«Горкi» мёд?
Барыс ПРАКОПЧЫК
Глыбiнка Уражаннi ад сустрэчы з пчаляром-прафесiяналам, якi пакуль не жадае, каб сын стаў прадаўжальнiкам яго справыЗ некаторымi асаблiвасцямi работы пчаляра Вiктара аўтар гэтых радкоў пазнаёмiўся на ўласным вопыце. Селi за стол ля хаты, гутарым. Пчолы з паўгадзiны прыглядалiся да госця, а затым адна з iх атакавала яго «прамой наводкай» у лоб, якраз пад левае вока. Адпаведныя наступствы, нягледзячы на тое, што гаспадар пчальнiка адразу ж дастаў джала, былi бачныя яшчэ трое сутак. Вiктару, дарэчы, у той спякотны дзень, калi пчолы агрэсiўна рэагуюць на чалавечы пот, таксама дасталося ад сваiх «гадаванак», якiя не пытаюцца, хто тут свой, а хто чужы. За дваццацiгадовую практыку заняткаў пчалярствам яму да гэтага не прывыкаць, здаралася, кажа, што джала трапляла нават у самыя iнтымныя месцы цела. I гэта не смешна, бо ўкус пчалы — зусiм не бяскрыўднае шалапуцтва. Хтосьцi, канешне, можа бравiраваць, што ў невялiкiх дозах гэта нават карысна. Магчыма, аднак толькi не для людзей з цяжкай формай алергiчнай рэакцыi на пчалiны яд, якiм укус пчалы пагражае смяротнай небяспекай. Зрэшты, не аб гэтым мы думалi з калегам, едучы ў прынямонскую глыбiнку, на хутар да пчаляра Вiктара. I ўвогуле не было думак аб нечым дрэнным. Нам здавалася, што пчолы, мёд — гэта ж так рамантычна, што сустрэнем жыццярадаснага, поўнага энергii i аптымiзму чалавека, якi цвёрда стаiць на зямлi (больш за паўсотню вулляў — гэта ж нешта!), любiць сваю справу i марыць пра тое, каб яе прадаўжальнiкам стаў сын. Аднак жыццёвыя рэалii не падуладныя штампам. Мы ўбачылi фiзiчна стомленага чалавека. I пры гэтым — сапраўднага прафесiянала, знаўцу самых розных пчалярскiх нюансаў i праблем. Але пра ўсё па парадку. Вiктар родам з Навагрудчыны. Закончыў тэхнiкум па спецыяльнасцi «тэхнiк-электрык», працаваў па размеркаванню ў калгасе, але на больш-менш дастойныя заробкi нiяк не шанцавала. Таму пайшоў у ваенкамат: мо, ёсць куды-небудзь замежная камандзiроўка? Ёсць, сказалi, але толькi ў Афганiстан, электраманцёрам па рамонту знешнiх электрычных лiнiй. А на календары 1986 год, у самым разгары вайна. Тым не менш Вiктар падпiсвае кантракт i едзе ў Кабул. Там ён i сапраўды даволi някепска для звычайнага савецкага чалавека «падняўся» матэрыяльна, але аднойчы толькi цудам уцалеў ад запальных снарадаў. А вось ад эпiдэмii жаўтухi абаранiцца не ўдалося. Хваробу перанёс дрэнна i па гэтай прычыне, калi праз год вярнуўся дахаты у водпуск, за «доўгiм рублём» ужо не паехаў, кантракт скасаваў. Вось тады адзiн знаёмы i параiў Вiктару заняцца пчоламi. Выгадная, маўляў, справа, ды i для здароўя мёд вельмi карысны. Грошы ва ўчарашняга «афганца» былi — купiў чатыры вуллi, iншы iнвентар, адводкi пчол. I пайшло-паехала. Праз два гады, калi пчолы пачалi снiцца, ён звольнiўся з завода i папрасiўся пчаляром у