Капернік і пернік
Ала МАЧАЛАВА
Польская Балтыка не можа пахвалiцца спякотным сонцам i гарачым пяском (ступнi тут таксама апякае, але не жар, а холад). Тутэйшы адпачынак наладжаны так, каб кампенсаваць недахопы надвор’я: багатая экскурсiйная база, шопiнг па ўмераных для беларусаў цэнах, развiтая iнфраструктура (тэнiсныя корты, басейны, сауны, бiльярд, трэнажорныя залы, горныя веласiпеды, скутэры) i магчымасцi для аздараўлення (ад звычайных фiзiяпрацэдур да пiкантнай шакаладатэрапii).
Асаблiвасцi нацыянальнага характару Дэкада, праведзеная аўтарам гэтага матэрыялу ў Польшчы, дазволiла пацвердзiць анекдот пра тое, што палякi робяць выгляд, быццам не разумеюць рускай мовы i нiбыта валодаюць англiйскай. Заўважу таксама, што ў выпадку дыялога на-англiйскай з вамi будуць больш ветлiвыя. Шкада толькi, што мала хто з працаўнiкоў сферы абслугоўвання валодае англiйскай мовай — пераважна гэта прадстаўнiкi маладога пакалення, студэнты. Якiя ўсё ж такi малайцы палякi — у iх вельмi моцна развiта iмкненне да ўнiверсальнасцi, практычнасцi. Гэта прасочваецца ад гiсторыi (скажам, у Мальбаркскiм замку ХIV стагоддзя нiзкая камода магла служыць у якасцi спальнага месца, лаўкi для сядзення i абедзеннага стала) да нашых дзён (абавязковы атрыбут кожнага экскурсавода ў Гданьску — парасон: падняты вертыкальна, ён служыць арыенцiрам для турыстаў, каб тыя не згубiлi свайго гiда; апушчаны гарызантальна, з’яўляецца ўказкай, што вымушае звярнуць увагу на той цi iншы цiкавы аб’ект; нарэшце, калi пачынаецца дождж, парасон выконвае сваю традыцыйную функцыю). Польская практычнасць праяўляецца i ў тым, што яны ўмеюць па максiмуму скарыстоўваць тое, чым валодаюць. Напрыклад, у горадзе Торунi нарадзiўся (хоць пасля тут i не жыў) легендарны Мiкалай Капернiк. Тут яго iмя — сапраўдны брэнд: ёсць вулiца Капернiка, дом Капернiка (менавiта тут ён нарадзiўся ў 1473 годзе, а зараз тут музей Капернiка), помнiк Капернiку, унiверсiтэт Капернiка i г.д. На жаль, няшмат польскiх рарытэтаў захавалася. Многае адрэстаўравана, а штосьцi адышло ў нябыт. Самае распаўсюджанае выслоўе экскурсавода можна пабудаваць па такому алгарытму: у ХIV/ХVI/ХVII стагоддзi тут былi пакой для катаванняў/пiваварня/абедзенная зала, зараз гэта гандлёвы цэнтр/рэстаран/начны клуб. Здзiўляе i тое, што расказваючы пра падзелы Рэчы Паспалiтай, экскурсавод сказала так: «Польшчу (!) дзялiлi тры разы...». Без чаго не абысцiся на Балтыцы Parawan (параван) — гэта 5 драўляных калочкаў з нацягнутай мiж iмi тканiнай. Такi своеасаблiвы плот — неабходная рэч на Балтыйскiм узбярэжжы. Iм можна адгарадзiцца ад халоднага пранiзлiвага ветру i загараць, нiбы на поўднi. Надвор’е на Балтыцы надзвычай пераменлiвае: хвiлiну таму ўсе яшчэ ляжалi на пляжы за параванамi, а зараз панадзявалi дажджавiкi, параскрывалi парасоны — i бягуць да свайго прыстанiшча. Зорка Поўначы Падрабязней раскажу пра курорт у паўночнай частцы Польшчы — Ястрабiная Гара. Кажуць, некалi ён быў месцам адпачынку ўрадавай элiты. Паводле ўласных назiранняў скажу: адпачываюць тут выключна палякi, прычым тыя часта прымалi нас за сваiх — пыталiся дарогу. Цiкава, што мястэчкi там не надта аддаленыя адно ад другога: 10 хвiлiн шляху — i ты ў Лiсiным яры, а яшчэ 15 — у Хлапава. Курортны пасёлачак — малюсенечкi, таму i выдатнасцяў тут няшмат: дзеючы маяк (з музеем маякоў унутры) на мысе Разэвэ i абелiск «Зорка Поўначы». Маяк гэты другi па яркасцi ў Еўропе i першы на Балтыцы. Яго святло бачна на адлегласцi 54-х кiламетраў. З аглядальнай пляцоўкi адкрываецца цудоўны вiд пясчанай касы, што ўходзiць