21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Цi магу я ўзяць на сябе дадатковую нагрузку?

25.08.2009 22:03 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Надзея НIКАЛАЕВА

...адказ на гэта пытанне можа даць дыспансэрны агляд

Прызнайцеся, цi часта вы звяртаеце ўвагу на запрашэнне наведаць палiклiнiку, каб прайсцi флюараграфiчнае абследаванне? Выкажу асабiстае меркаванне, але, хутчэй за ўсё, пераважная большасць з нас проста адмахнуцца ад яго рукой (маўляў, у мяне нiчога не балiць) цi, у лепшым выпадку, «заплануюць» вiзiт на больш вольны час (якi, зразумела, нiколi не з’явiцца), займаючыся такiм чынам самападманам. Мiж iншым, у недалёкай будучынi мы можам знайсцi ў сваiх паштовых скрынях зусiм iншае запрашэнне — завiтаць у палiклiнiку, каб прайсцi там поўны «тэхагляд» свайго арганiзма. Адразу зазначым, што гэта не жарт, хоць яшчэ адносна нядаўна нам прыходзiлася прыкладаць шмат намаганняў, каб участковы ўрач прызначыў тое цi iншае даследаванне. А з’яўленне ў кабiнеце ўчастковага ўрача здаровага чалавека, якi проста хацеў бы прайсцi прафiлактычны агляд, i ўвогуле было нонсенсам — няёмка неяк было адрываць ад працы спецыялiста, якога пад дзвярыма чакала чарга з хворых людзей. Але ў хуткiм часе, як абяцаюць у галоўным медыцынскiм ведамстве нашай краiны, усё павiнна кардынальным чынам змянiцца — мы з вамi перастанем быць для медыкаў проста пацыентамi, а станем у палiклiнiках... жаданымi гасцямi. Падрабязней аб праекце новага падыходу да правядзення дыспансэрызацыi чытачам «Звязды» пагадзiлiся расказаць начальнiк упраўлення арганiзацыi медыцынскай дапамогi Мiнiстэрства аховы здароўя Аляксандр ЦЫБIН i галоўны тэрапеўт мiнiстэрства Людмiла ЖЫЛЕВIЧ.

Аляксандр ЦЫБIН: — Аб метадах правядзення дыспансэрызацыi напiсаны цэлыя навуковыя даследаваннi, i перыядычна iнтарэс да яе то разгараецца, то затухае. У Савецкiм Саюзе калiсьцi таксама спрабавалi правесцi дыспансэрызацыю насельнiцтва, аднак гэта спроба пацярпела фiяска, паколькi за аснову была ўзята iдэя суцэльнай дыспансэрызацыi, што ў маштабах вялiкай краiны аказалася немагчымым.

На сённяшнi дзень, па нашых падлiках, з 9 млн 800 тысяч жыхароў нашай краiны той цi iншай формай дыспансэрызацыi ахоплена крыху больш за палову яе насельнiцтва — 56,6 працэнта. Гэта перш за ўсё дзецi, падлеткi, людзi з хранiчнымi захворваннямi, якiя знаходзяцца на дыспансэрным улiку, грамадзяне, якiя пацярпелi ад аварыi на Чарнобыльскай АЭС, i служачыя, якiя адносяцца да ведамаснай сiстэмы аховы здароўя (Беларускай чыгункi, грамадзянскай авiяцыi, Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях, МУС i гэтак далей). А не ахоплены прафiлактычнымi аглядамi — 43,4 працэнта або больш за 4 млн 249 тысяч чалавек. Гэта даволi шмат, асаблiва ўлiчваючы высокi працэнт iнвалiднасцi i раптоўных смерцяў людзей у працаздольным узросце — з гэтай з’явай мы сутыкнулiся ў апошнiя гады i яна нас вельмi хвалюе. Фактычна «львiная» доля працаздольнага насельнiцтва застаецца сёння ў нас па-за сферай медыцынскага кантролю i многiя з гэтых людзей трапляюць да медыкаў з вялiкiм спазненнем, нярэдка калi размова iдзе ўжо элементарна пра захаванне жыцця. Паняцце «прафiлактыка» пакуль што ў нашым грамадстве не вельмi ў пашане, аднак сёння стаўку трэба рабiць менавiта на прафiлактычныя меры, як бы будзённа гэта ні гучала.

