Беларускі Сельскi турызм: мы не капіруем чужы вопыт — вучымся гасцінна прымаць турыстаў самі
Ала МАЧАЛАВА
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 19 жніўня.)
Затрымаемся ў «Прылучках» Сельскi турызм у нашай краiне — зусiм яшчэ юны, сядзiба «Прылучкi» — таксама: першыя госцi завiталi сюды ў пачатку лета. З маладой гаспадыняй Iрынай Мяркулавай i яе мужам Сяргеем мы абмеркавалi... беларускую гасцiннасць. — Людзi, якiя ў нас адпачываюць, не клiенты, а госцi, — запэўнiла Iрына. — Мы i дзяцей прывучваем гаварыць менавiта так. (Састаў гаспадароў няпоўны без 3-гадовага Мацвея i 8-гадовай Насцi. — Аўт.). — Тым i адрознiваемся ад Польшчы ды Лiтвы, для якiх гэта толькi бiзнэс, — дадае Сяргей. — Мы працуем не за грошы, а за iдэю. Стасункi з турыстамi прыносяць нам задавальненне: сельскiм турызмам цiкавяцца людзi адукаваныя, выхаваныя, з iмi проста паразмаўляць цiкава. Наша беларуская гасцiннасць — не пусты гук: галоўнае, каб людзi заставалiся задаволенымi. На свае вочы бачыла, што з гасцямi Iрына i Сяргей — ветлiвыя, далiкатныя. Гэта пакрысе робiць iм рэкламу: за 2 месяцы працы некаторыя турысты ўжо наведвалi сядзiбу па парадах знаёмых. Аднак большасць усё ж такi даведваецца пра сядзiбу праз Iнтэрнэт. — Прыязджаюць у сядзiбу ў асноўным беларусы, — кажуць Iрына i Сяргей, — яны сталi больш падарожнiчаць, цiкавiцца гiсторыяй роднага краю, а гасцiнiчны бiзнэс не паспявае — сядзiбы прыйшлiся да месца. Як бавiць час у «Прылучках»? Можна ўласнымi рукамi змайстраваць сабе ж сувенiры. Iрына праводзiць майстар-класы па выцiнанцы (адмысловае выразанне з паперы), салома- i лозапляценню (яна скончыла педунiверсiтэт i выкладае выцiнанку ў Сеннiцкай школе). Сядзiба разлiчана таксама i на правядзенне семiнараў, канферэнцый для 20—30 чалавек, банкетаў з этнаканцэртамi, дзiцячых святаў. Для больш жвавых i цiкаўных (такiх, як Iрына i Сяргей, якiя любяць адпачываць актыўна) — знаёмства з наваколлем у выглядзе рамантычнага рэтрападарожжа. Здзейснiць яго можна на горных шматхуткасных веласiпедах (так званы «спiнiнг грын» — зялёны веласiпед), мiкрааўтобусе або пешшу (для самых падрыхтаваных гасцей запланавана сапраўдная велагонка ў суправаджэннi прафесiйнага iнструктара). Iрына гатуе для гасцей некаторыя стравы старабеларускай кухнi, заварвае лячэбную гарбату (з траў, што збiрае ў Прылуках: мяты, мелiсы, падбелу, крываўнiку, палявога рамонку). Самая папулярная сярод гасцей страва — «Бабулiна патэльня» (своеасаблiвая яешня). «Стараемся наладзiць меню па сезоннасцi, — адзначае Iрына. — Для салаты ўсё вырошчваем на ўласным агародзiку». — Часцей за ўсё прыязджаюць пары, — кажа Iрына, — таму i самая папулярная праграма (з 7 распрацаваных намi) — рамантычны вечар «Ля камiна», таксама часта прыязджаюць у «Прылучкi» для таго, каб правесцi «Нясумны вечар у рускай лазнi» з дэгустацыяй мясцовых напояў, шашлыкамi. Як правiла, прыязджаюць на уiк-энды. Пах мiнуўшчыны Усё ў Прылуках прасякнута гiсторыяй. Некаторым мясцовым забудовам ужо паўтара стагоддзя. Ёсць, як мiнiмум, дзве гiстарычныя трактоўкi назвы вёскi: па-першае, пры луцэ ракi