21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бацькi i дзецi

25.08.2009 21:55 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Простая мова

Не дурны, мусiць, нехта раiў: для таго, каб заўсёды быць маладым, трэба як мага часцей глядзець на зялёную траву, на бягучую ваду i прыгожых людзей.

«Збеглася». Тут, як кажуць, «камплект» — Свiслач, набярэжная, двое побач: на дзiва стройнае — на шпiлечках, у кароткай спаднiчцы — дзяўчо i (прабачце!) мех на ножках — хлопец (мужчына?) аднолькава шырокi што ў плячах, што нiжэй...

Але гэта не ганьба, не, — у яго мабiльнiк зазвiнеў (нехта, вiдаць, малодшы «па званню» — меншы брат, падначалены, бацька? — сказаў, што машына зламалася). I той, злажыўшы пальцы веерам, стаў пытаць (што нi слова — пяць матам) — якi нягоднiк узяў яе з гаража i што з iм зараз трэба зрабiць...

Ад гучнай, бруднай лаянкi ў рэчцы дрыжэла вада, у трубачкi круцiлася лiсце, жухла трава. А дзяўчына — нiчога: iшла сабе побач, слухала.

...На бязрыб’i, цi што, i рак за малiнку?

Джэнтэльмен

Вечарам на станцыях метро, як у рэдкiм лесе — кожнае «дрэўца» вiдно. Можна паразглядаць — i тых, што блiжэй, i тых, што паводдаль...

Ля калоны дзве кабеткi. Гучна гамоняць. I, мусiць, даўно, бо стомлена пераступаюць з нагi на нагу, з рукi ў руку перакладваюць сумкi.

У адной пры гэтым (дождж наверсе) — выслiзгвае, падае парасон. Але жанкi — не зважаюць, не чуюць — шумна вакол, ды i размова...

Падысцi б, сказаць...

Хлопцы побач — пэўна ж таксама бачылi? Маладзiца яшчэ... I мужчына... Ужо наважыўся, крок зрабiў...

Другiя — не ўбачыла: з процiлеглага боку зашумеў цягнiк. Пакуль «выбiрала» вагон i заходзiла, уяўляла, як мужчына той падышоў да кабет, як галантна, бы сапраўдны джэнтэльмен, падняў парасон, як здзiвiлiся i ўдзячна заўсмiхалiся жанкi.

Што насамрэч было? Здагадацца не цяжка, калi, ад’язджаючы, убачыць, што жанчын на месцы няма (вiдаць, селi ў суседнi вагон), а вось парасон... застаўся — ля яго, па-гаспадарску-горда стаяў... «джэнтэльмен». А што? I не ўкраў, як быццам, а мае...

Наш чалавек! У сэнсе — хто не хiтры сёння (каб не казаць злодзей...), той не гаспадар.

На чужы каравай...

«Шчасця» гэтага — не было б, памагло няшчасце. Дзiця на вулiцы ўпусцiла акарайчык булкi, бацька падняў, шпурнуў у траву, дзе (лiчы, тут жа!) яго падхапiла варонка — маленькая, чорная, а ўжо спрытная...

«Адкусiць» не паспела — канкурэнткi вакол. Шмыганула на плот — дагналi, узляцела на дрэва — адно, потым другое — следам яны. Кружанула, сiганула на слуп, назад на зямлю...

Стамiлася, бедная, акрайчык выпаў: яго, лiчы, тут жа... падхапiла iншая варонка. Узляцела на плот, на слуп... Згубiлася ў высокiх дрэвах.

А роздум (для «лiчыльнiкаў» варон) пакiнула. Кшталту: трэба «шчасцем» дзялiцца, цi наадварот — ваяваць, берагчы для сябе?..

З пункту гледжання варон (i асобных людзей) — адно выключае другое.

Рабi, што трэба...

— Алё, редакция? Здравствуйте! — голас у трубцы (хоць i яўна дзявочы...) гучаў дзелавiта. — У меня к вам просьба. И очень, очень большая!

...У выканнi ж, як высветлiлася — зусiм нескладаная. Больш за тое, нават прыемная, бо, пачуўшы маю беларускую, на яе ж перайшла дзяўчына. Спярша — нясмела, навобмацак, бы па першым лёдзiку, а потым усё смялей i смялей. Галоўнае — (гэта чуваць было) думала яна па-расейску, нахаду перакладала, але ў вынiку — гаварыла бездакорна: чысценька, правiльна, хораша...

