У Стоўбцах будуць славiць Коласа, у Маладзечне — Купалу
Ларыса ЦIМОШЫК
Свята беларускай песнi, якое пройдзе на пачатку лiстапада ў Стоўбцах, будзе прысвечана Якубу Коласу, — пра гэта паведамiў Мiхаiл Фiнберг. Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусi напярэдаднi святкавання 125-годдзя Якуба Коласа прысвячае беларускаму песняру праграму песень, створаных паводле яго вершаў кампазiтарам Эдуардам Зарыцкiм.
Але гэта будзе адна з праграм свята. Да яго далучыцца яшчэ i лiтаратурнае свята «Каласавiны», якое сёлета адбудзецца 22-гi раз. Не менш цiкавай абяцае быць iншая частка Свята беларускай песнi: моладзь Мiншчыны будзе высвятляць, хто лепш спявае з аркестрам па-беларуску. Конкурс «Мiншчына спявае з аркестрам» ужо прайшоў праз два туры. Трэцi — вынiковы тур — пройдзе менавiта ў Стоўбцах. Маладыя канкурсанты будуць спяваць у iм па адной беларускай песнi. «Яны такiм чынам паказваюць свае адносiны да Беларусi, да беларускага народа. I яны годна гэта робяць», — падкрэслiў Мiхаiл Фiнберг. Хто ведае, можа, некаторыя з тых, хто выйдзе на сцэну ў Стоўбцах, потым прыедуць i ў Маладзечна? У наступным годзе ў рамках фестывалю Беларускай песнi i паэзii адбудзецца Нацыянальны конкурс выканаўцаў беларускай эстраднай песнi. I там канкурсантам таксама зможа дапамагчы любоў да беларускага слова: маладзечанскi фестываль будзе вiтаць песняра Янку Купалу. 125 гадоў з дня нараджэння славутага паэта будзе адзначацца ў наступным годзе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свята беларускай песнi, якое пройдзе на пачатку лiстапада ў Стоўбцах, будзе прысвечана Якубу Коласу, — пра гэта паведамiў Мiхаiл Фiнберг
|
|