Вясельны каравай — сімвал аб’яднання і працягу роду
Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК
Народная энцыклапедыя (Працяг. Пачатак у нумары за 1,2 і 4 жніўня.)«Ды нiхто не ўгадае, што ў нашым караваi...» Як i шмат якiя iншыя сiмвалы шлюбу (вянок, пярсцёнкi), каравай часцей за ўсё меў круглую форму. Для прыгатавання каравая выкарыстоўвалi самыя якасныя прадукты: пшанiчную муку, малако i масла бралi ад «цiхiх» i малочных кароў, ваду неслi з крынiцы (а ў некаторых выпадках яе бралi нават з сямi крынiц). З «шэрай» (жытнёвай) мукi каравай пяклi толькi ў тым выпадку, калi жанiх цi нявеста былi сiротамi. Часам з жытнёвай мукi ў караваi выпякалi толькi нiжнюю частку, так званую «падэшву». На «падэшву» крыж-накрыж клалi каласы, якiя бралi з «покутнага» снапа, што стаяў у чырвоным куце на працягу года. У сярэдзiну вясельнага каравая маглi запякаць самыя непрадказальныя рэчы: на Смаленшчыне — курыцу цi пеўня, на Гомельшчыне — два яйкi, на Палессi — манеты, сыр i iнш. Зверху каравай мазалi маслам, яйкамi (каб ён блiшчэў, як сонца), мёдам (каб жыццё ў маладых было салодкiм), пасыпалi макам (ён выконваў ролю надзейнага абярэга), разынкамi i iншымi сушанымi фруктамi. Даследчыкi традыцыйнай культуры славянскiх народаў даўно прыйшлi да незвычайнай высновы: каравай — гэта не што iншае, як сiмвалiчная мадэль, у якой сфакусiраваны традыцыйныя ўяўленнi нашых продкаў аб будове сусвету i аб месцы чалавека ў iм. Менавiта таму часцей за ўсё ён меў трохузроўневую структуру, кожны ўзровень якой адлюстроўваў сваю сферу быцця. Нiжнi — самы шырокi гарызонт — сiмвалiзаваў нашых далёкiх продкаў, сярэднi — тых, хто ў дзень цяперашнi працягвае гэты род, верхнi — сферу Вярхоўных Боскiх сiл. Вядомы i iншы варыянт «прачытання» сiмволiкi структурных узроўняў каравая: верхнi гарызонт — гэта маладыя, якiя ствараюць новую сям’ю, сярэднi — тыя сем’i, у якiх раслi жанiх i нявеста, нiжнi — увесь род, якi збiраўся адзначыць неардынарную падзею. У адпаведнасцi з гэтымi традыцыйнымi ўяўленнямi каравай «ажыўлялi» шматлiкiмi знакамi чалавечай дзейнасцi i фiгуркамi прадстаўнiкоў навакольнай прыроды. Фiгуркi на караваi мелi пэўнае сiмвалiчнае значэнне. Часцей за ўсё гэта былi птушкi: лебедзi, галубы, салаўi, жаваранкi, пеўнiк i курачка. У беларусаў, украiнцаў i палякаў каравай упрыгожвалi салярнымi знакамi. Сонца сiмвалiзавала жанiха, месяц — нявесту. Для ўпрыгожвання каравая выкарыстоўвалi i геаметрычныя фiгуры: ромбы, квадраты, кругi, васьмёркi, спiралi, шарыкi i г.д. Часам на караваi былi пэўным чынам адлюстраваны ўсе асноўныя ўдзельнiкi вяселля: жанiх i нявеста, дружкi, сваты, «музыкi» i iншыя вясельныя персанажы. Акрамя фiгурак з цеста на караваi рабiлi «ўцiснутыя» малюнкi, у якiх пераважалi зноў-такi геаметрычныя i раслiнныя матывы (крыжы, елачкi). Каравай пяклi толькi цнатлiвай нявесце, i разам з тым яго нiколi не выпякалi нявесце, якая брала шлюб другi цi трэцi раз, а таксама ўдаве. Каравай выступаў на вяселлi ў пары з вясельным дрэўцам, якое часам на iм i мацавалi. Дзе-нiдзе i само дрэўца выпякалi з цеста. У гэтым выпадку адзiны прадукт, з якога гатавалi печыва, служыў сiмвалам шчаслiвага сямейнага жыцця. Каравай «апярэзвалi» обадам-касой з цеста, радзей ручнiком, упрыгожвалi кветкамi (засушанымi цi вырабленымi з каляровай паперы), яблыкамi, вянком з кветак, каласоў збожжавых культур i рознакаляровых стужак i г.д. На жаль, навукоўцы сёння могуць толькi канстатаваць наяўнасць тых цi iншых атрыбутаў аздаблення вясельнага каравая, аднак на самай справе за кожным з гэтых сiмвалiчных упрыгажэнняў схавана вялiкая тайна. Напрыклад, наяўнасць яблыкаў можа сведчыць пра жыццё новастворанай пары ў райскiм садзе i адначасова пра яблыню як ахвярнае дрэва, дрэва сусвету, вакол якога разгортвалася драма ўзаемаадносiнаў першых людзей свету. Адным словам, выпяканне вясельнага каравая з’яўлялася той абрадавай падзеяй, вакол якой i ў кантэксце якой факусiравалiся бязмежна шырокiя веды чалавека аб навакольным асяроддзi i месца чалавека ў iм. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народная энцыклапедыя
|
|