Пцiч, па-другое, трагiчная гiсторыя дуэлi двух лучнiкаў з-за прыгожай дамы — абодва загiнулi... У Прылуках ажно сем крынiц з крынiчнай вадой. Пра адну з iх таксама ёсць паданне: калi мужчына загадае жаданне i на 12 секунд апусцiць галаву ў крынiцу, яно абавязкова збудзецца. У мiнулым гэту мясцовасць абралi для свайго родавага маёнтка графы Чапскiя. А сёння ў турыстаў ёсць магчымасць пабачыць палац Чапскiх, прайсцi па цянiстай алейцы, што вядзе да яго. Паводле паданняў, даўжыня яе 365 крокаў — згодна з колькасцю дзён года. Нашы продкi надзвычай часта выкарыстоўвалi сiмвалы кругавароту, адным з якiх з’яўляецца звычайная форма круга. Старэйшы сын графа, Караль, быў, як сказалi б сёння, мэрам Мiнска, па яго iнiцыятыве ўзвялi тэатр (сёння вядомы як тэатр iмя Янкi Купалы), ён таксама выкупiў пiўзавод «Алiварыя» i мадэрнiзаваў яго. Зараз завод ужо спынiў вытворчасць пiва маркi «Граф Чапскi», на што скардзяцца гаспадары сядзiбы як аматары гiсторыi (у iх «закрамах», мiж iншым, захавалiся запасы «гiстарычнага» пiва — дэгустацыя яго ўключана ў кошт пражывання ў «Прылучках»). Непакоiць iх i тое, што ў Мiнску ўвогуле мала хто чуў пра колiшняга мэра — толькi ў Прылуках турысты могуць наведаць музей графа Чапскага. Захапленне гiсторыяй адчуваецца i ў афармленнi самой сядзiбы. Старажытныя прадметы быту сабраны ў iмправiзаваным музеi «Скарбчыку». З экспанатамi дапамаглi сябры i знаёмыя . Самы цiкавы прадмет — старажытны беларускi халадзiльнiк (суднiк): нешта падобнае на пляцёны кошык з накрыўкай, якi нашы продкi падвешвалi пад столлю, каб мышы не дабралiся. Ёсць у музейчыку i жалезныя прасы. Адчуваецца, што ўсё ў «Прылучках» зроблена з розумам, творча. Кожнае гасцявое памяшканне мае сваю назву: пакой на паўночным баку — «Зялёны» (ён у халодных тонах, там халаднавата ў любую пару года, ёсць i нотка жывой прыроды — акварыум з рыбкамi), на паўднёвым баку — «Сонечны» (у цёплых, аранжава-жоўтых тонах), «Паляўнiчы» стылiзаваны адпаведна, сямейныя пары любяць праводзiць тут час ля камiна. У дворыку — нешта на ўзор млынавага кола, так званы калаўрот. А драўляныя крэслы выглядаюць так, нiбы створаны прыродай, а не чалавекам. Як сядзiба сiнтэзуе нацыянальны старадаўнi каларыт з сучасным еўрапейскiм камфортам, так i гаспадары спалучаюць два пачаткi: творчы (Iрына) i тэхнiчны (Сяргей). «Сядзiбныя» клопаты — Мы яшчэ ў самым-самым пачатку, — кажа Сяргей. — Пакуль зарабiлi толькi на бягучае абслугоўванне — дом вялiкi, абслугоўваць яго нятанна. Будавалi яго для сябе, а потым паглядзелi, што занадта многа атрымлiваецца i няблага было б з тых «лiшнiх» метраў атрымлiваць сёй-той прыбытак. Чыталi газету «Турызм i адпачынак» — адтуль i даведалiся пра сельскi турызм. Задоўга да адкрыцця сядзiбы цiкавiлiся дзейнасцю арганiзацый, з гэтым звязаных, сачылi за развiццём галiны. Паводле падлiкаў Сяргея, сядзiба акупiцца гадоў праз 30, калi не праз 50: — Капiталаўкладаннi вялiкiя, — кажа ён, — у прыватнасцi, набылi вельмi дарагую сiстэму ачысткi вады. На тэрыторыi сядзiбы ёсць унiверсальная спартыўная пляцоўка, якая можа служыць i ў якасцi тэнiснага корта, i для таго, каб