21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Першыя крокі простымі не бываюць»

25.08.2009 22:04 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дэпутацкая трыбуна

2 кастрычнiка адкрыецца пятая сесiя Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi. Пра парламенцкае жыццё, надзённыя турботы дэпутатаў i асноўную тэматыку сесii чытачам «Звязды» расказвае намеснiк Старшынi Палаты прадстаўнiкоў Сяргей ЗАБАЛОЦЕЦ.




— Як вы лiчыце, Сяргей Макаравiч, цi не занадта спакойны наш парламент? Не магу прыпомнiць нiводнага буйнога скандала, хапання загрудкi i за чубы, аблiвання апанентаў вадой, урэшце, нават «смачнай» лаянкi каля мiкрафона.

— Правакуеце?

— Не, канстатую. У Палаце прадстаўнiкоў ёсць свой «этычны кодэкс»?

— Ёсць няпiсаныя этычныя правiлы як катэгорыя ўнутранай сутнасцi дэпутата. Плюс да таго ўзровень агульнай культуры i адукаванасцi. Не апошнюю ролю адыгрывае i тое, што большасць дэпутатаў прайшлi школу кiраўнiцкай работы даволi высокага ўзроўню. Ды i парламенцкiя традыцыi склалiся так, што скандалiсты падтрымкi не знойдуць.

— Чым вы патлумачыце, што нярэдка абмеркаванне законапраектаў шырокага грамадскага гучання iдзе ў Авальнай зале лёгка, як па маслу. У старонняга чалавека можа скласцiся ўражанне, што дэпутаты ставяцца да заканадаўчых iнiцыятыў павярхоўна.

— Калi вы снедаеце, палуднуеце цi вячэраеце, то, напэўна, вас цiкавiць толькi смак стравы, а не тое, як прадукты апрацоўвалiся, варылiся, смажылiся? У заканатворчасцi таксама ёсць свая «кухня». Усе прынцыповыя пытаннi мы стараемся вырашаць на ўзроўнi рабочых груп па падрыхтоўцы законапраектаў, у склад якiх абавязкова ўключаюцца высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты-практыкi, пастаянных дэпутацкiх камiсiй, узгадняем з Саветам Мiнiстраў i Адмiнiстрацыяй Прэзiдэнта. Калi ж на папярэднiм этапе нам усё-такi не ўдаецца дасягнуць кансэнсусу па спрэчных палажэннях законапраекта i «прымiрыць» пазiцыi, то дыскусii праходзяць i на пленарных пасяджэннях. Парламенцкiя журналiсты гэта ведаюць, бо мы працуем транспарэнтна. За «лёгкасцю» прыняцця законапраектаў, пра якую вы сказалi, крыецца вялiкая чарнавая работа многiх людзей, у тым лiку экспертаў, навукоўцаў, спецыялiстаў Сакратарыята Палаты.

Вопыт нашых папярэднiкаў i ўласная заканатворчая дзейнасць навучылi нас, што якасць законаў у многiм залежыць менавiта ад працэдуры разгляду нарматыўных прававых дакументаў, унесеных суб’ектамi права заканадаўчай iнiцыятывы. Яна ў цэлым адладжана, але патрэба ў яе карэкцiроўцы ёсць. Над гэтым мы i думаем цяпер разам з нашымi партнёрамi па нарматворчасцi.

— Бясспрэчна, вопыт — добры настаўнiк. Аднак жа, пры ўсёй павазе да яго ўрокаў, ён можа стаць у пэўнай меры i тормазам, бо выпрацоўвае не толькi мудрасць, але i кальку мыслення, паводзiнаў i ўчынкаў. Iншы ж раз у складанай сiтуацыi ад дэпутата патрабуецца найперш цвёрдасць грамадзянскай пазiцыi i смеласць.

— Абачлiвасць, якую дае вопыт, i смеласць — рэчы не процiлеглыя, а ўзаемазвязаныя, непадзельныя. Без узважанасцi, абачлiвасцi, глыбокага ведання сутнасцi справы можна наламаць нямала дроў i пазбавiцца напрацаванага за доўгi час. Смелым мне ўяўляецца не той дэпутат, якi моцнымi галасавымi звязкамi б’е паветра вакол мiкрафона, а той, якому хапае настойлiвасцi i цярплiвасцi ў аргументаваным, паслядоўным адстойваннi свайго меркавання i ў абароне iнтарэсаў сваiх выбаршчыкаў. Гэта, я сказаў бы, цягавiты руплiвец, што з дня ў дзень кладзе руку на «плуг», узорвае сваю дэпутацкую дзялянку i ўпарта засейвае яе добрымi справамi. Эмацыянальным усплёскам можна, канешне, звярнуць на сябе ўвагу, часова. Але «пагоду» ў Палаце прадстаўнiкоў робяць не гэтым. У дэпутатаў ёсць разуменне, што прынятыя на эмацыянальным узроўнi рашэннi не бываюць правiльнымi. Сем разоў адмерай, адзiн раз адрэж. Толькi тады закон не наробiць шкоды, будзе запатрабаваны i карысны дзяржаве i грамадству.

