Трыумфу пад Клецкам — 500!
Вiкторыя СВIРСКАЯ
500 гадоў спаўняецца сёння з дня Клецкай бiтвы, з дня першай значнай перамогi беларускай зямлi над крымскiмi татарамi. Усё першае i значнае варта ўвагi. Усё, вартае ўвагi, нас цiкавiць. Таму — гайда ў падарожжа! Здзьмухнем пыл са старонак гiсторыi, а заадно ненадоўга патурбуем наш iнтэлект: хай насычаецца ведамi — можа, спатрэбiцца, напрыклад, пры рашэннi тэстаў на вызначэнне ўзроўню IQ...
Гiстарыяграфiя бiтвы невялiкая: размытыя хронiкi XVI стагоддзя, дзве работы XX стагоддзя. У 70—80-х гадах XX стагоддзя вялiся археалагiчныя раскопкi на прыблiзным месцы бiтвы, падчас якiх былi знойдзены залатыя манеты, рэшткi коп’яў i стрэлаў. У 1996 годзе ў горадзе быў узведзены помнiк, а ў мясцовых краязнаўчых музеях сёння можна ўбачыць работы сучасных мастакоў, прысвечаныя Клецкай бiтве. Пяць соцень гадоў — гэта мала цi многа? Для чалавека — дастаткова, каб з цяжкасцю ўзгадаць сваiх продкаў да шостага калена. Для гiсторыi — iмгненне, якое, бы знiчка, счэзне, паглынутае зеўрай часу... Чорная паласа... ...пачалася для беларускiх зямель у ХV стагоддзi. То з Маскоўскай дзяржавай паспрачаюцца, i абавязкова ўсе войны з усходняй суседкай не на карысць княству... То свае ж магнаты памiж сабой бойкi ўчыняць: уладу iм дай, а «заходнiка» Глiнскага — вон з дзяржавы... Апошняй кропляй для аслабленых i раздробленых зямель нашых продкаў сталi набегi крымскiх татараў. У 1503 годзе татары пранiклi ў цэнтр тагачаснай беларускай дзяржавы. Застагнала зямля лiцвiнская, але нiчога не зробпiш — змагацца трэба. Мары здзяйсняюцца i... не здзяйсняюцца Гiсторыкi заўважаюць, што паводзiлi сябе татары на тэрыторыi чужой краiны не па-джэнтэльменску: мiтрапалiта забiлi, Клецк спалiлi, палонных больш за 40 тысяч набралi. Адчайныя, яны маланкава перасоўвалiся па княству, мажлiва, кiруючыся прынцыпам: «Больш мясцiн пройдзеш — больш палонных возьмеш» (мэтай захопнiкаў быў «жывы тавар»). Размахвалi мячамi, нават калi ведалi, што шанцы перамагчы раўняюцца нулю. Вораг-агонь!.. 24 лiпеня 1506 года атрады татараў раскiнулi лагер пад Клецкам. Замацавалiся яны там нядрэнна. Курган, Клецкi замак, рэкi стварылi натуральную i iстотную мяжу адносна астатняй тэрыторыi беларускай дзяржавы. Тыдзень татарскiя захопнiкi мылiся чужой вадой, разводзiлi вогнiшчы на чужой зямлi i пры дапамозе чужой драўнiны, рыхтавалi сабе ежу з чужых прадуктаў. Наогул, адчувалi сябе зусiм няблага: смакавалi жыццё чужой лыжкай. Чакалi, пакуль астатнiя атрады дацягнуцца з ускраiнаў у цэнтр. А потым у планах захопнiкаў было ...мiрна накiравацца дадому, на Поўдзень, прыхапiўшы з сабою, вядома, калоны палонных. Што нi кажы, а нават такiх моцных i адважных воiнаў, як татары, набегi стамiлi. Надакучылi. I ўвогуле... Дом ёсць дом. Толькi марам iх здзейснiцца суджана не было. Пайшлi, каб вярнуцца?.. Выдатна ўзброенае лiцвiнскае войска на чале з Мiхаiлам Глiнскiм па пятах крочыла за няклiканымi гасцямi. «Час!» — вырашыў адукаваны, падкаваны ў пытаннях найноўшай тэхнiкi Мiхаiл, якi з аб’яднанымi атрадамi Мiнскай i Навагрудскай шляхты наблiжаўся да часовага прыстанiшча татараў. Метад «кальца» спрацаваў. Не знаходзячы iншага выйсця, як толькi прыняць удар, акружаныя захопнiкi рыхтуюць лукi, стрэлы, мячы i коп’i, паспешлiва насоўваюць скураныя шлемы, каб прабiць лiцвiнскiя жалезныя даспехi i не згубiць дарагi «шлейф» з палонных. Ваенныя дзеяннi на беразе ракi Лань, што каля Клецка, пачалiся 1 жнiўня. Але адзначаным удачай стаў толькi пяты дзень узброеных змаганняў — трынаццатае (сiмвалiчна?!) па лiку сутыкненне варожых войскаў 5 жнiўня прынесла «нашым» трыумфальную перамогу над крымскiмi татарамi. З 7-тысячнага войска паўднёвых захопнiкаў шмат было забiта, многа палонных землякоў выратавана. Але некаторым атрадам ворага пашчасцiла-такi прабiцца праз лiцвiнскае «кальцо»: не надта шчыльным яно было. «Рэшткi» татараў так спешна кiнулiся ўцякаць, што пагублялi коней, палонных, некаторых з таварышаў у хвалях рэк, на палях i дарогах. Чужых... Так, 8 жнiўня «Вораг-агонь» адышоў... каб зноў вярнуцца. У 1508 годзе. Каб яшчэ неаднойчы вяртацца. Такiм чынам, гучная перамога, на жаль, не стала вырашальнай. Пра шведаў i Жоржа Дзюбi Тады ў чым жа сакрэт феномена бiтвы? Чаму памяць пра яе яшчэ цеплiцца ў закутках свядомасцi гiсторыкаў i навукоўцаў, хоць не ў свядомасцi сярэднестатыстычнага жыхара нашай краiны? Аб значэннi згаданай падзеi — галоўны архiвiст Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi Уладзiмiр КАНАНОВIЧ: — Перамога ў Клецкай бiтве закранула перш за ўсё псiхалагiчны аспект. Яна ўзняла дух воiнаў i ўвогуле жыхароў тагачаснай беларускай зямлi, якiя амаль прызвычаiлiся да пастаянных паражэнняў; дала моц процiстаяць далейшым нападкам татараў. Да таго ж выдатны стратэг Мiхаiл Глiнскi стаў яскравым для маладых воiнаў прыкладам таго, як можна стаць «здабытчыкам» блiскучай вiкторыi. Вось i выхаваўчая функцыя бiтвы. Праўда, палiтычнае становiшча краiны бiтва не змянiла. З гэтага пункту гледжання яна нязначная. Клецкая бiтва не набыла сёння рэспублiканскага значэння, яна не ўсведамляецца масамi, як штосьцi вырашальнае, магчыма, таму, што яе засланiла шведская бiтва, якая мела месца на два стагоддзi пазней у тым жа Клецку. Пра крымскiх татараў ХVI стагоддзя забылiся, запiсаўшы iх ледзь не ў разрад архаiзмаў. Уладзiмiру Канановiчу верыць можна: сам ён родам з Клецка i гiстарычнай спадчынай цiкавiцца ледзьве што не з калыскi. Закранаў пытанне Клецкай бiтвы ў сваёй дысертацыi. З’яўляецца аўтарам артыкула на згаданую тэму, змешчанага ў кнiзе «Памяць. Клецкi раён». — З якой падзеяй вы б параўналi бiтву на рацэ Лань? — З бiтвай пры Бавiньi, якую выдатна апiсаў у сваёй кнiзе французскi гiсторык Жорж Дзюбi. — Пра Клецкую бiтву трэба ведаць, бо... — гэта адна са знакавых падзей, якая выхоўвае любоў да роднага краю, да гiсторыi i яе персанажаў. — Клецкую бiтву будуць прыгадваць... — пакуль будзе iснаваць гiстарычная навука. Хоць гэта залежыць i ад гiсторыкаў: наколькi яны будуць звяртаць увагу наступных пакаленняў на згаданую бiтву, якую ролю адвядуць ёй у плынi падзей мiнуўшчыны. — Калi б я здымаў фiльм, прысвечаны Клецкай бiтве, я б... — перш за ўсё зрабiў акцэнт на вобразах Глiнскага i Кiшкi (Кiшка — вораг Глiнскага — хацеў удзельнiчаць у бiтве, але акурат перад ёй па адных звестках захварэў, па iншых — быў ранены. — В.С.). Кiраваўся б рэалiямi гiсторыi па прыкладзе «Анастасii Слуцкай». — Да юбiлею бiтвы я б... — напiсаў пра яе кнiгу. Сёння ў Клецкiм раёне, паводле слоў Уладзiмiра Канановiча, татараў пражывае тысяч так дзесяць. Сучасныя татары таленавiтыя, умелыя, рэлiгiёзныя. Да таго ж — выдатныя агароднiкi: iх агуркi, аб сакрэце вырошчвання якiх можна толькi здагадвацца, славяцца па ўсёй Беларусi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тады ў чым жа сакрэт феномена бiтвы? Чаму памяць пра яе яшчэ цеплiцца ў закутках свядомасцi гiсторыкаў i навукоўцаў, хоць не ў свядомасцi сярэднестаты
|
|