21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Старажытны горад Казімір сапраўды быў

25.08.2009 22:04 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ала МАЧАЛАВА

Цяпер на Светлагоршчыне да сiвой даўнiны — рукой падаць. Гэта стала магчымым дзякуючы навуковым пошукам Сяргея Рассадзiна, доктара гiстарычных навук, прафесара кафедры гiсторыi i палiталогii БДТУ. Спачатку ён прапанаваў грамадскасцi гiпотэзу аб iснаваннi ў XVII стагоддзi горада Казiмiра, што было лiтаральна сенсацыяй, а калi гiпотэза пацвердзiлася... Нядаўна даследчык вярнуўся з раскопак i даў iнтэрв’ю карэспандэнту «Звязды».

— Сяргей Яўгенавiч, якiя ёсць аргументы на карысць таго, што Казiмiр быў горадам i пры тым менавiта беларускiм?

— У навуцы прынята: калi тое цi iншае паселiшча згадваецца ў афiцыйных дакументах у якасцi горада, то незалежна ад яго памераў i статусу, яно лiчыцца горадам, а не мястэчкам цi пасёлкам. Сёння мы прызвычаiлiся да колькасных крытэрыяў i ведаем, што пры колькасцi жыхароў 5 тысяч чалавек i больш паселiшча трэба адносiць да катэгорыi «пасёлак гарадскога тыпу», аднак i зараз не ва ўсiх краiнах прытрымлiваюцца гэтага. У беларускай гiстарычнай практыцы ёсць цiкавы выпадак: Баранавiчы фактычна былi горадам, калi ў канцы XIX стагоддзя там утварылася чыгуначная станцыя, але па статусу гэта была вёсачка. Што датычыцца Казiмiра, яго без анiякiх агаворак можна называць горадам, бо належнымi паперамi, а дакладней — пергаментам, ён валодае. Менавiта на пергаменце ў 1643 годзе быў напiсанны прывiлей на Магдэбургскае права. Пасля раскопак з’явiлiся i археалагiчныя пацвярджэннi гарадскога статусу Казiмiра: па-першае, знойдзена жалезная падкоўка для ботаў — у сялянскi лапаць яе не заб’еш, — усмiхаецца вучоны, — па-другое, рэшткi аконнага шкла — у той час як у сялянскiх хатах вокны зацягвалiся бычыным пузыром, а па-трэцяе, знойдзеная намi кафляная печ проста не магла стаяць у курной сялянскай хаце. А наконт нацыянальнай прыналежнасцi... Паводле прывiлеi, уладальнiца Бабруйскага староства каралева Цэцылiя Рэната, жонка караля Уладзiслава IV Ваза, у дзявоцтве — фон Габсбург (дачка свяшчэннарымскага, — прасцей, аўстрыйскага, iмператара Фердынанда II Габсбурга), заснавала горад Казiмiр, надаўшы яму «нямецкае» права на самакiраванне. Аднак нацыянальная прыналежнасць заснавальнiцы не мае нiякага дачынення да этнiчнай, культурнай сутнасцi горада. Хоць, паводле некаторых звестак, палякi- i немцы-вайскоўцы там былi (польскiя жаўнеры i нямецкiя наймiты на каралеўскай службе ў караля Яна Казiмiра), але гэта не паўплывала на беларускасць горада i пакуль што раскопкi не далi слядоў iх знаходжання там. Я настойваю на тым, што горад менавiта беларускi, — сцвярджае вучоны, — спецыфiчных польскiх цi нямецкiх этнiчных элементаў культуры там няма, да таго ж знаходкi (бытавая керамiка, кафля, кавальскiя i шкляныя вырабы) iдэнтычныя тым, што знойдзены ў iншых беларускiх гарадах. А тое, што на адной з кафляў трапiлася выява арла, ну дык тады ж дзяржава была Рэч Паспалiтая, i нядзiўна, што знойдзены манеты з партрэтам караля Яна Казiмiра — усё гэта не надавала гораду, яго матэрыяльнай культуры ў выкапнёвым стане нiякай польскасцi. Я нават рызыкну назваць гэтую мясцовую культуру беларускiм варыянтам барока XVII стагоддзя — высокая еўрапейская культура ва ўсходне-беларускiм варыянце.

ЗНАЁМЦЕСЯ, КАЗIМIР — ...

... — горад, што iснаваў у XVII стагоддзi, агульнай плошчай 5 га, колькасць насельнiцтва — некалькi тысяч жыхароў. Ёсць падставы меркаваць, што тут акрамя рамеснiкаў-кавалёў, былi i ювелiры, i апрацоўшчыкi шкла. Магчыма, нават была наладжана вытворчасць шкла.

