Дэпутаты не для «галачкi»
Iлона IВАНОВА
МЯСЦОВЫ ЧАС Калi яны працуюць зладжана, у сельсавеце ўсё атрымлiваеццаСтайкаўскi сельсавет знаходзiцца ў Кiраўскiм раёне на Магiлёўшчыне. У склад яго ўваходзяць 16 вёсак i дзве гаспадаркi. Нiчога асаблiвага. Бадай што толькi «працягласць» яго незвычайная — больш за 40 кiламетраў. Яшчэ i з гэтай прычыны старшыня Стайкаўскага сельскага Савета Галiна Лук’янава нядаўна атрымала ад кiраўнiцтва раёна навенькiя «Жыгулi» i сама ездзiць за рулём. Галiна Мiкалаеўна жыве ў гэтых мясцiнах амаль 30 гадоў, працавала i брыгадзiрам у гаспадарцы, i землеўпарадчыкам, а тры гады таму яе абралi старшынёй сельскага Савета. Адным з самых вялiкiх здабыткаў за гэтыя гады Лук’янава лiчыць зладжаную працу мясцовых дэпутатаў. — У Стайкаўскiм сельсавеце жыве крыху больш за 1100 чалавек, — расказала Галiна Мiкалаеўна. — Тэрыторыя вялiкая, а ў штат уваходзiць толькi старшыня, сакратар i бухгалтар, які займаецца разлiкамi па малаку i мясцовымi падаткамi. Справiцца з усiмi праблемамi нам дапамагаюць дэпутаты. Усяго iх 9 чалавек, i ўсе яны адказныя людзi. Дзякуючы кiраўнiку СВК iмя Свярдлова Анатолю Леанiдавiчу Ланкуцю, у пасяўную i ўборачную кампанii гаспадарка нiколi нiкому не адмовiла ў дапамозе i паслугах. У першую чаргу, дапамагаюць сваiм работнiкам i пенсiянерам. Сёлета ўборка прысядзiбных участкаў затрымалася з-за неспрыяльнага надвор’я. Але як толькi яно наладзiцца, тэхнiку абяцаюць аддаць людзям пад iх патрэбы. Затое ў РУП «Чыгiрынка» ўборка збожжавых завершана. I кiраўнiк гаспадаркi Мiхаiл Канстанцiнавiч Фрэйберг, таксама дэпутат сельскага Савета, гатовы дапамагчы вяскоўцам на iх асабiстых надзелах. Галоўны iнжынер «Чыгiрынкi» i дэпутат Савета Анатоль Мiхайлавiч Цыбульскi ў сваёй дэпутацкай працы нiколi не меў заўваг: калi людзi да яго звяртаюцца — цi то агароджу адрамантаваць, цi то даць трактар цi аўтамабiль або нешта прывезцi, ён нiколi не адмовiць. Далёка не ва ўсiх сельскiх Саветах iх старшынi i кiраўнiкi гаспадарак знаходзяць паразуменне i працуюць разам. А Галiне Мiкалаеўне ўдалося наладзiць з iмi зносiны. — Калi мне кiраўнiкi гаспадарак не будуць дапамагаць, што я адна змагу? Вось i сёння: набыла штыкетнiк, а каб яго прывезцi ў сельсавет — буду звяртацца да мужчын па дапамогу. Можа, i ёсць такiя сельсаветы, дзе кiраўнiкi дзеляць уладу, але гэта не пра нас. Скажу шчыра: калi ў нас узаемаразумення не будзе, то i нармальнага жыцця ў сельсавеце не будзе. Яшчэ адзiн дэпутат, Вольга Мацвееўна Осiпава, другi год працуе дырэктарам Чыгiрынскай школы, i за гэты час зрабiла там шмат. У першую чаргу, згуртавала калектыў. Напярэдаднi гэтага навучальнага года яму сваiмi сiламi ўдалося адрамантаваць школу. Кiраўскi раённы аддзел адукацыi выдаткаваў грошы, але рабiлi ўсё самi — настаўнiкi, тэхнiчныя супрацоўнiкi i бацькi школьнiкаў. Вольга Мацвееўна ўважлiва ставiцца да людзей. Вось нядаўняя гiсторыя: у сталага чалавека, удзельнiка вайны скончылася бульба. Ён выпiсаў яе ў гаспадарцы, але бульбу яшчэ не капаюць масава. I ў школе вырашылi дапамагчы: дзецi накапаюць ветэрану два мяхi бульбы з саўгаснага поля. Усе ведаюць i дэпутата Веру Уладзiмiраўну Мiнчукову, якая шмат гадоў працуе загадчыцай крамы ў вёсцы Чыгiрынка. Вера Уладзiмiраўна заўсёды сярод людзей, i калi якiя праблемы ўзнiкаюць у вяскоўцаў — абавязкова патэлефануе ў сельскi Савет i паведамiць. — Вось так i жывём: калi дэпутаты i вяскоўцы працуюць разам, тады ўсё атрымлiваецца i ў сельсавеце. Збiраемся раз на квартал. Адно з самых актуальных пытанняў, якое заўсёды абмяркоўваем, — добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Сёлета нам на гэта выдаткавалi толькi 2 мiльёны рублёў, i гэтага мала. Таму мы вырашылi зэканомiць грошы: правялi сходы ў вёсках i адключылi электрычнае асвятленне на летнi перыяд — ад мая да жнiўня, калi дзень доўгi, а ночы кароткiя. З 1 верасня падключылi асвятленне зноў, а на зэканомленыя грошы набылi дзесяць рэле часу, i цяпер устанаўлiваем iх у вёсках. Калi цямнее, вулiчнае асвятленне аўтаматычна ўключаецца, а калi вiднее — выключаецца. Адно рэле каштуе 182 тысячы рублёў, але гэта рэч вельмi патрэбная, яна нам дасць эканомiю грошай у будучым. Яшчэ адно актуальнае пытанне — гэта збор малака. Калi пачыналi гэту справу тры гады таму, яна прыносiла прыбытак, а цяпер — страты. Мы вырашылi з дэпутатамi звярнуцца да спецыялiстаў па цэнавай палiтыцы Магiлёўскага аблвыканкама, — хочам павысiць плату за тону сабранага малака да 70 тысяч рублёў. — Цi рыхтуецеся вы да наступных выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, бо ўжо неўзабаве пачнецца новая выбарчая кампанiя? — Канешне, нашы вопытныя дэпутаты i я таксама мяркуем вылучыць свае кандыдатуры на наступныя выбары. Я лiчу, што наш дэпутацкi корпус у Стайкаўскiм сельсавеце зарэкамендаваў сябе дастойна i большасць дэпутатаў, спадзяюся, застанецца. Работы ў iх будзе дастаткова. Клопатаў вартыя не толькi пенсiянеры, якiя сумленна адпрацавалi жыццё ў калгасе. I маладым людзям трэба ствараць нармальныя ўмовы. Агульнымi высiлкамi будзем iмкнуцца, каб нашы вёскi выглядалi добра. У нас вялiкiя планы: у 2010 годзе ў цэнтры сельсавета — вёсцы Стайкi — павiнен быць створаны аграгарадок.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi яны працуюць зладжана, у сельсавеце ўсё атрымлiваецца
|
|