адно i тое ж, але тут сапраўды незвычайнае: празрыстае i блакiтнае ў любы час дня. Асаблiва цудоўнае яно бывае ў 8 гадзiн ранiцы: лянiвае, ледзь уздыхае, вады амаль i не бачна: толькi сонечныя блiкi гуляюць над рознакаляровымi каменьчыкамi. Уваходзiш нiбы ў халаднаватае вадкае шкло, якое ласкава ўпускае ў сябе, паддаецца i падхоплiвае, выклiкаючы аднекуль знутры бязмежнае захапленне. Да таго ж у Дагамысе паўпусты пляж, не з-за таго, што народу няма, проста ён вялiзны, расцягнуты на некалькi дзесяткаў кiламетраў. Так што на паўночным яго баку ўтульна сябе адчуваюць нудзiсты, пра што не здагадваюцца тыя, хто вырашыў спынiцца ў цэнтры. Тут можна зрабiць фатаграфii, дзе нiводная «чужая» частка цела не трапiць у кадр. З Мiнска ў Дагамыс можна дабрацца трыма цягнiкамi: «Мiнск—Адлер», «Калiнiнград—Адлер» i «Берлiн—Саратаў» (кошт бiлетаў ад 103 да 230 тысяч, у залежнасцi ад цягнiка i тыпу вагона). Трэба выйсцi на станцыi Лао, гэта недаязджаючы 15 кiламетраў, i пад’ехаць або на таксi (150—200 расiйскiх рублёў), або на маршрутцы (25 рублёў), або на электрычцы цi рэйсавым аўтобусам (5—7 рублёў). Можна застацца i ў Лао, кажуць, там не горш, але Дагамыс блiжэй да цэнтра Сочы, i калi ўзнiкне жаданне развiтацца адным махам з вялiкай часткай грошай, то ў Дагамысе гэта будзе зрабiць прасцей. Ужо на пероне прыезджых сустракаюць гаспадары кватэр i дамоў, гатовыя здаць сваё жыллё. У чэрвенi цэны за ложак былi ад 150 расiйскiх рублёў, цяпер — ад 200. Гэта будзе 2—3-месны пакойчык у доме блiзка ад пляжаў, з гарачым душам i магчымасцю карыстацца кухняй i халадзiльнiкам. Мы харчавалiся звычайна там, дзе жылi. Гатавалi па чарзе з гаспадыняй на ўсiх: iх трое i нас пяцёра. Толькi тры разы абедалi ў кафэ. Але на вакзале я сустрэла жанчыну з-пад Гомеля, якая адпачывала ў Дагамысе ўжо тры тыднi. Яна сказала, што iх сям’я з трох чалавек трацiць на ежу ад 500 да 1000 расiйскiх рублёў у дзень (1 расiйскi рубель роўны прыкладна 79 беларускiм), у залежнасцi ад таго, якое кафэ яны абралi. Ёсць тут дзве недарагiя i цалкам прыстойныя сталовыя, адна на пляжы, другая непадалёк ад яго. Што датычыцца забаў, то за два разы, што мы там адпачывалi, не перабралi i дзесятай, напэўна, iх часткi. Да таго ж, абодва разы наведвалi адны i тыя ж тры ўпадабаныя намi месцы. Першае — Карыты (нацiск на апошнi склад). Яны зусiм побач з Дагамысам. Гэта ланцуг розных памераў каменных купальняў, утвораных i звязаных памiж сабой горнай ракой. Вада, празрыстая як крышталь, i што дзiўна — не халодная, з вялiкай хуткасцю перацякае праз высокiя барты з адной «ванны» ў iншую, утвараючы нi з чым не параўнальныя «душы шарко», вадаспады i «гейзеры». Месцамi, там, дзе ёмiстасцi невялiкiя, яна нiбы кiпiць — паток з вялiкай хуткасцю стукаецца ў каменнае дно i закручваецца ўгару, ператвараючыся ў мiрыяды звар’яцелых бурбалак, якiя кружацца з неверагоднай хуткасцю, перш чым знойдуць шлях у наступны басейн... У гэтых Карытах можна купацца i плаваць разам з дзецьмi, бо яны неглыбокiя, трэба толькi прытрымлiваць малых, каб не знесла, а таксама сачыць за тым, каб вада жартаўлiва не сцягнула з цябе плаўкi. На Карытах ёсць лазня i кафэ, але што датычыцца нас, то мы на гэтых даважках цывiлiзацыi да цуда, утворанага самой