Семiнарысты
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Да 1989 года на Беларусi не было семiнарыстаў амаль трыццаць гадоў. Апошнi набор — дзевяць чалавек — адбыўся ў 1959-м, да выпуску дайшлi толькi пяцёра. Што гэта былi за часы? Мяркуйце самi.
За гады навучання ў Жыровiчах гэтага, апошняга, набору ў Савецкiм Саюзе была закрыта амаль палова iснуючых на той час храмаў, лiквiдаваны 4 семiнарыi i 40 манастыроў. Пятай закрытай семiнарыяй стала Мiнская (пасля вайны яна знаходзiлася на тэрыторыi Жыровiцкага манастыра) апошняя духоўная школа на Беларусi. Да таго ж, з 1959 года Слонiмскi гархарчгандаль перастаў прадаваць семiнарыi хлеб i iншыя прадукты. Адсюль можна меркаваць i пра тое, што гэта былi за людзi — выпускнiкi семiнарыi i выкладчыкi. Не збочыць з абранага шляху ў такiх умовах маглi толькi тыя, каму выпала быць высакаякаснай, трывалай «закваскай» для будучага адраджэння духоўнага жыцця. I адраджэнне адбылося. У 1989 годзе, роўна праз 30 гадоў, Мiнская духоўная семiнарыя набрала 40 чалавек. З таго часу з яе сцен выйшлi калі 800 служыцеляў Беларускай праваслаўнай царквы. Але ж прыходзяць сюды звычайныя маладыя людзi — учарашнiя школьнiкi i выпускнiкi свецкiх ВНУ. Якiм жа чынам, з дапамогай якiх сродкаў яны, вельмi памiж сабой розныя, робяцца свяшчэннаслужыцелямi? Цi ўсе на гэтае здольныя? I чым увогуле семiнарыя i семiнарыст адрознiваюцца ад любой iншай навучальнай установы i яе студэнта? Адказы на гэтыя пытаннi карэспандэнт «Звязды» паспрабавала знайсцi ў пасёлку Жыровiчы Гродзенскай вобласцi, дзе на тэрыторыi Свята-Успенскага мужчынскага манастыра навучаюцца семiнарысты. Закахацца ў семiнарыста Неяк знаёмая дзяўчына прызналася, што была закаханая ў семiнарыста. Праўда, той нават i не здагадваўся пра яе пачуццi. А потым нечакана хутка ажанiўся, раптоўна перарваўшы дзявочыя мары. «А добры быў бы муж, — уздыхала мая знаёмая, — не пiтушчы, не курэц, нiколi не здрадзiць, не пакрыўдзiць». Такі погляд на вучняў семiнарыi мяне некалькi здзiвiў i прымусiў задумацца. Сапраўды — «часы мяняюцца i падрабязнасцi ўжо вядомыя». У савецкiя часы семiнарысту знайсцi жонку было вялiкай праблемай. Звычайна прыглядалiся да папоўскiх жа дачок, але i сярод тых многiя беглi ад такой долi. Бо занадта добра ведалi, якi гэта цяжкi крыж — быць iзгоем у грамадстве i аддаваць на тое сваiх дзяцей. Цяпер жа дзяўчаты лiчаць семiнарыстаў зайздроснымi жанiхамi. Гэта, праўда, можна сказаць толькi пра рамантычныя натуры. З прагматычнага пункту гледжання стаць жонкай святара — лёс не такi ўжо i прывабны. Ведаеце, якiя сёння епархii маюць найбольш вострую патрэбу ў свяшчэннаслужыцелях? Тураўская, Полацкая, Магiлёўская i Гомельская. Прычым, часцей за ўсё ў аддаленыя прыходы. Не кожная сучасная дзяўчына гатовая з’ехаць за каханым у глуш, цярпець неўладкаваны быт i малы дастатак, пры тым нараджаць столькi дзяцей, колькi дасць Бог, i трымаць на сваiх кволых плячах гаспадарку. Бо галава сям’i служыць набажэнствы i трэбы, будуе цi аднаўляе храм, шукае спонсараў i бясконца вырашае самыя розныя прыходскiя праблемы. Часу i сiл на ўласны дом у яго застаецца зусiм мала. Адна матушка, якая спачатку была жонкай афiцэра i нечакана для сябе аказалася жонкай святара (з былымi ваеннымi гэта здараецца — з iх атрымлiваюцца добрыя свяшчэннiкi), стала наведваць набажэнствы, па першаму часу, толькi дзеля таго, каб пабачыцца з мужам, каб не забыць, так мовiць, як ён выглядае. З iншага боку, гэта цана, якую пагадзiлася б, напэўна, заплацiць любая жанчына, якая ведае, што такое бязладнае жыццё з бесталковым мужам. Нездарма твары многiх матушак прасветленыя — яны спасцiгаюць бясхiтрасны сакрэт жаночага i чалавечага шчасця, якi заключаны ў цярпеннi i задавальненнi малым. Ёсць яшчэ адна важная перавага ў жонак святароў. Iх мужы заўсёды добра памятаюць, што за ўсё, што адбываецца ў доме i сям’i, нясуць адказнасць яны, а не жанчына. Таму апошняя ў пэўным сэнсе можа расслабiцца. Што ж датычыцца самiх семiнарыстаў, то, безумоўна, на перадапошнiм курсе яны амаль усе ўжо заклапочаныя пошукам нявест. У духоўнай семiнарыi вучацца галоўным чынам тыя, хто жадае стаць святаром. А ў святары, па канонах праваслаўнай царквы, прысвячаюць толькi жанатых цi тых, хто абраў шлях манаства. Апошнiх на курсе бывае два-тры чалавекi. I вырашыцца на гэта вельмi i вельмi няпроста. Як, дарэчы, i знайсцi добрую жонку. Святарам забаронена разводзiцца. Якой бы выбраннiца не была — гэта ўжо назаўсёды. Ад матушкi, на самай справе, шмат чаго залежыць. Калi дома непрыемнасцi — цяжка сканцэнтравацца на службе, на споведзi, на пропаведзi. Адно з другiм звязана, i вельмi небяспечна, калi ў гэтай звязцы iснуе разбуральны элемент, якiм можа стаць жанчына. Таму семiнарысты да чацвёртага курса з выбарам не спяшаюцца: да дзяўчат пiльна прыглядаюцца. Шчыра просяць Бога паслаць iм добрага чалавека ў спадарожнiкi па жыццi i, дарэчы, не пакiдаюць без увагi, як Яго Вялiкасць Выпадак, так i рэкамендацыi знаёмых i спецыяльна арганiзаваныя сваякамi на канiкулах агледзiны. Дарэчы i жыццё духоўнай школы наладжана так, каб семiнарысты мелi больш шанцаў знайсцi сабе нявесту. Напрыклад, тут жа, пры семiнарыi, адкрыта Рэгентскае вучылiшча, у якiм, як правiла, навучаюцца дзяўчаты — на кiраўнiкоў царкоўных хароў. Акрамя таго, семiнарысты праводзяць экскурсii па манастыру. I з задавальненнем узгадваюць выпадак, калi дзяўчына з экскурсiйнай групы сама падышла да сiмпатычнага гiда ў падраснiку, каб пазнаёмiцца. Цяпер яны ажанiлiся. Апроч усяго, семiнарыя ладзiць сумесныя вечарыны са студэнтамi (i студэнткамi) iншых навучальных устаноў, i гэта яшчэ адна магчымасць сустрэць свой лёс. Калi б мая знаёмая была смялейшай, магчыма, яе мара спраўдзiлася б. Першай справай, першай справай — ...катэхiзiс Мой адзiнаццацiгадовы сын нядаўна заявiў, што жадае стаць манахам. Ці на худы канец -- святаром. Апрытомнеўшы пасля першага спалоху, я зразумела, у чым справа. I сапраўды, ён пацвердзiў, што жаданне яго выклiкана ўяўленнем, што манахi нiчога не робяць, а самым галоўным для хлопца было тое, што на святароў не трэба вучыцца. Тут я паспяшыла сына расчараваць. Але сама тады i не здагадвалася, наколькi напружаная вучоба i строгi рэжым у духоўнай семiнарыi. За гады навучання, студэнты тут павiнны спасцiгнуць 40 багаслоўскiх i агульнаадукацыйных дысцыплiн, напiсаць 20 курсавых работ i вынiковае дыпломнае сачыненне. Адных толькi моў тут вывучаюць сем: акрамя беларускай i стылiстыкi рускай яшчэ царкоўнаславянскую, грэчаскую, лацiнскую, нямецкую цi англiйскую i ...iўрыт. Апошняя, праўда, у семiнарыi вывучаецца па жаданню, у Духоўнай акадэмii — абавязкова. Багаслоўскiх дысцыплiн больш за дзесяць: дагматычнае багаслоўе, асноўнае багаслоўе, пастырскае багаслоўе, параўнальнае багаслоўе... Гiсторый ажно пяць. А ёсць жа прадметы, назвы якiх абывацелю цяжка нават i вымавiць: патралогiя, гамiлетыка (мастацтва пропаведзi), катэхiзiс, мiсiялогiя, сектазнаўства... I разам з тым: логiка, фiласофiя, царкоўныя спевы i ...бухгалтарскi ўлiк! Нiчога дзiўнага — да рэвалюцыi ў Мiнскай духоўнай семiнарыi (тады яна была Мiнскай не толькi па назве, але i па месцы, зараз у яе будынку знаходзiцца Сувораўскае вучылiшча) акрамя iншага вывучалi агранамiчныя навукi: семiнарысты выводзiлi новыя гатункi збожжавых. Семiнарыя ва ўсе часы iмкнулася выпускаць пастараў, якiя здольныя паклапацiцца не толькi аб душах, але i аб хлебе. Сучасная духоўная школа мае камп’ютарны клас (хутка тут будзе 70 камп’ютараў) з выхадам у сетку Iнтэрнэт, i натуральна, свой сайт (www.minds.bу), якi летась па рэйтынгу сайта «Хрысцiянства.ру» стаў самым папулярным Iнтэрнэт-рэсурсам духоўных школ Рускай праваслаўнай царквы. Адным словам, вучобу ў семiнарыi не назавеш лёгкай. Нездарма ў перыяд сесii ў калiдорах перад дзвярыма, за якiмi iдзе экзамен, можна пачуць, як семiнарысты спяваюць псалом: «На реках Вавилонских, тамо седохом и плакахом...» Гэта не ўсе, хто паступае сюды, разумеюць. Рэктар Мiнскай Духоўнай Акадэмii i Семiнарыi дацэнт Архiмандрыт Леанiд (Фiль) размаўляе з кожным, хто падаў, кажучы царкоўнай мовай, прашэнне аб паступленнi. Пры гэтым рэктар уважлiва вывучае атэстаты аб сярэдняй адукацыi цi дыпломы. — Гляджу, — расказвае ён, — «тры», «тры», «тры»... ну, думаю, напэўна па пяцiбальнай сiстэме. Раптам — «сем»! Па фiзiчнай культуры... Такiя абiтурыенты, калi iм удаецца вывучыць прыёмную праграму, і яны ўсё ж трапляюць у семiнарыю, потым не вытрымлiваюць нагрузку — iх выключаюць з-за непаспяховасцi. Зрэдку такое здараецца. — Бывае так, што набожныя бабулi цi бацькi ўсiмi сiламi iмкнуцца ўладкаваць сваё бесталковае дзiця ў семiнарыю, — кажа айцец рэктар. — Яны думаюць, што тут мы гэтае дзiця выправiм i зробiм з яго чалавека. Але семiнарыя — не папраўчая калонiя. Зараз выкладчыцкая карпарацыя абмяркоўвае мэтазгоднасць улiчваць у наступную прыёмную кампанiю вынiкi цэнтралiзаванага тэсцiравання. Дагэтуль для паступлення неабходна было паспяхова напiсаць пераказ на беларускай альбо рускай мове (з элементамi сачынення-разважання), здаць вусны iспыт па бiблейскай гiсторыi i катэхiзiсу (асновы веры) i прадэманстраваць веданне царкоўных спеваў i малiтваў. Выпадковаму чалавеку цяжка стаць абiтурыентам семiнарыi, хоць бы таму, што не кожны ўмее чытаць псалтыр на царкоўнаславянскай мове. Важна таксама мець музычны слых i добры голас. Адбор пачынаецца яшчэ на ўзроўнi падачы дакументаў. Апроч звычайнага набору (пасведчанне аб нараджэннi, атэстат, медыцынская даведка), неабходны яшчэ рэкамендацыя прыходскага святара i благаславенне правячага архiрэя, сведчанне аб хрышчэннi i, калi чалавек жанаты, аб вянчаннi. Дарэчы, у семiнарыю могуць паступаць толькi мужчыны да 35 гадоў — халастыя або жанатыя першым шлюбам. I здаровыя. У святары не бяруць людзей сляпых, слабавiдушчых, схiльных да прыпадкаў i ўвогуле хворых. Той, хто паступiў сюды, знаходзiцца на поўным утрыманнi: семiнарыя забяспечвае студэнтаў жыллём, харчаваннем i выплачвае стыпендыi (стыпендыi, як i заробак выкладчыкам, часткова датуе дзяржава). Так што бацькам семiнарыстаў лягчэй, чым бацькам студэнтаў свецкiх ВНУ. Горш жонкам. Семiнарыя — навучальная ўстанова закрытага тыпу. Калi жонкi семiнарыстаў нiдзе не працуюць, то яшчэ паўбяды — тады можна здымаць кватэру ў Жыровiчах i кожны дзень бачыцца. На што жыць — пытанне iншае. Iнакш бачыцца прыйдзецца толькi на канiкулах i ў выхадныя днi. Канiкулы ў семiнарыi тры разы на год: два тыднi на Каляды, у Светлую Седмiцу (тыдзень пасля Пасхi) i месяц летам. Амаль увесь астатнi час студэнты духоўнай школы знаходзяцца на тэрыторыi манастыра. Тэрыторыю Жыровiч без дазволу пакiдаць забаронена. Послух Больш таго, кожная iх гадзiна распiсана. Пад’ём у 7 ранiцы, у 8 — ранiшнiя малiтвы i сняданак, у 9 пачынаюцца заняткi, якiя заканчваюцца а палове трэцяй. Потым абед, пасля якога да пяцi гадзiн — послух. З пяцi да шасцi — толькi гадзiна — асабiсты час. Потым — самападрыхтоўка ў чытальнай зале i аўдыторыях. А палове дзевятай — вячэра, пасля якой семiнарысты збiраюцца ў храме на вячэрнiя малiтвы. Пасля малiтваў студэнты 3 i 4 курсаў прамаўляюць з амбона свае вучэбныя пропаведзi. Пасля вячэрнiх малiтваў ёсць яшчэ каля паўтары гадзiны вольнага часу, толькi многiя студэнты i яго выкарыстоўваюць на вучобу. У адзiнаццаць — адбой — святло павiнна быць усюды выключана, размовы скончаны. Дзяжурны ходзiць з лiхтарыкам i правярае. — Дысцыплiна — важная рэч, — тлумачыць выкладчык семiнарыi Георгiй Рой. — Яна неабходна, каб чалавек мог сабраць сябе, сканцэнтравацца на вучобе. Да таго ж мэта семiнарыi — не толькi даць веды, але i выхаваць чалавека. Акрамя дысцыплiны выхаваць дапамагае послух. У кожнага ён свой: нехта дапамагае ў трапезнай (мыць i складаць посуд, чысцiць i перабiраць агароднiну), нехта працуе ў сталярнай майстэрнi, нехта водзiць экскурсii. — Мой послух — студэнцкi часопiс «Ступени» i сайт, — расказвае студэнт III курса Аляксандр Карпук. — Мне гэта вельмi падабаецца. Але я лiчу, што працаваць у сталярнай майстэрнi таксама нядрэнна, бо гэта можа прыдацца на прыходзе. Той жа, хто прайшоў послух аканома, кажуць, увогуле зможа потым пабудаваць храм! Пытаюся ў Аляксандра, наколькi семiнарыя яго змянiла (да гэтага ён скончыў сельгастэхнiкум). Падумаўшы, ён адказвае: — Гэта школа змiрэння. Тут добра разумееш, што трэба рабiць не для ўласнай пахвалы, а для славы Божай, тады i справы атрымлiваюцца намнога лепш. Строгi рэжым Аляксандр не лiчыць нiякай цяжкасцю. У Жыровiчах у яго шмат сяброў, якiх ён часта наведвае, i калi здараецца затрымацца, то трэба пазванiць дзяжурнаму iнспектару i папрасiць блаславення. Калi блаславення няма, то ён выбачаецца i сыходзiць. Кiраўнiцтва семiнарыi заклапочана тым, каб студэнтам хапала зносiнаў з аднагодкамi з iншых ВНУ (будучаму святару важна i карысна быць у кантэксце жыцця), i каб жыццё тут было насычаным, цiкавым i вясёлым у добрым сэнсе гэтых слоў (калi iснуюць рамкi, то павiнна быць i магчымасць выпусцiць пару). Нядаўна адбыўся футбольны матч памiж семiнарыстамi i вучнямi мiнскiх спартыўных школ. Першыя выйгралi з лiкам 5:2. Семiнарысты стварылi сваю музычную групу, пакуль без назвы, якая днямi здзейснiла першыя свае гастролi, даволi паспяховыя, у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэмii ў Горках. Студэнты семiнарыi ўдзельнiчаюць у КВЗ, сумесных вандроўках, спаборнiцтвах. I, дарэчы, кантактуюць не толькi са сваiмi, але i з замежнымi ВНУ. Прычым, зусiм не абавязкова праваслаўнымi. Iнстытут Усходнiх Цэркваў у Рэгенсбургу (Германiя) ахвяраваў духоўнай школе ў Жыровiчах 250 тамоў каштоўнай навукова-багаслоўкай лiтаратуры, студэнты Мiнскай семiнарыi праходзiлi ва унiверсiтэце стажыроўку. Аб абмене выкладчыкамi i студэнтамi падпiсана пагадненне з евангелiчна-багаслоўскiм факультэтам Цюбiнгенскага унiверсiтэта (Германiя). З самага пачатку студэнты i выпускнiкi семiнарыi ездзяць павышаць свой адукацыйны ўзровень у вядучыя багаслоўскiя унiверсiтэты Еўропы: у Грэцыю, Германiю, Iталiю, Швейцарыю, Аўстрыю. Гэта неабходна, бо на Беларусi жыццё духоўнай школы было спынена на 30 гадоў, а там яно працягвала развiвацца. Бунтаў не чакаецца Дастаеўскi не любiў семiнарыстаў. Лiчыў, што менавiта адтуль выходзiць большая колькасць атэістаў i рэвалюцыянераў. Сённяшнiя семiнарысты любяць Дастаеўскага. Яны вывучаюць яго творчасць i прысвячаюць яму навуковыя канферэнцыi. Яны кажуць, што Дастаеўскi быў правы. Але не ва ўсiм. Так, у Мiнскай духоўнай семiнарыi да 1918 года адбывалiся бунты. Сапраўды, з яе сцен выходзiлi рэвалюцыянеры, прычым высокаадукаваныя. Але з яе сцен выходзiлi i святыя. Тыя, хто заплацiлi жыццём за спавяданне веры. Тыя, хто атрымалi права стаяць перад прастолам Усявышняга i прасiць Яго за нас — сённяшнiх насельнiкаў улюбёнай iмi зямлi. Гэтых, другiх, значна больш за тых, першых. А калiсьцi ж i яны былi звычайнымi маладымi людзьмi. Iх называлi словам, якое пакуль яшчэ не вярнулася цалкам — не стала для нас звыклым — семiнарысты.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 1989 года на Беларусi не было семiнарыстаў амаль трыццаць гадоў. Апошнi набор — дзевяць чалавек — адбыўся ў 1959-м, да выпуску дайшлi толькi пяцёр
|
|