Слова пацана i сякерай не высекчы
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Я вам пiшу... Спявак Вiктар Калiна так спяшаецца жыць i ўсё паспяваць, што нават ягоная кнiга «Генералы двароў» пазначана будучым, 2007 годам. Насамрэч твор у жанры сучаснага баевiка, заснаваны на рэальных падзеях i багата прыпраўлены фантазiяй аўтара, выйшаў у Маскве ў вераснi гэтага года. Прычым выдадзена была кнiжка ў рэкордна кароткi тэрмiн, усяго за месяц — звычайна працэс займае ад 2 да 6 месяцаў. А «хросным бацькам» у лiтаратуры для Калiны выступiў не хто-небудзь, а Вiктар Дацэнка — вядомы расiйскi пiсьменнiк-мiльянер (аўтар 86 кнiг), сцэнарыст, прадзюсар, рэжысёр (фiльмы «Па мянушцы Звер», «Чорныя берэты» i «Трыццатага знiшчыць» знаёмыя многiм)...Пазнаёмiлiся будучыя сябры ў Маскве на невялiкай вечарынцы, дзе Дацэнка святкаваў уласны юбiлей, а Калiна спяваў. Песнi Вiктару-старэйшаму спадабалiся, — уласна, таму i пагадзiўся прагледзець лiтаратурныя вопыты Вiктара-малодшага, хоць нiчога асаблiвага i не чакаў. «Дастаткова складана выбiць слязу з чалавека, якi прайшоў Афган i дзве турмы, але ад некаторых сцэн у кнiзе «Генералы двароў» слёзы наварочвалiся, — перадае свае ўражаннi Вiктар Дацэнка. — Прачытайце кнiгу — паверце, i вы бу- дзеце плакаць». Ацэнка творчасцi беларускага спевака аказалася настолькi высокай, што расiйскае выдавецтва «Зебра-Е», дзе, мiж iншым, нароўнi з Дацэнкам друкуюцца Эдвард Радзiнскi i Танiна Куэра (iтальянскi аператар, якi працаваў з легендарным рэжысёрам Фелiнi), прыняло рукапiс без чаргi i нават аплацiла 50 працэнтаў 5-тысячнага тыражу. У сваю чаргу, Вiктар Калiна адмовiўся ад ганарару, узяўшы замест грошай палову тыражу. Яе, дарэчы, хоць зараз гатовы выкупiць у спевака беларускiя распаўсюджвальнiкi. — Пiсаць я спрабаваў даўно, яшчэ гадоў 10 таму, — без лiшняй сцiпласцi прызнаецца Калiна. — Але рабiў гэта збольшага для сябе, даваў прачытаць жонцы i выкiдваў. Потым аднойчы за ноч прачытаў кнiгу аднаго знакамiтага графамана i вырашыў, што здольны напiсаць не горш. Працаваў па 6—8 гадзiн у дзень — i ў вынiку за месяц напiсаў кнiгу. Паводле слоў Вiктара Калiны, ужо напiсана каля 100 старонак новага лiтаратурнага серыяла, якi таксама будзе суправаджацца серыяй клiпаў. Увогуле, артыст сябе пiсьменнiкам не лiчыць, з падачы Вiктара Дацэнкi называецца лiтаратарам — але «ў блiжэйшыя 20—30 гадоў» спыняцца не збiраецца, кажа, што гiсторый з ягонага жыцця i з жыцця сяброў хопiць яшчэ на 10 i больш кнiг. А ў яго самога, упэўнены, хопiць сiл паспрабаваць сябе ў новым амплуа — акцёрскiм. Беларускi спявак заяўлены на вялiкую ролю ў новым фiльме Вiктара Дацэнкi. Дый у серыяле паводле ўласнай кнiгi «Генералы двароў», вытворчасцю якога зацiкаўлена буйная расiйская тэлекампанiя, таксама сыграе. Дарэчы, у дадатак да прэзентацыi кнiгi «Генералы двароў» «хросны» Вiктара Калiны прадставiў i свой чарговы, а дакладней, юбiлейны твор — 30-ы раман з серыi кнiг пра Савелiя Гаваркова. У наступнай кнiзе, кажа, напiша пра беларускага прэзiдэнта — «вельмi я паважаю вашага Аляксандра Рыгоравiча». Ну, а што Вiктар Калiна? Ён рыхтуецца да пераезду на пастаяннае жыхарства ў Маскву, хоць i прызнае, што 2 гады, праведзеныя ў Беларусi, былi цiкавымi i захапляльнымi, поўнымi найлепшых уражанняў. «Я люблю гэту краiну, i мне вельмi непрыемна адсюль з’язджаць, але тут, на жаль, не заробiш грошай. Дастаткова раз у год праехаць з канцэртамi па 20 гарадах i больш не з’яўляцца», — лiчыць Калiна. Мабыць, у пацвярджэнне гэтай тэорыi з 1 кастрычнiка ён накiруецца ў вялiкi гастрольны тур «Да пабачэння, Беларусь» — праўда, праедзе па 28 гарадах, а ў Мiнску ў Палацы Рэспублiкi фiнiшуе на гала-канцэрце, прысвечаным памяцi Мiхаiла Круга. Да ўдзелу ў iм запрошаны расiйскiя зоркi шансона: Яфрэм Амiрамаў, Каця Аганёк, Мiхаiл Шэлег i iншыя. Дапамогу ў арганiзацыi ўсiх выступленняў Вiктару, якi разагнаў усiх сваiх адмiнiстратараў i дырэктараў, аказваюць структурныя падраздзяленнi Белдзяржфiлармонii. — Вiктар, — пацiкавiлiся мы на развiтанне, — а назву гастрольнага тура ўспрымаць лiтаральна? — Што вы маеце на ўвазе? — Ну, ён жа носiць назву «Да пабачэння, Беларусь», а не «Бывай, Беларусь»! — Канешне, да пабачэння! I толькi так! Так i трэба разумець. Пацан сказаў — пацан зрабiў, — энергiчна запэўнiў спявак. У Маскве Вiктар, паводле яго прызнання, нi з кiм з беларускiх артыстаў асаблiва не кантактуе. Хiба што з родным братам «беднай авечкi» Алёны Свiрыдавай па музычнай частцы супрацоўнiчаў. Але i па-за межамi беларускай артыстычнай дыяспары, думаю, Калiна не прападзе — хiба што на афiшах замест «зорка расiйскага шансона» арганiзатары канцэртаў будуць пiсаць «зорка беларускага шансона». * * * Папулярнага шансанье ў кнiзе завуць Вiктар Дваржэўскi, яго каханую — цыганка Алiса. А ў сюжэце пераплецены бандыцкiя прытоны i дарагiя рэстараны, верныя сябры i непрадказальныя здраднiкi, падзеi ў Беларусi i ў Афганiстане... Думаеце, у адной кнiзе ўсё гэта не змесцiцца? Вельмi нават змясцiлася! I не толькi проза, але i вершы — Вiктара Калiны i Сяргея Сухамлiна. Такi лiрычна-гераiчны экшн у стылi шансон атрымаўся.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спявак Вiктар Калiна так спяшаецца жыць i ўсё паспяваць, што нават ягоная кнiга «Генералы двароў» пазначана будучым, 2007 годам. Насамрэч твор у жанры |
|