«Хочацца мець нейкi тэлефонны турыстычны даведнiк...»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
А на мой погляд... Якiмi тэлефоннымi даведачнымi службамi карыстаюцца беларусы?Апошнiм часам у Беларусi з’яўляецца ўсё больш тэлефонных даведачных службаў. Цяпер па тэлефоне можна даведацца пра тарыфы на паслугi ЖКГ, пра iмянiны, паслухаць казкi або анектоды... Як вы ставiцеся да такiх новаўвядзенняў? Якiмi тэлефоннымi даведачнымi паслугамi карыстаецеся? Што новага, на ваш погляд, варта было б дадаць у гэтай сферы? Людмiла ХМЯЛЬНIЦКАЯ, дырэктар музея Марка Шагала ў Вiцебску: — Я карыстаюся толькi даведкамi пра прагноз надвор’я i пра дакладны час. А што датычыцца iншых паслуг, то, думаю, гэта добра, што iснуюць i казкi, i ўсё астатняе. Мабыць, яшчэ нешта варта прыдумаць. Але што менавiта — мне цяжка сказаць... Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ, старшыня Камiсii па адукацыi, культуры, навуцы i навукова-тэхнiчнаму прагрэсу Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу: — Я ўвогуле не карыстаюся iнфармацыйнымi паслугамi па тэлефоне. А як стаўлюся да новаўвядзенняў «Белтэлекама»? Калi зоркi запальваюцца — значыць, гэта некаму патрэбна. Калi ёсць попыт, то з’явiцца i прапанова... У наш час з’яўляецца вельмi шмат электронiкi. I тэлефон паступова становiцца мiнi-камп’ютарам. I так павiнна быць, бо гэта зручна для чалавека. Чым больш карыснай iнфармацыi будзе — тым лепш. Алег IОЎ, старшы навуковы супрацоўнiк аддзела археалогii сярэднявечнага перыяду Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi: — Я часта карыстаюся платнай даведкай 085, калi мне трэба даведацца пра аказанне нейкiх паслуг нейкай фiрмай. Задаю пытанне, напрыклад, дзе можна набыць паркет. I там даюць тэлефоны такiх фiрмаў, могуць паведамiць адрасы... Прагноз надвор’я я звычайна гляджу па тэлевiзары або чытаю ў газетах. Аднак пастаянна карыстаюся тэлефоннай даведкай пра рух грамадскага транспарту. Бо я знаходжуся пастаянна ў паездках. Што датычыцца гараскопа па тэлефоне... Мабыць, такая паслуга i патрэбна. Але я ёй нiколi не карыстаўся, таму што не веру ў гараскопы... Але шмат людзей у гэта верыць. I калi такая платная паслуга апраўдвае сябе ў фiнансавым сэнсе — то чаму б ёй не iснаваць. Што хацеў бы дадаць?.. Калi збiраюся ехаць на выхадныя адпачываць, мне цiкава было б ведаць, у якiм вадаёме можна плаваць, а якi з-за экалагiчных прычын закрыты для купання. Таксама добра было б мець iнфармацыю пра справы ў рэгiёне з кляшчамi. Апошнiм часам з гэтай праблемай жыхары Беларусi часта сутыкаюцца. Таксама добра было б ведаць пра сферу паслуг вакол вадаёма. Пра магазiны i iншае... Такiм чынам, хочацца мець нейкi турыстычны даведнiк па тэлефоне. Менавiта для турызму ўнутры Беларусi. Думаю, калi б была iнфармацыйная паслуга наконт адпачынку на некалькi дзён, то яна сябе апраўдала б з фiнансавага пункту погляду. Дарэчы, зараз Iнтэрнэт стаў канкурэнтам тэлефонных iнфармацыйных паслуг. Часта там можна знайсцi iнфармацыi больш, чым можна даведацца па тэлефоне. Iншая справа, што Iнтэрнэт не так развiты, як хочацца. Мiхаiл АРЭХАЎ, начальнiк аддзела фiзiчнай культуры, спорту i турызму Глыбоцкага райвыканкама: — Калi-нiкалi я магу ўдакладнiць час па тэлефоне. Яшчэ прагноз надвор’я. А астатнiм нiчым не карыстаюся... Наогул стварэнне новых iнфармацыйных тэлефонных паслуг — гэта добрая справа. Такiм чынам можна чалавека заняць тады, калi ён мае вольны час.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якiмi тэлефоннымi даведачнымi службамi карыстаюцца беларусы? |
|