Беларускі Сельскi турызм: мы не капіруем чужы вопыт — вучымся гасцінна прымаць турыстаў самі
Ала МАЧАЛАВА.
Усё больш модным становiцца адпачынак у вёсцы. Пра тое, чым жыве сельскi турызм у Беларусi, распавёў Андрэй Барашка, кiраўнiк партала Holiday.by (асобны раздзел Iнтэрнэт-рэсурсу прысвечаны адпачынку ў сядзiбах), супрацоўнiк БГА «Адпачынак у вёсцы» (былое ГА «Агра- i экатурызм»):
— Штомесяц 2—3 новыя гаспадары выказваюць жаданне далучыцца да сельскага турызму (гэта толькi электронным спосабам, праз Holiday.by), працаваць у гэтай сферы. З размовы высветлiлася, што да нядаўняга часу не было юрыдычнай базы, якая дазваляла б турыстычнаму агенцтву працаваць з сядзiбай. Тыпавы дагавор, якi павiнен палегчыць жыццё i гаспадара, i агенцтва, быў распрацаваны адносна нядаўна як працяг Закона «Аб падтрымцы агра- i экатурызму». — Дагэтуль сядзiбы як тур- прадукт прапаноўвала каля 15 агенцтваў (сярод iх «Дудуткi-тур», «Экатур-6», «Глобус», «Эскафон» i iнш.), — адзначыў кiраўнiк партала Holiday.by. — Зразумела, не ўсе сядзiбы прадстаўлены ў кожным агенцтве: фiрмы самi выбiралi тыя цi iншыя сядзiбы ў адпаведнасцi з кантынгентам сваiх турыстаў, iх запатрабаваннямi. Андрэй Барашка адзначыў таксама i тое, што сярод агенцтваў лiдзiруе «Дудуткi-тур», на базе якога створаны цэнтр па бранiраванню сельскiх сядзiб Беларусi. Заўважу, што iнфармацыйныя паслугi, якiя забяспечвае агенцтва, калi вы разам з iм падбiраеце сядзiбу, каштуе 10 умоўных адзiнак. Паводле статыстыкi электронных заявак на Holiday.by, за чэрвень было зроблена 415 заказаў на традыцыйны турызм (часцей за ўсё выязны) i 108 — на сельскi (у нечым ён развiваецца па законах звычайнага турызму: напрыклад, таксама мае сезоннасць — пiк прыходзiцца на летнi перыяд i Новы год). — Пакуль што найбольшая колькасць сядзiб у Мiнскай вобласцi. Цi звязана гэта з тым, што патэнцыяльныя клiенты — мiнчане? — цiкаўлюся я. — Так, але, на мой погляд, гэта з’ява часовая. Новае заўсёды нараджаецца там, дзе ёсць найбольшы попыт. Ужо сёння мы бачым актыўны колькасны рост сядзiб у iншых абласцях: Гродзенская вобласць добра сябе паказвае, Брэсцкая таксама падцягваецца. Сёння, калi прапаноўваеш турысту месца ў радыусе 100 кiламетраў ад Мiнска, яно ўжо не лiчыцца далёкiм, а гэта зона якраз i прыходзiцца на iншыя вобласцi. Людзi ў рэгiёнах вельмi хутка падхоплiваюць гэтую тэндэнцыю цi, нават, моду — адпачываць у сельскiх сядзiбах. I яны ўжо звяртаюцца не ў Мiнск, а недзе ў сябе, блiжэй да дома. Мiнск проста даў штуршок iншым рэгiёнам. Пра асаблiвасцi сельскага турызму Андрэй выказаўся так: — Безумоўна, гэта знаёмства з людзьмi. Турыстычны патэнцыял у гэтай сферы — людзi, якiя прымаюць (гаспадары i мясцовыя жыхары). Гэта адбываецца натуральна, спантанна, нiбы ты проста выпадкова спынiўся ў вёсачцы, праездам. Не ўзнiкае пачуцця арганiзаванасцi самiх сябе, свайго вольнага часу, а гэта спрыяе выдатнаму адпачынку. Зразумела, не апошнюю ролю iграе i натурпрадукт: дамы з экалагiчна чыстых матэрыялаў, мясцовая ежа, напоi, чаго ў горадзе не хапае. Сам Андрэй шмат падарожнiчаў па Беларусi, спыняючыся ў вёсачках, яшчэ да таго, як з’явiлася асацыяцыя «Агра- i экатурызм», наведаў мноства сядзiб, рэкамендаваў i сваiм знаёмым. — Многiя лiчаць, што гэта адпачынак для больш сталых людзей, — заўважае Андрэй, — тых, хто хоча адасобiцца, правесцi час у цiшынi i спакоi. Гэта не так, у сядзiбах часта адпачываюць маладыя, робяць гэта актыўна. Многiя сядзiбы маюць адпаведны iнвентар. Чыста спартыўная сядзiба — «Спартхаус Сосны», велапрагулкi — у «Прылучках», «Кролава хата» — для аматараў байдарак, «Навасёлкi» таксама запрашаюць у водныя паходы. Сёння ў набор амаль абавязковых паслуг любая сядзiба iмкнецца дадаць нейкi элемент актыўнасцi, бо на атрыманым вопыце бачна, што для адпачынку патрэбны пастаянныя змены, сённяшнiя турысты не хочуць сядзець на адным месцы. У нечым гэта i вынiк канкурэнцыi: калi ў сядзiбе няма iнфраструктуры для актыўнага адпачынку, а ў астатнiх ёсць, яна не вытрымлiвае канкурэнцыi. У працяг тэмы канкурэнцыi, рынкавых адносiнаў Андрэй расказаў, што БГА «Адпачынак у вёсцы» вучыць гаспадароў сядзiб паводзiнам на рынку: праводзiць семiнары, сустрэчы мясцовых гаспадароў, а таксама наладжвае абмен вопытам з калегамi з-за мяжы, пераконвае ў неабходнасцi самарэкламы, робiць стаўку на Iнтэрнэт як асноўную крынiцу пошуку iнфармацыi. Нездарма многiя сядзiбы маюць уласныя сайты ў Iнтэрнэце. — Сфера сельскага турызму — гэта такi ж бiзнэс, — кажа Андрэй, — дзе ўсе адначасова i калегi, і сябры, i канкурэнты. Хтосьцi iмкнецца апярэдзiць суседа, гэта i задае тон развiццю падгалiны. Без гэтага не было б руху наперад. Ёсць пэўныя ўмовы перспектыўнасцi такога бiзнэсу: неабходна, каб гаспадары займалi вельмi актыўную пазiцыю на рынку. Гэтаму можна павучыцца ў краiн-суседзяў. Я пацiкавiлася, цi не капiруем мы вопыт заходнiх краiн, дзе сельскi турызм даўно карыстаецца папулярнасцю: — Польшчу i Лiтву мы не можам скапiраваць фiзiчна: у нас iншы менталiтэт, мы бачым усё па-свойму. Наша сапраўдная заслуга ў тым, што мы навучылiся гасцiнна прымаць турыстаў, так, як не прымае нi адна iншая турыстычная iнфраструктура. У нас магчымасцi геаграфii унiкальныя. Сутнасць агра- i экатурызму не ў тым, каб капаць вакол сябе раку цi сажалку або тэрмiнова саджаць лес, а ў тым, каб максiмальна скарыстаць магчымасцi мясцовасцi, у якой размяшчаецца сядзiба, зрабiць яе найбольш прывабнай. Казаць пра тое, апярэдзiлi мы суседзяў цi адсталi ад iх — няправiльна. Нам трэба навучыцца па максiмуму скарыстоўваць тое, што маем: мы моцныя кулiнарыяй, народнай творчасцю, непаўторным нацыянальным каларытам, жаданнем кааперыравацца. У нас распрацавана 7 зялёных маршрутаў (так званых green ways), якiя аб’ядноўваюць некалькi сядзiб. — Цi iмкнуцца беларускiя сядзiбы працаваць з замежнымi турыстамi? — пацiкавiлася я. — Пакуль новая галiна не навучыцца працаваць з мясцовымi клiентамi, ёй не трэба, напэўна, iмкнуцца на знешнi рынак, бо адзiн няправiльны крок тут — i пад пытанне ставiцца ўся галiна. — Якi кантынгент адпачывае ў сядзiбах? — Статыстыка Iнтэрнэт-заказаў паказвае: самы значны сегмент рынку складаюць дзве групы — па-першае, сямейныя пары, а па-другое, сярэднiя i вялiкiя групы людзей — ад 6 i больш чалавек (так званы карпаратыўны адпачынак). У сярэднiм узрост адпачываючых 25—35 гадоў, для карпаратыўных мерапрыемстваў, зразумела, гэтыя паказчыкi больш выскоiя. Самы распаўсюджаны заказ — на уiк-энд, аднак былi жадаючыя правесцi ў сядзiбе водпуск (цэлы месяц). Ну i нарэшце пра кошт... — Не маюць рацыi тыя, хто кажа, што беларускае — больш таннае, — сцвярджае Андрэй Барашка. — Фабрычнае i хэнд-мэйд (зробленае ўручную) адрознiваюцца i па якасцi, i па кошту. Як з адзеннем, так i з адпачынкам. У сярэднiм адпачынак у вёсцы абыдзецца вам у 20 долараў на чалавека за суткi. Сумы розняцца ў залежнасцi ад класу сядзiбы. Сiстэма дыферэнцыяцыi па класах пакуль не ўласна беларуская: зараз карыстаюцца сiстэмай, прапанаванай ЕСЕАТ (Еўрапейскай Асацыяцыяй агра- i экатурызму), у хуткiм часе плануецца пры дапамозе гэтай арганiзацыi распрацаваць менавiта беларускую сiстэму. Зразумела, дзяленне гэта дастаткова ўмоўнае. Улiчваюцца, у першую чаргу, колькасныя паказчыкi (у прыватнасцi, колькасць пакояў). Значэнне мае не толькi сама сядзiба, яе iнфраструктура, але i наваколле (шырыня экскурсiйнай базы, наяўнасць прыроднага вадаёма). Сiмвалам беларускiх сядзiб з’яўляецца выцiнанка-пеўнiк (састаўная частка лагатыпу БГА «Адпачынак у вёсцы»). Колькасць гэтых пеўнiкаў сведчыць аб прыналежнасцi да аднаго з 4 класаў (4-ы — самы лепшы, з вялiкай ступенню камфортнасцi i шырокiм спектрам дадатковых паслуг). Аднак тут няма прамой паралелi з зоркамi ў гатэлi, гэта асаблiвая, сельская класiфiкацыя. Галопам па сядзiбах Цi ведаеце вы, што ў Беларусi ёсць свая Швейцарыя? Каб упэўнiцца, зазiрнiце ў Гродзенскую вобласць, дзе размясцiлася «Мiнi-Швейцарыя» — сядзiба на беразе Вiлii. Адкуль такая назва, мы пацiкавiлiся ў яе гаспадынi Марыi: — Тут неверагодна чыстае паветра, лугi, што нагадваюць сваёй чысцiнёй i абсягамi альпiйскiя, i гэткая гарыстая мясцовасць. — На якiх турыстаў разлiчана ваша сядзiба, Марыя? — На невялiкiя групы салiдных людзей. Высветлiлася, што прыблiзны партрэт наведвальнiка «Мiнi-Швейцарыi» выглядае так: бiзнэсмен сярэдняга ўзросту, галоўным чынам — мiнчанiн, якi прыязджае, каб расслабiцца, адпачыць ад цывiлiзацыi. — Цi даўно працуеце? — У снежнi будзе год. — Якiя высновы зрабiлi за гэты час, што новага плануеце? — «Мiнi-Швейцарыя» разлiчана на аматараў пасiўнага адпачынку, а сюды даволi шмат студэнтаў прыязджала (у тым лiку кiтайскiх), для такiх я планую адкрыць новую зону адпачынку — у мяне ёсць участак плошчай з гектар проста сярод лесу, на беразе ракi, жылля няма ў радыусе 4 кiламетраў. Вось там я планую зрабiць нейкiя спартыўныя, аздараўленчыя збудаваннi, жыць там будзе больш людзей i за меншыя грошы — спецыяльна для моладзi. Наведваюць сядзiбу не толькi беларусы, але i расiяне, i нават кiтайцы (студэнты, што вучацца ў сталiцы, i супрацоўнiкi замежных прадпрыемстваў на тэрыторыi Беларусi). Для даведкi: зараз адпачынак у «Мiнi-Швейцарыi» каштуе 12 умоўных адзiнак за суткi (без харчавання), па рангу гэта сядзiба 2-га класа. *** Вельмi шчырая гаспадыня сядзiбы «Крынiчка» Станiслава Станiславаўна, i адпачынак у яе такi ж — цiхi, сямейны: — У нас адпачывалi i iншаземцы: немцы, амерыканцы (прыязджалi з прадстаўнiкамi Мiнiстэрства спорту i турызму), — кажа жанчына. Пахвалiлася гаспадыня прыездам знакамiтага госця: у сядзiбе адпачываў знакамiты тэнiсiст Уладзiмiр Валчкоў. Студэнты часам разбаўляюць цiшыню i спакой «Крынiчкi»: — Прыязджаюць днi нараджэння святкаваць, дыпломы «замочваць», — прызналася Станiслава Станiславаўна. Святкуюць у «Крынiчцы» i маладажоны: ужо ў пачатку лiпеня кожны жнiвеньскi уiк-энд быў распiсаны — другi дзень вяселля спраўляюць. — У нас вялiзны сад: тут i грушы, i яблынi, i вiшнi, — расказвае Станiслава Станiславаўна. — Кветак вiдзiма-нявiдзiма, нават на даху ёсць. Блiзка возера, на нашых лодках можна выправiцца ў падарожжа па iм. Што яшчэ трэба для адпачынку? «Крынiчка» адчынiла дзверы для гасцей яшчэ ў 2001-м. Госцi ў асноўным прыязджаюць летам: — Узiмку хiба што Новы год спраўляюць, — кажа гаспадыня. Спытаецеся, як прыйшлi да сельскага турызму? А вось як: сын Станiславы Станiславаўны працаваў у сферы адпачынку ды i сама яна аб’ездзiла шмат краiн. «Наблатыкалася», — кажа. Што-нiшто пра турызм ведае, уяўляе, як задаволiць гасцей. З розных краiн жанчына прывозiла не толькi новыя веды i ўражаннi, але i новыя гатункi кветак. — Я самая вялiкая рыбачка на Нарачанскiм узбярэжжы: бацька з пялёнак браў мяне на рыбалку, — не без гордасцi запэўнiвае нас Станiслава Станiславаўна. — Ведаю, якая рыба ў якое надвор’е дзе жыве. Учора вось хадзiлi за ракамi. А мацi цудоўна пякла хлеб, некалi нават для самой Церашковай! Я гэтае майстэрства пераняла ў яе. Адпачынак у «Крынiчцы» з умовамi на дварэ абыдзецца вам у 7 долараў за суткi (без харчавання), можна таксама папарыцца ў суседскай лазнi. *** «Спартхаус Сасновы бераг» на Нарачы, наадварот, разлiчаны на аматараў актыўнага адпачынку. — Часцей за ўсё ў нас адпачываюць матэрыяльна забяспечаныя мужчыны сярэдняга ўзросту, — кажа Алена, гаспадыня сядзiбы. — У гасцей ужо ёсць пэўныя дасягненнi ў прафесii, узровень iх даходаў вышэйшы за сярэднi. Шмат было расiян. Сюды прыязджаюць для таго, каб займацца кайтынгам. Нязменны элемент кайтынгу — кайт (паветраны змей), а даска (борд) можа змяняцца ў залежнасцi ад пары года (маўнтын- i сноўборд, багi, серф). Гэта дастаткова экстрэмальны вiд адпачынку, для Беларусi ён яшчэ зусiм новы, а вось на захадзе зараз сапраўдны бум на яго. — Для нас, беларусаў, гэта больш даступны вiд спорту па дзвюх прычынах, — расказвае Алена. — Па-першае, ён таннейшы за вiндсерфiнг, а па-другое, серфiнг усё ж такi марскi вiд спорту, разлiчаны на больш высокiя хуткасцi ветру. Да таго ж, кайтынгам можна займацца i ўзiмку — на сноўбордзе. Сама Алена мае вышэйшую фiзкультурную адукацыю i ўсе члены яе сям’i — аматары спорту: дачка неаднаразова займала прызавыя месцы на рэспублiканскiх спаборнiцтвах па паруснаму спорту, сын станавiўся чэмпiёнам на мiнскiх спаборнiцтвах па вiндсерфiнгу. Як бачыце, тут прадастаўляюцца ўмовы не толькi для вопытных кайтараў, але i для пачаткоўцаў, якiх могуць забяспечыць iнструктарскай дапамогай. 25 долараў за суткi, скажу я вам, не надта танна, аднак гаспадары тлумачаць гэта дарагавiзнай самiх вiдаў спорту. Супрацоўнiкi «Спартхауса» валодаюць англiйскай i нямецкай мовамi, што робiць гэта месца прывабным для iншаземцаў. У «Спартхаусе» можна таксама адправiцца ў вела- i водную прагулкi па наваколлю, парыбачыць. (Заканчэнне будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Усё больш модным становiцца адпачынак у вёсцы. Пра тое, чым жыве сельскi турызм у Беларусi, распавёў Андрэй Барашка, кiраўнiк партала Holiday.by (ас
|
|