Рэклама павiнна даносiць карысную iнфармацыю i не быць агрэсiўнай
Сяргей СТАРЫНАЎ
А на мой погляд... Па сваёй сутнасцi рэклама заклiкана выконваць вельмi карысную функцыю: iнфармаваць насельнiцтва аб новых таварах i паслугах. Але, на жаль, яе колькасць (асаблiва, напэўна, на тэлебачаннi) часам перакрэслiвае гэты станоўчы эфект. З-за бясконцых паўтораў, перарыву перадач, рэклама можа выклiкаць нейкiя адмоўныя пачуццi. Цi так гэта, мы паспрабавалi высветлiць падчас нашага чарговага апытання. Як асабiста вы ўспрымаеце рэкламу — як карыснага дарадцу пры выбары тавараў i паслуг цi як выключна раздражняльны фактар?Таццяна КАРАЛЕНКА, начальнiк абаненцкага аддзела камунальнага жыллёва-эксплуатацыйнага унiтарнага прадпрыемства «Рагачоў»: — Ведаеце, i я, i члены маёй сям’i ставяцца да рэкламы даволi станоўча. Яна i не раздражняе нас асаблiва, i ў пэўным сэнсе, як вы кажаце, дапамагае зарыентавацца ў сферы тавараў i паслуг, зрабiць пэўны выбар. Але назваць нейкую дакладную рэч, набытую з дапамогай рэкламы, я не магу. Вiдавочна, таму, што не надавала гэткай сувязi асаблiвай увагi. Аляксандр АПАЦКI, першы намеснiк мiнiстра прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя: — У адносiнах да рэкламы ў мяне няма адназначнага меркавання. Напрыклад, ролiкi на сацыяльную тэматыку — экалагiчныя, якiя датычацца аховы здароўя, бяспекi людзей (па лiнii МУС, МНС), рэклама пра энергазберагальныя тэхналогii, ролiкi Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны — я толькi вiтаю. Па-першае, яны даносяць да людзей пэўную патрэбную iнфармацыю, па-другое, ужо ў больш шырокiм сэнсе — закладваюць у падсвядомасцi грамадзян асновы правiльных паводзiнаў у той цi iншай сiтуацыi, прычым, на перспектыву. Адваротны бок медаля — камерцыйная рэклама, што дбае аб сваiх iнтарэсах, якiя часам могуць не супадаць з нашымi, спажывецкiмi. Людзi ж прывыклi верыць тэлебачанню, вось iм i гавораць: гэтае дзеянне цi такiя лекi — добрыя. А насамрэч гэта не зусiм так. I што абурае, за такую нядобрасумленную рэкламу нiхто не нясе адказнасцi. Добра, што дзяржава ўзяла под жорсткi кантроль рэкламу тытуню, алкаголю. Хоць i тут некаторыя кампанii iдуць на пэўныя хiтрыкi: пад выглядам, скажам, рэк-ламы вады рэкламуюць насамрэч моцны напой. Людмiла ШАРАЙ, галоўны ўрач установы аховы здароўя «Заслаўскае ГТМА»: — Шчыра кажучы, тая ж тэлерэклама мяне не раздражняе, бо я на яе асаблiвай увагi не звяртаю. Часам «раптам» убачу нейкi ролiк, а мне кажуць: ды яго ўжо паўгода круцяць. Гэта, па-першае. Па-другое, на мой погляд, добраму тавару рэклама не патрэбная (смяецца). Таму калi нейкая перадача перабiваецца рэкламнымi паўзамi, у мяне з’яўляецца нагода пераключыцца на iншыя каналы (а што там iдзе) або зрабiць нешта па гаспадарцы (смяецца). Адпаведна, усе гэтыя заклiкi нешта набыць не аказваюць на мяне практычна нiякага ўздзеяння. Як кажуць, паглядзеў i забыўся. Адзiнае, што мяне непакоiць i як прафесiйнага медыка, i проста як чалавека, гэта агрэсiўнасць рэкламы ў прапагандзе спажывання пiва. На моладзь найперш яна сапраўды аказвае вялiкi ўплыў. Вы паглядзiце, колькi зараз юнакоў i дзяўчат лiтаральна не выпускаюць з рук бутэльку пiва?! На жаль, пiўны алкагалiзм ужо стаў даволi распаўсюджанай з’явай. Таму, лiчу, вось такую рэкламу трэба яшчэ больш абмяжоўваць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па сваёй сутнасцi рэклама заклiкана выконваць вельмi карысную функцыю: iнфармаваць насельнiцтва аб новых таварах i паслугах. Але, на жаль, яе колькасц
|
|