Мiкалай СЕРГIЕНКА: «Перамагчы самога сябе»
Сяргей КАРАЛЕВIЧ
За невялiкiм выключэннем, аб беларускiх палiтыках амаль нiчога невядома. Зразумела, людзi ведаюць, што яны кiруюць, распрацоўваюць i прымаюць законы i г.д. Аднак гэта ўсё: адкуль яны, чым займалiся раней, што робяць у вольны час — амаль нiхто гэта не ведае. «Звязда» паспрабуе часткова выправiць гэта становiшча.
Тэлефаную ў прэс-службу Палаты прадстаўнiкоў. Цiкаўлюся: цi прыгадаеце, хто з дэпутатаў мае нейкае захапленне? Першыя словы ў адказ: хобi ў дэпутатаў адно — палiтыка. Праз нейкi час пачалi ўзгадваць, што адзiн цiкавiцца гэтым, другi — iншым. Сярод першых быў узгаданы намеснiк старшынi Камiсii па праблемах Чарнобыльскай катастрофы, экалогii i прыродакарыстанню нiжняй палаты беларускага парламента Мiкалай СЕРГIЕНКА, якi займаецца пчалярствам. Пчолы дык пчолы, палiчыў карэспандэнт «Звязды» i накiраваўся да дэпутата на пасеку. Пчалiная гаспадарка М. Сергiенкi знаходзiцца ва ўрочышчы Гай непадалёку ад Баранавiч. Менавiта тут, у доме, якi пакуль дабудоўваецца i рамантуецца, дэпутат збiраецца пасялiцца «пасля завяршэння палiтычнай кар’еры». Зразумела, побач з пчоламi, iснаванне якiх цесна звязана з жыццём чалавека. Як адзначае М. Сергiенка, пчала хоць i лiчыцца ядавiтым насякомым, у яе ёсць пачуццi, якiмi яна звязана з чалавекам. Паводле яго слоў, з пчоламi патрэбна размаўляць, нiколi на iх не крыўдзiцца, нават тады, калi адна з iх цябе ўкусiць. Яе трэба прабачыць, бо яна гэта зробiць не проста так. З пчоламi неабходна сябраваць... Аднак аб усiм па парадку. «ЛIЧУ СЯБЕ IНТЭРНАЦЫЯНАЛIСТАМ» — Вы нарадзiлiся ва Украiне. Калi апошнi раз былi ў тых месцах? — Так, я нарадзiўся ва Украiне ў горадзе Ахтырка Сумскай вобласцi, дзе i пражыў да 18 гадоў. Мае бацькi, дзед, прадзед — чыстакроўныя ўкраiнцы. У тыя гады я быў вельмi актыўны, пачынаючы, ад лазання па дрэвах i заканчваючы нейкiмi грамадскiмi справамi. У 14 гадоў атрымаў права на ваджэнне матацыкла, прычым яшчэ ў школьныя гады змог праехаць ледзь не на ўсiх марках матацыклаў, што тады iснавалi. Нiхто з маёй раднi не быў ваенным, палiтыкам. Больш таго, нiхто з iх не пражываў i не пражывае цяпер за межамi Украiны. Таму кожны год iмкнуся наведваць родных. Хоць за прайшоўшы час многае змянiлася i, па сутнасцi, акрамя неабходнасцi наведваць мацi, мяне ва Украiну асаблiва не цягне. — А як трапiлi ў Беларусь? — Мая жонка — беларуска, жыла ў Старадарожскiм раёне, дзе я пачынаў сваю воiнскую службу. На яе радзiме i пажанiлiся. На працягу амаль 20 гадоў я бачыў сям’ю амаль толькi падчас водпуску, бо знаходзiўся ў «камандзiроўках» па ўсiм Савецкiм Саюзе. Затым адпрацаваў 2 гады i 8 месяцаў камандзiрам палка хiмiчнай абароны ў Чарнобылi, дзе мы праводзiлi дэзактывацыю трэцяга энергаблока, захараненне населеных пунктаў Брагiнскага, Хойнiцкага, Нараўлянскага раёнаў i iнш. Пасля гэтага прыйшоў час выбiраць месца далейшага жыхарства, i я вырашыў застацца ў Беларусi. Мяне звязвае з Беларуссю вельмi многае: тут мая сям’я, тут выраслi мае дзецi, тут шмат родных па лiнii жонкi, шмат сяброў. Па сутнасцi ўсё маё сумленнае жыццё звязана з Беларуссю. — Украiна, СССР, Беларусь — кiм вы сябе цяпер лiчыце? — У душы я ўкраiнец: у мяне ўкраiнскi акцэнт, украiнскае прозвiшча. Я з задавальненнем слухаю ўкраiнскiя песнi, мая любiмая спявачка — Сафiя Ратару. У футболе я хварэю за кiеўскае «Дынама» (у дзяцiнстве, гуляючы ў футбол, мяне называлi Андрэем Бiбай — прозвiшчы вядомых iгракоў давалiся кожнаму дваравому футбалiсту). Служыў я ў Расii, праехаўшы амаль увесь Савецкi Саюз. Аб тым часе ў мяне засталася вялiкая настальгiя, i я з задальненнем праехаў бы па ўсiх тых месцах, дзе давялося служыць. Аб Беларусi размова асаблiвая — гэта мая другая Радзiма. Я не саромеюся сказаць, што я ўкраiнец, хахол. Аднак лiчу сябе iнтэрнацыяналiстам, якi з добразычлiвасцю ставiцца да ўсiх тых народаў, з якiмi быў цесна звязаны лёс. «НЕ РАЗ ЗНАХОДЗIЎСЯ Ў ВОБЛАКУ ЗАРЫНУ» — Чаму выбралi спецыяльнасць ваеннага хiмiка? — Ваенным я стаў абсалютна выпадкова. Вясной 1979 года мяне павiнны былi забiраць у армiю. А якраз напярэдаднi мой дзед купiў мне матацыкл «Ява». Мае сябры мне i гавораць: ты што, дурань? Лета мы павiнны на матацыклах адганяць, а потым ужо iсцi ў войска! У вынiку мы вырашылi напiсаць заявы ў ваеннае вучылiшча (а таму ў армiю вясной нас не забралi б), летам напiсаць экзамены на двойкi i ўжо восенню iсцi на службу. Я так i зрабiў. Калi прыйшоў у ваенкамат, аказалася, што ва ўсе прэстыжныя вучылiшчы я спазнiўся, а таму прыйшлося пiсаць заяву ў Саратаўскае хiмiчнае. Прыехаў на экзамены, i мне, простаму ўкраiнскаму хлопцу, нешта ў ваеннай справе спадабалася. Вырашыў здаваць экзамен усур’ёз. Хiмiю здаваў на ўкраiнскай мове, бо рускай у дастатковым аб’ёме нават не валодаў. На ўсё вучылiшча знайшлася толькi адна выкладчыца, у якой муж — украiнец. Яна праслухала маю пявучую ўкраiнскую мову i паставiла пяцёрку, хоць мае веды былi не больш тройкi-чацвёркi. На наступны дзень шлю тэлеграму бацьку, што паступiў. Праз два днi той прыехаў сам, спрабаваў адгаворваць. Але я ўжо вырашыў стаць афiцэрам. Дарэчы, тройчы прымаў ваенную прысягу. Першы раз — у Саратаўскiм вучылiшчы на вернасць СССР. Другi — у структуры беларускага МУС. I трэцi раз — у МНС, якой была перападпарадкавана грамадзянская абарона. Вось такая была асаблiвасць жыцця на постсавецкай прасторы. — На практыцы сутыкаючыся з хiмiчнай зброяй, страшна не было? — Сама па сабе хiмiчная зброя забаронена Жэнеўскай канвенцыяй. Аднак мне прыйшлося бачыць арсеналы хiмiчных узбраенняў, непасрэдна ўдзельнiчаць у сродках абароны ў воблаку зарына, замана, iпрыта i iншых псiхатропных i атручваючых рэчываў, быць на вучэннях з рэальным выкарыстаннем хiмiчнай зброi. Выпадкаў паражэння, за выключэннем падвопытных жывёл, у маёй практыцы не было, хоць саслужыўцы i расказвалi аб падобным. Я ведаю, у якi маральна-псiхалагiчны стан трапляеш у такiх сiтуацыях, якiя могуць быць наступствы. — Веды пазбаўлялi страху? — Веды дапамагалi. Але нельга сказаць, што страху не было. Ён прыходзiў, як правiла, пасля таго, як заканчвалася рэальная праца з хiмiчнымi рэчывамi падчас аварый, у Афганiстане, у Чарнобылi. Толькi ўвечары, калi ўяўляў сабе, што магло здарыцца ў горшым выпадку, станавiлася не па сабе. «АТРЫМАЎ ГРАНIЧНУЮ ДОЗУ АПРАМЕНЬВАННЯ» — У Чарнобылi вы сутыкнулiся ўжо з «мiрным атамам». — Глыбока перакананы, што ў той час нам не хапiла прафесiяналiзму на самым высокiм узроўнi, каб прыняць найбольш аптымальныя рашэннi. Тады думалi, што Савецкi Саюз можа ўсё: не лiчылi грошы, не ўзважвалi людскiя i матэрыяльныя затраты. Думалi, што зможам шапкамi закiдаць усё, што заўгодна. З Чарнобылем гэта не атрымалася. Многiя яшчэ цяпер шукаюць вiнаватых. Я гэта не рабiў бы. Бо я памятаю, што ўсе праяўлялi высокiя якасцi патрыятызму i самаахвяравання. Нiхто не сутыкаўся раней з падобнай сiтуацыяй, таму мы i не маглi ведаць усе наступствы. Нам заставалася толькi адно — вучыцца на сваiх памылках i больш не паўтараць iх. — Вы раней казалi, што на вашым здароўi наступствы радыяцыйнага апраменьвання не сказалiся. Чаму? — Сёння навука яшчэ дакладна не вызначыла ўплыў радыяцыйнага апраменьвання нiзкага ўзроўню. У мяне ў асабiстай справе запiсана, што я атрымаў апраменьванне ў 24,999 бэр. У той час гранiчная доза апраменьвання складала 25 бэр. Колькi радыяцыi атрымаў мой арганiзм на самай справе за 2 гады 8 месяцаў працы ў Чарнобылi, вядома аднаму Богу. Аднак я адмоўнага ўплыву пакуль не адчуў. Хоць са многiмi з тых, хто быў побач са мной, здарылася па-iншаму. Я ведаю аб 31 афiцэры i прапаршчыку, што служылi ў маiм палку, якiя памерлi да 1995 года. Сiмптомы хвароб Чарнобыля самыя непрадказальныя. Магчыма, вялiкае значэнне меў i псiхалагiчны фактар. — Вы гаворыце аб яго ўплыву на здароўе? — Псiхалагiчны фактар заўсёды адыгрывае вялiкае значэнне, асаблiва пры ўплыве невядомасцi. У чарнобыльскi перыяд гэты фактар, лiчу, мог паўплываць на здароўе людзей самым негатыўным чынам. Здароўе ў людзей на забруджаных тэрыторыях не ва ўсiх аднолькавае. Чаму яны там жывуць? — пытанне складанае. Сама Чарнобыльская зона — унiкальны прыродны край, дзе людзi жылi стагоддзямi. I на здароўе многiх магла аказаць уплыў не толькi радыяцыя, але i маральна-псiхалагiчны фактар пераезду на новае, нязвычнае месца жыхарства. Таму я магу зразумець тых навасёлаў, якiя вяртаюцца ў свае родныя мясцiны. Асаблiва цяжка змяняць месца жыхарства людзям сталага ўзросту. Думаю, у Чарнобыльскiх раёнах жыццё будзе працягвацца, зразумела, пры ўмове выканання нормаў i правiлаў, якiя нам рэкамендуе навука i практыка. — Дзяржава робiць дастаткова для лiквiдацыi наступстваў Чарнобыля? — Я бачу, як ставяцца да праблемы Чарнобыльскай катастрофы розныя краiны свету. Тое, што зроблена для пацярпелых раёнаў сiламi нашай дзяржавы, нельга параўнаць з тым, што робiцца для яе вырашэння (лiчу, Чарнобыль — сусветная праблема) iншымi краiнамi. Мы сёння засталiся амаль адны, хоць i нельга забываць аб дапамозе такiх краiн, як Iталiя i Германiя. «ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ СТАТУС ДЭПУТАТА МОЖНА ПА-РОЗНАМУ» — Чаму ваенны пайшоў у дэпутаты? — Лiчыцца, што ваенныя па-за палiтыкай. Аднак не скажу, што дэпутатам Палаты прадстаўнiкоў стаў выпадкова, бо каля дзесятка гадоў рыхтаваў сябе да гэтай дзейнасцi. Яшчэ шмат гадоў назад я задаваўся пытаннем: што за ўлада, якая ва ўсё ўнiкае, аднак можа нi за што не адказваць? Чаму дэпутаты абяцаюць, а многае не выконваюць? Акрамя таго, кожны з нас лiчыць, што нешта зможа зрабiць лепш за iншых. Лiчу, што ў дэпутата