На сваю нiўку — вялiкая надзея
Святлана ЯСКЕВIЧ
Жнiво-2006 Як вызначыў паводзiны прыроды сёлетнiм жнiўнем дырэктар ААТ «Вiдамлянскае» Камянецкага раёна Мiхаiл Страпко: «Вылiвае, здаецца, за ўсе апошнiя гады». Так, лiўнi на поўднi Брэсцкай вобласцi вельмi перашкаджаюць уборцы каласоў, якiя сёлета не надта важкiя з-за засухi напачатку лета. Але «Вiдамлянскаму» дажджы ўжо, лiчы, не замiнаюць, бо ўборку збожжавых тут закончылi, у тым лiку i на прысядзiбных участках.Сёлета ў гаспадарцы прымянiлi своеасаблiвы эксперымент: убiралi асабiстыя ўчасткi не пасля грамадскай нiвы, а разам — з першага дня жнiва. Для гэтага загадзя падрыхтавалi старэнькую, але яшчэ спраўную «Нiву». I камбайн паспяхова справiўся з вясковымi палеткамi. «Такая практыка поўнасцю сябе апраўдала, — гаворыць Мiхаiл Страпко. — Не спатрэбiлася прыцягваць да работы асноўную тэхнiку яшчэ на нейкi тыдзень. Такiм чынам, камбайнеры закончылi работу на палях сельгаспрадпрыемства, памылi машыны i пераселi на iншую тэхнiку». Людзi не нервавалiся, не прыходзiлi кожны дзень з пытаннямi, як было раней, наконт магчымасцi абмалацiць свой участак. Не было нiякiх крыўдаў: хто першы, а хто апошнi дачакаўся камбайна. Калi колас пераспявае i высыпаецца, дарагi кожны дзень. I калi ў «Вiдамлянскiм» на васьмiдзесяцi асабiстых палетках ураджайнасць атрымалi на некалькi цэнтнераў нiжэй, чым у гаспадарцы, то ў ААТ «Шанi-Аграпрадукт» Пружанскага раёна на сялянскiх сотках намалацiлi амаль на тры цэнтнеры больш з кожнага гектара, чым у цэлым на прадпрыемстве. Шаняўская гаспадарка вялiкая, нядаўна да яе далучылi стратны калгас. Зараз у склад адкрытага акцыянернага таварыства ўваходзiць 11 вёсак. I ўбраць трэба 220 асабiстых участкаў на плошчы 21 гектар. У мiнулыя выхадныя на палях вяскоўцаў працавала сем камбайнаў. Як расказаў карэспандэнту «Звязды» дырэктар ААТ «Шанi-Аграпрадукт» Васiль Сарока, уборка прысядзiбных участкаў iдзе вельмi арганiзавана. Складзены графiкi работы па вёсках, кожны гаспадар ведае, калi на яго падворак прыйдзе камбайн. За паслугу працаўнiкi разлiчваюцца разам з зарплатай. Пенсiянеры ўносяць грошы ў касу гаспадаркi. Таму няма нiякага ажыятажу, людзi знаёмыя з графiкам i спакойна чакаюць сваёй чаргi. Вяскоўцы ўдзячны за добрую работу камбайнерам Андрэю Бялову з памочнiкам Паўлам Рыбачком, Эдуарду Вярэнiчу з памочнiкам Юрыем Найбiчам, якiя на «Донах-1500» скасiлi i абмалацiлi найбольш участкаў. Маленькiя палоскi ўбiраць магутнай тэхнiкай складаней, чым вялiкiя палеткi. Але механiзатары стараюцца, ведаюць, што людзi даражаць кожным вырашчаным коласам. Ды i камбайнеры гавораць, што прыемна касiць тую нiву, якая дагледжана. Ну, напрыклад, як у пенсiянера Мiкалая Суботы. Шмат гадоў аддаў калгаснай вытворчасцi Мiкалай Аляксандравiч. Быў загадчыкам рамонтнай майстэрнi, затым, ужо на пенсii, працаваў на складзе ГЗМ. Прыгожыя збожжавыя палеткi выраслi ў былога палявода з вёскi Чахец Мiкалая Iванавiча Бондара, а таксама ў Iвана Вярэнiча, майстра будаўнiчай брыгады з Шанёў. Усяго на Брэстчыне збожжавае поле насельнiцтва займае каля 10 тысяч гектараў. На неабходнасць своечасова i якасна правесцi ўборку прысядзiбных участкаў яшчэ раз указаў на селектарнай нарадзе, прысвечанай ходу ўборкi, старшыня аблвыканкама Канстанцiн Сумар. Вясковец заўсёды ўскладваў немалую надзею на сваю нiўку, як крынiцу корму дамашняй жыўнасцi. А цяпер, калi на грамадскiм палетку недабiраецца ў сярэднiм па шэсць цэнтнераў з гектара, на сваю — яшчэ большая надзея.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як вызначыў паводзiны прыроды сёлетнiм жнiўнем дырэктар ААТ «Вiдамлянскае» Камянецкага раёна Мiхаiл Страпко: «Вылiвае, здаецца, за ўсе апошнiя гады» |
|