Кiнадэбют драматурга Алены ПаповайТворца ў iнтэр’еры часу На кiнастудыi «Беларусьфiльм» рэжысёр Маргарыта Касымава здымае новы фiльм пад рабочай назвай «Спакуса» («Соблазн»). Сцэнарый карцiны напiсала вядомая пiсьменнiца i драматург Алена Папова. Як нi парадаксальна, аўтар некалькiх дзесяткаў п’ес, многiя з якiх пастаўлены не толькi ў Беларусi, але ў блiзкiм i далёкiм замежжы, толькi зараз дэбютуе як аўтар кiнасцэнарыя. — Алена Георгiеўна, ужо вырашана, пад якой назвай новая кiнастужка прыйдзе да гледача? — Многiя прапануюць пакiнуць рабочую назву — «Спакуса». Праўда, ёсць некалькi фiльмаў пад такой назвай — i ўсё ж, мне здаецца, гэта дапушчальна. — Само слова «спакуса» — iнтрыгуе. А пра што фiльм? — Назва вызначае яго сутнасць. У аснове — любоўная гiсторыя. Але карцiна выходзiць за рамкi мела-драмы. Iдэя фiльма больш шырокая, закранае сённяшнiя праблемы нашага грамадства. Гэта, хутчэй, сацыяльная меладрама. — Не такi часты кiнажанр на постсавецкай прасторы. Усё больш здымаюць бандыцкiя серыялы... — Нiчога не маю супраць добрых дэтэктываў, але гэтыя бандыцкiя серыялы ўжо наганяюць аскому. Увогуле, надзвычай цяжка ўспрымаць цяперашняе серыяльнае кiно. На кожную серыю ўсё так «размазваецца»... А ў мастацкiм фiльме за абмежаваны час трэба здолець усё сказаць — усё павiнна адбыцца. На гэта трацiцца значна больш намаганняў цэлага творчага калектыву. Кiно — надзвычай складаная, энергетычна затратная вытворчасць. А якая велiзарная праца рэжысёра Маргарыты Наiмаўны Касымавай: арганiзацыя кiнавытворчасцi плюс вырашэнне ўласных творчых задач. У нашых умовах здымаць кiно вельмi няпроста. — З якiм акцёрскiм ансамблем сустрэнецца глядач? — У карцiне здымаюцца вельмi добрыя акцёры: Валерыя Арланава, Аксана Лясная, Марыя Захарэвiч, Вiялета Несцяровiч, Iрына Нар-бекава, Сяргей Астахаў, Барыс Няўзораў, Яраслаў Бойка, Аляксандр Ждановiч. Усе акцёрскiя работы — каго нi вазьмi — надзвычай дастойныя, таленавiтыя. Усё-такi я чалавек тэатральны, на акцёрскую iгру звяртаю асаблiвую ўвагу... Дарэчы, мяне заўсёды крыху бянтэжыць, калi твары, як гаворыцца, «зацёртыя» серыяламi. Але з пункту гледжання руху карцiны... Акцёры ж добрыя! Астахаў вельмi нечаканую ролю iграе, Бойка трошкi «ў сваiм рэпертуары»... Акцёрскiя работы, паўтараю, проста выдатныя. Вельмi добрая аператарская работа Фелiкса Кучара. Музыку напiсаў кампазiтар Яўген Дога. — Знакамiты Яўген Дога?! — Так. Прычым гэта работа для яго была не «проста так», прахадная — каб ён падборам цi нешта з напiсанага перадаў: маўляў, размяркоўвайце па эпiзодах... Ён спецыяльна, па рабочым матэрыяле, па касеце пiсаў музыку да кожнага эпiзоду. Гэта надзвычай высокаквалiфiкаваны чалавек, а музыка якая арганiчная. Калi кампазiтар такога ўзроўню так добрасумленна адпрацоўвае — у наш час гэта выклiкае захапленне. Бо часта пануе паспешлiвасць, прага хуткага поспеху, хуткiх i лёгкiх грошай — гэта, як хвароба, закранула вельмi многiх. — Калi завершыцца работа над фiльмам? — Фiльм амаль што гатовы. Магчыма, ужо ў вераснi адбудзецца прэм’ера. — Часам рэжысёр i аўтар сцэнарыя разыходзяцца ў поглядах на герояў, на эпiзоды i г.д. У вас з Маргарытай Касымавай такiх творчых супярэчнасцяў не ўзнiкала? — Як аўтар я чалавек «шырокi»: лiчу, што рэжысёр мае права на сваю iнтэрпрэтацыю, трактоўку. З iндывiдуальнасцю рэжысёра трэба лiчыцца. У мяне ўсё-такi вялiкi вопыт работы ў тэатры: пастаўлена 16 цi 17 п’ес — у розных тэатрах, у розных краiнах. — Дэмакратычны аўтар? — Абсалютна!.. Справа ў тым, што кiнасцэнарый — рэч больш складаная, чым п’еса. Не ў сэнсе «складанасцi» як такой... П’еса — жанр лiтаратуры. I колькi б рэжысёраў яе нi паставiла — усе спектаклi будуць розныя. А сцэнарый пiшацца для канкрэтнага фiльма, для канкрэтнага рэжысёра. Фiльм знялi — i ў тую паперу, на якой напiсаны сцэнарый, можна загарнуць селядзец... Але аўтар ведае, на што iдзе. I асабiста я стаўлюся досыць лаяльна да таго, што адбываецца «ў працэсе». — Алена Георгiеўна, вашы п’есы пачалi публiкавацца i ставiцца каля трох дзесяцiгоддзяў таму — па сутнасцi, адразу пасля заканчэння Лiтаратурнага iнстытута iмя Горкага... — Першая мая прэм’ера адбылася ў 1978 годзе. Цiкава, што пачынаюць быць запатрабаванымi, ставяцца п’есы, якiя напiсаны даўно: «Муж для паэтэсы», «Маленькiя радасцi жывых». Ставяць не толькi беларускiя, але i расiйскiя тэатры... Гэта мяне падтрымлiвае маральна. Значыць, творы якасныя i, як гаворыцца, рукапiсы не гараць... П’еса, паўтараю, iснуе як лiтаратурны жанр i ў любы момант можа быць запатрабавана. — Цiкава, а чаму так доўга не атрымлiваўся «раман» з кiно? Толькi зараз вы дэбютуеце як аўтар сцэнарыя. — З кiно была доўгая гiсторыя... Як сумленны аўтар, я iшла крыху ўразрэз з тагачаснай савецкай нiвелiроўкай рэчаiснасцi. У мяне заўсёды штосьцi такое «вылазiла». I з п’есамi былi праблемы... Пасля заканчэння Лiтiнстытута трапiла ў сцэнарную майстэрню. Тады iшла вялiкая барацьба за грошы: у савецкiя часы за сцэнарый добра плацiлi. — Прыкладна колькi можна было атрымаць? — Да пяцi тысяч рублёў каштаваў сцэнарый — пры зарплаце, напрыклад, 70 цi 120 рублёў. — Можна было аўтамабiль купiць! Ну, зразумела, слабую жанчыну «адцiралi»... — Не проста слабую — а яшчэ i вельмi маладую жанчыну, з iншым мысленнем. Хто ж бы мне гэта даў? Адзiн сцэнарый амаль «праскочыў» — пра архiтэктараў. Я нават спецыяльна ўладкавалася сакратаркай у архiтэктурнае ўпраўленне. — I колькi часу там працавалi? — Больш за месяц. Назiрала, збiрала матэрыял... Сцэнарый усё роўна перакрылi. Я спрабавала нейкiм чынам... нават да Нiкiты Мiхалкова звярталася. Будучы ў самым пачатку сваёй «зорнай» кар’еры, чалавекам ужо тады вядомым, — ён мне вельмi прыемны адказ даслаў... Пiсала сцэнарый для Мiхаiла Пташука па п’есе «Улюбёнцы лёсу» — i была вялiкая верагоднасць, што фiльм запусцiцца. Але потым рэжысёр усё ж узяў «У жнiўнi 44-га». Гiсторый з кiнасцэнарыямi ў мяне было шмат, але... — У Беларусi ёсць, гаворачы сучасным слэнгам, драматургiчная «тусоўка» — драматургiчны асяродак? — У нас не такая вялiкая колькасць тэатраў, прычым тэатральны працэс дастаткова кансерватыўны, у пэўным сэнсе — местачковы. Часта пануе прынцып: працаваць не на прарыў да новых творчых вяршынь — а проста каб захаваць тое, што ёсць... Тэатры без вялiкай ахвоты ставяць беларускiх драматургаў. Адчуванне непатрэбнасцi, незапатрабаванасцi — гэта вельмi складана. Уявiце, чалавек напiсаў 10 п’ес, але яны не iдуць — ну, i што далей?.. Вось у яго рукi i апускаюцца. Драматургаў у нас нямнога. Да Дударава, Кавалёва далучылiся Святлана Бартохава, Андрэй Курэйчык. Ад Беларусi я займаюся нямецкiм фестывалем «Новая п’еса Еўропы» — у нас ёсць таленавiтыя маладыя аўтары Пражко, Сцешык. Быў бы тэатр, а драматургi прыйдуць!. — Раней раз у два гады праводзiлiся конкурсы на лепшую п’есу. — Вельмi добрая справа. Мы заўсёды ўдзельнiчалi ў гэтых