Чаму я выпiсваю «Звязду»
Вольга ЯФРЭМАВА
«...Бо толькi так можна пазнаць краiну»
Мае каранi не тут, мы жылi на Кубанi, я ўжо вучылася ў iнстытуце, калi бацька (партызан, камунiст) адгукнуўся на клiч «Возродим белорусскую землю!» i «по зову партии, по велению сердца» (так тады прынята было) паехаў у Мiнск. Лёгкага хлеба, зразумела, ён тут не шукаў, працаваў спачатку на будаўнiцтве жылля для трактаразаводцаў. Праз нейкi час сюды ж, у Беларусь, забраў сям’ю — маму з малодшымi братамi. I мне сказаў, што змагу прадоўжыць вучобу — хоць у педагагiчным, хоць ва ўнiверсiтэце. Але Мiнск быў настолькi зруйнаваны, што ўнiверсiтэта я проста не знайшла (а, мо, педагагiчны трапiўся раней?)... Факт — што вучыцца я стала там. I з цвёрдым перакананнем, што апроч сваёй, рускай мовы, ведаць трэба i беларускую, бо толькi праз яе можна разумець тутэйшых людзей, iх жыццё. Першай кнiгай, якую прачытала па-беларуску, быў «Цiхi Дон», першай газетай — «Звязда». А з ёй — i безлiч адкрыццяў — Багушэвiч, Колас, Купала, Багдановiч, Крапiва, Гартны, iншыя класiкi. Менавiта яны дапамаглi мне пазнаць краiну, у якой давялося жыць i дзеля якой — працаваць. У 1960-м, экстэрнам, я абаранiла кандыдацкую дысертацыю, па матэрыялах яе выйшла кнiга «Барацьба за перамогу марксiсцкiх iдэй у рабочым руху Беларусi», у 1984-м — наш аўтарскi калектыў стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэмii ў галiне навукi за цыкл работ па гiсторыi фiласофii i грамадскай думкi. Але зараз гэта ўсё ў мiнулым. У сапраўдным — мне дзевяты дзесятак. Па ўзросту i здароўе. Але ж мне па-ранейшаму цiкава жыць i па-ранейшаму хочацца ведаць усё, што адбываецца ў маёй (!) краiне, у свеце. Гляджу тэлевiзар, чытаю. У тым лiку i газету. Некалi пiсалi, што «ўсё пра Беларусь вядома, калi «Звязда» ў вашым доме». Лiчу, што гэта чыстая праўда. А яшчэ — падпiску я афармляю з дастаўкай у кватэру. Гэта вельмi зручна. Яшчэ i таму, што прыносiць яе вельмi прыгожы, светлы чалавечак з 86-га аддзялення сувязi. г. Мiнск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«...Бо толькi так можна пазнаць краiну» |
|