лясгас. Пчолагаспадарка была вялікая, па 50—70 вулляў размяшчалася ў кожнай з васьмi кропак на хутарах. Аднак новага дырэктара больш цiкавiла не пчалярства як галiна эканомiкi, а каб было чым аддзячыць людзям, якiя прызначылi яго на пасаду. Вулляў станавiлася ўсё менш, увагi да пчол — таксама. Вiктар перайшоў у раённае пчолааб’яднанне, але i там, на яго думку, кiравалi не прафесiяналы, а выпадковыя ў пчалярстве людзi. У вынiку арганiзацыя збанкрутавала i яе перадалi калгасу. Тым часам асабiсты пчальнiк Вiктара павялiчыўся ўжо да дваццацi пчоласем’яў. Быццам бы i салiдна, аднак толькi на гэтым не пражывеш. Таму пачаў ездзiць «чаўнаком» у Польшчу, а затым па газетнай аб’яве пераехаў у калгас блiжэй да абласнога цэнтра, паколькi на той час ужо ажанiўся з дзяўчынай з Гродна. З калгасным пчалярствам справа таксама не заладзiлася («усё калгаснае — усё наша i ты павiнен усiм за бясцэнак даваць мёд»), i вось ужо гадоў пяць, як Вiктар на ўласным хлебе. Ёсць вопыт, веды (займаўся на курсах пчаляроў) i, канешне, жаданне атрымлiваць як мага больш высакаякаснага мёду. — Праўда, што з-за надвор’я займацца пчалярствам у Беларусi па-буйному даволi рызыкоўна? — цiкаўлюся ў Вiктара. — Можна, — адказвае. — Каб застрахавацца ад розных катаклiзмаў, трэба высяваць дастаткова меданосаў, прычым у розныя тэрмiны. Да прыкладу, цудоўным меданосам з’яўляецца фацэлiя. Пасееш у кастрычнiку — зацвiце ў канцы мая. Можна пасеяць i ў пачатку красавiка — тады зацвiце ў пачатку чэрвеня. Яшчэ адзiн надзейны меданос, якому я аддаю перавагу — доннiк, ён унiкальны тым, што выдзяляе нектар, калi спякота за трыццаць градусаў. Дарэчы, чаму расiйскi мёд таннейшы за наш? Усё вельмi проста. Там многiя калгасы развалiлiся i хто адтуль прыязджае — расказвае, што ўсе палi ў пустазеллi. А гэта ж — меданосы. Той жа асот — мацнейшы меданос у такую спёку, як цяпер. Акрамя таго, няма праблем арандаваць зямлю. А ў нас паспрабуй... Табе дадуць зямлю за дзесяць кiламетраў, пчолы не даляцяць (самы плённы лёт пчалы — да двух кiламетраў), а вывезцi туды вуллi — раскрадуць, вартаўнiка трэба наймаць. Да таго ж сельгаспрадпрыемства не будзе ўзгадняць размяшчэнне тых цi iншых культур з патрэбамi тутэйшага пчаляра. Хоць у выйгрышы маглi б быць абодва бакi. Гэта ж цудоўна, калi, дапусцiм, побач калгасны сад i прыватны пчальнiк. Саду — павышэнне ўраджайнасцi дзякуючы апыленню пчоламi (паводле разлiкаў спецыялiстаў, прыбытак ад прыбаўкi ўраджаю ў вынiку пчолаапылення ў 10—15 разоў перавышае кошт атрыманага мёду), пчаляру — вырашэнне праблемы з меданоснай базай. Дарэчы, меданосную базу для пчальнiка Вiктару дапамагаюць узмацняць суседзi. Прычым пажылыя людзi, якiм ужо не па сiлах апрацоўваць увесь зямельны ўчастак, самi зацiкаўлены ў тым, каб ён пасеяў у iх тую ж фацэлiю. I не толькi таму, што пчаляр аддзячыць сваёй прадукцыяй. У нас, кажуць, пустазелле