— Адсутнасць сярод дэпутатаў прадстаўнiкоў апазiцыi — гэта плюс цi мiнус цяперашняга складу парламента?

— Дзеяздольнасць парламента вызначаецца не колькасцю партыйных бiлетаў у кiшэнях, а прыдатнасцю дэпутатаў да творчай i, разам з тым, руцiннай заканатворчай працы, уменнем па-дзяржаўнаму, у народных iнтарэсах ацэньваць падзеi i з’явы рэчаiснасцi i з такой пазiцыi садзейнiчаць прававому вырашэнню надзённых праблем. Хоць у Палаце прадстаўнiкоў ёсць група партыйных дэпутатаў, якiя з’яўляюцца членамi КПБ, Аграрнай партыi i ЛДП, а таксама тыя, што лiчаць сябе апазiцыйна настроенымi да ўлады, за кожным нашым дэпутатам прыкладна 60—70 тысяч выбаршчыкаў, наказы якiх ён iмкнецца ўвасобiць у прымаемых законапраектах. Акрамя таго, хадайнiчае за сацыяльна-эканамiчныя патрэбы сваiх выбарчых акруг, звяртаючыся з запытамi ў цэнтральныя i абласныя органы дзяржаўнага кiравання. А колькi жыццёвых клопатаў бярэ на сябе па просьбах людзей, што рэгулярна прыходзяць да яго на прыём i звяртаюцца па пошце! Так што канструктыўнай баявiтасцi, скажу так, цяперашняму дэпутацкаму складу не займаць.

— Вы лiчыце, што баявiтасць дэпутатаў можа быць i неканструктыўнай?

— Усё залежыць ад таго, на чым дэпутаты сканцэнтруюць свой iнтэлектуальны, творчы i арганiзатарскi патэнцыял i як будуць выкарыстоўваць аўтарытэт свайго мандата. Калi засяродзяцца на разбурэннi i жвава памкнуцца дагаджаць розным палiтычным групоўкам i карпаратыўным мэтам, то толку ад гэтага будзе на камарыны нос. Бег на месцы, як яго нi называй, так i застанецца бегам на месцы. А краiна павiнна iсцi наперад. Увесь час наперад, да больш высокага ўзроўню жыцця. Прыметы гэтага паступальнага, устойлiвага руху становяцца ўсё больш яскравымi. Цяперашнiя дэпутаты засяродзiлiся найперш менавiта на падрыхтоўцы законаў i не ўцягнулiся ў палiтыканства, што, на мой погляд, сведчыць пра сiлу i дзеяздольнасць Палаты прадстаўнiкоў.

— Дэпутаты прыйшлi ў парламент з канкрэтных рэгiёнаў i, натуральна, лабiруюць iх iнтарэсы. Цi не вымушае гэта народных выбраннiкаў станавiцца «даставаламi i выбiваламi» фiнансавых i матэрыяльных рэсурсаў, нягледзячы на высокую сваю прысутнасць у заканадаўчым органе? Абмеркаванне законапраекта аб дзяржаўным бюджэце, якое штогод з’яўляецца цэнтральнай тэмай асенняй сесii, без лабiзму, напэўна, не абыходзiцца?

— Ведаеце, у нашай краiне такi адладжаны механiзм дзяржаўнага кiравання i кантролю, што любыя памкненнi ўварваць з дзяржаўнай казны як мага больш для нейкiх карпаратыўных цi асабiстых iнтарэсаў будуць рашуча i жорстка спынены. I гэта правiльна, бо патаканне ў разбазарваннi дзяржаўных грошай наплодзiць толькi спажывецтва, нерастаропнасць i безынiцыятыўнасць, давядзе да ручкi i эканомiку, i ўсю краiну. Iншая справа, калi глыбока абгрунтоўваецца, скажам, неабходнасць дадатковай фiнансавай падтрымкi пэўнай галiны народнай гаспадаркi цi нейкага важнага праекта. Такое абгрунтаванне ўжо можна разглядаць, абмяркоўваць, уносiць канкрэтныя прапановы Савету Мiнiстраў i Мiнiстэрству фiнансаў, з якiмi дэпутаты i працуюць сумесна над праектам закона аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь.