гуляць у валейбол i iншыя рухомыя гульнi. Пакуль яна не функцыянуе з-за таго, што няма грошай на агароджу. Акрамя таго, па прызнанню самiх гаспадароў, не хапае санвузлоў: — У нас ёсць выдатны рамантычны пакой, — кажа Сяргей, — аднак для таго, каб схадзiць у туалет, трэба прайсцi 10 метраў. У гасцявой зоне толькi два санвузлы (адзiн у лазнi, а другi ў жылой зоне). У iдэале яны павiнны быць у кожным пакоi. Паводле меркавання Сяргея Мяркулава (якi, мiж iншым, мае эканамiчную адукацыю), уся праблема ў тым, што ў нашай краiне не развiта iпатэчнае крэдытаванне: — Я не магу атрымаць крэдыт пад заклад жылля. Вось у заходнiх краiнах уладальнiкам сядзiб нават датацыi даюць, а калi крэдыты, то пад вельмi нiзкi працэнт. Аднак для Беларусi гэта ўсё яшчэ ў навiнку, увогуле наш турыстычны рынак — няўзнятая цалiна. Часлаў Шульга, намеснiк мiнiстра спорту i турызму, прапанаваў кааперыравацца з турыстычнымi фiрмамi — сядзiба становiцца базавай для якой-небудзь турыстычнай кампанii, а тая фiнансуе сядзiбу. Паглядзiм, як яно будзе. — На жаль, вельмi слабая iнфармаванасць: пачынаючы ад мясцовых уладаў, якiя яшчэ нядаўна слаба ўяўлялi, што за сельскi турызм такi, i заканчваючы адсутнасцю дарожных iнфармацыйных указальнiкаў, — дадае Iрына. З кiм узаемадзейнiчаюць гаспадары Арганiзацыйна-асветнiцкай дзейнасцю з гаспадарамi сядзiб займаюцца БГА «Адпачынак у вёсцы» i абласное ўпраўленне па фiзiчнай культуры, спорту i турызму, а пры iм савет, якi займаецца праблемамi развiцця турызму: праводзяць семiнары, трэнiнгi. Падчас сустрэч гаспадары сядзiб абменьваюцца iнфармацыяй, даведваюцца аб праблемах iншых. — Нам, напрыклад, упраўленне дапамагло фiнансава, — кажа Iрына, — выкупiла частку тыражу пуцевадзiцеляў (маршрут падарожжа па наваколлi, распрацаваны сумесна з турфiрмай), так што нам давялося набыць толькi 500 экзэмпляраў. Акрамя таго мы сустракалiся з iншымi гаспадарамi сядзiб з усёй Мiнскай вобласцi. Пасля гэтага я цвёрда рашыла, што проста здаваць катэдж мы не будзем: заўсёды знаходзiмся тут, прымаем гасцей. А гасцявая i гаспадарская зоны дастаткова аўтаномныя, з асобнымi ўваходамi. — Так, — пацвердзiў Сяргей, — мы чакаем тых, хто хоча атрымаць ад адпачынку нешта большае, чым чарка i шкварка. Планы на будучае — Наш зялёны маршрут пралягае пакуль толькi па наваколлi, — заўважае Сяргей. — А мы хацелi б яго развiць, каб можна было зрабiць перасадку на байдаркi. Аднак гэта павiнна вырашацца на ўзроўнi абласнога кiраўнiцтва, грамадскага аб’яднання, бо наша задача — развiваць iнфраструктуру сваёй сядзiбы. Па меры магчымасцi будзем старацца ўсё палепшыць. *** З кожным месяцам сядзiб становiцца ўсё больш. Пеўнiкi, зробленыя ў выглядзе выцiнанкi, сiмвалiзуюць не толькi сядзiбы, а ўвогуле наш нацыянальны каларыт, народныя рамёствы, любоў народа да працы. Сапраўды, галоўным беларускiм рэсурсам былi i заўсёды будуць... гасцiнныя i працавiтыя людзi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сельскi турызм у нашай краiне — зусiм яшчэ юны, сядзiба «Прылучкi» — таксама: першыя госцi завiталi сюды ў пачатку лета. З маладой гаспадыняй Iрынай М
|
|