Падарыць свята роднай вёсцы прыехаў у Лелiкава Кобрынскага раёна расiйскi бiзнэсмен
Святлана ЯСКЕВIЧ
Сёння ў Лелiкаве свята вёскi. I не проста свята, а афiцыйнае адкрыццё Лелiкаўскай школы тэнiса. Лiчы, у самай аддаленай вёсцы Кобрынскага раёна за два кiламетры ад гранiцы з Украiнай нядаўна пабудаваны суперсучасны тэнiсны корт коштам у некалькi соцень тысяч долараў. Корт аснашчаны сiстэмай падагрэву, так што займацца на iм можна i зiмой.
— Дзецi з задавальненнем вучацца гуляць у тэнiс. Мой унук таксама займаецца, — гаворыць дырэктар мясцовага Дома культуры i стараста вёскi Сцяпан Шапяцюк. — Не тое што ў вёсцы, кажуць, нават у Брэсце такога корта няма. А пабудаваў такi спартыўны аб’ект для землякоў лелiкавец Iван Панасюк, генеральны дырэктар групы кампанiй «Еўропа-Азiя» ў Новасiбiрску. Жыхары Лелiкава ганарацца сваiм аднавяскоўцам, i ён родную вёску не забывае. Iван Паўлавiч займаецца дабрачыннай дзейнасцю, з’яўляецца старшынёй Беларускага культурна-асветнiцкага цэнтра ў iмя Святой Ефрасiннi Полацкай у сваiм горадзе. Апошнiм разам Iван Панасюк ладзiў свята для роднай вёскi тры гады таму. Тады ў Лелiкава прыязджалi «Песняры». Цяпер таксама чакаюць зорак беларускай эстрады, масквiча Вадзiма Казачэнку, некалькi знакамiтых калектываў. Канцэрт завершыцца нябачаным да гэтага ў Лелiкаве феерверкам, для гэтага запрошаны спецыялiсты-пiратэхнiкi. Да свята рыхтавалася таксама кожная гаспадыня. Вёска гэта — самабытны край, тут у многiх захавалiся да цяперашняга часу ткацкiя станкi. Амаль усе жанчыны ўмеюць вышываць або ткаць i прасцi. Вось i зробяць яны выставу сваёй ручной творчасцi. А ўжо кулiнарным майстэрствам, паводле слоў старасты Пятра Шапецюка, мясцовыя кабеты змогуць здзiвiць нават самых патрабавальных гасцей. Тут вам будзе i каша лелiкаўская з ляпёшкамi ды скваркамi, фiрменныя яечнi з пылу-жару, пiражкi з фасоллю. Гаспадары ж за багацце дома паднясуць прыезджаму шклянку «бярозавага соку», так мовiць, мясцовага ўзору. Тут яго ўмеюць вырабляць па асаблiваму рэцэпту. Словам, будзе гуляць Лелiкава, будзе сустракаць гасцей. А iх абяцала завiтаць нямала: i з Мiнска, i з Брэста, i з суседняй Украiны. Як сказаў па тэлефону карэспандэнту «Звязды» галоўны фундатар мерапрыемства Iван Панасюк: «Я рады падарыць аднавяскоўцам свята». Iван Паўлавiч не толькi ўзводзiць для землякоў спартыўныя збудаваннi, запрашае знакамiтых артыстаў. Ён таксама дапамагае ўстановам адукацыi, культуры. Кожны год на працягу апошняй пяцiгодкi прывозiць на радзiму 2—3 тысячы кнiжак. Сваю родную школу, а таксама сельскую бiблiятэку аснасцiў камп’ютарамi, капiравальнай, вiдэатэхнiкай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Лелiкаве свята вёскi. I не проста свята, а афiцыйнае адкрыццё Лелiкаўскай школы тэнiса
|
|