ЯК КАРАБЕЛЬ НАЗАВЕШ, ТАК ЁН I ПАПЛЫВЕ?

Цэцылiя Рэната назвала горад, якi сама заснавала, у гонар свайго сына Уладзiслава Зiгмунда Казiмiра, якi нiколi не правiў, бо памёр маладым. Вiдаць, нешчаслiвае iмя трагiчна паўплывала на лёс горада. Казiмiр праiснаваў нядоўга: усяго 12 гадоў. Сяргей Рассадзiн знайшоў дакумент, датаваны пачаткам XIX ст., якi звязвае дзве назвы — «Казiмiр» i «Каралеўская Слабада». Цiкава, што мясцовыя жыхары называюць сваю вёску «Каралева Слабада». Сапраўды, заснавальнiцай была жанчына. Тут арыгiнальны моўны аспект: калi б заснаваў кароль, то па-польску гучала б як «Крулёва Слабада», а ў жаночым варыянце — «Слабада Крулеўска», цi Каралеўская Слабада. Ёсць нават дакумент, у якiм горад называюць то Каралеўскай, то Казiмiравай Слабадой.


— А як вы адшукалi прывiлеі, Сяргей Яўгенавiч?

— Гэта гiсторыя ўжо амаль фальклорная, — пацiраючы рукi, кажа суразмоўца, — столькi разоў я мусiў яе паўтарыць, аднак кожны раз прыгадваю гэта як цуд Боскi. На хапок архiўныя пошукi не робяцца, бо звычайна тое, што шукаеш, знаходзiцца на самым дне скрынi, але тут адбыўся сапраўдны цуд. У 2001-м мне выпала наведаць Польшчу. З тых 5 дзён, што я быў у Варшаве, лiтаральна паўтара дня засталося на гэты архiў. Зразумела, гэта мiзэр, бо ў Варшаўскiм архiве старажытных актаў захоўваюцца сотнi тысяч дакументаў, i каб нешта там знайсцi, трэба прысвяцiць гэтаму шмат часу. Я мог толькi паглядзець сёе-тое, у прыватнасцi, мяне цiкавiў так званы Нясвiжскi архiў Радзiвiла, якi па Рыжскай дамове памiж Савецкiм Саюзам i Польшчай быў перададзены палякам. Бальшавiкi казалi, што яны перамаглi ў вайне з Пiлсудскiм, але, як бачым, не Пiлсудскi перадаваў матэрыяльныя каштоўнасцi ў Маскву, а наадварот, Масква — Варшаве, прычым беларускiя каштоўнасцi! Прывiлей быў знойдзены мною выпадкова, я заказаў некалькi дакументаў, якiя датычылiся Бабруйскага староства, сярод iх аказаўся i ён! — сакраментальна вымаўляе даследчык. — Гiсторыi вядома больш чым 200 беларускiх гарадоў, якiя атрымалi падобныя прывiлеi. Захавалася такiх дакументаў, якiя можна паглядзець i нават памацаць, крыху больш за 20. Дакладную лiчбу назваць цяжка: справа ў тым, што, напрыклад, прывiлей горада Мiнска згарэў падчас пажару ў гарадской ратушы, праўда, копiя ёсць у Лiтоўскай метрыцы, аднак арыгiнал не захаваўся. З тых двух дзесяткаў дакументаў, што захавалiся, на тэрыторыi Беларусi знаходзяцца лiтаральна два з паловай! — усмiхаецца Сяргей Яўгенавiч. — Адзiн належыць Мазыру, а два — Гродна (яны дублiруюць адзiн аднаго). Знаходка прывiлеі — сенсацыя, а калi гэта яшчэ i невядомы горад? Такога проста не можа быць! Гэтага не было раней, i, мусiць, другi раз не будзе наогул у Еўропе. Каб акрэслiць сiтуацыю, скажу: для тэрыторыi цяперашняй Беларусi мы ведаем не тое, што ўсе вёскi з XVI стагоддзя, а нават усе хутары. Устаноўлена гэта такiм чынам: падчас вайны iснавала такая мабiлiзацыйная сiстэма — па аднаму служываму ад 5 сялянскiх двароў — «дымаў». Гаспадар па колькасцi дымаў, якiмi ён валодаў, павiнен быў выстаўляць адпаведнае войска, калi так распараджаўся вялiкi князь лiтоўскi. Дзякуючы гэтаму, мы ведаем колькасны склад населеных пунктаў на ХVI стагоддзе. Дарэчы, апублiкаваны агульны спiс гэтых населеных пунктаў, наш Казiмiр там, зразумела, не ўзгадваецца, бо ён узнiк у XVII стагоддзi, у 1643 годзе.

