Паводле РаблеАлё, народ на провадзе ...Так-так, гэта пра яго, пра мужчынскае, спрадвечнае i вельмi складанае: жанiцца цi не? Якое, прынамсi, так доўга вырашаў адзiн з маiх знаёмых.Сустракаўся, значыць, ён з дзяўчынай. I год, i два, i пяць, а да вяселля — ну нiяк. Але ж раз пад Новы год ён-такi рашыўся: завiтаў да яе бацькоў, папрасiў рукi, давёў сваiм, каб да вяселля рыхтавалiся. — Пачакалi б да восенi, — сказала яго мацi. — Стол танней абышоўся б. Жанiх за гэта — ну як за саломiнку — i на папятную: можна ж i сапраўды пачакаць, пахаласцякаваць яшчэ. Тым больш што нявеста як быццам не супраць... Бацька яе ўмяшаўся. Прыйшоў на работу да кандыдата ў зяцi, у вугал загнаў, пытае: — Мужык ты цi не мужык? Слову свайму гаспадар цi пустабрэх якi? I тут жа галоўны аргумент выдае: «Я ўжо ўсiм сказаў, што дачку аддаю. Усе ведаюць. I што цяпер?». Прыйшлося, карацей, занесцi заяву ў ЗАГС, купiць пярсцёнкi... А тут якраз лiст з Клайпеды — армейскi сябрук на вяселле запрашае. Ну як тут адмовiш? Ён — нiкому нi слова — грошы ў кiшэню, у аўтобус, паехаў. На цэлы тыдзень, як кажуць, з жыцця вывалiўся. Але ж на другi — вярнуўся. З вакзала, лiчы, да будучай швагеркi пайшоў (з нявестай там найчасцей сустракалiся)... Абедзвюх дома заспеў. Ад гора — ажно ўчарнелi. Ведама, цэлы тыдзень «варажылi»: няўжо кiнуў? няўжо ўцёк? а мо нешта зрабiлася i загiнуў? А ён тут — жывы, здаровы... «Гора» тое «Шампанскiм» запiлi — добра, цесць iм загадзя хату заставiў... На славу вяселле справiў. I сям’я (цьфу-цьфу-цьфу, каб не сурочыць) удала злажылася — трое дзетак гадуецца. I чаго так баяцца было? Наталля ШВЕДАВА, г. Мiнск Ворагi. Яны ж — сябры У ранейшыя часы — не ведаю, чаму, але вёскi часта мiж сабой ваявалi, «сценка на сценку» iшлi, нейкi гонар даказвалi. Наш Лучын у гэтых справах заўсёды першым быў. Больш за тое, да лiдарства i кожны вясковец iмкнуўся. Кшталту, надыходзiць вясна, — нi на што не глядзяць (у сэнсе ўмоў). Галоўнае, каб iншых абагнаць, каб раней адсеяцца i на лаўку ля хаты сесцi. Глядзiце, маўляў... Але што гэта я ў мiнулым часе кажу? Яно ж i дагэтуль! У процiлеглым кутку раёна спытайце, дзе раней за ўсiх агароды абрабляюць? Любы адкажа — у Лучыне. Ад снегу... Зрэшты, гэта, так бы мовiць, перадгiсторыя. Цяпер — яна сама. Недзе пасля вайны вёска Лучын, як кажуць, была на нажах з вёскай Задруцце. А аднаго з мужыкоў адтуль — добрага, непiтушчага — мелiся ў камунiсты прыняць. Паперы ўжо ўсе сабралi. Да сходу справа дайшла. I на iм адзiн з iнструктараў райкама пытанне яму задае: — Скажыце, таварыш, а хто зараз нашыя галоўныя класавыя ворагi? Кандыдат i вокам не мiргнуў: — Лучынцы! Не, не прынялi яго ў партыю — «недаспеў». ...Тады, вiдаць, перажываў ён. А ўвогуле, думаю, удзячны быў. Нам, лучынцам. С.