конкурсах. Гэта нават матэрыяльная падтрымка... Але не магу сказаць, што нават п’есы-пераможцы iшлi на сцэне. Зноў-такi: абыякавасць тэатра. У нашых суседзяў у Лiтве, Латвii, Эстонii — зусiм iншая сiтуацыя. Там больш увагi да свайго, нацыянальнага. — Вашы раманы «Узыходжанне Зенты» i «Вялiкае падарожжа малышкi» апублiкаваны ў расiйскiм часопiсе «Знамя», чытачы «Нёмана» пазнаёмiлiся з раманам «Сёмая ступень дасканаласцi». Скажу шчыра, з вялiкай цiкавасцю прачытала раман пра жанчыну з унiкальнымi, незвычайнымi здольнасцямi. I ўсё ж, чаму вы ўзялi для даследавання менавiта гэтую тэму — магчыма, данiна модзе на экстрасэнсорыку, мiстыку? — Зусiм не. Я не сачу за модай i, тым больш, не iду за ёй. Гэта ўласцiвасць душы. — Гераiня рамана, жанчына са звышздольнасцямi, — персанаж прыдуманы або «спiсаны» з кагосьцi? — Так, быў рэальны прататып гераiнi. А сюжэт рамана — ён выбудоўваўся нiбыта сам сабой... Потым думала: можа, гэта мая рэч крыху запозненая, бо паралельна пайшлi па тэлебачаннi серыялы пра знахарак — i атрымлiваецца так пошла. А «Сёмая ступень...» — твор фiласофскi. Лiтаратурны крытык часопiса «Новый мир» Сяргей Кастырка напiсаў пра раман: «Адбываецца пэўны зрух у яшчэ не апрабуемую нашай лiтаратурай прастору... Унутраны змест вобразаў зарыентаваны на думку, што ляжыць далёка за межамi, прадпiсваемымi жанрам... Такое дарагога каштуе». — У адным з iнтэрв’ю вы сказалi: «Чалавечыя джунглi — i пры сацыялiзме, i пры капiталiзме — застаюцца джунглямi». Апошнiм часам iмклiва змяняецца драматургiя жыцця — а чалавек? — Чалавек стаў больш складаным, «джунглi» — яшчэ больш зарослымi. Што б нi гаварылi пра савецкiя iдэалы — але яны былi... Звярнiце ўвагу, колькi людзей апошнiм часам пайшло ў рэлiгiю. Чаму? Каб зачапiцца хоць за штосьцi... У нас разбураны нават такi грунтоўны пласт, як сялянства. З яго глыбокай культурай, рэлiгiйнасцю, з яго паняццямi дабра i зла, маральнасцi. Жыхары адной вёскi заўсёды ведаюць: хто добры, хто дрэнны. I кожны хоча быць у вачах вёскi больш прыстойным. А вы ўяўляеце, калi гэта ўсё размыта, чалавек губляе свае каранi — i ў гарадскiм натоўпе, дзе нiхто яго не ведае, ён можа паводзiць сябе як заўгодна... Шмат змяшэння паняццяў, падмены паняццяў: у цяжкi час мы жывём. Хаця — часы заўсёды складаныя. I ўсё ж, што зараз адбываецца ў сусветным маштабе!.. Чалавецтва — у хаосе, нягледзячы на ўсе спробы ўладкавання. Мяне шакiруюць перагаворшчыкi ў Лiване i Iзраiлi, з усмешкамi на тварах, — а ў гэты ж момант гiне вялiкая колькасць людзей. Калi ўспомнiць пастулат Дастаеўскага: сусветная гармонiя не вартая слязiнкi дзiцяцi... Якая можа быць размова пра гармонiю, калi разлiваецца акiян дзiцячых слёз у iмя невядома чаго. — Алена Георгiеўна, сваю асабiстую «жыццёвую драматургiю» вы самi выбудоўвалi — або ўсе спадзяваннi былi на лёс, выпадак? — Гэта самая цiкавая тайна, якую кожны пастаянна разгадвае. Няма чалавека, якi б не адчуваў магчымасцяў дыяпазону руху ў прасторы. У кожнага ёсць тунэль, за якi ён не можа выйсцi. Наколькi чалавек свабодны або не ў межах свайго лёсу — з гэтага пытання, дарэчы, i пачыналася старажытнагрэчаская трагедыя. Да якой ступенi ўсе мы свабодныя сёння? — спрабую асэнсаваць i я. Гутарыла Таццяна ПАДАЛЯК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На кiнастудыi «Беларусьфiльм» рэжысёр Маргарыта Касымава здымае новы фiльм пад рабочай назвай «Спакуса» («Соблазн»). Сцэнарый карцiны напiсала вядомая
|
|