— Год атрымання прывiлея лiчыцца датай заснавання горада?

— Так, але горад узнiк не на пустым месцы i не адразу: перадумова яго стварэння — слабада. За 10 гадоў да ўзнiкнення горада i надання яму магдэбургii, была заснавана слабада, сёння мы нараклi б такое ўтварэнне «вольнай эканамiчнай зонай». Тут сабралiся сяляне, рамеснiкi, гандляры. Яны карысталiся пэўнымi льготамi, напрыклад, iм не трэба было плацiць падаткi. Нядзiўна, што паселiшча вельмi хутка расло i праз 10 гадоў стала магчыма надаць яму новы статус — ператварыць у горад. Што датычыцца цяперашняй вёскi Каралеўская Слабада-другая, якая знаходзiцца зараз на тэрыторыi горада Казiмiра XVII стагоддзя, удалося ўдакладнiць дату яе ўзнiкнення — не раней за 1887 год, калi пасля адмены прыгоннага права стараабрадцы з Ковенскай губернi купiлi тут зямлю.

— Сяргей Яўгенавiч, колькi праiснаваў Казiмiр?

— Па фармальных юрыдычных параметрах з 1643 (а ўлiчваючы слабадскi перыяд, то з 1633) да 1655 года. Удакладнiць апошнюю дату дазволiў яшчэ адзiн дакумент — лiст атамана Iвана Залатарэнкi цару Аляксею Мiхайлавiчу. Там напiсана: «А тыя гарады, што нам шкоды чынiлi... (згадваюцца Бабруйск i Каралеўская Слабада, дарэчы, слабада названа горадам, хоць у тыя часы пераблытаць слабаду i горад усё роўна што пераблытаць абласны цэнтр i цэнтр сельсавета сёння) ... папаленыя, а ўсе жывыя пад меч пушчаныя». Так горад быў гвалтам знiшчаны. Падчас раскопак знойдзены сляды гэтага знiшчэння. Недасведчаныя людзi могуць пакрыўдзiцца на ўкраiнцаў, маўляў, спалiлi наш горад, але яны не маюць рацыi, бо гэта наша агульная спадчына, агульныя страты — Украiна таксама вельмi пацярпела ў тыя часы. Мабыць, многiя здзiвяцца, калi даведаюцца, што ў атрадах Залатарэнкi пераважалi мясцовыя жыхары — беларускiя сяляне, якiя нейкiм чынам запiсалiся ў казакi. Намiнальна яны лiчылiся ўкраiнскiмi казакамi, а родам былi з-пад таго ж Бабруйска. У казацкiя атрады iшлi пасля выхаду з турмы, куды траплялi, не аддаўшы даўгавую пазыку. Вайна пачалася, варта збегла, зняволеныя выбралiся з турмы i сталi «казакамi» — нават на Украiну не трэба ад’язджаць, як кажуць, i дома, i замужам. Удзельнiкi такiх ўзброеных атрадаў не атрымлiвалi плату i жылi за кошт марадзёрства. Падзеi на ўсходняй Беларусi сярэдзiны XVII ст., на жаль, маюць адметныя рысы грамадзянскай вайны — самай жорсткай i бязлiтаснай для мiрнага насельнiцтва, таму што на абодвух варожых баках былi фактычна грамадзяне адной краiны — таго ж самага ВКЛ, якiя ўпарта вынiшчалi адзiн аднаго. У гэту агульную карцiну ўпiсваецца i гiсторыя Казiмiра.

— А як прыступiлi да раскопак горада, Сяргей Яўгенавiч?

— У СМI з’явiлiся публiкацыi, прысвечаныя маёй архiўнай знаходцы i меркаванню аб месцазнаходжаннi Казiмiра, светлагорскiя журналiсты зацiкавiлiся — няўжо на iх зямлi знойдзены старажытны горад. У Светлагорска, мякка кажучы, нядоўгая гiсторыя (з 1961 года), а тут раптам XVII стагоддзе! Гэта ўразiла мясцовую грамадскасць, i хлопцы лiтаральна мяне выцягнулi. У археолагаў ёсць такое правiла: капаць не там, дзе раяць усе, а ў iншым месцы, бо там, дзе раяць, звычайна нiчога няма. У лiпенi я завёў светлагорскiх энтузiястаў туды, дзе тры з паловай стагоддзi таму знаходзiўся горад, i адбыўся цуд: там лiтаральна на раллi памiж бульбай, на паверхнi былi кавалкi шклянога посуду XVII стагоддзя, кафлi, керамiкi. Пасля гэтага адступаць было нельга. Калi Бог дазволiў мне адзiн раз знайсцi той прывiлей, а другi — сам помнiк, то я мушу працаваць у гэтым накiрунку. Гэта мой абавязак: як хрысцiянскi, так i навуковы. У адпаведнасцi з правiламi я ўзяў у Акадэмii навук адкрыты лiст — своеасаблiвы дзяржаўны дазвол (нетры, як вядома, належаць дзяржаве) — i пачалiся раскопкi. Трымальнiк дадзенага лiста з’яўляецца i адкрывальнiкам горада.

— Раскажыце, калi ласка, падрабязней пра этапы раскопак.

— Першыя раскопкi вялiся сумесна з двума светлагорскiмi аматарамi-энтузiястамi Вадзiмам Болбасам i Тэльманам Маслюковым. Мы ўтрох пакутавалi падчас дажджоў у апошнi тыдзень жнiўня (мiж iншым, яшчэ адно правiла археолага: з пачаткам раскопак заканчваецца выдатнае надвор’е). Гэта i быў першы этап раскопак. Першы раскоп — на 12 метраў. Да нас заехаў старшыня Светлагорскага райвыканкама Баляслаў Пірштук, нам было што яму паказаць, бо знаходкi вартыя. Я расказаў яму пра далейшыя планы, маўляў, калi працягнуць раскопкi наступным летам падчас практыкi студэнтаў-гiсторыкаў з Гомельскага ўнiверсiтэта, яшчэ i не такое знойдзем. А Баляслаў Казiмiравiч вырашыў, што няварта чакаць наступнага года i прапанаваў вось што: «Кожны верасень, — кажа, — наш Iндустрыяльны тэхнiкум выязджае на бульбу, мы вам выдзелiм асобную групу для раскопак: i хлопцам больш цiкава, i вам карысць». Гэта была выдатная iдэя не толькi ў плане дапамогi даследаванню помнiка, але i ў плане выхавання на культурнай спадчыне — хлопцы сапраўды дакранулiся да гiсторыi. Выканкам арганiзаваў пражыванне, трохразовае харчаванне 20 хлопцам i iх кiраўнiку, iх таксама падвозiлi да месца працы. Мясцовыя ўлады стварылi ўсе ўмовы для працягу раскопак, акрамя надвор’я! — усмiхаецца Сяргей Яўгенавiч. — Ва ўнiверсiтэце мне таксама пайшлi насустрач (цуд — цудам, а заняткаў у вераснi нiхто не адмяняў): калегi з дазволу рэктара мяне часам замянялi, але i самому давялося паматацца: з раскопу — адразу ў лекцыйную залу, а потым па зваротнаму шляху. Намаганнi не былi марнымi: з 4 па 17 верасня групай з 24 чалавек было раскрыта 150 метраў. Узровень знаходак адчувальна павялiчыўся: акрамя керамiкi, кафлi, манет, было знойдзена сведчанне разгрому горада — гарэлы пласт таўшчынёй сантыметраў у 40. Згарэў драўляны дом, якi стаяў на валунах (такi своеасаблiвы фундамент), а ў iм — кафляная печ, скажу вам, нятанная. Кафлi тут было ледзь не 10 вiдаў: i сценкавая, i вуглавая, i карнiзная, i карункавая, i нават вельмi адмысловая — такiя вiды археолагi раней не знаходзiлi.

— Няўжо гэтая адзiная падстава дае меркаваць пра тое, што горад быў гвалтоўна спалены, хiба дом не мог сам згарэць?

— Ёсць мноства сведчанняў гвалтоўнага знiшчэння горада. Некаторыя косцi, знойдзеныя там, належаць не жывёле. З iмi яшчэ будуць працаваць антраполагi, але ёсць падставы лiчыць iх чалавечымi астанкамi. Ды i мясцовыя жыхары расказвалi, што знаходзiлi на сваiх агародах рэшткi непахаваных шкiлетаў, асобныя чарапы. Пакуль што вiдавочных, дакладна людскiх астанкаў не знойдзена, паколькi раскоп невялiкi, але знойдзена прылада забойства — назавём гэта так. Казацтва таго часу ахвотна карысталася татарскай зброяй, характэрна выглядаюць татарскiя стрэлы. Намi былi знойдзены наканечнiкi такiх стрэл. Прыгадаць iншы выпадак, калi за 12 гадоў у горадзе з’явiлiся татарскiя стрэлы, надзвычай цяжка, таму мяркую, гэта сведчыць аб нападзе на горад.