прыродай, эканомiлi. Немагчыма зэканомiць на другiм пункце ўлюбёных маёй сям’ёй забаў — на аквапарку. З Дагамыса звычайна едуць у два аквапаркi: у Лазараўскае i Лао. Мы былi толькi ў Лао. Па-першае, гэта на 35 кiламетраў блiжэй, а хто ведае, што такое сочынскi серпанцiн, зразумее, наколькi гэта важна. Па-другое, тут сем «дарослых» горак — а гэта нямала, хвалевы басейн i ёсць дах (АкваЛао — круглагадовы аквапарк). Апошняе азначае, што тут няма небяспекi абгарэць у апоўднi або змерзнуць у дождж. I нарэшце, у кошт бiлета тут уключана ежа, сауна з басейнам i халоднае пiва ў любой колькасцi. Бiлет на ўвесь дзень каштуе 500 расiйскiх рублёў для ўсiх, каму больш за 7 гадоў. Удвая менш — для дзяцей з 3 да 7, i бясплатна ўваходзяць сюды малыя да 3 гадоў (для iх два басейны i тры горкi). Яшчэ адзiн адчувальны для бюджэту пункт — Сочы-цэнтр. Там ёсць шмат спакушальных для кашалька мясцiн, але дзве з iх не наведаць проста нельга. Першае — Рыўера — гарадскi парк, якi быў закладзены напрыканцы XIX стагоддзя, выводзiць да адзiнага ў Сочы бясплатнага пляжа i сапраўды прыгожы. Тут шмат атракцыёнаў, рэстаранчыкаў, сувенiрных лавак i музеяў, у адзiн з якiх мы абавязкова заглядаем. Гэта музей матылькоў. Сёлета мы сталi сведкамi нараджэння вялiкiх трапiчных матылькоў — дзiўнае i незабыўнае вiдовiшча. Што датычыцца пляжа, то пасля Дагамыса купацца ў Сочы не хочацца: брудна i шматлюдна. Другое абавязковае для наведвання месца ў горадзе — Дэндрарый — сусветна вядомы вялiзны батанiчны сад, у якiм сабраныя калекцыi раслiн з усiх кантынентаў. Звычайна на верхнюю яго кропку падымаюцца з дапамогай «канаткi». Адтуль адкрываецца цудоўны вiд на мора, горад i горы. Потым можна пешшу спусцiцца праз гай з секвой, шматлiкiя пальмавыя алеi, японскi садок i кiтайскi дворык да альтанак, фантанаў i яшчэ нiжэй — да сажалак з лебедзямi i качкамi, марскiм акварыумам, зараснiкамi бамбуку, папiрусу i лотасу. Ёсць яшчэ шмат месцаў ля Дагамыса i Сочы, якiя варта наведаць. Напрыклад, гарналыжны курорт Чырвоная Паляна — прэтэндэнт на зiмовыя алiмпiйскiя гульнi, горная пасека ў Солах-ауле, Чайныя домiкi, дэльфiнарый у Адлеры, вадаспады, пячоры, горы... Але на ўсё гэта патрэбны грошы, час i сiлы. Так што нават мясцовыя жыхары не ўсюды былi. Ды i цi варта рабiць з уражанняў мешанiну? Бо што самае галоўнае ў адрыве раз на год ад штодзённай мiтуснi? Магчымасць убачыць, як сонца на захадзе афарбоўвае неба. Здольнасць пачуць, як дрэвы вiтаюць вецер. Iншымi вачамi паглядзець на блiзкiх табе людзей... Цэны на ўзбярэжжы Чорнага мора ў раёне Сочы (у расiйскiх рублях): 20-хвiлiнная прагулка ў адкрытае мора на «банане» — Палёт над морам на парашуце — 1000 рублёў Шашлык, 100 грамаў — 70 рублёў Катлета па-кiеўску — 30 рублёў Порцыя бульбы-фры — 40 рублёў Порцыя жульену — 65 рублёў Уваход на платны (пансiянатны) пляж — 50 рублёў (дзецi — 25) Лiтр вiна сухога Шарданэ — 150 рублёў Чурчхэла з мандарынаў — 12 рублёў Батон хлеба — 8 рублёў 50 капеек Туалет — 7—10 рублёў Свежавыцiснуты гранатавы сок, 200 грамаў — 300 рублёў Экскурсii — 150—700 рублёў
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета мы амаль не раздумвалi. «Канешне, у Дагамыс!» — упэўнена заявiў старэйшы i самы разважлiвы з нашых дзяцей |
|