Як не трапiць да палачкi Коха ў палон...
Надзея НIКАЛАЕВА
...або Чаму далёка не заўсёды варта радавацца рэзкаму пахудзенню
Калi вы лiчыце, што асабiста вас туберкулёз нiколi не закране, значыць, вы сур’ёзна памыляецеся: медыкi сцвярджаюць, што гэта хвароба не ведае нiякiх сацыяльных бар’ераў. На сённяшнi дзень мiкабактэрыямi туберкулёзу iнфiцыравана прыкладна трэць насельнiцтва нашай планеты. Кожную секунду iнфiцыруецца туберкулёзам новы чалавек, кожныя 4 секунды на планеце рэгiструецца новы выпадак захворвання на туберкулёз, а кожныя 10 секунд — новая смяротная ахвяра. У Беларусi штогод выяўляецца больш за 5 тысяч новых хворых на туберкулёз. I кожны дзень два чалавекi гiнуць ад гэтай хваробы. А заразiцца туберкулёзам прасцей простага: дастаткова толькi аказацца побач з кашляючым туберкулёзнiкам, патрымацца з iм за адны i тыя ж поручнi ў транспарце цi паесцi ў сталовай з посуду, якiм да цябе карыстаўся хворы чалавек. Узбуджальнiк туберкулёзу можа захоўвацца ў паветры, пыле, на адзеннi, бялiзне, старонках кнiг да 3—6 месяцаў. У пляўку на тратуары бактэрыi жывуць да месяца. Палачка Коха не баiцца нават замарожвання i гадамi захоўвае сваю жыццяздольнасць пры мiнусавай тэмпературы... — Асаблiвасцi чалавечай псiхiкi дазволiлi нам адаптавацца i не заўважаць iснуючую праблему, — дзелiцца сваiмi меркаваннямi галоўны пазаштатны фтызiятр Камiтэта па ахове здароўя Мiнгарвыканкама Мiкалай КУЦАН. — Хоць сiтуацыя ў краiне блiзкая да крытычнай: 50 i больш захварэўшых на 100 тысяч насельнiцтва — гэта ўжо эпiдэмiчны парог. Iмунная сiстэма чалавека можа стрымлiваць палачку Коха на працягу доўгiх гадоў, але пры аслабленнi iмунiтэту шанцы захварэць на туберкулёз iстотна ўзрастаюць. Адным з самых эфектыўных спосабаў выяўлення туберкулёзу было i застаецца рэнтгенафлюараграфiчнае абследаванне. Дарэчы, такое абследаванне дазваляе выяўляць не толькi туберкулёз, якi складае ўсяго 10 працэнтаў ад агульнай колькасцi выяўляемай паталогii. Для прыкладу, летась рэнтгенафлюараграфiчнай службай сталiцы было абследавана 907 364 чалавекi, пры гэтым было выяўлена 397 выпадкаў актыўнага туберкулёзу, 2798 выпадкаў вострай пнеўманii, 313 анкалагiчных захворванняў, 157 выпадкаў саркаiдоза Бека i 2723 выпадкi iншай лёгачнай паталогii. За апошнiя 25 гадоў туберкулёз паспяхова адапатаваўся да традыцыйна прымяняемых пры яго лячэннi лякарстваў, у вынiку чаго выдаткi на лячэнне iстотна ўзраслi, а тэрмiны знаходжання на бальнiчным ложку iстотна павялiчыліся — да шасцi—васьмi месяцаў. — Мы вельмi ўважлiва сочым за ўсiмi навiнкамi фармацэўтычнага рынку, але новыя прэпараты для лячэння туберкулёзу там не з’яўляюцца, — з сумам канстатуе Мiкалай Куцан. — На жаль, але ў апошнiя гады развiваецца пераважна той сегмент рынку, якi забяспечвае лячэнне сардэчна-сасудзiстай паталогii цi анкалагiчных захворванняў. А на туберкулёз або не звяртаецца належнай увагi, або навукоўцам не ўдаецца знайсцi новую эфектыўную зброю супраць палачкi Коха. Сацыяльны партрэт нашых хворых на туберкулёз выглядае наступным чынам: 20,2 працэнта раней знаходзiлiся ў месцах зняволення, 41,6 працэнта — злоўжывалi алкаголем, 67,4 працэнта — гэта злосныя курцы, 42,7 працэнта — нiдзе не працуюць. Зразумела, што асоба сацыяльнай групы рызыкi вельмi цяжка прыцягнуць да абследавання, хоць сярод iх значна часцей дыягнастуюцца хранiчныя формы з бактэрыявыдзяленнем, якiя ўяўляюць асаблiвую небяспеку для акружаючых. Так, прыкладна 40 працэнтаў хворых на туберкулёз, што выходзяць з месцаў зняволення, гiнуць на працягу ўсяго аднаго года. Для iзаляцыi i працяглага лячэння хворых з хранiчнымi формамi туберкулёзу i множнай лекавай устойлiвасцю адкрыта Рэспублiканская туберкулёзная бальнiца «Наваельня». Апошнiм чынам востра паўстала пытанне арганiзацыi бальнiцы для прымусовага лячэння мiнчан, у сувязi з дэфiцытам месцаў у туберкулёзнай бальнiцы «Волкавiчы» . Паводле слоў галоўнага фтызiятра Мiнска, прымусiць праходзiць лячэнне ад туберкулёзу можна толькi праз суд, але iснуючае заканадаўства — усё ж такi недасканалае. Хворы элементарна можа памахаць медыкам у зале суда рукой i шукай яго потым з мiлiцыяй. Летась у Мiнску прымусовае лячэнне патрабавалася 82 бацылярным хворым. Сiтуацыя нярэдка даходзiць да абсурду: урачы вымушаны адбiраць у сваiх пацыентаў шнуркi, каб тыя не збеглi з бальнiчнага ложка... I ўсё ж такi туберкулёз нельга пускаць на самацёк. Медыкi папярэджваюць, што пры адсутнасцi лячэння на працягу пяцi гадоў гiнуць 50 працэнтаў хворых на туберкулёз, а ў другой паловы нялечаны туберкулёз набывае хранiчную прагрэсiруючую форму. Праўда, медыкам вядомыя i выпадкi самаадвольнага выздараўлення хворых на туберкулёз, але на цуд асаблiва не варта спадзявацца — гэта ўсё ж такi выключэннi з агульнага правiла. Цiкава, што ў Беларусi ёсць рэгiёны, дзе высокая захворваемасць на туберкулёз з’яўляецца гiстарычнай. Напрыклад, у Быхаўскiм раёне, дзе ў асобных населеных пунктах калiсьцi назiралася суцэльная захворваемасць жыхароў на туберкулёз. Сёння сiтуацыя там прыкметна выправiлася, але ўсё роўна менавiта Гомельшчына i Магiлёўшчына робяць асноўны ўклад у агульную захворваемасць у нашай краiне.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...або Чаму далёка не заўсёды варта радавацца рэзкаму пахудзенню
|
|