У сувязi з гэтым Мiнiстэрства аховы здароўя выступiла з iнiцыятывай укаранiць новую сiстэму дыспансэрызацыi, якая можа пачаць дзейнiчаць ужо ў наступным годзе. Мы распрацавалi парадак яе ажыццяўлення, абмеркавалi яго на калегii i зараз гэты дакумент знаходзiцца на разглядзе ў зацiкаўленых ведамствах. У аснову дыспансэрызацыi была пакладзена навуковая канцэпцыя папярэджання сардэчна-сасудзiстых, анкалагiчных i iншых захворванняў. Дыспансэрызацыя заклiкана выяўляць людзей, якiя маюць высокую рызыку развiцця таго цi iншага захворвання, i знiжаць гэту рызыку з дапамогай прафiлактычных мераў. Мы будзем працаваць на папярэджанне. Скажам, з высокiм цiскам можна жыць, але трэба ўмець трымаць яго пад кантролем.

Людмiла ЖЫЛЕВIЧ: — Практычна ў кожнага чалавека ёсць сваё слабае генетычнае звяно — спадчынная схiльнасць да таго цi iншага захворвання. Але спадчыннасць — яшчэ не прысуд. Мы бачым сваю задачу ў тым, каб навучыць людзей весцi сябе так, каб захворванне ў iх не развiлася, або ў крайнiм выпадку — выявiць яго на ранняй стадыi, для таго, каб чалавек мог прадоўжыць паўнацэннае жыццё. Калi ў пацыента выяўляецца цукровы дыябет на ранняй стадыi, i ён прытрымлiваецца рэкамендацый медыкаў па захаванню рэжыму харчавання i ладу жыцця, то гэта дазваляе iстотна адсунуць наступленне iнсулiнавай залежнасцi. Таксама як i выяўленне анкалогii на ранняй стадыi дае надзею на поўнае вылечванне пацыента...

— А як, цiкава, на практыцы будзе рэалiзоўвацца iдэя дыспансэрызацыi, асаблiва з улiкам перагружанасцi нашых палiклiнiк, дэфiцыту «вузкiх» спецыялiстаў i жорсткай талоннай сiстэмы?

Аляксандр ЦЫБIН: — Мы прадастаўляем у гэтым пытаннi пэўную свабоду дзеянняў: кожная палiклiнiка i кожная ўрачэбная амбулаторыя могуць выпрацаваць свой уласны алгарытм правядзення дыспансэрызацыi з улiкам сваiх рэгiянальных асаблiвасцяў. Скажам, у Расiйскай Федэрацыi, з улiкам вялiкiх адлегласцяў краiны, пад прафiлактычныя медыцынскiя агляды задзейнiчаны спецыяльны цягнiк, шлях якога праходзiць па самых аддаленых яе рэгiёнах. У нашай краiны не такая вялiкая тэрыторыя, тым не менш мы таксама рэкамендуем выкарыстоўваць выязныя ўрачэбныя амбулаторыi i кансультацыйныя палiклiнiкi, калi размова iдзе пра вяскоўцаў.

Зразумела, што мы разглядалi ўсе магчымыя рызыкi, звязаныя з правядзеннем масавай дыспансэрызацыi. Адна з iх — гэта павелiчэнне нагрузкi на ўчастковую службу. Для таго, каб у вынiку правядзення прафiлактычных прыёмаў не пацярпелi хворыя людзi, якiм патрабуецца хуткая ўрачэбная дапамога, у палiклiнiках будуць аднаўляцца цi стварацца прафiлактычныя аддзяленнi i даўрачэбныя кабiнеты, якiя будуць працаваць па прынцыпу аднаго акна. На чым калiсьцi «паслiзнулася» савецкая мадэль дыспансэрызацыi? Там рабiўся ўпор на «вузкiх» спецыялiстаў? Але колькасць «вузкiх» спецыялiстаў у нашай сiстэме не разлiчана на правядзенне масавых прафiлактычных аглядаў. Магчыма, я зараз расчарую вашых чытачоў, але ў нашы планы не ўваходзiць павелiчэнне колькасцi акулiстаў цi неўрапатолагаў. У першую чаргу дыспансэрызацыя будзе звязана з анкецiраваннем i iнструментальнымi даследаваннямi, так званымi экспрэс-метадамi.

