21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Гены земляроба i мара фiнскага паходжання

25.08.2009 21:54 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Iлона IВАНОВА. Фота Мікалая ЦІТОВА.

Свая справа

Аляксандр Васiльевiч Iгнаценка — галава фермерскай дынастыi з Дрыбiнскага раёна. I ён сам, i тры яго сыны — фермеры, якiя працуюць на зямлi.




Аляксандр Васiльевiч быў кiраўнiком у сферы сельскай гаспадаркi, потым — старшынёй сельскага Савета. А як толькi з’явiлася магчымасць, адным з першых узяў у арэнду зямлю i стаў працаваць самастойна. Адбылося гэта 12 гадоў таму: за тым часам адзiн сын вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэмii, другi — у ветэрынарным iнстытуце. З такiмi памочнiкамi, памеркаваў Iгнаценка, можна рашыцца на «самастойнае плаванне». Узялi спачатку 40 гектараў, потым яшчэ 70, а цяпер фермерскiя гаспадаркi Iгнаценкаў налiчваюць шэсць соцень гектараў пасяўных плошчаў.

— Я не шкадую, што так жыццё павярнулася, хоць працы, канешне, тут больш, — не адпiраецца фермер. — Нельга адкласцi на заўтра i на некага адказнасць звярнуць. Нiхто не прыедзе з раёна i за цябе не зробiць. Самому трэба працаваць штодня.

Сваю дынастыю Iгнаценкi вядуць ад дзеда. Сафрон Пракопавiч да рэвалюцыi быў шараговым селянiнам, якi, тым не менш, меў рэпутацыю знаўцы сельскай гаспадаркi i чуццё, што i калi рабiць, каб атрымаць добры ўраджай.

— Мне бацька распавядаў, што дзед сеяў, як сам лiчыў патрэбным, — узгадвае Iгнаценка. — Вось цэлы дзень ён майструе нешта — то граблi, то вiлы, а потым а 5-й гадзiне пасля абеду, на схiле дня iдзе грэчку сеяць. I суседзi кажуць: «Ага, Сафрон паехаў сеяць!» Але пакуль будуць збiрацца, стане познi вечар, таму сеюць ранiцай. I што цiкава, грэчка дзеда, якая была пасеяна лiтаральна на некалькi гадзiн раней, была нашмат лепшай. Так што чуццё — гэта не апошняя справа ў жыццi селянiна.

А пачалося ўсё з мары, якая нарадзiлася ў замежнай вандроўцы. Гэта было ў 80-м годзе, у Фiнляндыi. Iгнаценка тады пабываў у гасцях у фiнскага фермера, i гаспадарка апошняга зрабiла вялiкае ўражанне на беларускага калгаснiка. Той фiн i два яго сыны працавалi на зямлi i вырошчвалi свiней, тысячы галоў.

Аляксандр Васiльевiч цяпер прызнаецца, што пасля прыезду дадому восем дзён у Фiнляндыi падавалiся прыгожай мрояй. Фiнскi фермер тады хвалiўся, што ён — спецыялiст сваёй справы, i гэта было сапраўды так. А цяпер i Iгнаценка можа сказаць, што ён таксама — спецыялiст сваёй справы, i яго фермерская гаспадарка падобная на тую мару фiнскага паходжання.

Гаспадарка Iгнаценкi-старэйшага называецца «Iва» — натуральна, паводле iнiцыялаў. Некалькi гадоў таму яна пераўтварылася ў так званы элiтгас i цяпер вырошчвае элiтнае насенне.

Аляксандр Васiльевiч павёз гасцей да поля, дзе на двух гектарах расце азiмая пшанiца. Гэта поле старэйшага сына Валодзi, гаспадарка якога называецца «Iвушка». Дарэчы, яго брат Васiль Iгнаценка назваў сваю гаспадарку «Васiлёк», а малодшы Саша — «Iгна-К» (Iгнаценка i Кампанiя). А працуе сям’я разам, i нiхто не падзяляе тут землi i палi на свае i чужыя. Пшанiчнае поле сеяў Валодзя, грузiў насенне Саша, а «АКШачыў» (раўняў поле) Вася.

Для працы на зямлi патрэбныя веды i жаданне, тлумачыць Iгнаценка. Лепшая радасць фермера: iдэальнае поле, дзе расце збожжа, i нiякага пустазелля, нiводнай травiнкi.

— Я ўсю тэхнiку ў лiзiнг узяў, i за гэта дзякуй кiраўнiцтву краiны. Гэта вялiкая справа, — расказвае пра матэрыяльны стан гаспадаркi фермер. — I нiхто ў нас фермераў не прыцiскае: проста калi ты сам «ляжыш», то праз цябе пераступяць i пойдуць. А мы з дзяржавай у добрых адносінах. Некалькi гадоў таму быў ва Украiне, i там асноўная маса фермераў сярэднявечным iнструментам арэ. А ў мяне на той час ужо быў камбайн, i цяпер я набыў апошнiя распрацоўкi гомельскага завода.

Iгнаценка лiчыць, што адбыўся натуральны адбор: калi фермерства пачыналася, у яго кiнулiся ўсе — а цяпер засталiся толькi тыя, хто разумее справу.

Наймiтаў у Iгнаценкаў пакуль няма. Усё робяць бацька i яго сыны. Працаваць сваёй сям’ёй i больш цяжка, i больш лёгка. Тут з якога боку паглядзець. Падаецца, што ў выпадку праблем лягчэй знайсцi паразуменне са сваякамi, чым з чужымi людзьмi. Аднак насамрэч, сцвярджае Iгнаценка, у зносiнах з блiзкiмi людзьмi трэба быць у некалькi разоў больш цярплiвым, разумным i хiтрым. Маўляў, гэта ў калгасе можна кiраваць без асаблівых фантазій: дрэнны работнiк — вымова, добры — прэмiя. А ў сям’i не ўсё так проста, розныя здараюцца нелады.

Цяпер сямейная каманда збiраецца асвойваць землi, якiя ўвайшлi ў фермерскую гаспадарку Аляксандра Iгнаценкi-малодшага. Вопытныя фермеры гавораць, што трэба прыводзiць посткалгасныя палi ў парадак гадоў пяць. Затое потым па полю на аўтамабiлi можна ехаць на хуткасцi сто кiламетраў у гадзiну. Карацей, працы будзе шмат, таму, верагодна, некалькiх работнiкаў Iгнаценкi ўсё ж мяркуюць наймаць. Але браць на працу будуць толькi лепшых.

Вялiкага багацця фермерскi клан Iгнаценкаў пакуль не нажыў. Сям’я, канешне, жыве ў дастатку, мужчыны маюць аўтамабiлi. Але асноўныя сродкi, заробленыя на палях Дрыбiншчыны, фермеры ўкладалi ў тэхнiку i пашыралi свае гаспадаркi.

— Канешне, можна на заробленае год праляжаць на пляжы, альбо набыць новы трактар — кожнаму сваё, — разважае Аляксандр Васiльевiч. — Толькi ж пасля пляжа давядзецца меркаваць: а што рабiць далей? Я, канешне, не Абрамовiч, але зарабiць грошы магу. Хопiць, каб унукаў паставiць на ногi.

Унук Лёшка, 7-гадовы хлопчык, закончыў першы клас. Трактар — яго надзённае захапленне.

— Мне трактар падабаецца, — тлумачыць хлопчык. — На iм можна хутка навучыцца ездзiць. I да педаляў я трошкi дастаю i езджу.

Пускаюць яго на трактар толькi пасля таго, як пачытае кнiжку. Дык малое ў паветры лiтары бацьку паказвае, толькi каб не прагнаў i пусцiў да руля.

— Я буду жыць у вёсцы, таму што тут лепей, чым у горадзе, — аўтарытэтна заявiў малы. — Я фермерам буду: можна на трактары араць, на аўтамабiлi ездзiць, палi глядзець. I нiхто не перашкаджае.

23-гадовы Аляксандр — самы малады фермер у сям’i Iгнаценкаў. Ён i не думаў, што звяжа свой лёс з сельскай гаспадаркай. Закончыў у Мiнску iнстытут прадпрымальнiцтва, стаў эканамiстам-менеджарам. Працаваў у сталiцы, у банку. Падавалася б, цi не пра гэта мараць сучасныя маладыя людзi? Аказалася, што не. Цi дакладней, не ўсе. Чым сядзець з ранiцы да вечара ў банку перад камп’ютарам, Саша вырашыў працаваць самастойна ў сельскай гаспадарцы.

— Ён пяць гадоў пражыў у Мiнску, паедзiў на метро i трамваях, — расказвае пра Сашу бацька. — I нiбыта ўсё добра, а вочы ў яго сумныя. А як сказаў: шут з iм, з гэтым Мiнскам, i ён адразу павесялеў. I цяпер, я мяркую, ён на правiльным шляху.

— У сталiцы свае магчымасцi, але i свае цяжкасцi, — расказаў Аляксандр. — Я там нiкога не ведаў, прабiвацца было цяжэй. Канешне, не так, як у роднай Чэрнеўцы, калi побач сваякi, якiя навучаць i накiруюць. А фермерства — шлях, якi асвоiлi бацька i браты. Разам прасцей будзе рухацца ў жыццi.

Калi шчыра, яму вельмi не спадабаўся строгi рэжым банкаўскай працы: усё трэба рабiць у дакладны час i справаздачы даваць, i нi кроку ўбок. Аляксандру хочацца распараджацца сабой, спадзявацца на сябе, быць самастойным, а гэта значыць — працаваць на сябе.

— Мая эканамiчная спецыяльнасць унiверсальная, — тлумачыць ён. — На практыцы я ўсё магу ў сельскай гаспадарцы рабiць. Магчыма, нейкіх новых тэхналогiй не ведаю, але я гатовы вучыцца. Прыкладу да гэтага ўсе намаганнi.

Мiж тым, у Мiнску Аляксандр ажанiўся. У яго хутка народзiцца сын, i тады, усмiхаецца ён, можна пераканацца, цi перадаюцца гены земляроба ў спадчыну. Малады фермер спадзяецца, што яго жонка паспрабуе жыць у вёсцы i ёй тут урэшце спадабаецца.

— Як казаў мой бацька, што Бог дае — то да лепшага, — каментуе павароты лёсу Iгнаценка-старэйшы. — Сыны пры справе, ужо 6 унукаў. Мяркую, што будзе дынастыя. Бо ў нас сапраўды ёсць свая справа.

Дрыбiнскi раён.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Васiльевiч Iгнаценка — галава фермерскай дынастыi з Дрыбiнскага раёна. I ён сам, i тры яго сыны — фермеры, якiя працуюць на зямлi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика