I з’явiўся ў чалавека сябар
Мама, пачытай!
Было гэта вельмi i вельмi даўно. Наводшыбе вялiкага дрымучага лесу стаяла драўляная сцiплая хатка, i ў ёй, амаль да паўночы, гарэла святло. Гаспадыня сядзела ля акенца, вязала рукавiчкi сваiм унукам, а маленькi каток, як мог, дапамагаў ёй — размотваў з клубочка нiткi. I вось аднойчы ён захапiўся, перастараўся i закацiў клубочак аж у лес. Убачыла гэта лiсiца, крычыць: — Воўк, воўк, хутчэй сюды! Паглядзi, што я знайшла! Прыбег той, паглядзеў — нiчога не разумее. А лiса яму i гаворыць: — Гэта — вожык. Ён лiняе якраз i таму такi мякенькi, без iголак. Еш хутчэй. Воўк пашчу разiнуў i... хап — праглынуў клубочак. Вочы вылупiў — адчувае, што нешта не так. А тут ужо i каток прыбег, пытаецца: — Што ж ты нарабiў, Шэры? Ты ж бабульчыны нiткi глынуў. — Як?! — воўк аж завыў ад страху. — У-у... Што ж мне рабiць? Пачула гэта бабуля, падышла ды кажа яму: — Не бойся, пасядзi спакойненька. Глядзiш, пакуль я рукавiчкi давяжу — увесь клубок i разыдзецца. Сеў воўк пасярод хаты, пашчу раскрыў i сядзiць. А бабулька вяжа сабе, вяжа i, каб весялей было, розныя казкi расказвае — пра калабка, пра сямех казлятак, пра чырвоны каптурык... Шэры як пачуў, колькi яго родзiчы бяды нарабiлi, аж заплакаў ад сораму. Прасiцца стаў: — А можна не пайду я болей у лес, можна я ў вас буду жыць, дом пiльнаваць? Паглядзела бабуля ў сумныя воўчыя вочы, ды i пагадзiлася. Вось так у людзей з’явiўся самы першы сабака. Iлья ШАХРАЙ, г. Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Было гэта вельмi i вельмi даўно. Наводшыбе вялiкага дрымучага лесу стаяла драўляная сцiплая хатка, i ў ёй, амаль да паўночы, гарэла святло |
|