Людмiла ЖЫЛЕВIЧ: — Пры правядзеннi дыспансэрызацыi будуць выкарыстоўвацца не толькi традыцыйныя лабараторныя i дыягнастычныя методыкi, але i сучасныя тэхналогii скрынiнгу i тэставага кантролю. Аб’ём даследаванняў будзе залежаць ад узроставай групы. Усяго iх прадугледжана тры: ад 18 да 29 гадоў, ад 30 да 39 гадоў i ад 40 гадоў i старэй. Мiнiмальны набор даследаванняў уключае вымярэнне артэрыяльнага цiску, агульны аналiз крывi i мачы, флюараграфiчнае даследаванне, правядзенне анкецiравання, падчас якога будуць вызначацца фактары рызыкi: iндэкс масы цела, спадчыннасць i наяўнасць шкодных для здароўя звычак. Зразумела, што няма неабходнасцi вызначаць узровень халестэрыну ў крывi 18-гадовых. Але пасля 40 гадоў у пераважнай большасцi людзей ужо праяўляюцца ўзроставыя фiзiялагiчныя змяненнi ў арганiзме. Таму ў гэтай ўзроставай групе прадугледжана, напрыклад, вымярэнне ўнутрывочнага цiску, для жанчын — мамалагiчны, а для мужчын — уралагiчны агляд. Аднак калi ў маладога чалавека будзе выяўлена схiльнасць да спадчынных захворванняў цi наяўнасць пэўных фактараў рызыкi, то аб’ём даследаванняў можа быць павялiчаны.

Для таго, каб правесцi ўсе гэтыя даследаваннi, прысутнасць, скажам, участковага тэрапеўта зусiм неабавязковая. Задача прафiлактычных аддзяленняў якраз заключаецца ў тым, каб разгрузiць тэрапеўтычную службу. Але калi ў працэсе скрынiнгу ў чалавека будзе выяўлена тое цi iншае адхiленне ад нормы, то ён будзе накiраваны да ўчастковага тэрапеўта, якi можа прызначыць яму больш глыбокае даследаванне, накiраваць да «вузкага» спецыялiста, а пры наяўнасцi хранiчнага захворвання чалавек будзе пастаўлены на дыспансэрны ўлiк.

Аляксандр Цыбiн: — Пры правядзеннi дыспансэрызацыi будзе выяўляцца патрэба назiрання ў «вузкiх» спецыялiстаў, i апошнiя будуць прыцягвацца на дапамогу толькi пры ўзнiкненнi патрэбы. Нi ў якiм разе нельга змешваць два патокi пацыентаў: тых, каму патрабуецца ўрачэбная дапамога, i тых, хто прыйшоў у палiклiнiку з прафiлактычнымi мэтамi, iнакш мы даб’ёмся негатыўнай рэакцыi з боку i першых, i другiх. Для правядзення прафiлактычных прыёмаў палiклiнiкi могуць адвесцi суботнiя днi цi арганiзаваць такiя прыёмы ў другую змену — так, каб было зручна людзям, якiя працуюць. Яшчэ адна рызыка, пра якую хацелася б сказаць, гэта дэфiцыт абсталявання, звязанага з камп’ютарнай апрацоўкай iнфармацыi.

Людмiла Жылевiч: — На базе 1-й сталiчнай палiклiнiкi ў нас стартуе пiлотны праект па ўкараненню аўтаматызаванай сiстэмы дыспансэрнага назiрання насельнiцтва, якая дазваляе эканомiць час i пацыента, i ўрача. Фактычна без удзелу ўрача камп’ютарная сiстэма сама робiць высновы аб стане здароўя чалавека i вызначае, да якога спецыялiста яго трэба накiраваць. Гэта сiстэма прайшла паспяховую апрабацыю ў некаторых расiйскiх рэгiёнах, а цяпер мы паспрабуем апрабiраваць яе ў нашых умовах.

— Як часта трэба будзе праходзiць дыспансэрныя агляды?

Людмiла Жылевiч: — Пасля першаснай ацэнкi стану здароўя кожны чалавек будзе змешчаны ў адну з трох груп: «здаровыя» людзi будуць назiрацца адзiн раз у два гады, «практычна здаровыя», да якiх будуць аднесены ўсе, хто мае пэўныя фактары рызыкi (напрыклад, курцы) — адзiн раз у год. А «хранiчныя хворыя» будуць ставiцца на ўлiк да ўчастковага тэрапеўта цi вузкага спецыялiста i назiрацца ўжо ў iх.

