Улюбiць у Беларусь увесь свет
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Сёння — Мiжнародны дзень турызму
— Турызм — гэта перш за ўсё прапаганда нашай краiны, нашага народа i нашай культурнай спадчыны, — сказаў на арганiзаванай напярэдаднi прафесiйнага свята прэс-канферэнцыi Мiнiстр спорту i турызму Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Грыгараў. — Вельмi выгаднае геаграфiчнае знаходжанне — цэнтр Еўропы, сувязь памiж Захадам i Усходам, цудоўныя людзi — усё гэта стварае перадумовы для таго, каб Беларусь выглядала ўпэўнена на мiжнародным рынку турыстычных паслуг. У Беларусi 143 тэрытарыяльныя адзiнкi, i ўсе яны будуць задзейнiчаны ў стварэннi турыстычнага прадукту, запэўнiў мiнiстр. На тэрыторыi краiны каля 5 тысяч знакавых турысцкiх аб’ектаў — храмы, манастыры, палацы, гiстарычныя, архiтэктурныя помнiкi, сядзiбы, запаведнiкi. Чатыры помнiкi ўключаныя ў спiс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКО: Белавежская пушча, архiтэктрурны комплекс Радзiвiлаў у Нясвiжы, замкавы комплекс Мiр i геадэзiчныя пункты Струве. «Галiна турызму ва ўсiм свеце прыносiць велiзарныя прыбыткi, — нагадаў Аляксандр Грыгараў. — Яго доля ва ўнутраным валавым прадукце еўрапейскiх краiн складае каля 70 працэнтаў. У нас жа да мiнулага года доля турызму ва УВП складала 0,05 працэнта. Таму зусiм не выпадкова кiраўнiк дзяржавы паставiў задачу прывесцi долю турызму да 2010 года ў агульным аб’ёме паслуг да 5 працэнтаў — гэта значыць, павялiчыць аб’ём у 12 разоў». Асаблiвая ўвага сёння надаецца ўязному турызму. Колькасць замежных турыстаў, якiя наведалi Беларусь, за блiжэйшыя чатыры гады павiнна павялiчыцца ў 5 разоў. Каб гэта стала магчымым, у першую чаргу распрацоўваецца адпаведная прававая база. За апошнi час прыняты 13 дакументаў, якiя датычацца развiцця турызму. На восеньскай сесii плануецца прыняцце закона аб турызме. На гэты год з рэспублiканскага бюджэту на развiццё турысцкай галiны было выдаткавана 1 мiльярд 325 мiльёнаў рублёў. Вялiкая частка гэтых сродкаў пайшла на стварэнне прапагандысцкага матэрыялу. На наступны год сума павялiчыцца да 2 мiльярдаў 738 мiльёнаў беларускiх рублёў. Упершыню дзяржава выдаткавала сродкi i на развiццё турызму непасрэдна на тэрыторыях — агульная лiчба складае 4 мiльярды 880 мiльёнаў. Сёння з 27 плануемых турыстычных зон створаны 26 (адстае горад Мiнск). Наступны этап — стварэнне ў гэтых зонах турысцкай iнфраструктуры. Гэта значыць, што кожны раён i горад павiнен мець дакладныя праграмы развiцця турызму. Распачата работа па стварэнню дзяржаўнага кадастра турыстычных аб’ектаў. Размова iдзе пра наяўнасць своеасаблiвага пашпарта кожнага помнiка: яго гiсторыя i значнасць. Што датычыцца стварэння iнфраструктуры, то на сёння адрамантавана 19 гасцiнiц (з 270), добраўпарадкавана 39 домiкаў паляўнiчых, 71 вясковая сядзiба, 120 аб’ектаў турыстычнага паказу. На гэта было патрачана каля 90 мiльярдаў рублёў, 40 працэнтаў з iх — ад прыватных iнвестараў. Сёння ў Беларусi працуе 605 турыстычных арганiзацый, 95 працэнтаў з iх — прыватнай формы ўласнасцi. Сертыфiкавана 317 тураператараў з 476. Гэта значыць, што цяпер больш строгiя патрабаваннi прад’яўляюцца да якасцi турыстычных паслуг.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння — Мiжнародны дзень турызму
|
|