Магiлёў пабудуе новы парк адпачынку i набудзе прагулачны цеплаход
Iлона IВАНОВА
УСЁ ДЛЯ ТУРЫСТАЎ! Сесiя Магiлёўскага гарадскога савета зацвердзiла праграму развiцця турызму ў абласным цэнтры на 2006-10 гады. Яна прадугледжвае фармiраванне i развiццё ў Магiлёве канкурэнтаздольнага турысцкага комплексу, якi б задаволiў i беларусаў, i замежнiкаў.— Праграму мы прынялi адзiнагалосна, — пракаментаваў старшыня Магiлёўскага гарсавета Валерый Свiстуноў. — Праграма патрэбна i, паводле яе, паспрабуем «выцiскаць» усё, што можна, з нашых пакуль яшчэ слабых турыстычных магчымасцяў. Магiлёў быў разбураны падчас вайны, i таму ў нас небагата старажытных будынкаў, якiя б прыцягнулi ўвагу вандроўнiкаў. Толькi апошнiм часам у Магiлёве сталi з’яўляцца цiкавыя месцы: напрыклад, мемарыяльны комплекс «Буйнiцкае поле» i заасад. Акрамя гэтага, i ўзровень камфортнасцi для пражывання збалаваных замежных турыстаў у нас невысокi. Спадзяёмся, што пасля рэканструкцыi i рамонту гасцiнiцы «Магiлёў» сiтуацыя зменiцца. Паводле прынятай праграмы па турызму, у Магiлёве на працягу двух гадоў будуць здадзены некалькi турыстычных аб’ектаў i распрацаваны новыя маршруты актыўнага адпачынку — пешаходныя, водныя, веласiпедныя i конныя. Плануецца набыць пасажырскi цеплаход i пабудаваць прычалы на Дняпры, а таксама i парк адпачынку ў пойме, аднавiць гарадскую ратушу, зрабiць рэканструкцыю Тэатральнага сквера i плошчы Герояў, пабудаваць другую чаргу слаламнай трасы «Гарналыжны лiцэй» i iншае. Фiнансаванне праграмы будзе рабiцца за кошт уласных сродкаў выканаўцаў i грошай, якiя прадугледжаны на развiццё турызму ў гарадскiм бюджэце. Валерый Свiстуноў лiчыць гэта самым слабым месцам праграмы. — Усё добра, але сумы грошай нябачныя, — зазначыў ён. — Таму ў далейшым трэба праграму дапрацаваць i шукаць сродкi на яе выкананне. Трэба шмат зрабiць, каб Магiлёў стаў больш прывабны для турыстаў: развiваць iнфраструктуру, гасцiнiчны сэрвiс i будаваць паболей аб’ектаў, якiя можна паказаць гасцям горада. Я спадзяюся, што гэта праграма развiцця турызму будзе выканана. У Магiлёўскiм гарадскiм аддзеле спорту i турызму паведамiлi, што за сёлетнiя паўгода ў абласным цэнтры пабывала каля 2 тысяч турыстаў, прычым прыкладна трэцюю частку з iх складаюць замежнiкi. У 2006 годзе, паводле планаў, Магiлёў павiнен аказаць турыстычныя паслугi на 1,5 мiльярда рублёў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сесiя Магiлёўскага гарадскога савета зацвердзiла праграму развiцця турызму ў абласным цэнтры на 2006-10 гады |
|