«Шкала» вяртаецца. Са студзеняАдпачынак Няма сумненняў, умовы аздараўлення дарослага насельнiцтва сталi адной з найбольш вострых тэм гэтага года. Як вядома, сёлета большасцi працаздольных грамадзян (за выключэннем некаторых катэгорый iльготнiкаў) было прапанавана набываць пуцёўкi па поўнаму кошту. Прычым не сакрэт, што падобнае рашэнне многiя ўспрынялi даволi неадназначна. I асаблiва гэта датычыцца людзей з невысокiм узроўнем заробкаў. Мiж тым, сiтуацыя павiнна змянiцца ўжо ў блiжэйшы час. З 1 студзеня пуцёўкi для дарослых зноў будуць датавацца са сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. А сам памер гэтых датацый атрымае шчыльную «прывязку» да даходаў таго цi iншага чалавека. Iнакш кажучы, адбудзецца вяртанне да звыклай «шкалы». I ўсё ж, якой яна будзе i хто зможа скарыстацца датацыямi на аздараўленне? Каб адказаць на гэтыя i iншыя «папулярныя» сёння пытаннi, карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з выконваючым абавязкi намеснiка дырэктара Рэспублiканскага цэнтра па аздараўленню i санаторна-курортнаму лячэнню насельнiцтва Генадзем Мiкалаевiчам Балбатоўскiм.— Перш-наперш давайце высветлiм: як паўплывала рашэнне аб пераходзе працаздольнага насельнiцтва на 100-працэнтную аплату на сёлетнюю сiтуацыю з аздараўленнем? У прыватнасцi, цi спраўдзiлiся прагнозы наконт рэзкага падзення попыту на пуцёўкi i значнага пагаршэння стану самiх здраўнiц? — Скажу адразу, што сёлета ў нас не ўзнiкае нiякiх пытанняў з аздараўленнем дзяцей — аб’ёмы фiнансавання на гэтыя мэты практычна адпавядаюць узроўню мiнулага года, таму ўсе планавыя паказчыкi тут выконваюцца. Крыху iншае становiшча складвалася з пуцёўкамi для дарослых. У пачатку года сiтуацыя сапраўды нагадвала тупiковую — значная частка санаторыяў па сутнасцi «трымалася» толькi на зменшаным дзяржзаказе. Аднак паступова малюнак змянiўся. Па-першае, тут адыграла сваю ролю запатрабаванасць санаторна-курортнага лячэння ў насельнiцтва. А па-другое, нашы здраўнiцы здолелi прапанаваць удалае спалучэнне цаны i якасцi паслуг, што прывяло да ажыўлення попыту на пуцёўкi. Дастаткова сказаць, што летам напаўняльнасць санаторыяў выйшла на адзнаку 103—104 працэнты. Высокiм (98 працэнтаў) быў гэты паказчык i па стану на 1 верасня. Дарэчы, красамоўнае параўнанне. У цэлым з пачатку года праз Рэспублiканскi цэнтр з прадастаўленнем датацый з Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва i бюджэту ў санаторыях прайшлi аздараўленне 106 тыс. дарослых «iльготнiкаў». I ў той жа час аздараўленчыя прадпрыемствы здолелi рэалiзаваць фiзiчным i юрыдычным асобам самастойна 121 тыс. пуцёвак , i ў тым лiку 15 тысяч пуцёвак — грамадзянам iншых краiн. Прычым агульная сума рэалiзацыi склала 115 млрд рублёў. I плюс да таго, каля 10 «дадатковых» мiльярдаў удалося атрымаць дзякуючы платным паслугам. Словам, насуперак скептычным прагнозам, «абвалу» не адбылося — на дадзены момант большая частка здраўнiц выйшла на рэнтабельную работу. — Тым не менш рашэнне аб аднаўленнi «шкалы» частковай аплаты за пуцёўкi на аздараўленне i санаторна-курортнае лячэнне прынятае. Чаму? — Некалькi лiчбаў. Сёлета сярэднi поўны кошт пуцёвак, якiя «iшлi» праз Рэспублiканскi цэнтр асобным iльготным катэгорыям грамадзян, склаў каля 470 тыс. рублёў, i гэта пры тым, што мы адмовiлiся ад набыцця паўлюксавых i люксавых нумароў. Пры гэтым сярэднi поўны кошт «няльготнай» пуцёўкi вагаўся ў межах 700 тысяч. А па некаторых здраўнiцах гэты паказчык нават перавышаў мiльённую адзнаку. Такiм чынам, даводзiцца канстатаваць: 100 працэнтная аплата для многiх аказалася не па кiшэнi. I перш-наперш — не па кiшэнi для грамадзян з малымi даходамi. Таму прыняцце ўказа № 542, якi фактычна аднаўляе «шкалу» частковай аплаты ў залежнасцi ад узроўню дабрабыту кожнага прэтэндэнта на пуцёўку, мае на мэце правесцi размежаванне льгот i забяспечыць сацыяльную абароненасць малазабяспечанай часткi насельнiцтва. — Што ўяўляе сабой «шкала», якая пачне дзейнiчаць з 1 студзеня наступнага года? — Згодна з новым Палажэннем аб парадку накiравання на аздараўленне i санаторна-курортнае лячэнне, кошт санаторна-курортных паслуг будзе кампенсавацца ў залежнасцi ад даходаў канкрэтнага грамадзянiна, якiя ён атрымаў за папярэднi год. Iнакш кажучы, працэнт аплаты за пуцёўку стане вызначацца на падставе даведкi з месца работы аб заробках за апошнiя 12 месяцаў i яе супастаўлення з сярэдняй налiчанай зарплатай у цэлым па краiне. Пры гэтым сам працэнт адрознiваецца ў залежнасцi ад сезона — «зiмняга» (з 1 лiстапада па 30 красавiка) i «летняга» (з 1 мая па 31 кастрычнiка). Так, грамадзянiн, штомесячны даход якога не перавышае 0,5 сярэднемесячнай зарплаты па краiне, будзе аплачваць самастойна 15 працэнтаў ад поўнага кошту пуцёўкi ў «зiмовы» i 20 працэнтаў — у «летнi» перыяд, грамадзянiн з даходамi ад 0,5 да 1 сярэдняй зарплаты — адпаведна 20 i 30 працэнтаў, з даходамi ад 1 да 1,5 сярэдняй зарплаты — 30 i 40 працэнтаў, з даходамi ад 1,5 да 2 сярэднiх зарплат — 40 i 55 працэнтаў, з даходамi ад 2 да 3 сярэднiх зарплат — 50 i 70 працэнтаў, з даходамi ад 3 да 4 сярэднiх зарплат — 60 i 80 працэнтаў, ад 4 да 5 сярэднiх зарплат — 85 i 90 працэнтаў, а звыш 5 сярэднiх зарплат — усе 100 працэнтаў незалежна ад сезона. Скажам, па новай шкале, зыходзячы з сярэдняй налiчанай зарплаты за лiпень гэтага года, па мiнiмальнай «планцы» павiнны былi б плацiць за пуцёўку асобы, штомесячны даход якiх не перавышае 306,1 тыс. рублёў. А па максiмальнай — асобы з асабiстым даходам звыш 3 млн 61,4 тыс. у месяц. Хоць сам па сабе гэты прыклад умоўны. Бо не сакрэт, што да студзеня, калi пачне дзейнiчаць дыферынцыраваны прынцып аплаты, сярэдняя зарплата зменiцца. А значыць, зменiцца i сам «пункт адлiку». — Яшчэ раз удакладнiм: каго датычацца новыя правiлы? — Паколькi рознiца памiж сабекоштам пуцёўкi i аплатай непасрэдна грамадзянiнам кампенсуецца за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва, па-першае, права карыстацца шкалой атрымаюць працуючыя асобы, якiя плацяць самi i за якiх плацяць наймальнiкi ўзносы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Па-другое, такiм правам будуць валодаць прадпрымальнiкi — зноў-такi пры ўмове ўплаты страхавых узносаў. А па-трэцяе, шкала пачне распаўсюджвацца на ваеннаслужачых. I, дарэчы, гэта яшчэ адно адметнае новаўвядзенне. З 1 студзеня ўмовы для грамадзянскiх i ваенных асоб стануць аднолькавымi. — Асобная гаворка — аб суправаджальнiках. Яны атрымаюць iльготы? — Асобы, якiя суправаджаюць арганiзаваныя групы (скажам, настаўнiкi цi выкладчыкi), а таксама асобы, якiя суправаджаюць у iндывiдуальным парадку дзяцей-iнвалiдаў ва ўзросце да 18 гадоў i iнвалiдаў I групы, будуць мець права на бясплатную пуцёўку, аднак — без кошту медыцынскiх паслуг. Што да працуючых бацькоў, якiя суправаджаюць у iндывiдуальным парадку ў санаторый тыпу «Мацi i дзiця», то за iмi замацоўваецца права на атрыманне пуцёўкi з медыцынскiмi паслугамi на ўмовах 15-працэнтнай аплаты сабекошту. Праўда, пры ўмове, што самому суправаджальнiку патрабуецца лячэнне i гэты факт пацвярджае ўрачэбна-кансультацыйная камiсiя. — Цi будуць распаўсюджвацца датацыi на аздараўленне за межамi нашай краiны? — Так. Але толькi на аздараўленне ў санаторыях, якiя з’яўляюцца беларускай уласнасцю. — Таксама цiкавае пытанне: цi павiнен уваходзiць у кошт «датаваных» пуцёвак пэўны пералiк абавязковых медыцынскiх паслуг? — Безумоўна, бо ў адваротным выпадку само па сабе аздараўленне i санаторна-курортнае лячэнне проста губляе ўсялякi сэнс. Праўда, казаць, якiм канкрэтна будзе абавязковы пакет медыцынскiх паслуг у санаторыях, яшчэ рана — у дадзены момант адпаведныя стандарты па профiлях распрацоўваюцца Мiнiстэрствам аховы здароўя. — Сам прынцып прадастаўлення пуцёвак зменiцца? — Iльготы па аздараўленню i санаторна-курортнаму лячэнню павiнны прадастаўляцца толькi грамадзянам, якiя маюць у гэтым патрэбу. Таму галоўным крытэрыем для атрымання пуцёўкi, як i раней, стане наяўнасць медыцынскiх паказанняў i адсутнасць процiпаказанняў. Прычым кантроль за гэтым будзе больш строгiм. — Мiж тым, вiдавочна, што вяртанне да аплаты па «шкале» — гэта дадатковыя сродкi. Аб якiх сумах можа iсцi гаворка? — Даволi цяжкае пытанне. Справа ў тым, што ацэнка неабходных сродкаў, у залежнасцi ад патрэбы ў санаторна-курортным лячэннi па рэгiёнах i па асобных катэгорыях насельнiцтва, робiцца менавiта зараз. I ўжо пасля мы плануем сфармаваць агульную заяўку i выступiць з адпаведнымi прапановамi па фiнансаванню на наступны год. Аднак, зразумела, што ў сувязi з выхадам указа № 542, аб’ёмы гэтага фiнансавання будуць пераглядацца. — Кампенсацыi за нявыкарыстаныя пуцёўкi — якi iх лёс? — Кампенсацыi за нявыкарыстаную пуцёўку будуць скасаваныя. Але замест iх плануецца ўвесцi дапамогi на аздараўленне. Скажам, для непрацуючых Герояў Беларусi i Савецкага Саюза, непрацуючых iнвалiдаў i ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны, прыраўнаваных да iх асоб, непрацуючых грамадзян з лiку ваеннаслужачых, асоб кiруючага i радавога саставу органаў унутраных спраў, органаў фiнансавых расследаванняў, якiя сталi iнвалiдамi ў вынiку ранення цi кантузii падчас выканання службовых абавязкаў памер такой дапамогi складзе 10 базавых велiчынь. Словам, асноўныя прынцыпы тут застаюцца ранейшымi. — I апошняе. Што прынясуць новаўвядзеннi? — З аднаго боку, паўтаруся, новаўвядзеннi — гэта крок да сацыяльнай абароны маламаёмных грамадзян. А з iншага — крок да ўпарадкавання льгот. Пры гэтым сродкi, што вызваляцца ў вынiку, пойдуць на фiнансаванне дзяржаўных праграм па прыярытэтных накiрунках абароны мацярынства i дзяцiнства. Гутарыў Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Няма сумненняў, умовы аздараўлення дарослага насельнiцтва сталi адной з найбольш вострых тэм гэтага года. Як вядома, сёлета большасцi працаздольных гр |
|