— Колькi ўжо пройдзена на шляху даследавання Казiмiра i колькi яшчэ трэба прайсцi?

— Плошча горада каля 5 гектараў, а раскрыта i вывучана ўсяго 152 квадратныя метры — як бачыце, даследаванне яшчэ ў самым пачатку. На гэты год ставiлася даволi вузкая задача: археалагiчным адкрыццём пацвердзiць адкрыццё архiўнае, устанавiць гарадскi статус гэтага паселiшча, якое знаходзiцца на месцы, згаданым у прывiлеi. Гэта задача паспяхова выканана, а наступныя запланаваныя раскопкi маюць больш буйныя мэты: вызначыць асаблiвасцi планiроўкi горада (адметна, што там няма нейкiх рэльефных прыкмет — гары цi ўзвышша, горад не меў замка, нейкiх умацаванняў, i пры гэтым стаяў на беразе ракi Бярэзiны), яго гiстарычнага лёсу (якiм чынам быў знiшчаны), сацыяльнага складу насельнiцтва i iнш.

— А якая ваша любiмая знаходка, Сяргей Яўгенавiч?

— Любiмая знаходка — тая, якая яшчэ не зроблена, — смяецца археолаг. — Я марыў знайсцi гербавую кафлю з выявай iльва — герб Казiмiра, пакуль гэта толькi мара, а вось аўстрыйскi двухгаловы арол ужо ёсць (герб Габсбургаў). Далёка няшмат сталёвых нажоў з рукаяткай з рога аленя знойдзена падчас археалагiчных раскопак увогуле ў Еўропе, я не кажу пра Беларусь, так што гэта таксама цiкавая знаходка.

Зараз усе знаходкi захоўваюцца ў самога прафесара, але гэта толькi на перыяд апрацоўкi (для тых жа палеантолагаў i iншых спецыялiстаў, якiя будуць даследаваць знаходкi, iх трэба падрыхтаваць). Потым усе яны пераедуць на пастаяннае «жыхарства» ў Светлагорскi музей. «Сляды» Казiмiра ўжо на сёння лiчацца ў тысячах адзiнак захавання.

— Сяргей Яўгенавiч, у чым унiкальнасць гэтага археалагiчнага помнiка?

— У Казiмiра вельмi тонкi культурны пласт — усяго 30 сантыметраў. Каб у Мiнску дабрацца да ХVII стагоддзя, трэба спускацца па лесвiцах (шмат напластаванняў больш познiх эпох даюць аб сабе знаць), а тут усё амаль на паверхнi!

Сяргей Рассадзiн спадзяецца на падтрымку ў сваёй справе, верыць, што па ўсёй краiне знойдуцца добраахвотнiкi. Так зайшла размова пра фiнансавы бок.

— Каб правесцi паўнавартасныя даследаваннi гэтага помнiка за 2—3 гады, — кажа Сяргей Яўгенавiч, — патрэбна фiнансаванне прыкладна 100 мiльёнаў штогод, тады можна будзе арганiзаваць буйную экспедыцыю, вартую гэтага адкрыцця.

Рассадзiн выказаў прапанову паставiць на шляху да Каралеўскай Слабады прыдарожны знак з выявай герба Казiмiра, як у Грэцыi стаiць знак на месцы былых Мiкенаў. Хто ведае, можа, i гэта iдэя некалi ператворыцца ў рэальнасць, а пакуль мяне цiкавiць найблiжэйшая перспектыва — няцерпiцца даведацца, калi наступныя раскопкi.

— Хацелася б як мага раней, — сказаў Сяргей Яўгенавiч, — калi надвор’е дазволiць, то i ў маi можна, а ў лiпенi — абавязкова, гэта самы ўдалы для раскопак месяц. Зацягваць з раскопкамi не выпадае: справа высакародная, вартая! Невядомых гарадоў XVII стагоддзя ў Еўропе дагэтуль не адкрывалi i мусiць такога больш не будзе, таму мы, беларусы, павiнны гэтым ганарыцца: няхай нашы браты лiтоўцы цi палякi знойдуць у сябе такi горад!

Чакаем новых адкрыццяў i знаходак!


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяпер на Светлагоршчыне да сiвой даўнiны — рукой падаць. Гэта стала магчымым дзякуючы навуковым пошукам Сяргея Рассадзiна, доктара гiстарычных навук
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика