Паставы плюс пiсьменства раўняецца...
Аляксандр ПУКШАНСКI
Першай самай галоўнай падзеяй стала адкрыццё пасля капiтальнага рамонту Дома культуры. Як паведамiў рэпарцёру «Звязды» старшыня пастаўскага райвыканкама Эдуард Казура, раней тут знаходзiўся «сапраўдны ваенны аб’ект»: былы Дом афiцэраў быў перададзены гораду ў пачатку 1990-х гадоў. Тады ваеннаслужачыя ракетнай дывiзii пакiнулi райцэнтр. I двухпавярховы будынак фактычна застаўся без гаспадароў. Сёлета перад правядзеннем Дня пiсьменства лiтаральна за некалькi месяцаў ён атрымаў другое жыццё.
На першым паверсе аўтар гэтых радкоў сустрэўся з добрай сяброўкай нашай газеты, жыхаркай вёскi Навасёлкi Пастаўскага раёна членам саюза майстроў народнай творчасцi Лiлiяй Радзiвонаўнай Зарэцкай. Яна адразу запытала: «А цi прыедзе фатограф маёй любiмай «Звязды» Яўген Пясецкi? Калi ласка, перадайце яму вялiкае прывiтанне». Для тых, хто яшчэ не ведае, паведамляю, што спадарыня Зарэцкая — майстрыха з вялiкай лiтары. Робiць уласнымi рукамi цудоўныя творы: сурвэткi, ручнiкi, дываны. «Я ўжо 82-ю падушачку вышываю, i ўсе яны розныя», кажа майстрыха. Да свята пiсьменства яна зрабiла тканую работу, якая можа стаць «бiблiяй» беларускага пiсьменства. Тут можна ўбачыць прозвiшчы i iмёны нашых славутых землякоў ад Ефрасiннi Полацкай, Кiрылы Тураўскага, Канстанцiна Веранiцына (аўтара «Тараса на Парнасе») да сучаснага Аляксея Дударава. Побач iх самыя «грунтоўныя» кнiгi. Гэты цуд параiла зрабiць вiцебская журналiстка Галiна Шпакоўская (абласная газета «Народнае слова»). Мiж iншым, паважаная панi Зарэцкая, калi святкавалася правядзенне газавай сеткi на Пастаўшчыну, падарыла адну з уласных работ Прэзiдэнту Беларусi. Каля 35 гадоў Лiлiя Зарэцкая працавала даяркай i 4 гады ў сельсавеце сакратаркай. У яе пяць дзяцей i шмат унукаў. «Чаму не 25?» — пажартаваў Аляксандр Рыгоравiч, калi размаўляў з ёй. Калi будзе магчымасць, абавязкова прыязджайце ў Паставы, хай толькi для таго, каб прыйсцi ў... раённую бальнiцу! Менавiта на яе тэрыторыi знаходзiцца палац Тызенгаўзаў. Увечары 2 верасня адбылося адкрыццё помнiка Канстанцiну Тызенгаўзу. Паставы, як расказаў галоўны ўрач Пастаўскай цэнтральнай раённай бальнiцы Уладзiмiр Чакавы, прыкладна з 1722 года належалi Тызенгаўзам. Вядома, што ў ХVIII стагоддзi Антонiй Тызенгаўз фактычна купiў у сваiх братоў горад. Ён быў вялiкiм iнтэлектуалам. Перапiсваўся з Вальтэрам, Русо... Ён запрасiў у той час сусветна вядомага архiтэктара Джузепэ Сака, i драўляны гарадок станавiўся каменным, што было не так часта ў ХVIII стагоддзi. Тады пачалi i палац узводзiць. Канстанцiн Тызенгаўз — траюрадны пляменнiк Антонiя. Гэты чалавек быў палкоўнiкам у адстаўцы. Ваяваў з французамi. У Паставах актыўна займаўся арнiталогiяй. Ён — аўтар кнiг па гэтай тэме, сабраў унiкальную арнiталагiчную калекцыю. А яшчэ быў мецэнатам i калекцыянерам карцiн вядомых мастакоў. Кажуць, што i Леанарда да Вiнчы быў прадстаўлены ў пастаўскай галерэi палаца. Падчас i Першай сусветнай i Вялiкай Айчыннай войнаў у палацы знаходзiўся шпiталь. У 1950-я тут адкрылася бальнiца. У вынiку больш чым 170 (!) гадоў будынак не рамантаваўся. Калi пастаўскi райвыканкам узначальваў Васiль Чэпiк, работы пачалiся, нягледзячы на вялiкiя фiнансавыя праблемы. У Мiнiстэрстве культуры i iншых ведамствах тады нават не паверылi, што магчыма рэстаўраваць такi складаны аб’ект архiтэктуры мясцовымi намаганнямi. Цяпер выгляд у бальнiцы як у сапраўднага музейнага комплексу. I фантастычна прыгожыя фантаны радуюць вочы, i сам будынак — былы палац — надзвычай прыгожы. Увечары 2 верасня каля палаца спачатку адкрылi помнiк Канстанцiну Тызенгаўзу. Потым пачаўся вечар старадаўняй музыкi. Сотнi чалавек прыйшлi, каб стаць сведкамi арт-акцыi «Музыка палацаў». Iгралi музыканты з сiмфанiчнага аркестра, а людзi ўважлiва слухалi прыгожыя творы класiкаў старадаўняй музыкi. Нельга, на жаль, перадаць настрой, якi панаваў там. А мы з майстрам фатаграфii Анатолем Клешчуком сталi самымi першымi наведвальнiкамi рэтра-кафэ, што адкрылася ў падвале палаца. Зараз у райцэнтры ёсць яшчэ адно ўтульнае месца, дзе можна пасядзець у добрай кампанii i паспрабаваць смачныя стравы. Паставы—Вiцебск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першай самай галоўнай падзеяй стала адкрыццё пасля капiтальнага рамонту Дома культуры. Як паведамiў рэпарцёру «Звязды» старшыня пастаўскага райвыканка
|
|