Вiктар ПАЛАЗНIК:«Наша работа ва ўсiх на вачах, i мы стараемся выконваць яе як належыць» ПРАДСТАЎЛЯЕМ СУРАЗМОЎЦУ — Вiктар Паўлавiч, што ўяўляе сабой ваша арганiзацыя? — У склад камунальнага ўнiтарнага прадпрыемства «Камунальнiк Калiнкавiцкi» ўваходзiць галаўное прадпрыемства i яго даччыныя прадпрыемствы — «Гарцепласетка», КДВУП «Прыбой» (гэта водазабеспячэнне) i «Райжылкамгас». Вытворчыя ўчасткi маюцца ў такiх населеных пунктах, як Варатын, Азарычы, Бабровiчы, Юравiчы, Шыiчы, Сырад, Даманавiчы, Гарочычы. У галаўным прадпрыемстве працуе каля сямiсот чалавек, а ўсяго з даччынымi арганiзацыямi — 1450. Iншымi словамi, кожны дваццаты жыхар раёна заняты ў нашай камунальнай службе. — Можна з упэўненасцю сказаць, што няма iншых галiн народнай гаспадаркi i вiдаў дзейнасцi, больш наблiжаных да чалавека кожны дзень i кожную гадзiну, чым дзейнасць жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Акрамя таго, працэсы, якiя адбываюцца ў ёй, ацэньваюцца большасцю насельнiцтва як эфектыўнасць работы ўсёй дзяржаўнай сiстэмы. Што з гэтага пункту гледжання вы маглi б сказаць? — Усё правiльна: жыллёва-камунальная служба ва ўсiх на слыху i на духу. I я ўспамiнаю васьмiдзесятыя гады, калi была рэформа школы i ўсё насельнiцтва, i ўсе чыноўнiкi сталi ўсё разумець у яе рабоце, даваць указальныя парады, крытыкаваць. Сёння падобная сiтуацыя: усе разумеюць, як трэба весцi ЖКГ. Сапраўды, гаспадарка складаная, шматпланавая, i зараз мы выконваем каля 25 вiдаў розных паслуг. Людзям яны вядомыя, я ж скажу толькi, што мы сярод аналагiчных прадпрыемстваў вобласцi адзiныя, хто мае асфальтабетонны завод. У нашым распараджэннi тры гасцiнiцы (у райцэнтры, былым ваенным гарадку Бабровiчы i ў Азарычах), платныя стаянкi аўтамабiляў, мы займаемся азеляненнем, для чаго маем цяплiцы з усiм комплексам — ад вырошчвання кветак да iх пасадкi i г.д. — Прызнацца, Вiктар Паўлавiч, мне не так часта даводзiцца бываць у Калiнкавiчах, але кожны раз заўважаю, як мяняецца знешняе аблiчча горада, як ён прыгажэе. Няма сумнення, што значны ўклад у гэта ўносiць i «Камунальнiк Калiнкавiцкi». — Горад Калiнкавiчы быў прызнаны пераможцам у рэспублiканскiм аглядзе санiтарнага стану i добраўпарадкавання ў 2004 i 2005 гадах, што пра многае гаворыць. А сёлета ў нас праводзiўся рэспублiканскi семiнар па гэтых пытаннях, удзельнiкi якога далi высокую ацэнку зробленаму, шмат што запазычылi тут. Не буду падрабязна спыняцца на тым, што было зроблена, але адзначу, што работы праводзiлiся грунтоўныя. Што нам дапамагала ў гэтым? Наяўнасць свабодных камунальных зон у горадзе, а iншымi словамi — безгаспадарчасць зон каля чыгуначнага вакзала, у раёне вулiцы Мiру i г.д. Паўсюдна ў такiх месцах мы стварылi выдатныя ландшафтныя паркi з кветнiкамi, газонамi, лаўкамi, асвятленнем, малымi архiтэктурнымi формамi, воднымi элементамi i да т.п. На пляцоўцы па вулiцы Мiру вы ўбачылi на свае вочы, якi аб’ём работ тут быў выкананы летась у гэтым панiжаным месцы: выкапана возера, завезена пяць тысяч кубаметраў пяску. Сёлета адсюль мы ўжо выбралi тысячу кубаметраў тарфянiку для газонаў на вулiцах, у парках i скверах горада i завезлi 10 тысяч кубаметраў пяску, каб узняць узровень, па сутнасцi, забалочанай мясцовасцi. А закончаны выгляд ландшафтны парк набудзе ўжо на трэцiм этапе, у 2007 годзе. — Мы наведалi таксама ландшафтны парк у зоне помнiка землякам, што загiнулi ў Афганiстане, i мне запомнiлася, што яго вы стваралi з вучнямi школ... — Гэта сапраўды так. Указанае месца — адно з любiмых куткоў горада мясцовых жыхароў. Тут праводзяцца ўрокi мужнасцi, тут ускладаюць кветкi маладыя, i наогул, людзi тут проста