Недахопу ў прапановах пры фармiраваннi галоўнага фiнансавага дакумента, як правiла, не бывае. У дэпутатаў заўсёды дастаткова iнiцыятыў, прапанаваных рэгiёнамi i пачэрпнутых з аналiзу стану спраў у сваiх выбарчых акругах. Мы абмяркоўваем усе прапановы ў кантэксце дзяржаўнай i сацыяльнай мэтазгоднасцi, рэальнасцi i адпаведнасцi сённяшнiм эканамiчным магчымасцям краiны.

— Як жа дасягаецца агульная дамоўленасць аб бюджэтных параметрах, каб дзяржаўная фiнансавая коўдра адэкватна «сагравала» ўсе сегменты народнай гаспадаркi?

— Бюджэтны працэс даволi працяглы, пачынаецца, як правiла, у першай палове года. Сёлета дэпутаты падключылiся да яго ў маi. Сумесна са спецыялiстамi Мiнфiна i Савета Мiнiстраў абмяркоўвалi асноўныя параметры, узгаднялi свае пазiцыi па раздзелах i падраздзелах расходаў. У гэтай рабоце удзельнiчалi трыццаць шэсць дэпутатаў, цi кожны трэцi з дэпутацкага складу. Асаблiва актыўна папрацавала Пастаянная камiсiя па бюджэту, фiнансах i падатковай палiтыцы, якая прысвяцiла галоўнаму фiнансаваму дакументу два пашыраныя пасяджэннi. Дваццаць чалавек узялi ўдзел у абмеркаваннi законапраекта аб бюджэце на пасяджэннях Прэзiдыума Савета Мiнiстраў i пасяджэннях урада. Гэта дазволiла больш дэталёва прасачыць фармiраванне канкрэтных лiчбавых паказчыкаў i дасягнуць папярэднiх дамоўленасцяў па бюджэту з урадам. Пасля ўзгаднення праекта Закона «Аб бюджэце Рэспублiкi Беларусь на 2007 год» з Прэзiдэнтам дакумент будзе ўнесены ў Палату прадстаўнiкоў для разгляду на асенняй сесii.

— А ў якiм накiрунку мяркуецца ўдасканаленне ў сувязi з прыняццем бюджэту, падатковага заканадаўства?

— Група дэпутатаў актыўна працавала ў складзе мiжведамаснай рабочай групы, якая рыхтавала прапановы па спрашчэнню падатковай сiстэмы. Разгледжана звыш 120 прапаноў. Свае меркаваннi, iдэi i заўвагi выказалi i дэпутаты. Частка прапаноў ужо рэалiзавана ва ўказах Прэзiдэнта, частка прапанавана для ўключэння ў заканадаўчыя акты з 1 студзеня 2007 года, у тым лiку ў законы аб падатку на прыбытак, падатку на дабаўленую вартасць, акцызах. Скарачаецца не толькi колькасць падаткаў, але i спрашчаецца механiзм iх налiчэння. Мы лiчым, што гэта стане дадатковым стымулам для iнтэнсiфiкацыi эканамiчнага развiцця.

— Можаце сказаць чытачам «Звязды» пра галоўнае ў праекце закона аб бюджэце, хоць ён, магчыма, яшчэ будзе карэкцiравацца?

— Бюджэтны працэс завершыцца толькi пасля прыняцця парламентам галоўнага фiнансавага дакумента i яго падпiсання кiраўнiком дзяржавы. Толькi тады можна будзе падрабязна гаварыць пра закон. Што да галоўнага ў змесце кансалiдаванага бюджэту, то даходы прагназуюцца ў памеры звыш 40 трыльёнаў рублёў. Гэта прыкладна на 6 трыльёнаў больш, чым сёлета. Захавана значная сацыяльная складовая бюджэту. Узрастуць выдаткi на зарплату i налiчэннi. Прадугледжана большае фiнансаванне аховы здароўя, адукацыi, фiзкультуры i спорту, культуры i сродкаў масавай iнфармацыi. На мой погляд, нам удалося разам з урадам знайсцi прымальны баланс параметраў, якi забяспечыць нармальныя ўмовы для ўсяго народнагаспадарчага комплексу, раўнамернае развiццё рэгiёнаў i павышэнне жыццёвага ўзроўню людзей.

— Што яшчэ, акрамя бюджэту, стане прыярытэтнай тэматыкай асенняй сесii?

— Прыкладны парадак сесii даволi насычаны. Мы працягнем фармiраванне прававой базы пад усе стратэгiчныя напрамкi, вызначаныя трэцiм Усебеларускiм народным сходам, i рэалiзацыю задач, пастаўленых прэзiдэнтам перад дэпутатамi ў штогадовым Пасланнi беларускаму народу i парламенту. Зоймемся далейшым удасканаленнем заканадаўства на яго адпаведнасць патрабаванням па дэбюракратызацыi, разгледзiм наспелыя пытаннi дзяржаўнага будаўнiцтва, умацавання нацыянальнай бяспекi, падаткаабкладання, грашова-крэдытнай i жыллёвай палiтыкi, рэальнага сектара эканомiкi, прадпрымальнiцтва, адукацыi, падтрымкi сям’i, аховы мацярынства i дзяцiнства. Значная ўвага будзе ўдзелена ратыфiкацыi мiжнародных дагавораў i пагадненняў нашай краiны. Так што давядзецца папрацаваць iнтэнсiўна i напружана.

Я выдзелiў бы як стрыжнёвыя заканадаўчыя iнiцыятывы аб процiдзеяннi экстрэмiзму, аб змяненнях i дапаўненнях у некаторыя законы па пытаннях правядзення выбараў i рэферэндумаў, Мытны кодэкс, законапраекты аб iпатэцы, рэкламе, вышэйшай адукацыi, пакет законапраектаў экалагiчнага характару, а сярод найбольш аб’ёмных i складаных прававых дакументаў — Бюджэтны кодэкс i Кодэкс аб зямлi.

— Не ўсе заканадаўчыя навацыi ўспрымаюцца ў грамадстве адназначна. Амаль заўсёды ў апанентаў улады выклiкаюць крытыку рашэннi, якiя закранаюць iнтарэсы палiтычных партый. Як вы ставiцеся да прапанаванай на разгляд дэпутатаў папраўкi ў выбарчае заканадаўства аб адмене другога тура галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы?

— Гэта iдэя не выдумана з галавы, яе падказала практыка правядзення мясцовых выбараў. Многiя выбаршчыкi на другi тур галасавання проста не iдуць, таму выбары праходзяць пры нiзкай актыўнасцi грамадзян. Дзяржаўныя грошы фактычна выкiдваюцца на вецер, iх можна выкарыстаць больш рацыянальна ў агульных грамадскiх iнтарэсах. Кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў людзi, як правiла, добра ведаюць, таму сапраўды аўтарытэтны чалавек зможа набраць большасць галасоў i ў адным туры. Я ў гэтым упэўнены, так як неаднаразова быў дэпутатам мясцовага Савета. Звычайна той прэтэндэнт на дэпутацкi мандат, якi атрымаў перавагу ў першым туры, перамагае i ў другiм.

— З пачаткам асенняй сесii дэпутаты гэтага склiкання «вырульваюць» на экватар сваiх паўнамоцтваў, а там i рукой падаць да 10-гадовага юбiлею парламента. Ёсць нагода спытаць у вас, Сяргей Макаравiч: куды ж накiравана плынь беларускага парламентарызму i цi не цеснавата ёй сёння ў рэчышчы, вызначаным дзесяць гадоў таму?

— Я лiчу, што наш беларускi парламентарызм развiваецца ў правiльным накiрунку. За 10 гадоў створаны моцны прававы фундамент дзяржавы, у тым лiку эканамiчнай i сацыяльнай палiтыкi. Мы з вамi з’яўляемся ўдзельнiкамi i вiдавочцамi шматграннага парламенцкага жыцця, напрацоўкi арганiзацыйнага i змястоўнага вопыту заканатворчасцi, удасканалення нарматворчай тэхналогii, умацавання мiжпарламенцкiх i мiжнародных стасункаў, работы дэпутатаў у выбарчых акругах, станаўлення парламенцкiх традыцый. Калi ў першым склiканнi Палаты прадстаўнiкоў толькi частка дэпутатаў працавала на прафесiйнай аснове, то цяпер — стопрацэнтна.

Трэба разумець, што 10 гадоў — гэта толькi першыя крокi парламента як iнстытута дэмакратыi, народнага прадстаўнiцтва i як заканадаўчай галiны ўлады. А першыя крокi простымi нiколi не бываюць. Парламент вучыцца, шукае, вырашае наспелыя праблемы i — прыносiць плады. Не толькi заканадаўчыя. Але i плады сваёй адказнасцi перад выбаршчыкамi, перад грамадствам i перад дзяржавай. Я ўпэўнены, што далейшыя крокi Палаты прадстаўнiкоў могуць быць цвёрдымi i ўпэўненымi толькi ў канстытуцыйным рэчышчы. Цесна ў iм не бывае, калi ёсць здаровы розум i жаданне на ўсю моц шчыраваць на карысць сваёй краiны.

Аляксандр ФIЛIМОНАЎ.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
2 кастрычнiка адкрыецца пятая сесiя Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi. Пра парламенцкае жыццё, надзённыя турботы дэпутатаў i асноўную
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика