«Першакласны» шопiнг,
Ала МАЧАЛАВА
або Як падрыхтавацца да першага навучальнага года
Рэйтынг расходаў для бацькоў, якiя збiраюць у школу першаклашак: 1. Школьная форма (нагадаем, вытрыманая ў дзелавым стылi): касцюм (25—80 тысяч рублёў) + сарочка /блузка (12—30 тысяч). 2. Канцтавары — ад 26 да 116 тысяч. 3. Абутак — 25—45 тысяч. 4. Спартыўнае адзенне — 15—60 тысяч. 5. Спартыўны абутак — 7— 43 тысячы. 6. Ранец/сумка — 15—24 тысячы рублёў. Нельга не адзначыць, што паводле падлiкаў галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мiнгарвыканкама, цэны вагаюцца i ў залежнасцi ад таго, дзявочы гэта набор цi хлапчуковы: поўны «экiп» першакласнiцы абыдзецца яе бацькам у 126—361 тысячу рублёў, а першакласнiка — у 135—382 тысячы адпаведна. Амаль усе тавары айчыннай вытворчасцi (за выключэннем тых, што выпускаюцца ў нас у недастатковай колькасцi або наогул не выпускаюцца). Паводле слоў Галiны Дзевiер, загадчыцы аддзела нехарчовых тавараў, няпрофiльнай для нашай прамысловасцi з’яўляецца вытворчасць канцтавараў: — Канцылярскiя прылады ў большасцi сваёй завазныя, пераважна расiйскiя, — сцвярджае яна. Наколькi афiцыйныя лiчбы суадносяцца з рэальным жыццём, мы пацiкавiлiся, стоячы ў чарзе да кутка першакласнiка ў гадлёвым доме «На Нямiзе». Аляксандр i Анжэла Янскiя прыехалi ў сталiцу са Стоўбцаў спецыяльна для таго, каб набыць усё неабходнае для дачкi Танi, якая ўжо зусiм хутка пойдзе ў першы клас. — Патрацiць менш за 300 тысяч проста нерэальна! — кажуць яны. — Прычым мы набываем пераважна беларускiя тавары як больш якасныя i танныя. Анжэла прызналася, што найбольшыя цяжкасцi ўзнiклi пры падборы школьнай формы: — Для дзяўчынкi хочацца нешта вясёленькае, а ў продажы ўсё ў асноўным шэрае, строгае. Мы вось нарэшце адшукалi зялёны камплект у клетку, на iм i спынiлiся. ДЗЕ ШУКАЦЬ? У адной толькi сталiцы звыш 40 куткоў для першакласнiкаў, якiх сёлета сядзе за парты не менш за 11 тысяч. Пры ўсiх буйных унiвермагах адкрыты школьныя базары. Магчымасць набыць тавары для школьнага сезона са скiдкай або ў крэдыт прадастаўляюць пакупнiкам ГУМ (10-працэнтная скiдка пры набыццi адзення i абутку, а таксама крэдыт на 3 месяцы пад 5 працэнтаў, калi вы набываеце тавар на суму, роўную 350 тысячам рублёў, або вышэйшую за яе) i гандлёвы дом «На Нямiзе» (дарэчы, сюды лепш наведвацца з 9 да 10 гадзiн — у гэты час дзейнiчае 2-працэнтная скiдка). Шматдзетным сем’ям i тым, хто выхоўвае дзяцей-iнвалiдаў, варта набыць абутак у магазiне «Луч» — там гандлёвая нацэнка будзе знiжана на 5 працэнтаў. У ЦУМЕ Як паведамiла нам гандлёвы iнспектар Iрына Пабылая, ва унiвермагу грунтоўна падрыхтавалiся да продажу тавараў школьнага асартыменту для новага навучальнага года: створаны куток першакласнiка, на двары ля ўваходу ва унiвермаг працуе школьны базар, адкрыты дадатковыя месцы продажу гэтых тавараў у iншых секцыях, адпаведныя рэкламныя аўдыё-ролiкi рэгулярна перадаюцца па радыёвузлу, дзейнiчае дэманстрацыйная зала для першакласнiкаў. Не абмiнула ЦУМ i самая модная тэндэнцыя — паказы дзiцячага адзення. На iмправiзаванай сцэне ля унiвермага прайшлi дзве дэманстрацыi мадэляў — трыкатажу ад «Купалiнкi» i «Свiтанка», а таксама абутку, вучнёўскiх сумак i ранцаў ад iншых вытворцаў. Паўдзельнiчае ЦУМ i ў традыцыйнай ярмарцы «Прывiтанне, школа!», дзе таксама наладзiць паказ адзення i нават тэатралiзаванае прадстаўленне. Таваравед з секцыi дзiцячага адзення Алена Аўсеенка распавяла: — Цэны на беларускае адзенне нiжэйшыя, акрамя таго састаў тканiн вышэйшы па якасцi: змяшчае больш натуральных матэрыялаў у параўнаннi, скажам, з расiйскiмi вырабамi, дзе больш сiнтэтыкi. У сярэднiм касцюм першакласнiка каштуе 65 тысяч рублёў. Сярод пакупнiкоў асаблiвай папулярнасцю карыстаецца адзенне ад «Калiнкi» i «Славянкi» для дзяўчынак, а таксама «Камiнтэрна» i «Бараўчанкi» для хлопчыкаў. Пакупнiкоў радуе, што цэны недалёка адышлi ад узроўню мiнулага года. — Гэта датычыцца i канцтавараў, — дадае Iрына Пабылая. — А што да адзення, то, паводле маiх уласных назiранняў, дзяўчынкам часцей купляюць касцюмы-тройкi i нават чацвёркi — гэта вельмi прыгожа i практычна (тут i спаднiчка, i штонiкi — на ўсе сезоны). * * * Сённяшнi набор першакласнiка па сваiм складзе нiчым не адрознiваецца ад таго, з якiм збiралася ў школу я — тыя ж сшыткi (у незабыўную буйную клетку i вузкую лiнейку), над якiмi давядзецца папацець, выводзячы кручкi, лiчыльныя палачкi, касы лiчбаў, а таксама лiтар i складоў i г.д. Хiба што з’явiлiся спецыяльныя канцтавары для ляўшэй, а сшыткi сталi больш каляровымi, з паперы больш высокай якасцi, i сёння вочы разбягаюцца, гледзячы на той вялiкi асартымент, што ёсць у продажы. Паводле ўласных падлiкаў прадаўцоў мiнскiх унiвермагаў, сярэднi кошт сёлетняга канцылярскага набору складае 55 тысяч рублёў, засталося толькi падабраць i набыць свой.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
або Як падрыхтавацца да першага навучальнага года
|
|