П. КУСЯНКОВА, Рагачоўскi раён P.S. Трэба дадаць, што я — «заўжды першай» агарод свой не сею... Так што несапраўдная, мабыць, лучынка? Вясёлыя шторы Часы, калi ў свабодным продажы нiчога не было, калi ўсё даставалi па блату, па нейкiх спiсах, па талонах, купонах, куплялi на нарыхтоўкi, на здадзеную сельгаспрадукцыю i iнш., даўно мiнавалi. Але ж помняцца! Прычым не толькi чэргамi, не толькi крыўдамi, не толькi прынiжэннямi, з якiмi трэба было iсцi на паклон да так званых патрэбных людзей... У той год наша сям’я — нарэшце! — атрымала кватэру. Патрэбна было лiтаральна ўсё: мэбля, дываны (модна ж...), бытавая тэхнiка, посуд... Галава пухла ад думак: дзе браць? Вось мы разам з жонкай i рашылi наведаць вясковыя крамы: раптам пашанцуе, раптам нешта з дэфiцытаў адшукаем там? Селi ў машыну, ад’ехалi колькi вёрст ад горада, зайшлi ў адзiн магазiн — выйшлi з пустымi рукамi, потым — у другi (нiчога, лiчы, не купiлi)... А тады яшчэ парадак быў — на нарыхтоўкi шмат што прадавалася, за здадзеную сельгаспрадукцыю — за мяса, малако. Таму, агледзеўшы тавар у чарговай краме, мы па парадку сталi распытваць у прадаўца: — Гэты кухонны набор свабодна прадаецца? — Не, толькi па запiсах. — А гэта коўдра? — За нарыхтоўкi. — А посуд? — Таксама... За яйцы. Мы ўжо збiралiся выходзiць, калi жонка на адной з палiц згледзела зложаны ў пакет камплект штор для кухнi. — Скажыце, — папрасiла, — гэта таксама на іх? — Не, — сказала яна. — Гэта — на вокны. Шторы тыя вiселi ў нас досыць доўга. Напэўна, таму i помнiцца гiсторыя iх пакупкi. В.С., г. Гомель. «Ён жа плюшавы...» Калi я быў кавалерам (гэта было даўно, але ж праўда), гуляў на вяселлi ў сябра Валодзi Сырыцына. Ён за мяне маладзейшы быў. А бач... Падышоў да мяне, пытаецца: «Ты, мусiць, дзяўчат саромеешся?»... I расказвае... Пра аднаго хлапца. Ну, вельмi «сарамлiвага»... Дык вось. Пазнаёмiўся той з дзяўчынай, у кiно звадзiў колькi разоў, — яна яго дамоў да сябе запрасiла. Кажа: «Пасядзi тут, я мiгам кавы звару». I ў кухню. Хлопцу ж, беднаму, на той момант не кавы трэба было, яму б — якраз наадварот. А спытаць ў дзеўкi, дзе той «домiк», сорамна, няёмка. Ну, ён i... Сабачку ў кутку ўбачыў, — думае: ледзь што — на яго ўсё звярну. Гаспадыня ў пакой, — ён ёй i кажа: — Валя, а сабака ў вас нейкi нявыхаваны. Гля, што зрабiў. Дзеўцы i мову адняло. Шэпча: — Ён жа плюшавы. ...З Валодзем мы не бачылiся гадоў, мо, з 30. Казалi, што ён пераехаў у Рагачоў. Так што, калi нехта з яго знаёмых чытае гэта «Алё...», перадайце яму прывiтанне. А мо i героi сябе «прызнаюць»? Мiкалай СТАРЫХ, г. Гомель.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Так-так, гэта пра яго, пра мужчынскае, спрадвечнае i вельмi складанае: жанiцца цi не? Якое, прынамсi, так доўга вырашаў адзiн з маiх знаёмых |
|