Аляксандр Цыбiн: — Не будзем хаваць, што адна з мэтаў дыспансэрызацыi — гэта знiжэнне нагрузкi на бюджэт за кошт змяншэння працэнта iнвалiднасцi. Калi нам удасца зменшыць колькасць iнфарктаў i iнсультаў у людзей працаздольнага ўзросту хоць бы на 8—10 працэнтаў, гэта ўжо можна будзе лiчыць iстотным дасягненнем. Некалькi цяжэй ставiць сабе канкрэтныя задачы па анкалогii, паколькi да канца прырода гракавых захворванняў яшчэ не вывучана, але ўсё роўна атрыманая своечасова кансультацыя i выяўленне рака на ранняй стадыi значна змяншаюць колькасць выдаткаў на лячэнне. Увогуле наша мэта — гэта змяншэнне патрэбы ў дарагiх высокатэхналагiчных вiдах медыцынскай дапамогi. Нават з хранiчнымi захворваннямi чалавек можа заставацца актыўным, калi, канешне, будзе прытрымлiвацца медыцынскiх рэкамендацый.

— Але эканамiчнага эфекту яшчэ прыйдзецца доўга чакаць. А цi патрабуюцца для ажыццяўлення дыспансэрызацыi дадатковыя фiнансавыя ўкладаннi на сённяшнiм этапе?

Аляксандр Цыбiн: — У тыя часы, калi выдаткi на медыцынскае абслугоўванне кожнага жыхара нашай краiны былi меншыя за 100 умоўных адзiнак, правядзенне масавай дыспансэрызацыi было проста немагчымым. Але дабрабыт беларускага грамадства паступова расце i сёння на кожнага чалавека выдаткоўваецца сума ў памеры 170 умоўных адзiнак. Гэтыя грошы можна выкарыстоўваць ужо не толькi для лячэння. Пакуль што на прафiлактычныя мерапрыемствы, па нашых падлiках, накiроўваюцца не больш за 20—25 працэнтаў ад выдзеленай сумы, а трэба каб было пяцьдзесят на пяцьдзесят. Прафiлактычная работа заўсёды акупаецца, праўда, не так хутка, як бы нам гэтага хацелася...

— Вельмi цяжка будзе пераканаць людзей у тым, што iх у палiклiнiцы будуць рады бачыць. Напэўна, у немалой ступенi поспех дыспансэрызацыi будзе залежаць ад добразычлiвасцi медыцынскiх работнiкаў, задзейнiчаных у гэтай сiстэме...

Людмiла Жылевiч: — Зразумела, што пазiтыўнае цi негатыўнае стаўленне да чалавека ў белым халаце фармiруюць самi медыцынскiя работнiкi. I калi першы вiзiт пройдзе няўдала, нам будзе цяжка зноў завабiць чалавека. Хоць, як медыцынскаму работнiку, мне таксама б хацелася звярнуцца да пацыентаў з просьбай не забываць, што i медыкi — таксама людзi са сваiмi праблемамi. Таму давайце беражлiва i з разуменнем ставiцца адзiн да аднаго.

Аляксандр Цыбiн: — Не сакрэт, што калi мы толькi наладжвалi сiстэму дыспансэрнага назiрання цяжарных жанчын, то ў немалой ступенi гэтаму паспрыяла матэрыяльная зацiкаўленасць — усе, хто становiцца на ўлiк у жаночай кансультацыi да 12 тыдняў цяжарнасцi, атрымлiваюць ад дзяржавы пэўную грашовую дапамогу. Цяпер жа мы не абяцаем людзям нiчога, за выключэннем iх здароўя. Магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што наша грамадства ўжо нарэшце ўсвядомiла, што галоўны капiтал чалавека — гэта яго здароўе. Асаблiва трапятлiва ставяцца да свайго здароўя людзi, занятыя ў недзяржаўным сектары эканомiкi. Каму, скажыце, патрэбны хворы работнiк? На Захадзе ўжо даўно чалавек, якога не цiкавiць уласнае здароўе, не прадстаўляе цiкаўнасцi для работадаўцы. А прафiлактычны агляд можа даць чалавеку адказ на пытанне, цi магу я ўвогуле ўзяць на сябе нейкiя дадатковыя нагрузкi? Мы ж робiм рэгулярна тэхнiчныя агляды сваiх аўтамабiляў. Дык чаму ўласнае здароўе цiкавiць нас у меншай ступенi? Але нi ў якiм разе медыкам нельга выкарыстоўваць заганную практыку прымусу — у кожнага чалавека ёсць права на выбар, калi, канешне, яго захворванне не ўяўляе пагрозы для акружаючых яго людзей. Трэба шукаць аргументы i пераконваць. Прадбачу, што гэта будзе складаная задача. Таму i спадзяюся на падтрымку ў гэтым пытаннi сродкаў масавай iнфармацыi...


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...адказ на гэта пытанне можа даць дыспансэрны агляд
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика