Другое жыццё Вялiкiх Бакштаў
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Вёска Вялiкiя Бакшты, што пад Радашковiчамi, вядзе сваю гiсторыю з XVI стагоддзя. Аднак на сучасных картах вы яе можаце i не знайсцi, як не сустрэнеце нiводнага ўказальнiка на дарозе, акрамя таго, што стаiць непасрэдна на ўездзе. Ды i не дзiва, бо на пачатак 2002 года тут заставалася два двары i чатыры жыхары. За пяць стагоддзяў вёска, у якой некалi працаваў вiнакурны завод i паравы млын, пераўтварылася ў дачны пасёлак. Аднак апошнiм часам жыццё тут зноў ажывiлася. Гэтай зiмой тут будзе яшчэ на адзiн двор больш. Былы гараджанiн Леанiд Харытонавiч Драздоў разам з жонкай Наталляй упершыню застануцца на зiму. Бо цяпер Вялiкiя Бакшты — турыстычны аб’ект, а Драздовы — гаспадары зарэгiстраванай у сельсавеце вясковай сядзiбы «Панскi куток».
Такiм чынам, вясковы турызм вярнуў жыццё ў канкрэтную вёску i канкрэтны дом. Зрабiць жыллё з двухпавярховай каробкi з блокаў Драздовы не мелi магчымасцi дзесяць гадоў — не хапала грошай. Напэўна, так i кiнулi б, тым больш што тут жа на ўчастку стаiць маленькая хатка, у якую пасялялася на лета мацi Наталлi. Сама Наталля пайшла на пенсiю ў 45 гадоў — працавала рэнтгеналабарантам, але перспектыва правесцi астатак жыцця на дачных градках яе не прываблiвала. Разам з тым i мацi адпраўляць на пяць месяцаў адну ў аддаленую вёску было неспакойна. Вось тады Наталля i даведалася пра вясковы турызм. I зразумела, што гэта — выйсце ў iх сiтуацыi. Цяпер было дзеля чаго дабудоўваць дом i сядзець усё лета ў Бакштах. Да таго ж гэта — справа, занятак для душы i галавы, а значыць, спосаб працягваць актыўны, паўнавартасны лад жыцця. Для маладых пенсiянераў — гэта нiбы другое жыццё. Другi сезон запар Вялiкiя Бакшты прымаюць турыстаў. Дом Драздовых дабудаваны, а сёлета Наталля яшчэ выйграла ў конкурсе праектаў i атрымала невялiкую дапамогу для пабудовы альтанкi. Вось-вось будзе завершана лазня. Я шукала вясковую сядзiбу для бацькоў, бо яны прывезлi маiх дзяцей з Кубанi, а жыць iм не было дзе — мы так i не паспелi закончыць рамонт у кватэры. Летась яны ўжо ездзiлi ў вясковую сядзiбу пад Лiдай — на выхадныя. Нам вельмi спадабалася — назбiралi белых груздоў, пасядзелi з вудай ля сажалкi, патрымалi ў руках старажытныя прылады вясковай працы i нават пацерабiлi лён... Пазней у тую ж сядзiбу («Дакудава») ездзiў клас маёй дачкi — дзецi самi «здабывалi» хлеб, рабiлi ўсё тое, што калiсьцi рабiлi нашы дзяды, ад сяўбы да памолу. А потым яшчэ самi пяклi булачкi, вось толькi нiхто не ўтрымаўся i не давёз бацькам — вельмi ўжо былi смачныя... Таму мацi мая i на гэты раз адразу прапанавала: «Знайдзi ты нам зноў якую вёску». На Лiдчыну мы не паехалi толькi з-за таго, што хацелася пабачыць нешта новае. «Панскi куток» прывабiў адлегласцю — 45 кiламетраў ад Мiнска, i цаной — за 20 умоўных адзiнак (у будныя днi) гаспадары аддавалi маiм бацькам увесь дом на суткi. Ды яшчэ гатаваць пагадзiлiся за 10 долараў, прадукты, праўда, былi напалову нашы: мяса (бацькi прывезлi з Кубанi цэлага замарожанага кабанчыка), бульба, краснадарскiя памiдоры, цыбуля i каўбаса на сняданак. Такiм чынам пяць сутак у беларускай вёсцы на «поўным пансiёне» маiм бацькам абышлiся ў 150 долараў (на адну ноч да iх прыехала я з дзецьмi, i гэта ўвайшло ў названы кошт). Але, скажу адразу, iм так спадабалася, што яны аддалi грошы з задавальненнем. Бадай што галоўная перавага «Панскага кутка» — зацiшнасць. Сядзiба сапраўды стаiць на месцы панскага дома, падмуркi якога захавалiся. Былая гаспадыня ўчастка i хаткi