адпачываюць. Зараз iдзе рэканструкцыя прывакзальнай плошчы. Адсюль будуць перанесены ў iншае месца гандлёвыя рады, пабудаваны фантан, устаноўлены паравоз. Пра клумбы i кветнiкi я ўжо i не кажу. А якая зараз прыгажосць у гарадскiм парку культуры i адпачынку! Хто-нiхто, дарэчы, здзiўляецца, што ён знаходзiцца на балансе нашай службы, а не аддзела культуры райвыканкама. Але так ужо склалася. Дык вось, раней тут быў запушчаны калгасны сад, якi мы высеклі i пасадзiлi тысячы дрэў узростам 10—15 гадоў, аформiлi ўваход у яго, паклалi новыя дарожкi, разбiлi клумбы, пабудавалi сцэнiчную пляцоўку для правядзення розных агульнагарадскiх мерапрыемстваў i пляцоўку для правядзення спаборнiцтваў па аўтамадэльнаму спорту. Ды ўсё цi пералiчыш? Забягаючы наперад, скажу, што ўтрыманне парку для нашага прадпрыемства, дарэчы, як i лазняў (а iх на балансе ў «Камунальнiка Калiнкавiцкага» звыш трыццацi) стратны. Але мы разумееем, што чалавеку неабходна пасля работы адпачыць, набрацца новых сiл, каб потым з поўнай аддачай працаваць i вучыцца. — Вы сказалi, Вiктар Паўлавiч, што маеце свой асфальтабетонны завод. Мяркую, што i гэта вельмi дапамагае вам у рабоце. — Так. Асфальтабетон мы вырабляем i ўкладваем уласнымi сiламi, адмовiўшыся ад паслуг iншых арганiзацый. Магутнасцi завода даволi вялiкiя, i мы заасфальтавалi ўжо дзесяць кiламетраў дарог, не лiчачы шматлiкiя пешаходныя зоны, пляцоўкi i г.д. Летась мы набылi машыну ямачнага рамонту нямецкай вытворчасцi, што дазволiла прымянiць новую тэхналогiю i тым самым скарацiць нарматыўныя тэрмiны рамонту, павялiчыць аб’ёмы работ, палепшыць якасцi, што не магло не адбiцца на знешнiм аблiччы вулiц. Адмовiлiся мы i ад паслуг зелянгасаў з iншых раёнаў i займелi свае, як я ўжо сказаў, дзве цяплiцы, адна з якiх круглагадовага дзеяння. Дастаткова адзначыць, што ў iх мы сёлета вырасцiлi 150 тысяч кветак, а прымяненне элементаў вертыкальнага азелянення не змянiла аблiчча кальцавой развязкi плошчы Перамогi, вулiцы Савецкай, iншых месцаў горада. — Пэўна, змены ёсць i ў добраўпарадкаваннi дваровых тэрыторый? — А як жа! Вось хоць бы такi прыклад. Памiж двума iнтэрнатамi i двума кааператывамi iндывiдуальнай забудовы па вулiцы Батава (а гэта раён новай забудовы) ёсць зона, якая як бы нiчыйная. Дык вось мы добраўпарадкоўваем яе зараз з малымi архiтэктурнымi формамi, альтанкамi, гушкалкамi i г.д. Летась паставiлi чатыры камплекты такiх жа формаў у дварах некаторых шматпавярховых двароў па вулiцах Савецкай i 50 гадоў Кастрычнiка. Работы па добраўпарадкаванню дваровых тэрыторый будуць працягвацца i далей. — Асобнае пытанне, Вiктар Паўлавiч, — рамонт жыллёвага фонду, падрыхтоўка да зiмы... — Тут хачу сказаць наступнае. На абслугоўваннi нашага прадпрыемства знаходзiцца звыш 450 жылых дамоў, у тым лiку i ў сельскай мясцовасцi, i 70 працэнтаў жыллёвага фонду патрабуе капiтальнага рамонту. Сiламi падраздзяленняў «Камунальнiка Калiнкавiцкага» робiцца ўсё магчымае для забеспячэння захаванасцi i бяспечнай эксплуатацыi жыллёвага фонду. Штогод спецыялiстамi прадпрыемства праводзiцца вясеннi агляд будынкаў. У яго камiсii, акрамя работнiкаў ЖЭУ, уключаюцца прадстаўнiкi грамадскiх фармiраванняў па месцы жыхарства. Згодна з актамi агляду, складаюцца планы бягучага рамонту жылля, разлiчваецца патрэбнасць у матэрыялах i абсталяваннi. Летась, напрыклад, уласнымi сiламi мы правялi рамонт даху на чатырох тысячах квадратных метраў пры плане 2,9 тысячы, рамонт стыкаў сценавых панеляў у колькасцi тысяча пагонных метраў, касметычна адрамантавалi 97 пад’ездаў. Выканалi гiдрапрамыўку ўнутрыдамавых сетак ацяплення ў 198 жылых дамах, зрабiлi планава-папераджальны рамонт 79 цеплавых пунктаў i г.