Сеў Iванка на «жалезнага» каня i забiў гол...
Юрась ШАЎЦОЎ
Экстрэмальны спорт Такое цяжка сабе ўявiць. Кожны, хто хоць раз ездзiў на матацыкле, ведае, як цяжка бывае часам ўтрымаць раўнавагу на вялiкай хуткасцi. А цяпер уявiце лёгкiя, спрытныя матацыклы, якiя носяцца па полi даўжынёю ў сто метраў. Ды не проста так носяцца. Дзве каманды па чатыры чалавекi спрабуюць адабраць адна ў адной мяч i забiць яго ў вароты. Як яны ўтрымлiваюцца на матацыклах — адным iм вядома.Прыкладна гэта i ёсць загадкавая гульня пад назваю мотабол. ГIСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА Лiчыцца, што ўпершыню футбалiсты селi на матацыклы ў Францыi, дзесьцi ў 20-я гады мiнулага стагоддзя. Потым з’явiлiся мотабольныя каманды ў Англii, Германii, Бельгii... У СССР першы матч быў згуляны ў 1937 годзе студэнтамi маскоўскага iнстытута фiзкультуры. Росквiт мотабола ў СССР датуецца 60-мі, калi матчы праходзiлi на стадыёнах «Лужнiкi» i «Дынама», каментаваў iх вядомы журналiст Вадзiм Сiняўскi, а судзiў часам касманаўт Юрый Гагарын. Зборная Беларусi на мiжнароднай арэне з 1994 года. За гэты час наша каманда тройчы заваёўвала «срэбра» чэмпiянату Еўропы (1995, 1998, 2001) i тройчы — «бронзу» (1999, 2003, 2006). У гэтым годзе ў мотабола юбiлей — 40 гадоў з дня першай гульнi, праведзенай на тэрыторыi Беларусi. Што такое мотабол? Мотабол — адiн з вiдаў мотаспорту, своеасаблiвы футбол на матацыклах. Гульня праводзiцца на полi, вельмi падобным на футбольнае, аднак пакрыццё яго асфальтавае, пасыпанае пяском для паляпшэння манеўранасцi матацыклаў. Мяч — дыяметрам каля паўметра, масай каля кiлаграма. У кожнай камандзе па 5 чалавек: варатар i 4 iгракi. Аб’ём рухавiка матацыкла — ад 175 да 250 см. куб. Магутнасць — ад 30 да 55 к.с. Матч працягваецца тры перыяды па 20 хвiлiн. Цi ёсць сёння мотабол на Беларусi? Першапачаткова ў нашай краiне мотабол развiваўся пры мiнскiм абласным камiтэце ДТСААФ разам з секцыямi аўтаспорту, мотакросу, спiдвею i iнш. Прычына панiжэння папулярнасцi простая, характэрная для многiх вiдаў спорту — знiжэнне фiнансавання. Ветэраны мотабола расказваюць, што ў савецкiя часы падчас мотакросу можна было лёгка браць са склада новыя чэшскiя або рускай фабрыкi «Каўровец» матацыклы i ўдзельнiчаць у спаборнiцтвах. А сёння даводзiцца закупляць тэхнiку ў Iспанii праз французскага дылера, i кожны матацыкл, такiм чынам, каштуе каля 6500 еўра. Хто гуляе ў мотабол? У складзе чэмпiёна Беларусi — пiнскага «Аўтамабiлiста» — прафесiйныя спартсмены, у астатнiх камандах прадстаўлены самыя розныя прафесii: ад начальнiка цэха на МТЗ да прыватных прадпрымальнiкаў. Мотабол — сезонны вiд спорту, з мая па кастрычнiк. Зiмой — падрыхтоўка тэхнiкi, час водпускаў, фiзпадрыхтоўка. Дасведчаныя людзi кажуць, што без Пятра ЛЕБЕДЗЕВА, намеснiка цэнтральнага савета ДТСААФ, сёння цяжка ўявiць сабе беларускi мотабол. Расказвае сам Пётр Аляксеевiч: — Мотабол — важны для Беларусi вiд спорту. У 2004 годзе ў Пiнску праводзiўся чэмпiянат Еўропы. Спаборнiцтвы такога ўзроўню на тэрыторыi нашай краiны можна пералiчыць па пальцах. Аднак трэба згадзiцца, што такiя мерапрыемствы — справа стратная. Харчаванне, засяленне ў гасцiнiцу, забеспячэнне змазачнымi матэрыяламi i генеральную арганiзацыю мерапрыемства бярэ на сябе краiна-арганiзатар, што нам, напрыклад, каштавала каля 100 мiльёнаў рублёў. А даход ад чэмпiянату дацягвае максiмум да паловы гэтай сумы. Таму ў блiжэйшы час чэмпiянатаў Еўропы на Беларусi не прадбачыцца, але ў планах — забеспячэнне каманд новымi матацыкламi. — Як прыходзяць людзi ў мотабол? — Iснуюць спартыўныя секцыi пры ДТСААФ, ёсць дзiцяча-юнацкiя школы па аўтамотаспорту. Як секцыi, так i школы бясплатныя, патрэбны толькi жаданне займацца гэтым i крыху храбрасцi, каб пераадолець страх перад вялiкiмi хуткасцямi жалезных апаратаў. Набор у секцыю з 12 гадоў (у Францыi, напрыклад, ужо з 6 гадоў дзецi трэнiруюцца на мiнi-матацыклах), i ў першы час хлопцы вывучаюць матэрыяльную частку матацыклаў, потым асвойваюць фiгурнае кiраванне i толькi пасля — непасрэдна гульню. — Мотабол — накладны занятак. Не спрабавалi рабiць матацыклы на «Мотавела»? — Былi спробы. Давалi паглядзець мiнскiм канструктарам iспанскi «Газ-газ», але за год нашы майстры змаглi скапiраваць толькi знешнюю частку, аднак... Метал не той, i матацыкл не вытрымлiвае мноства сутыкненняў-падзенняў. Пра рухавiк нават размова не iдзе — нiводзiн айчынны матацыкл не адпрацаваў нават адной поўнай гульнi. Цiкава: а якiя яны — мотабалiсты? Падчас чарговых гульняў чэмпiянату Беларусi карэспандэнт «Звязды» знайшоў аднаго з лепшых iгракоў «Аўтамабiлiста», «бронзавага» прызёра Еўропы ў складзе нацыянальнай зборнай Аляксандра КЛIМАЎЦА: — Мотаболу навучыўся ад свайго бацькi, i ўжо мiнула 5 гадоў, як iм займаюся. Улiчваючы, што «Аўтамабiлiст» — прафесiйная каманда, 3 разы на тыдзень мы праводзiм трэнiроўкi працягласцю па дзве гадзiны. Дакладней, ранiцай фiзпадрыхтоўка, пасля абеду — практыкаваннi на матацыклах. Акрамя ўсяго гэтага, яшчэ вучуся ў Горацкай акадэмii. — Як выглядаюць беларусы на фоне астатнiх еўрапейскiх каманд? — Дастойна. «Бронза» — не «столь» для нашай каманды. Можна i патрэбна ў будучым браць «срэбра», а потым i «золата». Як i ў любым спорце, вынiк залежыць не толькi ад уменняў, але i ад шанцавання.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Такое цяжка сабе ўявiць. Кожны, хто хоць раз ездзiў на матацыкле, ведае, як цяжка бывае часам ўтрымаць раўнавагу на вялiкай хуткасцi
|
|