расказала Наталлi, што яна маленькай дзяўчын-кай сябравала з дачкой пана. Да 1939 года фальварак быў у складзе Польшчы. У вайну вялiкi двухпавярховы драўляны дом занялi немцы. Партызаны, каб пазбавiцца няпрошаных гасцей i мець магчымасць засеяць абкружаныя лесам палi, сядзiбу спалiлi. Пасля вызвалення Беларусi людзi тут пасялiлiся спачатку ў панскiх прасторных i сухiх падвалах i склепах, а потым пабудавалi сабе дамы. Дык вось, сам панскi дом стаяў на даволi вялiкiм узгорку, з поўначы ён быў абсаджаны дрэвамi, якiя захавалiся, а з поўдня адкрыты для сонейка i цудоўнай маляўнiчай прасторы. Вось гэтая асаблiвасць i перайшла ў спадчыну новым гаспадарам. Наталля кажа, што на iх участку заўсёды цяплей, чым у наваколлi, сюды не падымаецца туман, тут раней усё зацвiтае i няма вятроў. Да таго ж з усiх бакоў лес i неверагодная цiшыня. Якой, сказала мая мацi, на Кубанi не бывае. Пад Радашковiчамi знаходзiцца вялiзная колькасць санаторыяў i дамоў адпачынку, дзякуючы чаму дарогi тут добрыя, i даехаць да адасобленых, адначасова блiзкiх i схаваных ад вачэй, Вялiкiх Бакштаў вельмi зручна — ходзiць аўтобус i асфальт ляжыць ледзь не да самай сядзiбы. Цяпер жа, калi вёска стала турыстычным аб’ектам, Гранiцкi сельсавет клапоцiцца, каб дарогi былi заўсёды расчышчаныя, а вулiцы (калi адлегласцi памiж некалькiмi дамамi можна так назваць) — асветленыя. Драздовы вельмi ўдзячныя мясцовай уладзе за падтрымку. Нядаўна яны набылi за зусiм невялiкiя грошы ў сельсавета пяць кубоў лесу, каб зрабiць аўтаномны ад гасцявой зоны двор. — Калi прыязджаюць студэнты, то мы iм не перашкаджаем, — тлумачыць Наталля. — Яны, як кажа сын, на сваёй хвалi i проста не заўважаюць нас, ходзяць па двару, па садзе i адчуваюць сябе свабодна, а разам з iмi i мы. Iншая справа, калi прыязджае адпачыць сям’я. Тады мы iмкнёмся не трапляць людзям на вочы, нават з дому амаль не выходзiм. Вось калi мы зробiм асобны дворык па другi бок хаткi, тады i нам, i гасцям будзе больш зручна. Сядзiба мае тэрасу, з якой два выхады. Адзiн — на двор i сад, а другi — у стары панскi парк, якi гаспадары збiраюцца адрадзiць. Увогуле занятак вясковым турызмам прымусiў iх зрабiць шмат з таго, што яны для сябе ўласна нiколi рабiць не сталi б. «Панскi куток» быў у лiку першых 50 сядзiб, якiя гатовыя былi прыняць турыстаў. Дзецi Драздовых, усе трое, малодшаму — 23 гады, iх падтрымалi, а старэйшая дачка адразу сказала: «Мама, калi так, то трэба правесцi ў дом ваду». — Думалi ўкласцiся ў тысячу долараў, — расказвае Наталля, — але ледзь улезлi ў дзве з паловай. I гэта пры тым, што скважына ўжо была. Вада ў нас тут цудоўная — смачная, чыстая. Але спатрэбiлiся трубы, акумулятар, бойлер, кафель, сантэхнiка. Затое цяпер у нас круглыя суткi гарачая вада. I дачка мела рацыю. Выгоды ў доме — першае, пра што пытаюцца патэнцыяльныя госцi вясковай сядзiбы. Другi пункт — лазня. «Быццам свет клiнам на ёй сышоўся, — смяецца гаспадыня, — уласна мне нi каналiзацыя, нi лазня на дачы не патрэбныя». Але дачка тут жа прынесла кнiгi з праектамi, выбралi... такую добрую лазню, што цяпер не ўкладваюцца ў крэдыт на чатыры мiльёны... Прыйдзецца пускаць турыстаў у недаведзеную да ладу, мяркуе гаспадыня. Так яны рабiлi i з домам. Так робяць многiя, хто вырашыў заняцця вясковым турызмам. Iнакш адкуль узяць грошы на гэтае «давядзенне да ладу»? Працяг будзе. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Вялiкiя Бакшты, што пад Радашковiчамi, вядзе сваю гiсторыю з XVI стагоддзя. Аднак на сучасных картах вы яе можаце i не знайсцi, як не сустрэнеце |
|