у мора. Зорка Поўначы — абелiск з указаннем каардынат, размешчаны ў самым паўночным пункце Польшчы. Падарожнiка вабяць у далячынь судны, што ўвесь час рэюць на гарызонце, клiфавыя схілы, на якiя строга забаронена нават ступаць. Справа ў тым, што пясчаны бераг усё больш i больш асыпаецца. Каб перашкодзiць гэтаму працэсу, тут высаджваюць мноства дрэў. Бераг завяршаецца высокiм абрывам (нездарма курорт называецца Ястрабiная гара), таму на пляж спускаюцца па крутых лесвiцах. Залатаносны порт Гiстарычнае прызначэнне Гданьска, які раскінуўся на беразе ракі Матлава, — горад-порт. Адсюль i асаблiвая планiроўка: кожная вулiца размешчана перпендыкулярна рацэ i заканчваецца выхадам да вады (таму турыстам тут цяжка заблудзiць). Нядзiўна, што сiмвал горада — фантан Нептуна: водная стыхiя бярэ сваё. На гарадской ратушы ёсць перакрыццё з чатырма скульптурамi, кожная з якiх увасабляе пэўную дабрачыннасць — Стараннасць, Мудрасць, Справядлiвасць i Набожнасць. Былi часы, калi выхад да вады станавiўся залогам матэрыяльнага дабрабыту горада. Кажуць, грошай у жыхароў Гданьска тады было столькi, што яны нават хацелi ўпрыгожыць залатымi манеткамi маставую цэнтральнай вулiцы. Як зрабiць паперу з адзення Гэты сярэднявечны замак — былая рэзiдэнцыя Вялiкiх магiстраў Тэўтонскага ордэна, самы буйны абаронны цагляны замак у Еўропе. Дарэчы, тут упершыню ў Еўропе прымянялася цэнтральнае ацяпленне. Пры наведваннi замка можна стаць сведкамi таго, як у мiнулым чаканiлi манеты i рабiлi паперу (вырабы гэтыя, зразумела, можна набыць) — супрацоўнiкi замка, апранутыя ў старынную вопратку, ладзяць незвычайныя прэзентацыi. Ведаеце, з чаго тут рабiлi паперу? Са зношанага адзення! Адзежа, сцёртая лiтаральна ў рыззё, вымочвалася ў вадзе. Спецыяльнай рамкай (падобнай на пяльцы для вышывання) гэтыя разрозненныя кавалкi збiралi разам i змяшчалi пад прэс. Заставалася толькi высушыць — i папера гатова. Торунь — радзiма не толькi Капернiка, але i знакамiтага iмбiрнага пернiка. Кажуць толькi, што есцi iх адразу — вялiкая рызыка, няхай лепш паляжаць гады са два, памякчэюць, тады можна i пакаштаваць. Пра цвёрдасць таруньскiх пернiкаў сведчыць той факт, што ў далёкай мiнуўшчыне, калi ў падарожнiка ламалася кола ў яго драбiнах, ён звяртаўся да пекара, i той выпякаў для яго пернiк у форме кола. З такiм колам падарожнiк мог ехаць не адны суткi. Ёсць у гэтым цiкавым горадзе i свая Крывая вежа, нахiленая не горш за Пiзанскую. Пра крывiзну яе ходзiць мноства легендаў, адна з iх звязана з гiсторыяй кахання тэўтонскага рыцара i торуньскай прыгажунi, якiя не зважалi нi на якiя забароны. Пабудаваў той рыцар дом — масiўны, ладны, але жыў ён няправедна, таму i будынак, узведзены iм, скрывiўся. Кажуць, раней мужчыны правяралi тут сваiх жонак на вернасць. Тэст нескладаны: прыхiнуцца да сцяны так, каб да яе дакраналiся пяткi, пры гэтым трэба яшчэ выцягнуць рукi перад сабой. Толькi выстаяць надта складана, бо вяршыня той сцяны адхiлiлася ад першапачатковай вертыкалi амаль на паўтара метра! Калi ўстаяла жанчына — значыць не здрадзiла мужу. Сёння гэта вежа — паказнік грэшнасцi для ўсiх жадаючых турыстаў, i мала хто з iх паспяхова праходзiць выпрабаванне. * * * Уменню палякаў па поўнай выкарыстоўваць тое, чым надзялiў лёс, можна толькi павучыцца. Тое ж варта зрабiць i з навыкам складаць легенды, у якiя людзям так хочацца верыць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Польская Балтыка не можа пахвалiцца спякотным сонцам i гарачым пяском (ступнi тут таксама апякае, але не жар, а холад). Тутэйшы адпачынак наладжаны |
|