«Авiятар» «прызямлiўся» ў Смiлавiчах
Iгар АДАМОВIЧ
Матор ...Дзеяннi беларуска-расiйскай кiнастужкi пад рабочай назвай «Авiятар», якую здымаюць у нашай краiне студыi «Беларусьфiльм» i «Масфiльм», адбываюцца ў 1942 годзе. Фiльм распавядае пра лёс падлеткаў, што апынулiся ў дыверсiйнай школе, створанай немцамi з савецкiх дзяцей, бацькоў якiх асудзiлi як «ворагаў народа». Па задуме фашыстаў, яны павiнны былi ўзрываць цягнiкi, атручваць у шпiталi параненых салдат...Адну са сцэн стужкi, падчас якой галоўныя героi, «вучнi» дыверсiйнай школы — хлопчык Даня па мянушцы Пацук (маскоўскi акцёр Улад Уюжанiн) i дзяўчынка Вера па мянушцы Ампула (мiнская актрыса Аня Нiцкая) — сустракаюцца ў ваенным шпiталi, здымалi ў гарадскiм пасёлку Смiлавiчы Чэрвеньскага раёна. — Нашы мастак i аператар шмат месцаў вакол Мiнска аб’ездзiлi, але найбольш прыдатную «натуру» знайшлi тут, — гаворыць аўтар сцэнарыя i рэжысёр-пастаноўшчык фiльма Ала Крынiцына з Расii. — Паўразбураная панская сядзiба на тэрыторыi аграрнага каледжа i старыя будынкi ў двары былой школы-iнтэрната па знешняму выгляду як нельга лепш падыходзяць для перадачы атмасферы таго часу. ...Завiтаўшы на здымачную пляцоўку, якая разгарнулася ля сцен сядзiбы, аўтар гэтых радкоў трапiў... у двор вайсковага шпiталя. Над раненым чырвонаармейцам, якi ляжыць на возе, схiлiлася медсястра... Ля ўвахода ў будынак стаiць на мылiцах маладзенькi аднаногi салдат... Ля акна размаўляюць вайсковец у форме НКУС i жанчына-ўрач... «Палутарка» прывозiць двух раненых. Аднаго з iх санiтаркi i чырвонаармейцы нясуць на насiлках, другога вядуць пад рукi... Гэты эпiзод зойме ў фiльме не больш за хвiлiну, але каб зняць толькi агульны план, спатрэбiлася... каля дзвюх гадзiн. Iльвiную долю часу занялi рэпетыцыi. Адпрацоўваўся амаль кожны рух удзельнiкаў масоўкi, якiя знаходзiлiся ў кадры. Раз за разам гучала каманда рэжысёра: «Усе на зыходныя пазiцыi!» I зноў заязджаў у двор шпiталя грузавiк, i зноў выгружалi з яго раненых. — Здымаць мiнулае жыццё заўсёды цяжка, а вайну — тым больш, — тлумачыць Ала Крынiцына. — Тут усё, ад вопраткi да паходкi i выразу твару, павiнна быць адпаведным. ...Героi згаданага эпiзоду, асаблiва «раненыя» i «медыкi», выглядалi вельмi натуральна. I не дзiва: пераважная iх большасць — штатныя «масоўшчыкi» «Беларусьфiльма». А вось для дырэктара Смiлавiцкага Дома дзiцячай творчасцi Алы Шыдлоўскай — жанчыны-ўрача — гэта быў дэбют. Яна, дарэчы, адзiная сярод мясцовых жыхароў, каму пашчасцiла зняцца ў масоўцы. — Запрашэнне атрымала выпадкова, — распавядае яна. — Гэта адбылося падчас знаёмства са стваральнiкамi стужкi, калi яны выбiралi месца для здымачнай пляцоўкi на тэрыторыi былой школы-iнтэрната, дзе знаходзiцца i Дом дзiцячай творчасцi. Увогуле, тэма Вялiкай Айчыннай вайны мне вельмi блiзкая: мой дзядуля загiнуў у маi 1945-га, не дажыўшы да Перамогi два днi... Здымкi ў масавай сцэне далi магчымасць акунуцца ў атмасферу тых часоў. Пачуццi, якiя перажываеш, калi вакол цябе — акрываўленыя параненыя салдаты, нельга перадаць словамi. ...Яшчэ адным «прадстаўнiком» Смiлавiчаў у здымках фiльма стаў... конь па мянушцы Буян з мясцовай агратурыстычнай сядзiбы «Конны фальварак». — Акрамя таго, што трымаем коней дома, я займаюся iх доглядам у аграрным каледжы, — тлумачыць гаспадар Буяна Франц Янкоўскi. — А паколькi менавiта тут здымалi адзiн з эпiзодаў кiнастужкi i спатрэбiўся конь, мяне i папрасiлi яго знайсцi. Буян сваю ролю выканаў на «выдатна»: пасвiўся ля сцяны «шпiталя», не зважаючы на мiтусню вакол. Дарэчы, што цiкава, амаль адначасова пад Смалавiчамi пачалiся здымкi другога фiльма, пра вайну 1812 года, i ў масоўцы павiнен быць задзейнiчаны яшчэ адзiн мой выхаванец — конь Малыш, якога спецыяльна купiла ў нас тамтэйшая гаспадарка. ...Знятая ў Смiлавiчах сцэна «Авiятара» заканчваецца трагiчна для аднаго з галоўных герояў. Але аб тым, што здарылася, распавядаць не варта. Iнакш нецiкава будзе глядзець фiльм, прэм’ера якога запланавана на вясну наступнага года.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Дзеяннi беларуска-расiйскай кiнастужкi пад рабочай назвай «Авiятар», якую здымаюць у нашай краiне студыi «Беларусьфiльм» i «Масфiльм», адбываюцца ў |
|