Грэх было не адзначыць. I не пахвалiць!

— Гэта не мяне трэба, — сумелася дзяўчына. — Гэта маму маю. Светлай ёй памяцi! Яна ў школе беларускую выкладала. Мову любiла — да апантанасцi!..

Памаўчалi... Разам.

I потым, пасля размовы, разам, магчыма, падумалi, як цяжка было ёй, як няпроста iншым, апантаным настаўнiкам, выкладчыкам сеяць — тыя веды, любоў.

I ведаць, што ўсё гэта, збольшага, прападзе, зарасце. Пустазеллем.

Як вы лодку назавяце, так яна i паплыве

Барыс шапялявiў — чалавеку чужому яго i цвярозага не зразумець было, а ўжо як вып’е... Язык — што бервяно тады, два гукi выдаваў «Бы-лы, бы-лы...»

Як смала, мянушка прылiпла. Яшчэ i таму, што некалi ён вельмi прыметным быў — прыгожым, высокiм. Цешча з гонару (толькi за гэта!) не ведала, як голаў насiць. А ён жа яшчэ працаваў, добра зарабляў, да таго ж з шыкам, калi трэба было, на службовай «Волзе» падвозiў...

Нядоўга толькi: пасля жанiцьбы, i неяк адразу, да чаркi прыкладвацца стаў, адпаведна — «былыкаць»... . Сагнуўся ў крук, высах.

Не кiруе больш белай «Волгай». Не муж. Не зяць. Сам «iмя» сабе выбраў. Як долю — Былы.

Назад дарогi няма?

Вечар i тэлеэкран. На гэты раз (што на здзiў) не страляюць там i нiкога не бьюць. Бабулька — «жыццю ўсiх вучыць». Гаворыць, што нельга, склаўшы рукi, сядзець: у любым узросце, у любым стане трэба знаходзiць нейкае захапленне, занятак, справу... I далей (прыводжу па памяцi. — Аўт.): «Ведаеце, чаму я смерцi баюся? Таму, што ў магiле — рабiць ужо нельга...»

Наша бабулька, праўда? З тых, што падпорку ў руку, каб не ўпасцi, i кароўку даiць, цi бульбу палоць...

Па кiм толькi дзецi пайшлi? Сыны (асобныя), у прыватнасцi?

Ранiца вось, а яны ўжо сышлiся, сядзяць ля пад’ездаў, «саабражаюць» цi рэжуцца ў дурня.

Iншых «захапленняў» у iх няма — не багаты ў горадзе выбар.

I ў вёску назад не хочацца.

Па дарозе...

Вечар, сталiца i вiрам жыццё... З расчыненых вокнаў рэстарана грымiць «забойная» музыка, ля ўваходу — групкамi — тусуюцца курцы. Там жа, на прыступках навыцяжку стаiць швейцар, гатовы павiтаць, гатовы здалёк яшчэ расчынiць перад госцем дзверы.

Але ж мы не яны, мы побач на прыпынку стаiм, аўтобус чакаем.

Замест яго плаўна падплывае аўто — чорнае, блiскучае. Выходзiць спачатку вадзiцель — забягае наперад, расчыняе пярэднюю дзверцу, выпускае — вельмi пажылога, мажнага мужчыну (нагала брыты — сiвым не бывае?). А ўжо той потым важна адчыняе заднюю i...

З машыны, на свет, на зямлю нашу грэшную, асцярожна ступае... Дзюймовачка — дзяўчо — кранальна-пяшчотнае, светлае, юнае. Папраўляе доўгую адмысловую сукенку, потым — прычоску, прыпадае — усёй iстоткай сваёй — да пляча спадарожнiка, iдзе... Да тых самых прыступак, швейцара.

... «Прыпынак» — а на iм двое мужыкоў пад 50, адзiнокая (па ўсiм бачна) кабета i маладое хлапчо — застаецца ззаду, сумна глядзяць iм услед.

Прычым кожны, здалося, бачыць сваё.

I па-свойму.

Усё па плану?

Севу дзевяць. Самастойны хлопчык. Трэцяга дня, без матулi, у цырульню хадзiў — грошы паказаў, сказаў, як пастрыгчы.

— 11 тысяч з цябе, — загадала потым касiрка.

— А гэта за што? — не разгубiўся хлапчук.

— Ну як? За стрыжку... На доўгiх валасах.

— А дзе вы бачылi — доўгiя?

— Дык ззаду ж вунь... Хвосцiк...