ёсць магчымасць ва ўсё ўнiкнуць, прапусцiць праз сябе, выкарыстоўваючы гэта на карысць iншым. Я працаваў на многiх адказных пасадах, i калi наш парламент стаў прафесiйным, вырашыў паспрабаваць сябе i там. — Большасць лiчыць, што ў дэпутаты iдуць з-за фiнансавага фактара. Вы будзеце адмаўляць гэта? — Я катэгарычна не магу пагадзiцца з тым, што ў дэпутаты iдуць дзеля матэрыяльных прыярытэтаў. Але i не магу сказаць, што дэпутат парламента сёння пакрыўджаны нечым у гэтым плане. Ён забяспечаны жыллём, яму створаны добрыя матэрыяльныя ўмовы для працы, але не для нажывы, бо расходы дэпутата на сваю дзейнасць таксама немалыя. Напрыклад, мае сённяшнiя затраты на дэпутацкую дзейнасцi штомесяц адпавядаюць майму заробку дэпутата. Я плачу за дзве кватэры (у Баранавiчах i Мiнску); мая выбарчая акруга, дзе я бываю вельмi часта, знаходзiцца ў 150 км ад Мiнска (я, праўда, магу раз у месяц бясплатна з’ездзiць у акругу на электрычцы, аднак на практыцы гэтага вельмi мала); у акругу я езджу на сваiм транспарце (а гэта 250—300 долараў у месяц — запраўка i запчасткi); статут дэпутата, акрамя таго, патрабуе i адпаведнага знешняга выгляду, а таксама пэўнага складу жыцця. — За шэсць гадоў працы ў парламенце не стала сумна? — Наўрад цi. Я магу крытыкаваць парламент па многiх пазiцыях. Аднак няўжо можна чакаць ад парламента, якому спаўняецца толькi 10 гадоў, самага высокага прафесiяналiзму? У дэпутатаў шмат працы: з законамi, у акругах, можна праяўляць розныя ўласныя iнiцыятывы. Дэпутату створаны ўмовы для працы, а мяжы для ўдасканалення законатворчай дзейнасцi няма. Як наша жыццё недасканальна, так i законы. А таму мы павiнны iмкнуцца да дасканаласцi, хоць гэта ўжо i фiласофскае паняцце. У парламенце шмат папулiзму, ад гэтага нiкуды не дзенешся. З другога боку, можна ўсебакова абмяркоўваць законапраект у камiсiях, мiнiстэрствах, прымаючы ў авальнай зале ўжо аптымальны дакумент. Гэтага пакуль мала. Увогуле ж, кожны выкарыстоўвае свой статус па-рознаму. — Цi можна зрабiць палiтыку чыстай? — Гэта немагчыма. Можна да гэтага iмкнуцца, iмiтаваць гэта. Напрыклад, як можна раздзялiць палiтыку, бiзнэс i спорт? Дэпутаты проста павiнны iмкнуцца да высокай маральнасцi, духоўнасцi, сумленнасцi, хоць палiтыка без адваротных паняццяў i не iснуе. Галоўнае тут, напэўна, ступень гэтых якасцяў, што залежыць ад уласных якасцяў дэпутата, яго iнтарэсаў, жаданняў, а таксама шляхоў i метадаў, якiмi ён хоча гэтага дасягнуць. «АД ДАБРАЧЫННАСЦI АДМОВIЦЦА НЕМАГЧЫМА» — Як вы лiчыце, удзел у дабрачынных акцыях, падобных «Спартсмены — дзецям» — гэта ганаровы абавязак дэпутата, чыноўнiка цi проста ўласнае iмкненне? — Дабрачыннасць — гэта нешта шчырае, сардэчнае, маральнае i абавязкова асабiстае. Ва ўсiм свеце яна заахвочваецца. Зразумела, сродкаў для вялiкай дабрачыннасцi ў мяне няма, я выкарыстоўваю сродкi маiх памочнiкаў, сяброў, бiзнэсменаў, спартсменаў, тых людзей, якiя могуць ахвяраваць, але не ведаюць як. Я ўдзячны людзям, якiя гэта робяць. У дабрачыннасць адразу не прыходзяць: для гэтага патрэбна не толькi ўзляцець, але i балюча ўпасцi. Для гэтага патрэбна задумвацца не толькi аб багаццi, але i аб простым, зямным, аб тым, што вакол цябе. Тыя, хто прыме ўдзел у дабрачыннай акцыi, потым не зможа ад iх адмовіцца. Узяць алiмпiйскага чэмпiёна Сяргея Булыгiна. Ён сам сiрата, падчас акцыi ў яго кацiлiся слёзы. Цяпер ён гатовы кiнуць усё, каб прыняць удзел у ёй зноў. Увогуле, ужо ледзь не чарга стаiць са спартсменаў, яны нам самi тэлефануюць i пытаюць аб наступнай акцыi. — Падлiчвалi, колькi было падобных акцый? — Не ведаю, але ў маёй выбарчай акрузе не ведаю прадпрыемства, школы, дзiцячага сада, дзе б я нi пабываў i нешта не паспрабаваў зрабiць. У рамках жа акцыi «Спартсмены — дзецям» з кастрычнiка мiнулага года прайшло 16 паездак, i яны будуць працягвацца. — А былi тыя, хто адмаўляўся ад удзелу ў дабрачынных акцыях? — Я практычна не памятаю, каб спартсмены адмаўлялi катэгарычна. А вось сярод артыстаў непаразуменне часам знаходзiлi, асобныя з iх прасiлi за выступленне 500—1000 долараў. «КАЛI ЗАЦIКАВIЎСЯ ПЧАЛЬНІКОМ — ТЫ ШЧАСЛIВЫ ЧАЛАВЕК» — Вольнага часу ў дэпутата шмат? — Украiнскi вучоны Амосаў навукова даказаў, што мы станоўча выкарыстоўваем каля 20 працэнтаў жыцця, астатнi час спiм, лянуемся i г.д. Мяне ж наадварот родныя папракаюць, чаму я ўвесь час нешта раблю. А для мяне пасядзець у бары — гэта не адпачынак, на моры я магу быць толькi адзiн дзень. Зразумела, адпачываць патрэбна, але для мяне адпачынак — гэта мой лад жыцця, калi я займаюся тым, што мне падабаецца. Без справы я не магу сядзець нi хвiлiны. — Чаму — ваенны, дэпутат, а тут — пчолы? — Гэта ў мяне з дзяцiнства. Той, хто зацiкавiўся пчальнiком — шчаслiвы чалавек, яго пчолы адвучаць ад многiх шкодных звычак. Нельга займацца пчалярствам, не любячы пчол. Мой дзед казаў: калi ты будзеш любiць пчол, то ў цябе будзе мёд, калi ж ты любiш толькi мёд, то ў цябе i пчол не будзе. Я пчол люблю, а таму i яны мяне не абдзяляюць мёдам. Пчолы ў мяне не для бiзнэсу, хоць пчолы i дарагое задавальненне. — Мёд любiце? — Мёд практычна не ем. Не ведаю чаму, хоць i ведаю яго карысць, прапагандую яго. — Куды ж ён iдзе? — Мёду ў мяне шмат не бывае. Але таго, якi збiраю, хапае для сябе, пачаставаць сяброў. — Лiчыце сябе прафесiйным пчаляром? — Хто яго ведае, наўрад цi займаўся б гэтым прафесiйна для атрымання прыбытку. Былi гады, калi пасека прападала цалкам да аднаго вулля. Пчолы могуць загiнуць за адну зiму. Тым не менш я заўсёды буду пачынаць з нуля, бо пчолы — гэта ўжо мая стыхiя. — Бачыў у вас галаву вялiзнага шчупака. — Лiчу сябе майстрам спорту мiжнароднага класа па лоўлi шчупака на лёдзе. Летам таксама рыбалку люблю, але па розных прычынах езджу мала. Аднак зiмой па некалькi дзесяткаў разоў выязджаю. — Вы яшчэ i марафонец. — Апошнiя пяць гадоў у рамках Вроцлаўскага сусветнага марафону праводзяцца забегi дэпутатаў парламентаў. У 2003-ім i 2004 гадах я стаў вiцэ-чэмпiёнам сярод дэпутатаў 17 i 23 краiн свету адпаведна. Марафон — гэта перамога над сабой, гэта перагрузгi, цярпенне. Але калi ты прыбег, ты адчуваеш глыбокае маральна-псiхалагiчнае задавальненне ад таго, што здолеў перамагчы самога сябе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За невялiкiм выключэннем, аб беларускiх палiтыках амаль нiчога невядома. Зразумела, людзi ведаюць, што яны кiруюць, распрацоўваюць i прымаюць законы i
|
|