расло б, а так пахне мёдам. Прыемна. Здавалася б, працуй на нiве пчалярства i радуйся. Але... — Выжываю, — гаворыць Вiктар. — Сыну такой прафесii не жадаю, бо гэта катаржная праца. Я яшчэ малады мужчына, а ўжо ногi аднiмаюцца. Учора пасля адкачкi мёду звалiўся на ложак i проста сiл не знайшоў пакармiць сабак. Мне некаторыя зайздросцяць, маўляў, паўсотнi вулляў — гэта ж столькi мёду! Ды толькi не разбагацеў. Мяркуйце самi. 500 тысяч рублёў у месяц (для вёскi грошы даволi някепскiя) — гэта бiклага мёду. А ў разлiку на год — ажно 600 кiлаграмаў. А яшчэ ж прадаць трэба, гэта для пчаляроў праблема нумар адзiн. Айчынная прамысловасць у сваiх тэхналагiчных працэсах мёду выкарыстоўвае няшмат, няма збыту i для iншых прадуктаў пчалярства — таго ж пчалiнага яду, матачнага малака... Спецыялiзаваныя магазiны i рынкi не могуць пераварыць тую масу мёду, якую пчаляры вырабляюць i, тым больш, маглi б атрымлiваць пры належным збыце прадукцыi. Здараецца, нагандлюеш за дзень трыцццаць тысяч i палову забiраюць транспартныя расходы, плата за месца на рынку, лабараторныя аналiзы. Вiктар кажа, што адчувае белую зайздрасць да замежных пчаляроў. Многiя яго польскiя калегi, да прыкладу, атрымалi па пятнаццаць тысяч еўра крэдыту для арганiзацыi пчальнiкоў на вельмi выгадных умовах. У нас жа пачынаючаму пчаляру можна толькi паспачуваць, бо «стартавыя» затраты з разлiку на два-тры вуллi складаюць, як мiнiмум, мiльён рублёў. Справа ў тым, што практычна ўвесь iнвентар — украiнскай цi расiйскай вытворчасцi, якi, трапiўшы да нас, рэзка «падскоквае» ў цане. Айчыннага ж iнвентару няма або ён неканкурэнтаздольны па цане. У вынiку, напрыклад, украiнская трохрамачная медагонка з нержавейкi ў гродзенскай спецыялiзаванай пчалярскай краме каштуе 490 тысяч рублёў. Ацынкаваная медагонка, зноў жа з Украiны, каштуе 260 тысяч рублёў, але яна, на думку Вiктара, не гарантуе якасцi мёду. Вуллi, праўда, айчынныя, але таксама трэба раскашэлiцца сама менш на 250 тысяч рублёў. I гэта ж яшчэ далёка не ўсё, без чаго не абысцiся пчаляру. Зрэшты, праблема не толькi ў кошце i якасцi пчалярскага iнвентару. — Самае галоўнае, каб мёд быў натуральны, — працягвае Вiктар свой аповяд. — Цяпер гэта праблема, бо ў пчалярстве хапае прахадзiмцаў. Хiмiчаць хто як можа, толькi б прадаць, толькi б «наварыць» на даволi высокай цане, якая трымаецца пасля 2002 года, калi ў Беларусi загiнула шмат пчоласем’яў. Скажам, некаторыя дзялкi топяць стары мёд i прадаюць па цане свежага. Хоць карысцi ад яго — як ад штучнага. А вось у Вiктара мёд — супер! Так, ён «горкi», бо вельмi цяжка даецца. Але ж якi смачны! Асаблiва, як пераканаўся карэспандэнт «Звязды», з агуркамi i тварагом.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уражаннi ад сустрэчы з пчаляром-прафесiяналам, якi пакуль не жадае, каб сын стаў прадаўжальнiкам яго справы
|
|