Ягада-малiна
Алесь КАСЦЕНЬ
Простыя рэчы ЯКУЮ першую ягаду, не прывазную, каштуе беларус? Не ведаю, як дзе, а ў нас, на Вiцебшчыне, гэта паземкi, яшчэ iх у нас называюць сунiцамi. Па-руску — земляника. Дарэчы, першая назва i руская вельмi дакладна адпавядаюць самой ягадзе. Расце яна як правiла на земляных аткосах, на ўзбочынах. У лесе паземку знайсцi цяжка. Успамiн з дзяцiнства: майскiя цёплыя днi. Ужо можна i пакупацца ў роднай Мядзелцы. А потым усiм хлапечым гуртом падацца да чыгункi —тут, ля палатна, пачынаюць паспяваць паземкi. Дадому iх не збiралi, а проста ласавалiся, наядалiся аж да аскомiны.Увогуле ў гады дзяцiнства нашага пакалення ягада найбольш елася, не назапашвалася на зiму. Неяк не было завядзёнкi, ды i слоiкаў тых, накрывак не хапала. Калi i паставiць якая гаспадыня слоiчак для дзяцей, то накрывае яго паперай, зацiскае гумкай. Вараныя бруснiцы ставiлi ў бочачкi, бруснiцы захоўваюцца нармальна. Журавiны таксама ссыпалi i замарожвалi. Але вернемся да нашых дзён i да нашых ягадных праблем, найперш звязаных з кiрмашом i ягадным гандлем на iм. Канешне, першыя тут з’яўляюцца паземкi. Вёдрамi iх назбiраць цяжкавата, нават пяцiлiтровае вядзерца ў лепшую пару назбiрае толькi знаўца мясцiнаў i добры збiральшчык. Таму прадаюцца паземкi шклянкамi грамаў на 200, мой бацька некалi называў такiя шклянкi «пiўнiкамi», хоць пiва асаблiва не любiў. Сёлета на самым пачатку ягаднага сезона такi «пiўняк» паземак каштаваў на пастаўскiм кiрмашы дзве тысячы. Падкрэслю адну дэталь, ягады ў асноўным прадаюць жанчыны гадоў гэтак пасля 45-i. Можа, хто i з моладзi займаецца гэтай справай, але ў гандлёвыя рады станавiцца цi то саромяцца, цi часу не мае. Аднойчы, друкуючы ў «Звяздзе» артыкул пра адну з простых рэчаў дапусцiў памылку. Прывёў паэтычныя радкi, а аўтара назваў няправiльна. Цяпер таксама баюся памылiцца, але, здаецца, перад смерцю наш Максiм Багдановiч «ля сiняй бухты» частаваўся менавiта сунiцамi. Ну а за паземкамi надыходзiць пара клубнiц цi траскалак, як у нас кажуць. Траскалкi, вiдаць, ад таго, што i сапраўды яна трашчыць, калi яе смакуеш. Яшчэ гадоў трыццаць таму гэта ягада ў нашым гарадку была вялiкай рэдкасцю. Вяскоўцы, прыехаўшыя жыць у горад, проста не разумелi, як гэта займаць зямлю пад такую абышчыну. Але паступова пачалi разводзiць i яе ў сваiх невялiкiх — сотак на пяць-дзесяць — агародах. У гарадку было шмат вайскоўцаў, ракетчыкi i лётчыкi атрымлiвалi немалыя па тых часах грошы, маглi сабе дазволiць ласункi. Таму паступова-паступова, а вырошчваннем траскалак занялiся. Сёння ў Паставах цяжкавата знайсцi агарод цi агародчык, дзе б не сядзеў гэты ягаднiк. Ураджай сёлета быў не зусiм добрым, але i нядрэнным. Раннюю ягаду прадавалi па тысячы за той жа «пiўняк». А потым яе для прапановы стала вельмi шмат. Бывала, iдзеш па кiрмашы i трапляеш у цэлыя прасцягi вёдраў. Але ж прадавалася. Нават нягледзячы на канкурэнцыю з боку брэсцкай ягады, якая нават сваiм цёмна-чырвоным колерам адрознiвалася ад мясцовай. Яе сёлета завозiлi вельмi шмат. Таксама раскуплялася, але, думаю, толькi на варэнне. Кампоты гаспадынi ставiлi лепш з мясцовай, свойскай, хоць i кiслейшай на смак. Ну а затым? Канешне, вiшня. Вiшнi таксама за апошнiя гады ў Паставах развялi практычна ўсе гаспадары. Хто для сябе, а хто i на продаж. Да гэтай ягады я неяк абыякавы. Нi ў сарваным выглядзе, нi ў кансерваваным. А вось на вiшнях павiсець давялося ўдосталь. I на працягу дзён дзесяцi. Ёсць вiшаннiк невысокi, як у нас гавораць, завадны, але пераважае самы звычайны, калi крона падымаецца да вышынi другога, а то i трэццяга паверхоў звычайнага панэльнага дома. Тут ужо, братка, лесвiца, а потым па ствале. А самая ж спелая, нават ужо чорная вiшня якраз на самым версе, блiжэй да сонца. Паўтару, вiшнi было шмат, таму нарыхтоўшчыкi прымалi яе танна — па пяць тысяч за пяцiлiтровае вядзерца. Чарэшня ў Паставах сустракаецца рэдка ў якiм двары. Ды i не вытрымлiвае яна нашага паўночна-вiльготнага клiмату, родзiць слаба. Яшчэ сёння далёка ў нашым краi да выспявання слiвы. Яе на парадак i менш, чым вiшнi. I нешта яна паддаецца больш маразам. А цяпер, нявыспелая, ужо пачынае асыпацца. Яшчэ радзей сустракаецца абляпiха. На маёй роднай вулiцы бачыў яе толькi ў двух гаспадароў. Ведаю, што ягада мае вялiкiя лекавыя магчымасцi. Але не выкарыстоўваў. Пра вiнаград i гаварыць бы не даводзiлася. Але ўсё-такi ён ёсць. У вельмi дбайных гаспадароў крыху ёсць. Белы i сiнi — гэта што я бачу на пастаўскiх вулiцах. Неяк даводзiлася пакаштаваць i вiно з мясцовага вiнаграду. Ёсць пра што гаварыць. Затое наша Паазер’е — чарнiчны край. Тут, дзякуючы таму, што ў апошнiя гадоў дзесяць на гэту ягаду вялiкi попыт у Германii, iншых еўрапейскiх краiнах, збор звычайнай i не вельмi любiмай раней ягады ператвараецца ў цэлы ажыятаж. Ведаю жанчыну, якая чакае чарнiчнага сезона ўжо ад зiмы. Яна на гэтым зарабляе грошы на цэлы год. За дзень набiрае лiтраў па дваццаць, а то i трыццаць. А пяцiлiтровае вядзерца чорнай, непрыкметнай знешне ягады на кiрмашы сёлета каштавала 20 тысяч. На жаль, скубуць ягаду не толькi рукамi, але i спецыяльнымi прыстасаваннямi, якiя, канешне ж, псуюць ягаднiк. Малiны сёлета не парадавалi, дзе сухаватыя, дзе чарвiвыя. Ды i ў кiрмашовых радах яны карыстаюцца не вельмi вялiкiм попытам. Беруцца ў асноўным дзеля лекаў. Зварыў слоiчак-другi варэння. Зiмою ў час грыпавай эпiдэмii вельмi карысна. П’янiцы па нашаму, мясцоваму, голубика — па-руску, а на лiтаратурнай беларускай — дурнiцы, буякi таксама не карыстаюцца асаблiвай павагай у ягаднiкаў. Дарэчы, побач з iмi расце найчасцей багун, якi сапраўды сваiм пахам крыху п’янiць. Але кампот з п’янiц атрымлiваецца вельмi смачным, галоўнае не такiм салодкiм, са своеасаблiвым водарам. У нашай мясцовасцi ўжо дадзены дазвол на збор бруснiц. У гэтай ягады ў кiрмашовых радах заўсёды бывае попыт. Бруснiчнае варэнне вельмi каштоўная рэч, усе гаспадынi стараюцца назапасiць яго на зiму. Ды i проста так захоўваюцца яны нядрэнна. А мне пры слове «бруснiцы» чамусьцi заўсёды ўспамiнаецца дзяцiнства. Мацi наварыць бульбы, разатрэш яе ў мiсцы i туды — бруснiчнага варэння. Смаката. Гэтак жа цэняцца на кiрмашы i журавiны. Дазволу на iх збор пакуль што няма. Але нехта, напэўна, ужо швэндаецца з вёдрамi па шматлiкiх балотах i iмшарах нашага краю. Чаго-чаго, а балот у нас аж занадта. Мелiярацыю ў савецкiя часы вялi ў асноўным на Палессi. А нашы кiраўнiкi нiяк не маглi дапрасiцца грошай на яе правядзенне. Таму балоты засталiся такiя, што можна i не адзiн дзесятак кiламетраў прайсцi, i паплутаць добра. Але ж i ягады ёсць. З усiх ягад, якiя давялося на сваiм жыццi збiраць, журавiна для збору не самая лёгкая, усё-такi па балоце, па купiнах. Але, калi яна даспела — то вельмi прыемна падысцi i ўбачыць на зямлi чырвоны россып. А бывае, што i зiмою набрыдзеш на замерзлае балотца (не, не зiмою, прабачце, а ўжо ў час, калi сняжок падтайвае). А там ягадзiны, якiя не заўважылi, прамiнулi восенню збiральшчыкi. Вось гэта ягада салодкая, марозам кранутая добра. Журавiны мы замарожваем без нiякага дабаўлення iнгрэдыентаў. Журавiны кладзём у капусту, калi заквашваем яе таксама на зiму. Лясная ягада — гэта сёння пачынае цанiцца i на кiрмашовых зборах прадавацца па высокай цане. А быў жа час, калi яна заставалася як бы на другiм плане. А тое, што садзiлася, вырошчвалася пры хаце, здавалася i смачнейшым, i каштоўнейшым. Той жа агрэст, чырвоныя i чорныя парэчкi. Смачна, пажыўна — безумоўна. Але ж па сённяшнiх мерках пад iх каранi трапляе рознае ўгнаенне i iншыя рэчывы, непазбежныя ў гарадскiм жыццi. Помнiце, эпатажны ў адзiн з перыядаў сваёй творчасцi Ясенiн звярнуўся да публiкi, гаворачы пра хлеб: «А мы ж его того, навозом...» Магчыма, гэта ўжо i iншая тэма. А сваю размову я хачу закончыць так. Некалi Бог (для веруючых), Прырода (для атэiстаў), але далi нам вялiкае стварэнне сваё — ягаду. Яна i кормiць, i лечыць, i роду нашаму згаснуць не дае. Так, у паўднёвых краiнах багацця гэтага больш, яно, канешне, смачней. Але i нам хапае. I нашым дзецям-унукам павiнна хапiць. Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЯКУЮ першую ягаду, не прывазную, каштуе беларус? Не ведаю, як дзе, а ў нас, на Вiцебшчыне, гэта паземкi, яшчэ iх у нас называюць сунiцамi |
|