Навошта чыгунцы камп’ютары?
Святлана ЯСКЕВIЧ
Рэплiка Памятаеце, якiя раней былi чыгуначныя бiлеты? Невялiкiя картонныя карткi, iх падчас пакупкi праштампоўваў касiр. Цяпер пра тое амаль усе забылiся, бо прыйшоў электронна-тэхнiчны прагрэс, iнфарматызацыя, глабалiзацыя з усiмi, як прынята казаць, вынiкаючымi. Многiя забылiся, а я вось успомнiла, калi прыйшлося пацярпець ад наступстваў гэтай «глабальнай iнфарматызацыi».У мiнулую нядзелю мы ўсёй сям’ёй прыехалi на цэнтральны вакзал Баранавiчаў, каб 49-м цягнiком С.-Пецярбург—Брэст вярнуцца дадому, у Брэст. Нехта з маiх сямейнiкаў нешта пераблытаў, не ўдакладнiў. I ў спадзяваннi, што цягнiк адыходзiць з Баранавiч у 7.10 ранiцы, мы зайшлi ў будынак вакзала недзе ў 6 гадзiн 41-42 хвiлiны. Я папрасiла бiлеты, а касiр адказала, што продаж прыпынены, бо састаў адыходзiць па раскладу ў 6.43. Ну, што ж, як кажуць, хто не паспеў, той спазнiўся. Я не адышла яшчэ ад акенца касы, як аб’явiлi: «Цягнiк № 49 спазняецца на 15 хвiлiн». «Вось, думаю, удача, такое раз у жыццi бывае». Бывае, ды не з намi, як аказалася потым. На мой запытальны позiрк мiлавiдная бландзiнка адрапартавала з акенца: «Продаж бiлетаў прыпыняецца за пяць хвiлiн да адыходу, а такое маленькае спазненне ў машыну не ўводзiцца». Вось хто, бывае, вырашае наш лёс — металiчная скрынка з электронным начыннем, якую артадаксальныя вернiкi часам называюць пякельнай машынай. Але ж гэта, у рэшце рэшт, лiрыка. А рэалii жыцця такiя, што давялося нам «кантавацца» з дзецьмi, якiя ўсталi ў пяць ранiцы, са шматлiкiмi пакункамi аж да паловы адзiнаццатай, да 131-га цягнiка. Праўда, ёсць у гэтым прамежку яшчэ адзiн цягнік у раёне дзевяцi ранiцы. Але адыходзiць ён з Палескага вакзала, куды яшчэ трэба пераехаць, а прыбывае амаль адначасова са 131-м. Дык якi сэнс? Затое было шмат часу ўспомнiць тыя картонныя бiлецiкi, якiя, выходзiць, гарантавалi большыя магчымасцi. Бо, калi ў запасе чвэрць гадзiны, то ў ранейшыя часы мы паехалi б 49-м без анiякiх праблем. Цяпер у нас шмат гаворыцца аб неабходнасцi зрабiць жыццё кожнага члена грамадства больш камфортным, на гэта, як быццам, i накiравана тэхнiчнае аснашчэнне ўсiх галiн чалавечага быцця. А выходзiць часам зусiм наадварот. I хто ж простаму, сярэднестатыстычнаму спажыўцу чыгуначных паслуг скажа, чаму не ўводзiцца такое спазненне ў машыну? Калi гэта зрабiць складана, то навошта тая камп’ютарызацыя? А калi некаму проста не хочацца нацiснуць пару клавiшаў, значыць, яму гэта не патрэбна, яго дабрабыт i камфорт ад гэтага не залежаць. I яшчэ. Раней, у савецкiя часы, не раз была сведкай таго, як пасажыру афармлялi бiлет прама ў цягнiку, у тым лiку i хуткiм. Цяпер не раз бачыла адваротную карцiну: нi праваднiкi, нi брыгадзiр нават гаварыць не хочуць з прыпазнiўшымся пасажырам. I iх можна зразумець. Усё падлiчвае, рэгулюе цяпер тэхнiка. А зарплата вышэйназваных працаўнiкоў, вiдаць, не залежаць, ад таго, поўны вагон, цi паўпусты, паехалi мы з вамi, цi засталiся.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памятаеце, якiя раней былi чыгуначныя бiлеты? Невялiкiя картонныя карткi, iх падчас пакупкi праштампоўваў касiр
|
|