«Алкагольная рулетка»
Мiкола ДЗЯБЁЛА
Сёлета ў Беларусi ад вострага атручэння спiртнымi напоямi памерлi 1429 чалавек
Многiя нашы суграмадзяне з упартасцю, вартай лепшага прымянення, наступаюць на адны i тыя ж граблi. Колькi ўжо разоў сродкi масавай iнфармацыi напамiналi людзям, што нельга набываць спiртныя напоi ў сумнiўных асоб, бо, насамрэч, такая танная самаробная гарэлка — атрута. Тым не менш, прыхiльнiкi «зялёнага змея» год ад году працягваюць гуляць у своеасаблiвую «рулетку», ужываючы небяспечны сурагат. Шанцы застацца жывым у гэтай гульнi не вельмi вялiкiя. У мiнулым годзе ад вострага алкагольнага атручэння памерлi 3270 нашых суграмадзян, з якiх 2640 — людзi працаздольнага ўзросту. Сёлета ахвярамi сурагату сталi 1429 чалавек, з якiх 1119 аматараў спiртнога не дажылi да пенсii. Найбольш трывожная сiтуацыя склалася ў гарадах, дзе ад алкагольнага атручэння памiрае людзей у 1,3 раза больш, чым у сельскай мясцовасцi. Безумоўна, праваахоўныя органы, i ў прыватнасцi супрацоўнiкi падраздзяленняў па барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi Мiнiстэрства ўнутраных спраў актыўна змагаюцца з незаконным абарачэннем спiртнога. Як паведамiла «Звяздзе» оперупаўнаважаны УБЭЗ МУС Беларусi Веранiка ПАСМЕЦЬЕВА, толькi за першае паўгоддзе барацьбiтамi з эканамiчнымi злачынствамi канфiскавана больш за 600 тысяч лiтраў спiртазмяшчальнай прадукцыi на агульную суму больш за 4,3 мiльярда рублёў. Паводле звестак МУС, сыравiну (як правiла тэхнiчны спiрт, розныя шклоачышчальнiкi) для вырабу сурагату айчынныя «бутлегеры» звычайна завозяць з Расii. Потым на падпольных «мiнi-заводах», у антысанiтарных умовах разбаўляюць гэтую атруту вадой з-пад крана, разлiваюць у бутэлькi i прадаюць пад выглядам гарэлкi. Вось толькi некалькi самых «свежых» прыкладаў. У вёсцы Пыхань Веткаўскага раёна мясцовы жыхар у сваёй хаце наладзiў вытворчасць фальсiфiкаванай гарэлкi. На момант прыезду мiлiцыi ў памяшканнi гэтага «мiнi-завода», абсталяванага спецыяльнымi прыладамi для разлiву прадукцыi i закаркавання бутэлек, знаходзiлася 510 бутэлек падробленай гарэлкi з акцызнымi маркамi Украiны, 250 лiтраў шклоачышчальнiка «Мозаика», а таксама мноства пустых бутэлек, этыкетак, акцызных марак. Адметна, што гаспадар падпольнага лiкёра-гарэлачнага «заводзiка» ўжо меў непрыемнасцi з законам, прыцягваўся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за захоўванне спiтразмяшчальнай прадукцыi. Аднак належных высноў, як бачна, не зрабiў, i зараз, па ўсiм вiдаць, давядзецца несцi больш суровую адказнасць. Дарэчы, шклоачышчальнiк «Мозаика», вiдавочна, карыстаецца вялiкай папулярнасцю сярод гомельскiх падпольных вытворцаў сурагату. У вёсцы Старая Валатова Гомельскага раёна таксама быў выяўлены цэлы склад сыравiны для вытворчасцi фальсiфiкаванай гарэлкi. У хаце мясцовай жыхаркi мiлiцыянеры знайшлi 6 тысяч лiтраў згаданай «Мозаики» коштам 48 мiльёнаў рублёў. А ў Вiцебску непрацуючая грамадзянка наладзiла вытворчасць i рэалiзацыю падробленай гарэлкi ў гарадской кватэры. Супрацоўнiкi службы БЭЗ знайшлi i канфiскавалi 122 бутэлькi фальсiфiкаванай гарэлкi, мноства этыкетак, коркаў i падробленых акцызных марак. Усiх падпольных прадаўцоў i вытворцаў спiртазмяшчальнай прадукцыi чакае суровае пакаранне. Ну а людзi, якiя набываюць i п’юць гэтую атруту, караюць сябе самi. Блізкіх за што?
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета ў Беларусi ад вострага атручэння спiртнымi напоямi памерлi 1429 чалавек
|
|