д. — А сёлета? — Асобныя работы ўказанага напрамку ўжо закончаны, iншыя — працягваюцца. Сёлета дзве кацельнi пераведзены на газавае забеспячэнне. Вялiкi аб’ём работ у гэтым плане выкананы ў такiм буйным населеным пункце, як Бабровiчы, дзе летась на пракладку трасы было затрачана каля мiльёна долараў. Мяняем катлы на газавыя па вулiцы Савецкай, 117 у райцэнтры. Дарэчы, у гэтым годзе газiфiкацыю намечаных камунальных аб’ектаў цеплазабеспячэння мы завяршаем, астатнiя кацельнi пераводзiм на мясцовыя вiды палiва. Сёлета нам трэба было нарыхтаваць 21,2 тысячы кубаметраў дроў — гэта самы вялiкi аб’ём сярод прадпрыемстваў ЖКГ вобласцi. Цяжкасцi, канешне, былi, але мы змаглi iх пераадолець. На момант нашай гутаркi мы ўжо маем 17 пашпартоў (з 24) гатоўнасцi цеплавых пунктаў да работы ў зiмовы перыяд, i ў нас няма сумнення ў тым, што цалкам будуць заменены цепласеткi, якiя прафiнансаваны. Для рамонту пад’ездаў мы стварылi спецыяльныя брыгады, прыцягнулi да гэтай работы i жыхароў дамоў, i калi ў 2000 годзе, напрыклад, рамантавалi 5—8 пад’ездаў, дык сёлета на пачатку сезона — 80. На сёння засталiся адзiнкi пад’ездаў, дзе трэба рабiць рамонт. — А што з дахамi шматпавярховак? — Дахi з плоскай паверхняй на дамах цэнтральных вулiц горада мяняем на шатровыя, у астатнiх, дзе трэба, робiм рамонты новымi матэрыяламi, якiя ў адрозненне ад ранейшага метаду работ не клеюцца бiтумам, а расплаўляюцца агнявым спосабам, i ўсё гэта пракатваецца спецыяльным катком. Падобныя дахi служаць больш. Пытанне толькi ў тым, каб насельнiцтва з разуменнем падыходзiла да нашых спраў. Маю на ўвазе наступнае. Людзi сушаць бялiзну на дахах, загараюць, самавольна ставяць антэны, што забараняецца. На адным з дахаў мы знялi iх вагой у... пяць тон. Небяспека ў тым, што пад дыскамi антэн сонца расплаўляе матэрыял, у вынiку чаго ўтвараюцца цечы. — Пэўна, i з аплатай камунальна-бытавых паслуг не ўсё ў парадку? — Ёсць такое. Праз суды мы вярнулi запазычанасць ад насельнiцтва ў суме 25 мiльёнаў рублёў, i яшчэ каля сотнi iскавых заяў знаходзiцца ў судах. Дрэнна, што ў спiсе даўжнiкоў знаходзiцца рамонтна-механiчны завод, некаторыя арганiзацыi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання. — Вы — стратнае прадпрыемства? — Раней было такое, зараз сiтуацыю выправiлi. За мiнулы год чысты прыбытак па аб’яднанню склаў 122 мiльёны рублёў. Асноўнымi крытэрыямi рэнтабельнасцi работы прадпрыемства з’яўлялася павелiчэнне даходнай i змяншэнне расходнай часткi нашай работы. I зараз мы не стаiм на месцы, працуем на прыбытак, клапоцiмся аб будучым. Так, маем намер вырабляць дробнаштучную плiтку, якая пойдзе i на добраўпарадкаванне горада, i на продаж, для чаго ўжо сабрана спецыяльная лiнiя. Выраблена для нас лiнiя i па брыкетаванню пiлавiння як альтэрнатыўнага палiва. — Па ўсiм вiдаць, што вы ганарыцеся сваiм калектывам... — А чаму б i не. Людзi працуюць як след, хоць ёсць у нас i недахопы, нявыкарыстаныя рэзервы. Хачу назваць i некаторых перадавiкоў вытворчасцi, бо ўсiх не пералiчыш. Гэта начальнiк цэха добраўпарадкавання Мiкалай Кавальчук, начальнiк дарожна-будаўнiчага ўчастка Васiль Цуранок, рабочыя Ганна Куранда, Вера Занько, вадзiцелi Анатоль Паляшчук i Мiкалай Буцько, электрагазазваршчык Сяргей Севярын, старшы майстар асфальтабетоннага завода Анатоль Багдановiч i многiя iншыя. Я ўдзячны ўсiм працаўнiкам аб’яднання за добрую работу. — Мы жадаем, Вiктар Паўлавiч, далейшых поспехаў вашаму калектыву. — Дзякуй. Матэрыял падрыхтаваў Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Наша работа ва ўсiх на вачах, i мы стараемся выконваць яе як належыць» |
|