21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ПЛУГ

25.08.2009 21:55 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алесь КАСЦЕНЬ

Простыя рэчы

Ёсць ва ўжытку беларусаў, якiя нейкiм чынам звязаныя з зямлёй, яе апрацоўкай, такi выраз: «Дамовiцца з канём». Фраза, безумоўна, пабудавана няправiльна, дамаўляюцца з гаспадаром каня аб тым, калi можна ўзяць гэтага самага конiка для апрацоўкi свайго ўчастка, на якiх умовах i на якi час. Але ёсць тут i яшчэ адзiн сэнс. Найчасцей гаспадар не сам прыязджае на ўчастак i арэ яго. А проста прадастаўляе на пэўны час i за пэўную аплату каня, неабходныя прылады. А ты ўжо апрацоўвай участак сам. Сам i дамаўляйся з конiкам, кiруй iм, тузайся, калi ён не зусiм слухмяны, а то яшчэ i брыклiвы.

Гэтай вясной, калi ў вёсцы садзiлi бульбу, мне не зусiм удалося «дамовiцца з канём». Справа ў тым, што каня давялося ўзяць у аднаго гаспадара, а вось плуг, хамут з ворчыкам у другога. Конiк, аказалася, прызвычаiўся хадзiць па баразне, а не ля яе. Не зусiм добра пры пасадцы бульбы, але ж нiчога: глеба мяккая, калi i наступiць на бульбiну — не заўсёды раструшчыць. Вось толькi плуг у другога гаспадара быў своеасаблiвы. Крук на iм, за якi чапляецца ворчык, быў прымацаваны наглуха, не перасоўваўся для таго, каб рэгуляваць шырыню захопу зямлi. Так што, загортваючы бульбу ў баразне, даводзiлася з усяе сiлы падаваць плуг улева. I ўсё роўна прамежак памiж барознамi быў вузейшы, чым патрэбна. Добра-такi натузаўшыся з гэтым плугам i гэтым конiкам, вымушаны быў прасiць дапамогi. Адзiн з мужчын узяўся за аброць i пачаў кiраваць канём, выводзячы яго з баразны.

Дарэчы, не толькi сёлетняй вясной, але i ў ранейшыя вёсны ды восенi даводзiцца назiраць такую асаблiвасць. На палосах зямлi, сотках, як iх называюць, выдзеленых у прыватнае карыстанне на вёсцы, як мурашы працуюць людзi. А побач з гэтымi соткамi стаяць аўтамабiлi самых разнастайных марак замежнай вытворчасцi. Паставы — своеасаблiвая перавалачная база пры перапродажы патрыманых аўтамабiляў з-за мяжы i далей углыб СНД. Шмат аўтамабiляў асядае тут. Людзi, якiя ў райцэнтры нядрэнна зарабляюць, могуць дазволiць купiць сабе патрыманую iншамарку. Але сялянская жылка застаецца. Зямлi, што дасталася ад бацькоў або раней была выкупленая, не кiдаюць.

Ёсць у славутага беларускага мастака Фердынанда Рушчыца эпiчная i нават у нечым сiмвалiчная карцiна «Зямля». Напiсаная яна на мяжы ХIХ i ХХ стагоддзяў. На карцiне па пагорку зямлi iдзе селянiн за канём, у руках моцна трымаючы ручкi сахi. Зямля, цяжкасць працы прыгiнаюць чалавека долу. I ў той жа час ён нiбы ўзнiмаецца над зямлёю, дзякуючы высакароднасцi сваёй працы.

Калi наш папярэднiк толькi пачаў апрацоўваць зямлю, а для гэтага яму трэба было спачатку высекчы ўчастак лесу, выпалiць яго, зрабiць ляда, ён карыстаўся толькi валакушай, каб разрыхлiць зямлю. Потым з’явiлася саха, папярэднiк плуга, прымiтыўная драўляная прылада для рыхлення глебы, а з цягам часу i яе пераварочвання. Такая саха (яе яшчэ называлi «палескай» цi «лiтоўскай») i намалявана Рушчыцам. Прылада iснавала i ўдасканальвалася доўгiя стагоддзi. Яна i знiкла з ужытку сялянства не так ужо i даўна — гадоў сто таму.

Саху замянiў жалезны плуг, якi служыць у самых розных сваiх мадыфiкацыях па сёння i будзе служыць надалей. Але цяпер не будзем гаварыць пра плугi шматкорпусныя, найдасканалейшыя, якiя прычапляюцца да трактароў у час апрацоўкi глебы механiзаваным спосабам. Не будзем гаварыць i пра шматлiкiя мотаблокi, што са сваiмi навяснымi прыладамi паспяхова замяняюць коней у час апрацоўкi зямлi. Пагаворым аб простай рэчы — плузе. За iм хадзiў некалi, iмкнучыся «апрасцiцца» да мужыка, Леў Талстой. За iм iдуць сёння i стары вясковец, якi так прызвычаiўся да гэтай прылады, што трымае яе адной рукой, у другой жа нязменная цыгарка. За iм iдзе сталiчны iнтэлiгент, якi, прыехаўшы да бацькоў у вёску, успамiнае так сваё юнацтва. За iм iдуць людзi розных узростаў, рознага сацыяльнага статусу. Плуг i зямля, неабходнасць яе апрацоўкi хоць бы на ўчастку ў некалькi сотак — аб’ядноўваюць нас усiх.

Добра зроблены, выштукаваны плуг можа служыць не аднаму пакаленню вяскоўцаў. Трэба толькi мяняць нарог — своеасаблiвы нож, якi з цягам часу сточвае, «з’ядае» зямля. А ёсць яшчэ плужок, мадыфiкацыя плуга, якiм акучваюць бульбу. З плугам — плугуюць, плужаць, аруць. А чалавек, якi ходзiць за плугам, i плугар, i плугарал, i плугатар, i араты, i ратай. Раней у беларускай мове быў такi выраз: «ратайская сiла». Сапраўды, хадзiць за плугам — адна з самых цяжкiх работ у вёсцы. Касцам ды аратым не абысцiся ў полi без добрага кавалка сала. А спрыту ды ўмення тут патрэбна бадай што больш, чым пры касьбе. Усё залежыць ад таго, пад якую культуру ты арэш глебу, вясной цi восенню, што пераворваеш — iржышча цi бульбянiшча, цi былы агарод. У сапраўднага гаспадара заўсёды ў кiшэнi ключ: адвiнчваючы i перастаўляючы вiнты, ён можа рэгуляваць i глыбiню ўзорвання, i шырыню захопу зямлi плугам. Пра глыбiню арання. У кожнага гаспадара на гэта свой погляд i свае прыкметы, таемныя спосабы ў залежнасцi ад таго, на якой глебе арэцца. А мне ўспамiнаецца верш Аляксандра Твардоўскага наконт гэтага. Апошнiя гады творчасцi паэта прыйшлiся на хрушчоўскую пару. Тады шмат эксперыментавалi ў сельскай гаспадарцы. I не толькi з кукурузай. Якраз прадметам эксперыментаў была i глыбiня ўзорвання зямлi.

То плугом пласт ворочай в поларшина,

То в полвершка,

То вовсе не паши.

Пасмiхнуўшыся з такiх эксперыментаў з зямлёй, паэт завяршае верш радкамi:

Науку мы оспаривать не будем.

Науке всякой по заслугам честь.

Но пусть она почтенным сельским людям

Не указует: с чем им кашу есть.

Ворыва зямлi — адзiн з самых працяглых па часе перыядаў сельскагаспадарчай працы. Гэта не касавiца. Ранняй вясной дастае гаспадар з гарышча цi дрывотнi плуг, каб узараць участак зямлi гаспадынi пад грады, каб на вышэйшых участках падрыхтаваць паласу пад авёс. А потым i пачынаецца: пасеяць яравыя, пасадзiць бульбу. Два, а то i тры разы за лета бульба абганяецца плужком. У дбайнага гаспадара заўсёды ёсць участак, запушчаны пад папар, якi летам таксама трэба пераараць, каб восенню азiмыя сеяць у пульхную глебу. Ну а восенню i ўвогуле селянiн у плузе i ў плузе. Адараць бульбу, на ўсiх участках правесцi зяблевае ворыва. Бывае, што плуг варочае зямлю, якая пакрыта першым, яшчэ мокрым, сняжком.

Мiж iншым, можна заўважыць, што ў гарадскiх пасёлках, райцэнтрах сёння з’явiлася ўстойлiвая катэгорыя людзей, якiя зарабляюць менавiта ворывам зямлi. Трымаюць каня, неабходныя прылады. Але акрамя апрацоўкi сваiх участкаў, прапануюць паслугi iншым. Так складваецца дэмаграфiчная сiтуацыя ў правiнцыi, што тут вельмi шмат удоў, жанчын ужо сталага веку. Урабляць грады яны яшчэ могуць, а вось ускапаць свае соткi — ужо не. Тут i прыходзiць на дапамогу чалавек з конiкам. Участкi невялiкiя, працы нiбыта i няшмат. Але пакруцiцца з плугам памiж яблынь ды агароджаў даводзiцца. Бярэ ён нiбыта i няшмат. Тысяч пятнаццаць—дваццаць. Але ж за дзень можа ўпарадкаваць i шэсць, i сем участкаў. Залатая пара ў iх вясною цi ўвосень.

Так што незаменная рэч — звычайны плуг. I зямлi не дае зарасцi, i кормiць некага, а некаму дае задавальненне ад успамiну аб простай сялянскай працы.

Вiцебская вобласць.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць ва ўжытку беларусаў, якiя нейкiм чынам звязаныя з зямлёй, яе апрацоўкай, такi выраз: «Дамовiцца з канём»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика