Браць крэдыты беларусы гатовы ў выключных выпадках
Сяргей СТАРЫНАЎ
А на мой погляд... Апошнiм часам, напэўна, многiм з нас даводзiлася чуць меркаванне, што жыццё беларусаў набывае ўсё больш падабенства з заходнiм ладам жыцця. У тым сэнсе, што значна прасцей стала атрымаць крэдыт на тыя цi iншыя мэты (набыццё цi будаўнiцтва жылля, купля аўтамабiля, спажывецкiх тавараў, адпачынак цi вучоба). Адпаведна, некаторыя суайчыннiкi ўжо пакрысе прызвычаiлiся жыць фактычна ў доўг. Сапраўды, за апошнiя гады працэнтныя стаўкi па крэдытах iстотна знiзiлiся i яны сталi больш даступнымi (асаблiва з улiкам iльготных крэдытаў для пэўных катэгорый грамадзян) для шырокага кола патэнцыяльных крэдытаатрымальнiкаў. З iншага боку, можна прыгадаць выраз: бярэш чужыя грошы i на пэўны час, а аддаеш свае i назаўсёды. Iншымi словамi, вырашаючы свае надзённыя праблемы з дапамогай крэдытаў, грамадзяне адначасова могуць трапiць у пэўную залежнасць (часам на доўгi тэрмiн) ад банка.Такiм чынам, тэма нашага сённяшняга апытання: ЦI ЁСЦЬ У ВАС ЦI ЧЛЕНАЎ ВАШАЙ СЯМ’I АСАБIСТЫ ВОПЫТ АТРЫМАЛЬНIКАЎ КРЭДЫТУ? Любоў ГАГАРСКАЯ, спецыялiст аддзела па будаўнiцтву, архiтэктуры i ЖКГ Мядзельскага райвыканкама: — Нiколi не брала нiякiх крэдытаў i, па вялiкаму рахунку, не збiраюся. Як на мой асабiсты погляд, дык гэта сапраўдная кабала — быць у залежнасцi ад банка, доўгi час выплачваць яму не толькi сам крэдыт, але i працэнты. Прынамсi, я мяркую так па вопыту сваiх знаёмых. Асабiста я прызвычаiлася разлiчваць толькi на сябе, жыць па сваiх сродках. Адзiнае выключэнне, калi ў мяне можа ўзнiкнуць патрэба ўзяць крэдыт, звязана з паступленнем сына ў вышэйшую навучальную ўстанову. Калi ён не пройдзе на бюджэтную форму навучання, напэўна, давядзецца браць крэдыт на вучобу. Як бы там нi было, здольнасцi дзяцей трэба падтрымлiваць, хоць, на мой погляд, гэта дарагiя крэдыты. Аляксандр САРОКА, вядучы спецыялiст Стаўбцоўскай раённай iнспекцыi прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя: — Шчыра скажу, дагэтуль нiякiх крэдытаў наша сям’я не брала, бо не мела ў тым патрэбы. Ды i самi крэдыты асабiста я лiчу даўгавой ямай. Тым не менш, не выключана, у перспектыве нам давядзецца пайсцi на такi крок — узяць крэдыт для паляпшэння жыллёвых умоў. Нагода, як бачыце, сур’ёзная. У прынцыпе мы не супраць узяць крэдыт згодна з адным з указаў наконт iльготнiкаў, але калi будуць захаваныя яго ўмовы — пад 3 працэнты на 10 гадоў. Iх мы лiчым цалкам прымальнымi. Але справа ў тым, што ў нашым раёне на такiх умовах крэдыт на паляпшэнне жыллёвых умоў яшчэ нiхто не атрымлiваў. Таццяна МАЛЯЎКА, галоўны спецыялiст аддзела дзяржкантролю за выкарыстаннем i аховай раслiннага свету, лясоў i ландшафтаў Мiнпрыроды: — Не брала нiякiх крэдытаў i пакуль не збiраюся. Хiба толькi ў выключных выпадках, пад нейкае буйное набыццё. А ўвогуле я стаўлюся да крэдытавання станоўча. У маiх блiзкiх родных ёсць такi вопыт. Для набыцця жылля iм не хапала пэўнай сумы, i на яе памер яны ўзялi крэдыт. Менавiта на частку патрэбнай сумы, таму ў вынiку гэта iстотна не адбiлася на iх сямейным бюджэце. Аляксандр ПОЛЯК, вядучы эканамiст Лунiнецкага раённага спажывецкага таварыства: — Збiраемся ўзяць крэдыт або пад набыццё жылля, або пад яго будаўнiцтва — канчаткова яшчэ не вырашылi. Справа ў тым, што мы, як маладая сям’я, можам атрымаць крэдыт на 20 гадоў або пад 5 працэнтаў гадавых, або пад 15 працэнтаў. За крэдытам, дзе меншая працэнтная стаўка, трэба доўга стаяць у чарзе, таму, думаю, больш рэальны другi варыянт. Як я стаўлюся да крэдытаў увогуле? Малады спецыялiст за ўласную зарплату нi набыць, нi пабудаваць жыллё не можа. Вось вам i адказ. Крэдыт, можна сказаць, бярэцца ад адсутнасцi iншага выйсця. Бо калi ўдумацца, то на працягу 20 гадоў нават пры самай малой працэнтнай стаўцы ты выплачваеш суму, роўную той, якую браў. А калi працэнты большыя?..
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнiм часам, напэўна, многiм з нас даводзiлася чуць меркаванне, што жыццё беларусаў набывае ўсё больш падабенства з заходнiм ладам жыцця. У тым сэнс
|
|