— Па-першае, хвосцiк — гэта яшчэ не ўся галава, — парыраваў малы. — А па-другое, можаце майстроў спытаць — якраз яго я прасiў не чапаць, не стрыгчы...

«Адбiўся», карацей, зэканомiў мацi капейку.

Але дзiўна не столькi гэта... Колькi сам той факт, што адбiвацца яму давялося. Да таго ж там, дзе працуюць жанчыны, матулi. Прыкладна такiх па ўзросту дзяцей.

Дзеля сваiх

...Зусiм нядаўна, зiмой, на тым пагорачку пустка была, цяпер — дамiна. Пад страхой ужо, з комiнам.

— Гэта што ж за чараўнiк тут? — не хаваю здзiўлення.

Бабуля з мясцовых стрымана тлумачыць:

— Ды так, баба адна... Двое дзяцей. Дык яна ў адным канцы хоча сына пасялiць, а ў другiм — дачку. Да зiмы, вiдаць, пераедуць. Ведама — гарэлка... Каторы гадочак гонiць i прадае. Будуе...

...Сваiм дзецям дамiну, а чужым?

Не дамавiну, не?

Хацела, як лепей...

Лета i спёка. Мужыкоў шкада: як нi круцi, напаўголым не пойдзеш. Iншая справа — дзяўчаты.

Адна вось. У тралейбусе. З адзежы — дзве палоскi ўсяго i... пацеркi — над брывой, пад брывой, у носе, у вушах, само сабой, у пупку... Ды цэлай манiстачкай...

«Разгайдала» во — крокам супермадэлi падышла да кампос-цера, папрасiла хлапца (ён побач стаяў. — Аўт.), каб прабiў талончык, рушыла назад.

Выдаткi прафесii:

— Следам пайсцi не хочацца? — крадком пытаю ў хлопца. Той — крывiцца: хiба галавы не меўшы?

— Але яна ж старалася — увагу прыцягнуць, уражанне зрабiць?

— Ну-у, — пасур’ёзнеў юнак, — калi болей няма чым...

Шкада дзяўчыну — разлiчвала ж, вiдаць, зусiм не на гэта?..

Грошы не пахнуць

Век жывi, век вучыся — дзесяцiгоддзямi, пастаянна ездзiла ў метро i нават падумаць не магла, што i там... штрафуюць.

Чытачы напiсалi: бацечка iх у Зэльве жыве. На дзень народзiнаў яму грошай надарылi. Вось ён i рашыў у Мiнск завiтаць — у дзяцей пагасцiць, касцюм сабе выкупiць. Папярэдзiў: сустракаць не трэба, сам дабяруся.

Яно i праўда — даехаў. Толькi сумны нейкi...

За чаркай прызнаўся:

— Штрафанулi ў метро... I тлумачыў жа iм, кантралёрам, што не тутэйшы (пашпарт хацеў паказаць), што ў метро — другi раз усяго, што зрок дрэнны — пераблытаў выхад з уваходам... Не, рукi, можна сказаць, закруцiлi: «Штраф плацi».

Заплацiў... 15 500. Што для пенсiянера, зразумела ж, грошы.

...Калi з-за iх, на вакзале, па дарозе ў госцi маглi пакрыўдзiць 70-гадовага дзеда, — для сталiцы, вiдаць, таксама?

«Кадр» года

Мiнск i сонцам залiты галоўны праспект... Прыгожы ён, шырокi. Кажуць — нават шырэйшы за Неўскi ў Санкт-Пецярбургу. I тратуары пры iм, як быццам, не вузкiя? Пакуль...

Насустрач, з-за паварота, сямейка выйшла: жонка з мужыком (гадоў па 25... Аднолькава прыгожыя, прыбраныя...), два жэўжыкi-сынкi ў iх па баках, а пасярэдзiнцы, за ручкi, дзве дачушкi...

Жнiвень на дварэ. Год — лiчы — канчаецца. А нiчога прыгажэйшага «ў iм», здаецца, не бачыла.

Валянцiна ДОЎНАР.

Ад яе ж... I, магчыма, новым падпiсчыкам. Са звяздоўскае «Простае мовы» летась злажылася кнiга. Называецца яна «Праз каханне» i прадаецца яшчэ — у асобных аддзяленнях сувязi.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не дурны, мусiць, нехта раiў: для таго, каб заўсёды быць маладым, трэба як мага часцей глядзець на зялёную траву, на бягучую ваду i прыгожых людзей
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика