«Горад дрыгавiчоў»
Мiкалай ЛIТВIНАЎ
«У год 6624 (1116). Хадзiў Уладзiмiр на Глеба. Бо Глеб ваяваў з дрыгавiчамi i Слуцк спалiў, i не каяўся ў гэтым i не выказваў пакорнасцi, але яшчэ больш пярэчыў Уладзiмiру, дакараючы яго». Гэтым урыўкам з «Аповесцi мiнулых часоў» i распачалася летапiсная гiсторыя аднаго з самых старажытных беларускiх гарадоў — Слуцка.
Iншаземныя купцы i вандроўнiкi называлi тагачасную Беларусь краiнай гарадоў. Згодна з пiсьмовымi крынiцамi, іх было 35. Слуцк сярод iх займаў пачэснае месца. Ен быў трэцiм беларускiм горадам (пасля Брэста i Гродна), якi ў 1441 годзе атрымаў магдэбургскае права. Горад па праву можна лiчыць шматканфесiйным — у ХIХ стагоддзi тут дзейнiчалi Траецкi манастыр, 8 праваслаўных цэркваў, касцёлы i калегiумы iезуiтаў, касцёл i манастыр бернардынцаў, 2 каталiцкія часоўнi, 2 кальвiнiсцкiя царквы i 2 сiнагогi. Знакамiтыя слуцкiя паясы сталi сапраўдным сiмвалам Беларусi. У другой палове ХVIII стагоддзя за рэчкай Случ у невялiкiм двухпавярховым будынку на вулiцы Сенатарскай князь Мiхаiл Казiмiр Радзiвiл заснаваў фабрыку шаўковых паясоў (персiярню). Для работы на ёй прывезлi персаў i туркаў. Аднак праз 10—15 гадоў на фабрыку прыйшлi ў асноўным мясцовыя жыхары — гараджане са Слуцка i Нясвiжа, вяскоўцы. Слуцкiя паясы былi даўжынёй ад двух да чатырох метраў, яны ткалiся з шаўковых, а таксама з залатых i сярэбраных нiтак. На жаль, сёння легендарных вырабаў у Беларусi амаль не засталося. Адрадзiць слаўныя традыцыi гэтага рамяства цяпер iмкнуцца на прадпрыемстве мастацкiх вырабаў «Слуцкiя паясы», дарэчы, прадукцыя якога пастаўляецца ў тым лiку ў ЗША i Галандыю. У 1924 годзе быў утвораны Слуцкi раён. Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў Слуцк уяўляў сабой суцэльныя руiны. Адбудавацца на даваенным узроўнi горад здолеў толькi больш чым праз дзесяць гадоў. Як адзначыў намеснiк старшынi Мiнскага аблвыканкама Леанiд Заяц, Слуцкi раён уносiць вялiкi ўклад у сацыяльна-эканамiчнае развiццё Мiншчыны. Шэраг тутэйшых прадпрыемстваў добра ведаюць не толькi ў Беларусi, а i за мяжой. — Фактычна мы горад падрыхтавалi да 890-годдзя яшчэ летась, калi тут праводзiлiся рэспублiканскiя «Дажынкi», — адзначае старшыня Слуцкага райвыканкама Аляксандр Драко. — Аднак работа не спынялася i сёлета — добраўпарадкаванне (на гэтыя патрэбы з пачатку гэтага года выдаткавана звыш мiльярда рублёў) праводзiлася ў межах гарадской праграмы «Двор». У сельгаспрадпрыемствах сёлета запланавана ўзвесцi 145 домiкаў. Каб не распыляць сродкi, мы не будуем у кожным СВК пэўную колькасць жылля, а па чарзе ўзводзiм адразу пасёлкi. У перспектыве мяркуецца правесцi мелiярацыю Слуцка, якi практычна стаiць на балоце (як-нiяк, зямля дрыгавiчоў) i падчас моцных дажджоў у асобных мiкрараёнах падтоплiвае дамы. Як паведамiў Аляксандр Драко, зараз распрацоўваецца абласная праграма па правядзенню мелiярацыi Слуцка i Барысава з адпаведным фiнансаваннем. Будзе праводзiцца далейшая ачыстка ракi Случ. Магчыма, што праз пэўны час у Слуцку на базе плошчаў аднаго з тутэйшых прадпрыемстваў будзе створана зборачная вытворчасць расiйскiх камбайнаў «Дон». Такую прапанову слуцакi нядаўна атрымалi. А яшчэ тут мараць пабудаваць свой крыты лядовы палац... На Случчыне апошнiм часам адбываецца сапраўдны «бэбi-бум». Нядаўна ў старажытным горадзе на свет з’явiлiся двайняты — Мiкiта i Iлья. Цiкава, што iх бацькi — Аляксандр Пацюк i Iрына Ксяндзова пабралiся шлюбам якраз у дзень леташнiх рэспублiканскiх «Дажынак»... Мiнск—Слуцк—Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«У год 6624 (1116). Хадзiў Уладзiмiр на Глеба. Бо Глеб ваяваў з дрыгавiчамi i Слуцк спалiў, i не каяўся ў гэтым i не выказваў пакорнасцi, але яшчэ бол
|
|